viasna on patreon

Прызнанне рэсурсаў "Вясны" экстрэмісцкімі, ціск на зняволеных і новыя затрыманні: факты палітычнага пераследу за 10-11 лютага Дапоўнена

2022 2022-02-11T16:02:00+0300 2022-02-15T14:31:12+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/seslyanok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Блакаванне СМІ і папаўненні ў экстрэмісцкім спісе

11 лютага шэраг рэсурсаў «Вясны» з'явіліўся ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Экстрэмісцкай» была прызнаная 21 інтэрнэт-старонка Праваабарончага цэнтру — пералік іх займае ажно 2,5 старонкі ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сярод іншага, «экстрэмісцкай» была прызнаная старонка пра «Вясну» на сайце арганізацыі Front Line Defenders, «тэг Вясны» на сайце Reform.bу, а таксама рускамоўная галоўная старонка сайту праваабарончага цэнтру — беларускамоўнай і англамоўнай версіі у спісе няма.

Спіс рэсурсаў ПЦ "Вясна", прызнаных экстрэмісцкімі рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 27 студзеня 2022 года:

  1. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" з назвай "Вясна. Правы чалавека ў Беларусі";
  2. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "ВКонтакте" з назвай "ПАЛЕСКАЯ ВЯСНА";
  3. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Facebook" з назвай "Віцебская Вясна";
  4. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Аднакласнікі" з назвай "Праваабаронцы цэнтр "Вясна";
  5. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Аднакласнікі" з назвай "Гомельская вясна";
  6. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Аднакласнікі" з назвай "Віцебская Вясна";
  7. Інтэрнэт-старонка "Вясна", якая мае ідэнтыфікатар https://spring96.org/ru;
  8. Інтэрнэт-старонка "Гомельская Вясна", якая мае ідэнтыфікатар https://gomelspring.org;
  9. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Facebook" з назвай "Вясна. Правы чалавека ў Беларусі/Viasna. HumanrightsinBelarus";
  10. Канал відэахостынгу "Youtube" з назвай "Палеская Вясна";
  11. Канал відэахостынгу "Youtube" з назвай "Viasna96";
  12. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Instagram" з назвай "Viasna96";
  13. Telegram-канал з назвай "Вясна" назірае";
  14. Telegram-канал з назвай "Гомельская вясна";
  15. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Instagram" з назвай "vsviasna";
  16. Інтэрнэт-старонка "Палеская Вясна рэгіянальны інфармацыйны партал", якая мае ідэнтыфікатар https://palesse.press;
  17. Інтэрнэт-старонка "Праваабарончы цэнтр "Вясна", якая мае ідэнтыфікатар https://frontlinedefenders.org/ru/profile/human-rights-centre-viasna;
  18. Інтэрнэт-старонка "Вясна", якая мае ідэнтыфікатар https://reform.by/tag/vjasna;
  19. Інтэрнэт-старонка сацыяльнай сеткі "Facebook" з назвай "Віцебская Вясна";
  20. Інтэрнэт-старонка "Віцебск рэгіянальны сайт па правах чалавека вясна", якая мае ідэнтыфікатар https://vitebskspring.org;
  21. Telegram-канал з назвай "Вясна / Брэст".

10 лютага стала вядома, што інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-канала Haradzienski прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».


У Беларусі заблакавалі расійскі партал TJournal. Яго ўнеслі ў спіс блакіроўкі «на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь».

Затрыманні

10 студзеня стала вядома пра затрыманне ў Мінску Андрэя Кішкурны. Нiякіх падрабязнасцяў пра абставіны затрымання і месцазнаходжанне Андрэя пакуль няма. Вядома толькі, што паўгады таму яго ўжо выклікалі на размову ў міліцыю.


Зміцер Цеслянок
Зміцер Цеслянок

У той жа дзень быў затрыманы паэт, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Зміцер Цеслянок. Прычыны затрымання невядомыя. Раней ён спрабаваў трапіць у склад участковай выбарчай камісіі на рэферэндум, аднак яму адмовілі, пасля гэтага ўвечары 4 лютага да Зміцера прыходзілі два міліцыянты з «прафілактычнай гутаркай».


Праваабаронцам стала вядома, што 10 лютага ў Мінску затрымалі Вольгу Цыбульскую. Пра прычыны затрымання дадзеных пакуль няма, але есць інфармацыя, што Вольгу ўтрымліваюць на Акрэсціна.


"Гродна Лайф" паведаміла пра затрыманне 11 лютага ў Ваўкавыску двух чалавек. Медсястру і маці-адзіночку Марыну Сталярчук абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў і ўдзел у мітынгах.

Аўтаэлектрыка Руслана Гусейнава затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боце "Перамога", распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі і ўдзел у мітынгах у 2020 годзе.


11 лютага ў Мінску быў затрыманы Аляксандр Старавойтаў. Пазней ён распавёў, што ў той дзен да яго прыйшлі некалькі супрацоўнікаў КДБ, правялі агляд і затым забралі ў Мінскае абласное КДБ на гутарку. Падчас яе Аляксандра распытвалі пра ініцыятыву "Честные люди", у якой ён удзельнічаў падчас выбараў 2020 года, а таксама запытваліся, ці вядома яму пра пагрозы сябрам камісій на рэферэндуме. Пасля размовы Аляксандра адпусцілі.

Ціск на зняволеных

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Палітзняволенага актывіста Уладзіміра Цурпанава змясцілі ў ШІЗА. Па інфармацыі MAYDAY TEAM, яго пакаралі «суткамі» ў штрафным ізалятары, але дакладны тэрмін і прычыны невядомыя. Акрамя гэтага, сваякі Уладзіміра каля двух месяцаў не атрымліваюць ад яго лісты і званкі.

Нагадаем, Цурпанава, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калонію на 2 гады. Падставай для новай крымінальнай справы супраць палітвязня, асуджанага на тры гады «хіміі», стала «парушэнне правілаў унутранага распарадку ва ўстанове». Нібыта супрацоўнікі не аднойчы бачылі як ён сядзеў і ляжаў на ложку ў недазволены час, не засцілаў належным чынам сваё спальнае месца, а на ім і на тумбачцы трымаў асабістыя рэчы.

Падтрымайце палітвязня лістамі: ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Уладзіміру Іванавічу Цурпанаву.


Ціхан Осіпаў
Ціхан Осіпаў

Сваякі 26-гадовага палітвязня Ціхана Осіпава паведамляюць, што цэнзары не прапусцілі да яго ужо больш за 10 лістоў. 31 студзеня ў Ціхана быў Дзень народзінаў. З гэтай нагоды яго жонка Вольга прапанавала дасылаць яму заказныя лісты, каб віншаванні дайшлі да хлопца, а ў выпадку, калі цэнзар не прапусціць іх, Ціхан хаця б даведаецца прозвішчы тых, хто намагаўся яго павіншаваць. У выніку, на выходных хлопцу прынеслі больш за 10 актаў аб знішчэнні лістоў. Цэнзары не прапусцілі віншаванні. Пра гэта палітвязень паведаміў жонцы ў лісце. Пералічыў прозвішчы тых, ад каго былі лісты і паддзякаваў за падрымку.

Нагадаем, Ціхана ў траўні асудзілі да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму за наезд на пецярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос .

Падтрымайце Ціхана лістамі: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша,183.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства