І “хімія”, і калонія. Якія прысуды вынеслі па дыфамацыйных артыкулах на мінулым тыдні?
Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за мінулы тыдзень.
"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |
Судом Навабеліцкага раёна горада Гомеля 7 лютага разгледжаная крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіміра Яўстраценкі за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса РБ). Справу разглядаў суддзя Арцём Манжос.
Па матэрыялах абвінавачання, Уладзімір Яўстраценка 21 жніўня 2021 года, “будучы ў стане алкагольнага ап'янення, ажыццявіў тэлефонны званок на спецыяльную лінію «102» аддзела АДС міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гомельскага аблвыканкама, падчас якога дапусціў выказванні, якія змяшчалі ненарматыўную форму маўленчага выказвання ў дачыненні да кіраўніка дзяржавы, тым самым сваімі дзеяннямі публічна абразіў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Абвінавачаны сваю віну ў здзяйсненні злачынства прызнаў цалкам.
Яўстраценка прызналі вінаватым і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Суд таксама пастанавіў прымяніць да абвінавачанага прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму.
7 лютага, у судзе Пінскага раёна і г. Пінска да двух гадоў "хатняй хіміі" па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса (абраза міліцыянта) асудзілі КВЗэншчыка 47-гадовага Васіля Краўчука. Падставай для крымінальнай справы стаў жартаўлівы каментар у тэлеграм-канале "Каратели Беларуси" ў адносінах да супрацоўніцы Інспекцыі па справах непаўнагадовых. Сам мужчына запэўніваў, што гэта быў жарт, запазычаны ў калегаў па сцэне, які гучаў на тэлебачанні ў праграме КВЗ. Прысуд вынесла суддзя Вольга Лубнік.
Падрабязней:
У Пінску КВЗэншчыка асудзілі за жартаўлівы каментар пра міліцыянтку
7 лютага суд Бераставіцы і Бераставіцкага раёна асудзіў 69-гадовую пенсіянерку з Ваўкавыска Галіну Іванаўну Міхальчук да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Яе ўзялі пад варту ў залі суда. Прысуд вынес суддзя Андрэй Талочка.
Падрабязней:
"Вам ставіцца ў віну адчуванне нянавісці да рэжыму": пенсіянерку з Ваўкавыска асудзілі да 2,5 гадоў калоніі
Галіну Іванаўну прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў крымінальнага кодэкса.
Суд Кастрычніцкага раёна горада Віцебска 9 лютага вынес прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Кузняцову, якога абвінавацілі ў абразе суддзі або народнага засядацеля (арт. 391 Крымінальнага кодэкса). Пацярпелая па справе – суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня. Абвінавачаны пакінуў пад яе фотаздымкам ў сацыяльных сетках размясціў абразлівы каментар.
Суддзя Ганна Тылец пакарала Андрэя Кузняцова абмежаваннем волі на 2,5 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу:
Віцебляніна асудзілі за знявагу мінскай суддзі Вікторыі Шабуні
9 лютага суд Чыгуначнага раёна горада Гомеля ў закрытым пасяджэнні асудзіў Канстанціна Прусава. Суддзя Яраслаў Парэмскі прызнаў яго вінаватым адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэкса:
- згодна з ч.1 арт.367 КК (“Паклёп у дачыненні да прэзідэнта РБ”) – пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін тры гады;
- згодна з ч.1 арт.368 КК (“Публічная абраза прэзідэнта РБ”) – пазбаўленне волі на тэрмін два гады;
- Згодна з арт.369 КК (“Абраза прадстаўніка ўлады”) – пазбаўленне волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў са штрафам у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў).
Шляхам частковага складання Прусаву прызналі канчатковае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 3,5 гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у памеры 100 базавых велічыняў (3200 беларускіх рублёў). Мабільны тэлефон Прусава канфіскаваны ў даход дзяржавы.
9 лютага суд горада Івацэвічы і Івацэвіцкага раёна разглядзеў справу ў дачыненні да Вольгі Кронды па арт. 369 КК РБ (“Абраза прадстаўніка ўлады”). Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна ў адным з тэлеграм-чатаў пад фотаздымкамі 33-гадовага капітана міліцыі оперупаўнаважанага Івацэвіцкага РАУСа Руслана Куцко напісала: «абаср...ўсяі зняславіўся».
Гэта ўжо другі суд над Вольгай Кронда. Першы суд адбыўся ўлетку мінулага года. Тады прычынай ўзбуджэння крымінальнай справы па арт. 369КК РБ стаў каментар, які Вольга пакінула ў телеграм-канале «Каратели Беларуси». Пад фота таго ж самага Куцко яна напісала «знаёмая морда», пасля чаго паставіла тры эмодзі ў выглядзе лайна. Тады суддзя Аляксандр Кірыловіч прызначыў жанчыне два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") і абавязаў выплаціць пацярпеламу Куцко дзве тысячы рублёў у якасці маральнай кампенсацыі. Цяпер жа суддзя Арцём Падалянец прызначыў Вользе тры гады “хатняй хіміі”, і ў выніку шляхам частковага складання з тэрмінам, які Вольга ўжо адбывае, жанчыне дадалі яшчэ адзін год. Такім чынам жанчыне прыйдзецца адбыць тры гады “хатняй хіміі”. А да таго ж выплаціць 1000 беларускіх рублёў маральнай кампенсацыі абражанаму міліцыянту і 1 600 беларускіх рублёў (50 базавых велічынь) штрафу. Падрабязней:
Жанчыну з Івацэвічаў двойчы асудзілі за абразу аднаго і таго ж міліцыянта: першы - за эмодзі з лайном, другі - за «абаср..ся і зняславіўся»
9 лютага суд Івацэвіцкага раёна разглядзеў ўжо другую справу Вольгі Кронды.
Гомельскі абласны суд 10 лютага асудзіў 36-гадовага жыхара Рэчыцы Ігара Краўцова да трох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за абразу ў каментарах Лукашэнкі і ваеннага камісара Гомельскай вобласці Андрэя Крываносава, а таксама распальванне сацыяльнай варожасці.
Двух жыхароў Гомельшчыны асудзілі да калоніі за абразу камісара Крываносава, Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў
Таксама праваабаронцам стаў вядомы прысуд, вынесены 25 студзеня 2022 года судом горада Століна і Столінскага раёна ў дачыненні да Аляксея Хвацюка. Мужчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады – оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі аддзела ўнутраных спраў. У адным з тэлеграм каналаў было размешчана яго фота у грамадзянскім адзенні. І, згодна з абвінавачваннем, Хвацюк размясціў пад ім негатыўны каментар.
Падчас суда абвінавачаны сваёй віны не прызнаў. Ён адзначыў, што не ведаў, што на фота — супрацоўнік міліцыі. Пад фота было некалькі іншых каментароў, а Хвацюк пакінуў адказ на апошні з іх. Аляксей не памятае, ці сапраўды ён пакінуў гэты каментар, бо мае праблемы са здароўем і прымае медычныя прэпараты.
У выніку суддзя Дзмітрый Карасінскі прызначыў Аляксею Хвацюку два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама спагнаць з яго матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў адрас абражанага міліцыянта ў памеры 1000 беларускіх рублёў.
Палітвязень, пенсіянерка, вайсковец...
Каго і за што на пазамінулым тыдні судзілі паводле дыфамацыйных артыкулаў?