viasna on patreon

Суд разгледзіць скаргу Яўгена Пыльчанкі на пазбаўленне яго адвакацкага статусу

2022 2022-02-14T09:31:24+0300 2022-02-14T09:31:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pylchanka_yauhen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яўген Пыльчанка, які бараніў Святлану Купрэеву, Віктара Бабарыку і Максіма Знака, звярнуўся ў суд са скаргай на рашэнне аб выключэнні яго са складу Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Нагадаем, што 20 кастрычніка мінулага года загадам міністра юстыцыі ў дачыненні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасць і ён быў адхілены ад ажыццяўлення прафесійных абавязкаў.

28 кастрычніка 2021 года дысцыплінарная камісія Мінскай гарадской калегіі адвакатаў прыняла рашэнне аб выключэнні Яўгена Пыльчанкі са складу МГКА за "сістэматычнае парушэнне патрабаванняў і ўмоваў ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці". Праз пяць дзён Савет МГКА падтрымаў гэтае рашэнне, і адваката з дзесяцігадовым стажам працы выключылі з калегіі. Яўген Пыльчанка абскардзіў рашэнне дысцыплінарнай камісіі МГКА ў Савеце БРКА, які 21 снежня пакінуў рашэнне ў сіле.

"Супярэчнасці ў прававых пазіцыях" пры абароне палітвязняў

Дысцыплінарныя органы МГКА і БРКА цалкам пагадзіліся з загадам міністра юстыцыі аб распачынанні дысцыплінарнай вытворчасці. Першай нагодай для прыцягнення да адказнасці з'яўляецца тое, што адвакат нібыта "ў 2020 і 2021 гадах адначасова выконваў абавязкі па абароне інтарэсаў у крымінальных працэсах абвінавачанага Бабарыкі В.Д., абвінавачанай Купрэевай С.М. пры наяўнасці супярэчнасцяў у прававых пазіцыях паказаных асобаў".

Яўген Пыльчанка сцвярджае, што ніякіх супярэчнасцяў паміж інтарэсамі гэтых падабаронных ніколі не існавала. Пры гэтым, як ён адзначае ў скарзе, ні дысцыплінарная камісія МГКА, ні Савет БРКА не мелі ў распараджэнні матэрыялаў, з якіх можна было б угледзець супярэчнасці ў пазіцыях Бабарыкі і Купрэевай. Больш за тое, у дысцыплінарнай вытворчасці не было ніякіх матэрыялаў, якія б адлюстроўвалі пазіцыі Бабарыкі і Купрэевай у крымінальнай справе.  

Вярхоўны суд і Камітэт дзяржбяспекі не ўгледзелі супярэчнасцяў

У якасці аргументу адвакат прыводзіць довад пра тое, што супярэчнасцяў у пазіцыях двух абвінавачаных не ўгледжвалі органы, якія вялі крымінальны працэс у дачыненні да ягоных кліентаў. Так, супярэчнасцяў не ўгледзеў Вярхоўны суд, які дапусціў яго да абароны В. Бабарыкі і разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да экс-кіраўніца Белгазпрамбанка з удзелам Я. Пыльчанкі. Да кастрычніка 2021 года, то бок на працягу дзевяці месяцаў адначасовай абароны Яўгенам Пыльчанкам Купрэевай і Бабарыкі, не бачылі акалічнасцяў, якія выключаюць удзел адваката ў справе, і следчыя КДБ, у вытворчасці ў якіх знаходзілася крымінальная справа ў дачыненні да Купрэевай.

У Савет БРКА Святлана Купрэева падала заяву, у адпаведнасці з якой паміж працэсуальнымі пазіцыямі яе і Бабарыкі адсутнічаюць супярэчнасці. Як адзначае Пыльчанка, ні ягоныя тлумачэнні, ні заява Купрэевай нічым не аспрэчваліся, а выснова пра наяўнасць супярэчнасцяў нічым не пацверджаная.  

Пра якія супярэчнасці ідзе гаворка, нікому не вядома

Я. Пыльчанка адзначае, што падчас прыцягнення яго да дысцыплінарнай адказнасці быў парушаны парадак ужывання спагнання, паколькі ў пастанове дысцыплінарнай камісіі МГКА не прыведзеныя ні фактычныя акалічнасці, якія пацвярджалі наяўнасць супярэчнасцяў паміж пазіцыямі Купрэевай і Бабарыкі, ні аналіз якіх-небудзь доказаў, ні довады, паводле якіх былі адхіленыя аргументы адваката.

Савет БРКА ў якасці аргументу спаслаўся як на доказ на пастанову следчага КДБ аб адхіленні Пыльчанкі ад абароны Купрэевай. Разам з тым, гэтага дакумента не было ў матэрыялах дысцыплінарнай вытворчасці, больш за тое, гэтай пастановы не бачылі ні Савет БРКА, ні дысцыплінарная камісія МГКА. Копія дадзенай пастановы не выдавалася самому Пыльчанку. Адпаведна, прыходзіць да высновы заяўнік, Савет БРКА не меў падставаў спасылацца на нікому не вядомую пастанову ў пацверджанне якіх-небудзь фактаў. 

Ацэнка выступаў іншых абаронцаў у судовых спрэчках

Другой прычынай, з якой Яўгена Пыльчанку выключылі з калегіі, стала тое, што ён, нібыта, "выступаючы з рэплікамі 24.06.2021 [па справе топ-менеджараў Белгазпрамбанка заўв.] у адкрытым судовым пасяджэнні, публічна даў ацэнку выступам і прававым пазіцыям абаронцаў іншых абвінавачаных у крымінальным працэсе".

Яўген Пыльчанка адзначае ў скарзе, што падчас судовых спрэчак па справе Белгазпрамбанка ён сапраўды даваў ацэнку довадам абаронцаў іншых абвінавачаных, але гэта не з'яўляецца дысцыплінарнай правінай, паколькі рэплікі на стадыі судовых спрэчак прызначаны менавіта для таго, каб зрабіць заўвагі адносна сказанага іншымі ўдзельнікамі працэсу. У сваіх довадах абаронцы іншых абвінавачаных паказвалі на нібы вінаватасць Бабарыкі, што пярэчыла пазіцыі Пыльчанкі, які даказваў ягоную невінаватасць.  

МГКА і Савет БРКА не ацэньвалі канкрэтных выказванняў адваката

Пыльчанка мяркуе, што ягоныя рэплікі не ўтрымлівалі выказванняў, недапушчальных з пункту гледжання правіл прафесійнай этыкі адваката. Ён адзначае, што ў дакументах аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці не зроблены аналіз ягоных рэплік, не прыведзена канкрэтных выказванняў. У сувязі з гэтым Пыльчанка зважае, што гэта прывяло да таго, што ён не змог прывесці довады ў сваю абарону супраць канкрэтных прэтэнзій.

Яўген Пыльчанка падкрэслівае, што паводле свайго зместу ягоныя рэплікі абсалютна дапушчальныя ў межах працэсуальнай дыскусіі, якой і з'яўляюцца судовыя спрэчкі, і не выходзяць за межы прадмета дыскусіі, гэта значыць за межы прадмета даказвання па крымінальнай справе. Юрыст лічыць, што асобаў іншых адвакатаў і іх дзеянняў ягоныя выказвання не тычыліся.  

Выступ у спрэчках спосаб выказвання прафесійнага меркавання

Яўген Пыльчанка ўпэўнены, што выступ у судовых спрэчках з'яўляецца спосабам рэалізацыі права на свабоднае выказванне меркавання, якое гарантавана як Канстытуцыяй, гэтак і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ён адзначае, што падчас прыцягнення яго да дысцыплінарнай адказнасці ніякага абгрунтавання правамернасці абмежавання ягонага права на выказванне меркавання не прыводзілася.  

Працэдура пазбаўлення статусу адваката падкантрольная дзяржоргану

У скарзе адвакат, пазбаўлены ліцэнзіі, адзначае, што працэдура ягонага выключэння з калегіі адвакатаў не адпавядала стандарту аб незалежнасці адвакатаў. Я. Пыльчанка ўпэўнены, што распачынанне дысцыплінарнай вытворчасці міністрам юстыцыі — службовай асобай дзяржаўнага органа, а не незалежным органам, створаным самімі адвакатамі — несумяшчальнае з палажэннямі Асноўных прынцыпаў, якія датычацца ролі юрыстаў. Палажэнні гэтага дакумента прадугледжваюць, што дысцыплінарныя меры ў дачыненні да юрыстаў разглядаюцца бесстароннім дысцыплінарным камітэтам, створаным юрыстамі, у незалежным органе.

Юрыст прыходзіць да высновы, што чальцы дысцыплінарнай камісіі знаходзяцца ў залежнасці ад Міністэрства юстыцыі, якое мае шырокія паўнамоцтвы для спынення адвакацкага статусу, праведзеная дысцыплінарная працэдура з'яўляецца несправядлівай, а дысцыплінарная камісія МГКА не з'яўлялася незалежным органам.

Папярэдняе судовае пасяджэнне па разглядзе скаргі Яўгена Пыльчанкі адбудзецца а 10-й гадзіне 15 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства