viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-02-14T14:31:01+0300 2022-02-15T11:47:54+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень — з 7 па 13 лютага — пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

На сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН з’явіўся афіцыйны адказ урада Беларусі на запыт чатырох Спецыяльных дакладчыкаў па факце вобшукаў і затрыманняў праваабаронцаў, прадстаўнікоў НДА і незалежных СМІ, здзейсненых у ліпені 2021 года.

У афіцыйным адказе з боку ўладаў Беларусі адзначаецца, што Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы і абвінавачаныя па ч. 1 і ч. 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса, у дачыненні да іх была абраная мера стрымання – заключэнне пад вартай, а ўтрымліваюцца яны ў СІЗА ў адпаведных з устаноўленымі патрабаваннямі ўмовах, іх правы, у тым ліку на камунікацыю з адвакатамі, выконваюцца.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі запэўніваюць спецдакладчыкаў, што ў ходзе расследвання крымінальнай справы Марфе Рабковай былі растлумачаныя яе працэсуальныя правы, і гэтыя правы, уключаючы права на абарону і права на абскарджанне рашэнняў аб затрыманні і прымяненні мер стрымання, былі выкананыя. Па даручэнні Генеральнай пракуратуры пракуратурай г. Мінска была праведзеная праверка выканання парадку і ўмоў утрымання Марыі Рабковай у СІЗА-1.

Урад Беларусі адказаў ААН па "справе Вясны": "Крымінальная пераслед не звязаны з іх працай па прасоўванні правоў чалавека"

Спецдакладчыкі прасілі ўрад прадставіць інфармацыю пра фактычныя падставы арышту і абвінавачванняў, высунутых супраць праваабаронцаў “Вясны”, і растлумачыць, як гэта адпавядае узятым Беларуссю абавязацельствам па міжнародным праве

Гісторыя праваабаронцы Алеся Бяляцкага і палітычных перамен у Беларусі ў 90-ыя

Да 30-годдзя распаду СССР «Настоящее Время» падрыхтавала праект аб нацыянальных рухах у былых савецкіх рэспубліках, з'яўленне якіх стала магчымым пасля пачатку перабудовы.

"Мы пракручвалі такі, здавалася б, неверагодны сцэнарый і ламалі галовы: як гэта так зрабіць, каб Беларусь пацярпела менш за ўсё і каб нам адпасці ад Савецкага Саюза, ад Расіі, якая ланцугамі прывязала да сябе "саюзныя" рэспублікі, як мага далей".

Гэтыя радкі — з ліста праваабаронцы Алеся Бяляцкага, адпраўленага з папраўчай калоніі ў Бабруйску. Бяляцкі правёў у зняволенні некалькі гадоў у першай палове 2010-х. Цяпер яму 59 гадоў, і ён зноў за кратамі .

Падзеі, пра якія пісаў Бяляцкі і ў якіх ён, будучы аспірантам Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР, прымаў самы актыўны ўдзел, – гэта пачатак незалежнасці Беларусі і адраджэнне яе нацыянальных традыцый у 1980-я. «Настоящее Время» расказвае, як з "моды на ўсё нацыянальнае" ў Рэспубліцы пачыналіся палітычныя перамены - і якую ролю адыграў у гэтых падзеях Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца Бяляцкі, часопіс "Бурачок" і марш у Курапаты. Нацыянальныя рухі ў рэспубліках напярэдадні распаду СССР.

Бяляцкі правёў у зняволенні некалькі гадоў у першай палове 2010-х. Цяпер яму 59 гадоў, і ён зноў за кратамі.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Марфа Рабкова: "Салідарнасць грэе мне душу!"

Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова даслала ліст з-за кратаў, у якім адзначыла, што лісты салідарнасці – вялікая падтрымка для палітзняволеных:

"Лісты так дапамагаюць знаходзіць у сабе сілы годна пражываць дзянёк за дзяньком ў няволі. Салідарнасць грэе мне душу. <…>

Пісаць людзям у зняволенні і яшчэ віншаваць іх са святамі - гэта сапраўды складана. Калісьці я была па той бок плота і таксама пісала зняволеным. Цяпер я па гэты бок плота і атрымліваю лісты. Адчула абедзве ролі, таму і разумею гэта: так складана пісаць, думаючы, што мала чым можаш дапамагчы чалавеку і змяніць абставіны яго выпрабаванняў. Але будучы ўжо тут, я магу запэўніць, што вы ўжо вельмі многае робіце для нас сваімі лістамі. Вы нават не ўяўляеце наколькі шмат для нас значаць лісты з такімі словамі падтрымкі".

marfin_list.jpg
З ліста Марфы Рабковай. Фота з суполкі "Письма солидарности" ў Фэйсбуку

Праваабаронца верыць, што беларусы ўсё вытрымаюць:

"Колькі ж пошасцяў абрынулася на наш народ, але я ўпэўненая, што мы ўсё вытрымаем, і ўсё ў нас з часам наладзіцца. Гістарычныя працэсы ўжо запушчаныя, трэба назапасіцца цярпеннем і сіламі і дачакацца заканчэння ўсіх гэтых бедаў. За самай цёмнай ноччу абавязкова надыходзіць доўгачаканы світанак :) <…>

Усё ў нас будзе добра, наша Вясна непазбежная! Яна ўжо зусім побач :)"

На жаль, за мінулы тыдзень не было навінаў ад Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

У Таццяны Ласіцы змяніўся сімвалічны "хросны"

Дэпутат нямецкага Бундэстага і генеральны сакратар Сацыял-дэмакратычнай партыі Кевін Кюнерт пераняў "хроснае" бацькоўства Таццяны Ласіцы ад былога дэпутата Гізэлы Мандэрлы. З гэтай нагоды ён заявіў:

"Актывістка Таццяна Ласіца была несправядліва заключаная ў папраўчую калонію з 21 студзеня 2021 года за тое, што назірала за дэманстрацыямі і дакументавала парушэнні правоў чалавека для праваабарончага цэнтра „Вясна“. Яна абараняла правы чалавека, праз што была асуджаная па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі нібыта за парушэнне грамадскага парадку. Гэтае абвінавачванне гратэскавае, бо толькі пры дыктатуры асноўныя дэмакратычныя правы парушаюць так званы парадак. Прысуд з'яўляецца фарсам і ў чарговы раз выкрывае рэпрэсіўны характар беларускага рэжыму. Таццяна Ласіца і ўсе палітвязні ў Беларусі павінны быць неадкладна вызваленыя. Незаконныя і гвалтоўныя дзеянні рэжыму супраць грамадзянаў, якія выступаюць усяго толькі за абсалютны мінімум дэмакратычнага суіснавання, павінны быць спыненыя. Дэмакратычная грамадзянская супольнасць Беларусі павінна ведаць: ні адзін вязень не забыты. Адказныя выканаўцы павінны ведаць, што мы бесперапынна ўважліва сочым за рэпрэсіямі ў Беларусі і што аднойчы правы чалавека перамогуць".

Таксама стала вядома, што 4 лютага Таццяну Ласіцу перавялі ў папраўчую калонію №4.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

За мінулы тыдзень не было навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі.

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства