viasna on patreon

Скарга Наталлі Мацкевіч на пазбаўленне яе адвакацкага статуcу будзе разгледжаная ў судзе

2022 2022-02-15T08:46:00+0300 2022-02-15T11:49:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mackevicha_92.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адвакатка Наталля Мацкевіч, якая абараняла палітвязняў Марфу Рабкову, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Дзядка, звярнулася са скаргай у суд на рашэнне аб выключэнні яе з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Нагадаем, што з 13 кастрычніка мінулага года загадам міністра юстыцыі Наталля Мацкевіч была адхіленая ад ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці і ў дачыненні да яе была распачатая дысцыплінарная вытворчасць. Гэта было зроблена ў разгар судовых слуханняў па справе Сяргея Ціханоўскага. 25 кастрычніка дысцыплінарная камісія МГКА прыняла рашэнне аб ужыванні ў дачыненні да яе дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе выключэння з калегіі адвакатаў з фармулёўкай "за сістэматычнае парушэнне патрабаванняў і ўмоваў ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці". 26 кастрычніка Савет МГКА пастанавіў выключыць Наталлю Мацкевіч з МГКА.

Наталля Мацкевіч. Здымак: @viktarbabarykaofficial
Наталля Мацкевіч. Фота: @viktarbabarykaofficial

Абаронца абскардзіла рашэнне дысцыплінарнай камісіі МГКА ў Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў, Савет якой 21 снежня вынес пастанову аб адмове ў задавальненні скаргі. Наталля Мацкевіч абскардзіла пастанову Савета БРКА ў суд Маскоўскага раёна Мінска.

"Перарыванне следчага на допыце" і "вядзенне размоваў з іншым адвакатам на вочнай стаўцы" як нагода для выключэння з адвакатуры

Фармальнай прычынай для пазбаўлення Наталлі Мацкевіч адвакацкага статусу паслужыла "парушэнне парадку пры вытворчасці следчых дзеянняў, якое выявілася ў перарыванні следчага пры растлумачэнні ім правоў і абавязкаў абвінавачанага 20 чэрвеня 2020 года (заўвага следчага адлюстраваная ў пратаколе следчага дзеяння), а таксама ў вядзенні размоваў з іншым адвакатам падчас вочнай стаўкі 7 ліпеня 2020 года, што таксама было адлюстраваная ў пратаколе следчага дзеяння (рэпліка следчага, звернутая да адваката)".

18 чэрвеня 2020 года: Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ

Як паказвае ў скарзе Наталля Мацкевіч, з пратаколу допыту ад 20 чэрвеня 2020 года не вынікае, што яна "перарывала следчага, перабівала ягоную прамову ці звярталася да яго ў той час, калі ён зачытваў яе падабароннаму правы і абавязкі". Таксама не ўгледжваецца з пратаколу вочнай стаўкі ад 7 ліпеня 2020 года, што абаронца "вяла размовы" з іншым адвакатам.

Адвакатка адзначае, што з гэтых двух дакументаў вынікае толькі тое, што следчы рабіў ёй неабгрунтаваныя заўвагі ў той час, калі яна звярталася да іншага адваката свайго падабароннага для высвятлення працоўных момантаў сумеснай абароны, што было прадыктавана інтарэсамі абароны і не перашкаджала законнаму ходу крымінальнага працэсу.

Ці меў следчы права рабіць заўвагу адвакатцы?

На думку Мацкевіч, следчы відавочна выходзіў за межы сваіх паўнамоцтваў, паколькі нормамі КПК яму не прадастаўлена права рабіць заўвагі абаронцу падчас следчага дзеяння.

"У адваротным выпадку гэта можа прывесці да парушэння прынцыпу спаборнасці працэсу, паколькі бакі, якія апаніруюць, ставяцца ў няроўнае становішча".

Пры гэтым ні дысцыплінарная камісія МГКА, ні Савет БРКА не прывялі прававых падставаў і нормаў заканадаўства, якія б забаранялі адвакату паказаныя паводзіны. У пастанове Савета БРКА пазначана, што "ніякіх заўваг падчас следчага дзеяння адвакат Мацкевіч Н.В. не рабіла, дзеянні следчага не абскарджвала".

Аднак, як адзначае адвакатка, абскарджанне дзеянняў следчага ў дачыненні да яе з'яўляецца ейным правам, а не абавязкам. Тым больш, занясенне следчым у пратаколы следчых дзеянняў "заўваг" і "рэплік" з'яўляецца неправамерным і не павінна цягнуць негатыўных наступстваў. Гэта прадыктавана тым, што абарона абвінавачанага найперш павінна быць накіраваная на інтарэсы падабароннага. Адвакат, у сваю чаргу, павінен мець магчымасць дзейнічаць у інтарэсах кліента незалежна, не асцерагаючыся за сваё ўласнае становішча і не адцягваючы ўвагу на сваю ўласную абарону.

Забеспячэнне гэтай незалежнасці і складае асноўную функцыю органаў самакіравання адвакатурай, а не наадварот, як адбылося ў дадзеным выпадку, адзначаецца ў скарзе. Таму аргумент Савета БРКА пра тое, што адвакатка не абскардзіла дзеянні следчага, не мае дачынення да законнасці і абгрунтаванасці рашэння аб выключэнні абаронцы з калегіі адвакатаў.

Такім чынам, ацэнка дзеянняў адвакаткі на следчых дзеяннях па "справе Белгазпрамбанка" 20 чэрвеня і 7 ліпеня ў якасці дысцыплінарнай правіны не адпавядаюць фактычным акалічнасцям і не заснаваныя на нормах заканадаўства, што азначае адвольны характар дзеянняў дысцыплінарнай камісіі МГКА і Савета БРКА.

"Неэтычныя паводзіны ў судовым пасяджэнні" па "справе Белгазпрамбанка"

Яшчэ адной фармальнай прычынай пазбаўлення адвакацкай ліцэнзіі Наталлі Мацкевіч, на думку кіраўніцтва адвакатуры, паслужылі нібыта "неэтычныя паводзіны ў судовым пасяджэнні 9 красавіка 2021 года, якія выявіліся ў тым, што на рэпліку адваката Крыловіча Н.К., які з'яўляўся адвакатам сведкі Герашчанкі А.А., які звярнуў увагу на тое, што сведка адказваў на пастаўленае пытанне, Мацкевіч Н.В. заявіла, што адвакат сведкі не ўпаўнаважаны пярэчыць супраць дзеянняў бакоў, і прасіла суд растлумачыць адвакату сведкі яго магчымасці ў дадзеным працэсе".

У скарзе адвакаткі адзначаецца, што дысцыплінарныя органы не паказалі, якую норму Правіл прафесійнай этыкі яна парушыла дадзеным пярэчаннем, зробленым падчас працэсуальнай палемікі ў судзе. Такім чынам, дысцыплінарныя органы не абгрунтавалі, чаму пярэчанні абаронцы абвінавачанага супраць дзеянняў адваката сведкі абвінавачвання ў судовым пасяджэнні з'яўляюцца "неэтычнымі".

*Пункт 64 Правілаў Прафесійнай этыкі адваката: "пры неабходнасці запярэчыць супраць дзеянняў суддзі або ўдзельнікаў працэсу адвакат павінен зрабіць гэта ў карэктнай форме і ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам".

Наталля Мацкевіч адзначае, што Савет БРКА не абгрунтаваў, паводле якіх матываў "неэтычнымі" былі прызнаныя яе пярэчанні ў межах Правіл прафесійнай этыкі, якія прадпрымаліся ёй у інтарэсах абароны Віктара Бабарыкі, заснаваныя на літаральным тлумачэнні нормы артыкула 60-1 КПК, якая не ўтрымлівае правоў адваката сведкі пярэчыць супраць дзеянняў бакоў, а таксама на праве абаронцы абвінавачанага пярэчыць супраць дзеянняў іншага боку, непасрэдна прадугледжанага ў пункце 20 часткі 1 артыкула 48 КПК, і абавязкі абаронцы ўжываць усе законныя сродкі дзеля абароны свайго кліента.

Такім чынам, Савет БРКА не паказаў, якую норму заканадаўства парушыла Наталля Мацкевіч у дадзеным выпадку, а таксама таго, у чым жа канкрэтна палягала "некарэктнасць" формы пярэчання ў дачыненні да Правіл прафесійнай этыкі адваката.

Варта адзначыць, што пры разглядзе справы суд не ўгледзеў у паводзінах адвакаткі нічога заганнага, што вынікае з таго, што суддзя Ігар Любавіцкі, які старшыняваў на працэсе, разгледзеў пярэчанне адвакаткі Мацкевіч, пасля чаго растлумачыў бакам сваё тлумачэнне паўнамоцтваў адваката сведкі. Пры гэтым суддзя не зрабіў Наталлі Мацкевіч ніякіх заўваг адносна яе пярэчання, што дазваляе зрабіць выснову пра тое, што заўвага заяўлялася законным чынам.

Дысцыплінарная адказнасць за выказванні абаронцы абмяжоўвае свабоду выказвання меркавання

Наталля Мацкевіч адзначае, што, паводле міжнароднай практыкі, выказванні адваката ў працэсуальнай палеміцы маюць вялікі ўзровень абароны, паколькі прынцып спаборнасці бакоў і інтарэсы добрасумленнай абароны кліента маюць на ўвазе адкрыты і, магчыма, рэзкі абмен аргументамі паміж бакамі ў працэсе.

Пастанова Савета БРКА не ўтрымлівае ацэнкі выказванняў абаронцы на прадмет свабоды выказвання меркавання, як гэтага прадугледжана артыкуламі 23 і 33 Канстытуцыі, а таксама пунктам 3 артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх палітычных правах: ці прадугледжана яно законам, ці накіравана на абарону інтарэсаў нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Адвакатка падкрэслівае, што Савет БРКА не прадэманстраваў, дзеля якіх мэт у дачыненні да яе ўжыта пакаранне за выказванне свайго прафесійнага меркавання ў зале суда, чаму пазбаўленне статусу адваката з'яўляецца неабходным і прапарцыйным дзеля дасягнення такіх мэт. Пры гэтым наяўнасць у органаў адвакацкага самакіравання паўнамоцтваў на прыцягненне адваката да дысцыплінарнай адказнасці і ацэнкі яе дзеянняў яшчэ не азначае, што пры вырашэнні пытання, якое тычыцца канстытуцыйнага права, могуць ігнаравацца нормы Канстытуцыі і міжнароднай дамовы.

Наталля Мацкевіч адзначае, што пазбаўленне яе статусу адваката пацягнула немагчымасць ажыццяўлення ёю абароны Сяргея Ціханоўскага і Мікалая Дзядка, справы якіх знаходзіліся ў судах. Віктар Бабарыка застаўся без юрыдычнай дапамогі ўсіх абраных ім абаронцаў, у выніку гэтага права згаданых людзей на абарону істотным чынам было абмежаванае.

У пастанове Савета БРКА паказана, што "довады Мацкевіч Н.В. пра тое, што ў ейных дзеяннях не ўтрымліваецца дысцыплінарнай правіны, няслушныя, паколькі з'яўляюцца асабістай ацэнкай сваіх дзеянняў". На думку Наталлі Мацкевіч, дадзены аргумент не вытрымлівае крытыкі, паколькі ейная "асабістая ацэнка сваіх дзеянняў" не з'яўляецца апрыёры неправамернай і не выключае адвольнасці рашэння органаў адвакацкага самакіравання наконт пазбаўлення яе статусу адваката. Тым больш што "асабістая ацэнка" заснаваная на яе прафесійных ведах у галіне права і прафесійным досведзе працы адвакаткай на працягу 27 гадоў, а таксама ў якасці чальца дысцыплінарнай камісіі МГКА ў 2012-2016 гадах.

Адвольнае пазбаўленне адваката права на прафесію парушае права на асабістае жыццё

Паводле міжнароднай практыкі, гарантыя ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё абараняе чалавека ў розных аспектах, уключаючы права на асабістае развіццё, права ствараць і развіваць адносіны з іншымі людзьмі і навакольным светам, уключаючы адносіны прафесійнага і дзелавога характару.

Наталля Мацкевіч адзначае, што пазбаўленне яе права займацца адвакацкай дзейнасцю з прычыны адвольнага выключэння з калегіі адвакатаў уплывае на прафесійную і сацыяльную рэпутацыю, а таксама прывяло да значнай страты прыбытку, што відавочным чынам нясе сур'ёзныя негатыўныя наступствы для яе асабістага жыцця. Такім чынам, да дадзеных праваадносін ужывальны артыкул 17 МПГПП, які абараняе чалавека ад неправамернага ўмяшання ў асабістае жыццё.

Паколькі рашэнне Савета БРКА з'яўляецца адвольным як з пункту гледжання ацэнкі фактаў, гэтак і ў святле ўжывання нацыянальнага заканадаўства і непрымянення нормаў Канстытуцыі і Пакта, што падлягаюць ужыванню, парушае права абаронцы на свабоду выказвання меркавання, такое ўмяшанне з'яўляецца адвольным згодна з сэнсам артыкула 17 МПГПП.

Працэдура выключэння з калегіі адвакатаў несумяшчальная з прынцыпам незалежнасці адвакатаў

Наталля Мацкевіч адзначае, што эфектыўная абарона адвакатам можа ажыццяўляцца толькі тым абаронцам, які незалежны ў сваёй прафесійнай дзейнасці ад дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў і працэсуальных апанентаў.

Асноўныя прынцыпы, якія тычацца ролі юрыстаў, прадугледжваюць, што дысцыплінарныя меры ў дачыненні да юрыстаў разглядаюцца бесстароннім дысцыплінарным камітэтам, які ствараецца юрыстамі, у незалежным органе, прадугледжаным законам, ці ў судзе і падлягаюць незалежнаму судоваму кантролю.

Адвакатка настойвае, што дысцыплінарная вытворчасць у дачыненні да яе была ініцыяваная не органам самакіравання калегіі адвакатаў, а дзяржаўным органам – міністрам юстыцыі. Прычым у загадзе міністра ўтрымліваецца ўказанне: "адвакат Мацкевіч Н.В. здзейсніла дысцыплінарную правіну, парушыўшы патрабаванні заканадаўства аб адвакатуры". Такім чынам, дысцыплінарная камісія МГКА першапачаткова была звязаная высновамі міністра юстыцыі.

Улічваючы паўнамоцтвы Мінюста па прыпыненні рашэнняў органаў самакіравання калегій адвакатаў, правядзенні чарговай або пазачарговай атэстацыі любога адваката, у тым ліку сябраў дысцыплінарнай камісіі, відавочна, што дысцыплінарная камісія не дзейнічала незалежна ад дзяржаўнага органа.

Наталля Мацкевіч адзначае, што ўсе паказаныя акалічнасці сведчаць пра яе пераслед за прафесійную дзейнасць і выкарыстанне дысцыплінарнай працэдуры як інструмента для неправамернага пазбаўлення яе статусу адваката. У сваёй скарзе абаронца просіць суд абавязаць Савет БРКА ўхіліць парушэнні яе правоў і прыняць рашэнне аб адмене пастановы МГКА, якой яна была прыцягнутая да дысцыплінарнай адказнасці і выключаная з калегіі адвакатаў.

Папярэдняе судовае пасяджэнне адбудзецца а 10-й гадзіне 16 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Мінска.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства