Мінчук напісаў участковаму прыватнае паведамленне ў сацсеткі, і за гэта яму далі 4 гады “хіміі”
Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасці судовага пасяджэння па справе Іллі Ганчарыка, якую суд Кастрычніцкага раёна Гродна разглядзеў 7 лютага.
Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Іллю Ганчарыка абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 364 «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». У прыватнасці, у тым, што ў траўні 2020 года са свайго мабільнага тэлефона ён адправіў старшаму ўчастковаму інспектару міліцыі аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна Уладзіміру Казлоўскаму паведамленне:
“Ну што, сябрук, нядоўга табе засталося, лічы дзянькі, пацук прадажны. Адчуваеш, як падгарае зад? Гэта мы хутка за табой прыйдзем, свіння прыкарытная".
У канцы свайго паведамлення Ілля Ганчарык пакінуў некалькі эмодзі ў выглядзе трох кулакоў.
Па версіі абвінавачвання, сваім паведамленнем Ганчарык выказаў пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС “з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці, прымусіць да змены характару гэтай дзейнасці з помсты за выкананне службовай дзейнасці”.
У залу суда Ганчарыка даставіў канвой. Да судовага пасяджэння, з 15 снежня мінулага года, ён знаходзіўся пад вартай. Пра абвінавачанага вядома, што ён жанаты, разам з жонкай выхоўвае дваіх маленькіх дзяцей - 5 гадоў і 2,5 года. Пражывае ў Мінску. Да нядаўняга часу быў беспрацоўным, а калі знайшоў новае месца працы і сабраў увесь неабходны пакет дакументаў, яго арыштавалі.
Пацярпелы Казлоўскі на судовым паседжанні не прысутнічаў. Ён даслаў у суд заяву аб разглядзе справы без яго па прычыне хваробы. Гэтай жа заявай ён пацвердзіў свае паказанні, якія даў падчас папярэдняга расследавання. Таксама Казлоўскі падкрэсліў, што дзеянні Іллі Ганчарыка прычынілі яму маральную шкоду і маральныя пакуты, у выніку чаго ён перанес эмацыйныя перажыванні, а яго гонар і годнасць былі зняважныя.
Падчас судовага паседжання абвінавачваны цалкам прызнаў сваю віну.
Адказваючы на пытанні пракурора, Ілля Ганчарык растлумачыў, што асабіста з пацярпелым ніколі знаёмы не быў. З яго слоў, упершыню Казлоўскага ён убачыў у ВКонтакте. Там было размешчана фота пацярпелага ў форме МУС, пад ёй пра Казлоўскага была напісаная негатыўная інфармацыя, а ўнізе змяшчаліся спасылкі на яго сацсеткі. У адну з іх Ганчарык і напісаў тое самае асабістае паведамленне Казлоўскаму.
З пратаколу допыту пацярпелага, які зачыталі падчас судовага пасяджэння, стала вядома, што паведамленне з пагрозай Казлоўскаму прыйшло 30 траўня 2020 года. Сам пацярпелы лічыць, што пагроза звязаная з пасадай старэйшага ўчастковага інспектара міліцыі, якую ён тады займаў.
У якасці маральнай кампенсацыі за прычыненую шкоду Казлоўскі запытаў 1500 рублёў.
Падчас спрэчак бок абвінавачвання настаяў на тым, што віна Ганчарыка ў здзяйсненні злачынства цалкам даказаная. Заключэнне лінгвістычнай экспертызы пацвердзіла "наяўнасць прыкметы вербальнага нанясення шкоды" пацярпеламу ад паведамлення Ганчарыка. У якасці пакарання пракурор запытаў для Ганчарыка абмежаванне волі тэрмінам на 4 гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, то бок 4 гады "хіміі". Змякчальнымі абставінамі бок абвінавачвання прапанаваў прызнаць наяўнасць ў Ганчарыка двух непаўналетніх дзяцей і чыстасардэчнае раскаянне ў зробленым.
Бок абароны падчас спрэчак падкрэсліў, што "заканадаўства выразна вызначыла, што пагроза ажыццяўляецца альбо для перашкоджання законнай дзейнасці, альбо з мэтай змены характару дзейнасці, альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці. Змешваць усё гэта ў адным абвінавачванні недапушчальна". Адвакат Ганчарыка настаяў на выключэнні з фармулёўкі абвінавачвання “перашкода ці помста”, прапанаваў пакінуць толькі “прыкметы да прымусу да змены характару дзейнасці" і прызначыць больш мяккае пакаранне - без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Падчас апошняга слова Ілля Ганчарык сказаў:
"Паважаны суд, Высокі суд, паважаны пракурор і адвакат, перш за ўсё хацелася б папрасіць выбачэнне ва Уладзіміра Сяргеевіча. Я ўсведамляю, што гэта быў вельмі няправільны, неабдуманы ўчынак. Якіх-небудзь дзеянняў здзяйсняць я не планаваў, таму што ў мяне зусім іншыя мэты ў жыцці, зусім іншы характар. Цяпер я гэта ўсведамляю цалкам. Цяпер, па заканчэнні часу, я разумею, што на самой справе для мяне важна ў жыцці -гэта мая сям'я, мая жонка, мае любімыя дзеці, дзеля якіх я буду працаваць, выпраўляцца, выконваючы заканадаўства, прыносячы тым самым карысць грамадству і дзяржаве. Я яшчэ раз прашу прабачэння, шчыра раскайваюся, больш так паступаць не буду. Абяцаю. Не судзіце строга".
7 лютага суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў Іллю Ганчарыка вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 364 «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і прысудзіў 4 гады «хіміі». Таксама суд пастанавіў выплаціць на карысць пацярпелага Казлоўскага маральную кампенсацыю ў памеры 1 500 рублёў.