Масавы пераслед палітзняволеных "хімікаў": што вядома цяпер
З 15 лютага ў папраўчых установах адкрытага тыпу супрацоўнікі КДБ ладзяць затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на экспертызы ў палітзняволеных. Таксама вядома пра затрыманне былога палітвязня, які ўжо адбыў "хімію", а таксама пра ператрусы ў "хімікаў", якія пакінулі Беларусь. "Вясна" прыводзіць хроніку пераследу асуджаных да "хіміі" палітзняволеных.
Чат валейбола і "хімікі" — што іх аб’ядноўвае?
Як раней паведамляла "Гомельская Вясна", у ПУАТ №17 у Гомелі ў сярэдзіне студзеня супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы — яны вынялі ў «палітычных» тэлефоны для экспертызы. Праз крыху больш за два тыдні тэлефоны вярнулі.
14 лютага ў спісе экстрэмісцкіх фарміраванняў з’явіўся тэлеграм-чат «Волейбол по выходным». Такое рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Як паведамляюць крыніцы, гэты чат аб’ядноўваў палітвязняў, асуджаных на "хімію". Вось, што распавядалі пра яго Zerkalo.io:
«Наогул яго стварылі, каб абмяркоўваць суды па адной са справаў, іншыя навіны па тэме. Наколькі я ведаю, часам там казалі і пра сітуацыю ў краіне, людзі пісалі, і як у каго справы на «хіміі».
«Наколькі я ведаю, сваякам гэтага чалавека сказалі, што яго могуць вінаваціць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні. У тым чаце было каля 20 чалавек — як тыя, хто ўжо вызваліўся або змог збегчы з краіны, так і тыя, хто яшчэ знаходзіўся ў розных ПУАТ. Людзі проста размаўлялі паміж сабой, скідвалі навіны нейкія і іх абмяркоўвалі. Чат ужо выдалены».
15 лютага КДБ пачаў «зачыстку».
Затрыманні, ператрусы, допыты, выняцце тэлефонаў на экспертызу
15 лютага у ПУАТ №39 быў затрыманы палітзняволены актывіст з Магілёва Станіслаў Паўлінковіч, у ПУАТ №45 затрыманы палітвязень Дзяніс Граханаў, у ПУАТ №49 — Георгій Васіленка.
Па папярэдняй інфармацыі магілёўскіх праваабаронцаў, Станіслаў Паўлінковіч затрыманы ў межах арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму).
Таксама 15 лютага супрацоўнікі КДБ затрымалі былога палітвязня Юрыя Касцюка, які вызваліўся з "хіміі" 6 студзеня.
А трэцяй гадзіны ночы з 15 на 16 лютага затрыманы ў ПУАТ №24 палітзняволены антыфашыст Уладзіслаў Зяневіч, асуджаны да трох гадоў "хіміі" за ўдзел у Маршы у 2020 годзе.
У ПУАТ №45 супрацоўнікі сілавых структур у якасці сведкі па крымінальнай справе дапыталі палітвязня Лявона Халатрана. Цяпер ён без сувязі і магчымасці выйсці за межы ўстановы. На гэтай «хіміі» перастаў выходзіць на сувязь Віктар Пархімчык.
Вядома, што ў «хімікаў» з ПУАТ №10 вынялі тэлефоны.
У шклоўскай ПУАТ №49 тэлефоны на экспертызу забралі ў палітвязняў Ігната Сідорчыка і Максіма Жарава.
Па месцы прапіскі былі праведзены ператрусы ў асуджаных да «хіміі» палітвязняў, якія пакінулі Беларусь: Аляксея Ліпеня, Уладзіслава Усціна. Таксама прайшоў ператрус у актывісткі Марыны Касінеравай, якая знаходзіцца за межамі Беларусі. Супрацоўнікі КДБ праводзілі ператрусы ў межах арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса "Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім".
Таксама вядома, што супрацоўнікі КДБ наведвалі і іншыя ПУАТ.
17 лютага ператрусы і допыты палітвязняў працягнуліся. Вядома, што яны адбыліся ў папраўчай установе адкрытага тыпу №46 у г.п. Круглае. Там свае тэрміны адбываюць 10 палітвязняў. Ператрусы і допыты праводзілі супрацоўнікі КДБ. Аднаго з палітвязняў дапытвалі 12 гадзін.
Таксама ператрусы адбыліся ў палітвязняў папраўчай установы адкрытага тыпу №43, што месціцца ў Магілёве. На гэтай «хіміі» свае тэрміны адбываюць 20 палітвязняў. Паведамляецца, што з-за ператрусаў зняволеных не выпусцілі на працу.
Увечары 17 лютага супрацоўнікі КДБ зладзілі ператрусы ў зняволеных папраўчай установы адкрытага тыпу №29, што месціцца ў Ваўкавыску, дзе свае тэрміны адбываюць 9 палітвязняў.
Што з затрыманымі?
Асуджанага да 1,5 года «хіміі» 43-гадовага Дзяніса Граханава 15 лютага затрымалі ў папраўчай установе адкрытага тыпу №45 пад Камянцом. Яго туды накіравалі 15 красавіка мінулага году адбываць пакаранне за нанясенне надпісу «Не забудзем» каля «Пушкінскай».
Праваабаронцам стала вядома, што супраць Граханава ўзбудзілі новую крымінальную справу і перавезлі ў СІЗА Гомеля. Па папярэдняй інфармацыі, палітвязня абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі па арт. 368 КК.
Вядома, што супраць былога палітвязня Юрыя Касцюка склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд над ім чакаецца 21 лютага.
24-гадовага берасцейца абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў па артыкуле 370 КК. Па матэрыялах следства, 4 верасня 2020 года Юрый ішоў з сябрамі каля гасцініцы “Маладзёжная” ў Брэсце і падчас размовы тузануў дзяржаўны сцяг на будынку, які адразу зваліўся. 17 лістапада 2020 года Юрыю прысудзілі 1 год «хіміі».
23 лістапада 2021 года адбыўся суд па замене пакарання на больш строгае. У выніку Юрыю прысудзілі 1 месяц і 16 дзён калоніі агульнага рэжыму. З «хіміі» яго перавялі ў гродзенскую турму №1. 6 студзеня ў палітвязня скончыўся тэрмін пакарання і ён выйшаў на волю.
Лёс іншых затрыманых высвятляецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|