viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-02-21T12:52:51+0300 2022-02-21T14:46:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster2_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень — з 14 па 20 лютага — пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Год таму пачаўся разгром грамадзянскай супольнасці Беларусі: ад самай раніцы 16 лютага 2021 года ў сябраў Праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых грамадскіх актывістаў праходзілі ператрусы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што ў той дзень адбылося не менш за 40 вобшукаў па ўсёй краіне. У праваабаронцаў і журналістаў канфіскавалі тэхніку, дакументы і іншыя носьбіты інфармацыі.

“Чорны” аўторак 16 лютага: вобшукі ў “вясноўцаў” вачамі іх сваякоў – выпуск падкаста “Вясна прыйдзе”

Калі дзяржава прыхозіць з рэпрэсіямі ў дамы праваабаронцаў — гэта значыць, што яна прыходзіць і ў іх сем’і. Пра гэта — у 18-м выпуску падкаста "Вясна прыйдзе".

Ужо больш за сем месяцаў старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст арганізацыі Уладзь Лабковіч утрымліваюцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць.

Валянцін Стэфановіч: “Трэба цаніць час, цаніць кожную хвілінку, якую ты можаш правесці са сваімі каханымі і дарагімі

У нядаўніх лістах на волю Валянцін Стэфановіч распавёў пра свой настрой і пра тое, што дапамагае яму трымацца ў зняволенні.

“У мяне з большага ўсё нармальна і настрой больш менш роўны. Хоць, канешне, і ў мяне часам бываюць часы, калі мяне ахоплівае адчай, калі я не веру ў нейкія цуды, у хуткае вызваленне, калі мне прыходзіць асэнсаванне таго, што бліжэйшыя гады я правяду ў лагеры за калючым дротам і яшчэ вельмі і вельмі няхутка пабачу волю, не ўздыхну вольным паветрам і не пабачу сваіх блізкіх і родных людзей. У такія часы мяне ахоплівае жах і вялікі сум, рукі апускаюцца і я раблюся скораным лёсам.

Але потым я ганю гэтыя думкі і ўзгадваю пра вязняў савецкіх і сталінскіх канцлагераў. Што думалі яны, якія надзеі трымалі іх у тыя змрочныя і зусім безнадзейныя часы? Відаць, толькі вялікая прага да жыцця дала ім сілы выжыць і нарэшце выйсці на волю. Недзе я чытаў, што тыя вязні, якім было ўжо ўсё роўна, гінулі першымі. Таму галоўнае — не губляць тую самую прагу да жыцця. Шукаць новыя адчуванні, быць адкрытым да новага і незвычайнага”.

Таксама праваабаронца распавёў, што выпісаў сабе на тры месяцы газету “Беларусы і рынак”, каб “чытаць незалежную інфармацыю пра тое, пра што не пішуць і не гавораць у афіцыёзных СМІ. Стэфановіч падзяліўся і сваімі ўражаннямі пра падарожжы ў Турцыю:

“З Мармуровым морам у мяне вельмі прыемныя ўспаміны. У 2011 годзе пасля семінара ў Стамбуле мы вырашылі застацца там яшчэ на колькі дзён і тыкнулі ў мапу пальцам. Выбар лёсу паў на маленькае мястэчка на беразе Мармуровага мора пад смешнай для нашага вуха назвай — Муданія. Але гэта апынулася вельмі цікавае мястэчка, гістарычнае. Гэта зусім нетурыстычнае месца, сапраўднае турэцкае мястэчка. Гэты час у Муданіі застаўся ў маёй памяці як вельмі прыемны час у коле сваіх сяброў і аднадумцаў.

Яшчэ ў Турцыі я быў у Стамбуле. Мы былі там з жонкай і цудоўна правялі там час. Там вельмі шмат чаго ёсць паглядзець. Вельмі яркі, эклектычны і цікавы горад. Калі-небудзь я мару туды вярнуцца. Можа, калі лёс дазволіць. На курортах турэцкіх я ніколі не быў. Увогуле адпачываць з сям’ёй я ездзіў вельмі мала, пра што зараз вельмі шкадую… Час так хутка бяжыць і вельмі шкада яго. Хочацца больш часу быць са сваімі любімымі і каханымі. Гэта асабліва пачынаеш цаніць з узростам, калі адчуванне бясконцасці жыцця знікае і пачынаеш адчуваць ліміты часу. Так што трэба цаніць час, цаніць кожную хвілінку, якую ты можаш правесці са сваімі каханымі і дарагімі”.

Уладзь Лабковіч: “Самае невыноснае — гэта немагчымасць бачыць родных, абдымаць дзетак

Праваабаронца “Вясны” Уладзімір Лабковіч даслаў на волю вестачку, датаваную 13 лютага. Ён амаль не спіць праз тое, што часта баліць галава. Распавядае, што піша жонцы лісты кожны дзень з моманту затрымання і хутка працягне пісаць казку для сваіх дзетак:

“Вельмі ўзрадваўся атрымаўшы ад вас цёплую паштовачку, а яшчэ налепкі і цудоўныя аркушы. Буду на іх пісаць дзеткам працяг казкі. Даўно не мог пачаць пісаць працяг для іх, бо казка мусіць быць вясёлай, але настрой у мяне вельмі сумны. Часам нават ахоплівае адчай і пачуццё безвыходнасці. Асабліва, калі няма лістоў, бо яны губляюцца і не даходзяць да мяне. Вельмі тады кепска. Таму я так Вам удзячны за Ваш ліст.

Вялікі дзякуй за віншаванні з рознымі святамі. Вось заўтра 14 лютага ў мяне сем месяцаў з моманту затрымання. Сем жахлівых і бясконцых месяцаў. А яшчэ заўтра дзень Святога Валянціна — Дзень усіх закаханых. Я пішу жонцы кожны дзень. Заўтра будзе 142 ліст. Абавязкова дашлю паштовачку з віншаваннямі. Але самае невыноснае — гэта немагчымасць бачыць родных, абдымаць дзетак. У меня зусім не засталося надзеі, толькі любоў і каханне.

Хутка вясна. Так прыемна праз дрот бачыць блакітнае неба. Хутка ўсё будзе зялёным. Я так даўно не бачыў дрэваў, кветак, увогуле розных колераў. Неверагодна гэтага не хапае”.

Таксама “вясновец” адзначыў, што на Валадарцы чытае вершы Ахматавай:

“А ў астатнім усё як заўсёды. Часта баліць галава, мала атрымліваецца спаць. Чытаю толькі вершы. Зараз чытаю вершы Ганны Ахматавай. Асабліва пранізлівыя вершы з цыкла “Рэквіем”. Пра яе асабістую драму рэпрэсіяў у дачыненні да сына. Так сугучна, аж ахоплівае касмічны жах”.

За мінулы тыдзень не было навінаў ад кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага

Публікуем чарговую частку ўспамінаў праваабаронцы пра працу ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. 

Музей. Як "Беларуская хатка" пераехала з былой Захар’еўскай на цяперашнюю Рабкораўскую

Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі, які з 14 ліпеня знаходзіцца ў зняволенні па крымінальнай справе супраць "Вясны", піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Марфа Рабкова: “Атрыманне нацыянальнай прэміі — гэта высокае дасягненне для мяне

Каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова, якая знаходзіцца за кратамі 17 месяцаў, у лісце на волю выказалася пра атрыманне нацыянальнай прэміі “Праваабаронца года”, распавяла пра тое, чаму была валанцёркай у прытулку для жывёлаў:

“Атрыманне Нацыянальнай прэміі - гэта высокае дасягненне для мяне. Калі я пра гэта даведалася — ўнутры літаральна ўсё ўскалыхнулася, ад радасці я нават трохі пусціла слязу. Так мала ў апошні час адбывалася добрых падзей, таму такія моманты перажываюцца па-асабліваму ярка і запамінальна. Гэта так кранальна, успомніла вось пра гэта і пішу, ўсміхаюся. <…>

Да зняволення ў нас з мужам жыло трое катоў. Двух падабрала на вуліцы, а адну забрала з прытулку, у якім ужо даўно з'яўляюся валанцёркай. Для мяне прытулак заўсёды з'яўляўся псіхалагічнай разрадкай. Пагуляеш сабак на фоне світання ў полі - і ты добрая і поўная сіл. Калі дапамагаеш жывёлам у жыцці прысутнічае больш глыбокая асэнсаванасць быцця. Ты можаш убачыць плён сваіх высілкаў тут і цяпер. З людзьмі ўсё бывае складаней, але дапамагаць у любым выпадку трэба, не чакаючы падзякі і хвалы. Бо гэтым мы ратуем і саміх сябе, прыносім карысць сабе. Трэба набрацца сіл і цярпення, наша Вясна ўжо зусім блізка!

На жаль, за мінулы тыдзень не было навінаў ад валанцёра Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Cтала вядома, што 4 лютага Таццяну Ласіцу перавялі ў папраўчую калонію №4.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

За мінулы тыдзень не было навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі.

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства