viasna on patreon

Маці палітзняволенай Насты Кухаравай: “Дзеля дачкі не дазваляю сабе плакаць, нават ведаючы, што з яе здзекаваліся”

2022 2022-02-22T10:36:00+0300 2022-06-01T10:47:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuharava_anastasia12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Настасся Кухарава

Настасся Кухарава

“Вясна” пагаварыла з маці Насты Кухаравай, якую ГУБАЗіК затрымаў наўпрост на чыгуначным вакзале, калі тая вярталася з вакацый у Мінск. Спачатку дзяўчыну збілі, каб тая дала пароль ад тэлефона, а потым ачарнілі ў пакаяльным відэа. Зараз Настассю ўтрымліваюць у СІЗА №1 і абвінавачваюць ў здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 342 КК РБ “Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак”. Праваабаронцы прызналі дзяўчыну палітзняволенай.

Не змагла маўчаць пра сфальсіфікаваныя выбары

Настассі Кухаравай 24 гады. Дзяўчына скончыла філалагічны факультэт БДПУ па спецыяльнасці “руская і літоўская мовы”. Пабывала па студэнцкай праграме абмену ў Вільні. І хоць магчымасць застацца была, усё ж вярнулася ў Мінск, бо вельмі любіць свой горад.

Наступныя два гады па размеркаванні Наста працавала ў мінскай сярэдняй школе №2 настаўніцай рускай мовы і літаратуры, і ёй гэта вельмі падабалася. Дзяўчына любіла працаваць з падлеткамі, і то было наўзаем. 

Два гады Наста працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры.
Два гады Наста працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры.

“Аккурат перад выбарамі у Насты скончыўся тэрмін размеркавання. Яна і не думала сыходзіць са школы, бо ёй падабалася праца з дзецьмі, але вынікі выбараў, якія абвясціла дырэктарка яе школы, так уразілі маю апалітычную дагэтуль дачку, што адным днём яна ў твар сказала дырэкрарцы ўсё, што пра гэта думала. А думала яна пра тое, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя, - расказвае маці Настассі Аксана Пятроўна. – Пасля гэтага шанцаў застацца працаваць у школе ў дачкі не было. Яе звольнілі адным днём з фармулеўкай “па асабістым жаданні”. 

Дзяўчыне вельмі падабалася працаваць з падлеткамі.
Дзяўчыне вельмі падабалася працаваць з падлеткамі.

Маці Насты Кухаравай таксама настаўніца. Да выбараў яна выкладала сусветную мастацукую культуру, але праз палітычныя погляды і пасля затрымання па адміністрацыйным артыкуле 23.34 жанчыну таксама звольнілі са школы. 

“Наста -  вельмі творчая. Яна піша вершы, запісвае з сябрам песні і ўжо шмат гадоў вельмі цікавіцца анімэ. Яна і апранаецца любіць ў гэтым стылі. Часцяком уплятае яркія косы ў валасы, апранае маленькія анімэшныя кашулі. Я вельмі перажывала, што калі яна, такая прыкметная, з’явіцца на нядзельных маршах, яе адразу заўважаць і возьмуць на кантроль у міліцыі”, - гаворыць Аксана Пятроўна. Жанчына прызнаецца, што моцная сувязь з Настай у яе засталася нават калі дачка стала дарослай. 

Наста - прыхільніца анімэ
Наста - прыхільніца анімэ
Дзяўчына часцяком прымала ўдзел у конкурсах па стварэнні касцюмаў і возбразаў
Дзяўчына часцяком прымала ўдзел у конкурсах па стварэнні касцюмаў і возбразаў.

“Ні яна, ні я нічога не прадчувалі”

Пасля звальнення Наста хутка знайшла сабе справу па душы. 

“У яе быў канал на TWITCH (міжнародная пляцоўка па трансляцыі відэа на гульнявую тэматыку - Рэд.), дзе дачка вяла стрымы. Распавядала сваім падпісчыкам пра псіхалогію, анімэ, фільмы і кампутарныя гульні. Там дзейнічае сістэма данатаў, таму ўсе свае матэрыяльныя патрэбы яна забяспечвала. Жыла з гэтага, - расказвае Аксана. - Часцяком прымала ўдзел у конкурсах па стварэнні касцюмаў і возбразаў, пісала вершы, выступала на вечарах паэзіі. Яна вельмі добрая, ветлівая, усмешлівая, усім даравала крыўды, ратавала коцікаў…Але яна ж і вельмі упартая, мэтанакіраваная. Ей вельмі баліць душа за лёс падлеткаў, якія апынуліся ў цяжкім жыццёвым становішчы. Наста хацела дапамагаць ім. Таму праз год пасля звальнення са школы яна паступіліла ў магістратуру БДПУ на факультэт псіхалогіі, пачала пісаць магістарскую дысертацыю, паспяхова здала першую сесію…” 

Наста вяла стрымы пра кампутарныя гульні і анімэ
Наста вяла стрымы пра кампутарныя гульні і анімэ

Падчас першых канікул у магістратуры лепшая сяброўка Насты, якая жыве ў Маскве, запрасіла яе да сябе ў госці. Дзяўчына ахвотна пагадзілася, бо дагэтуль ніколі там не была. 

“Ёй там вельмі спадабалася: яны шмат гулялі, хадзілі ў тэатры, кіно, на выставы. Наста ўвесь час дасылала мне фотаздымкі з гэтых вакацый, была ў вельмі добрым настроі”, - успамінае Аксана.

31 студзеня дзяўчына павінна была вярнуцца ў Мінск. Узяла квіток на хуткасную “Ластаўку”, якая павінна была “даляцець” дадому менш чым за 7 гадзін.

Апошняе фота, якое Наста даслала маці з Масквы
Апошняе фота, якое Наста даслала маці з Масквы.

“Мы дамовіліся з Настай, што я сустрэну яе на чыгуначным вакзале, - гаворыць Аксана. - Цягнік крыху спазняўся, таму я была на месцы раней. Апошняе паведамленне, якое мне напісала дачка: “Мама, я ўжо ў Калодзішчах”. Ні яна, ні я ў гэты момант нічога дрэннага не прадчувалі. Дамовіліся сустрэцца на аўтобусным прыпынку акурат насупраць чыгуначнага вакзала. І вось цягнік прыбывае, спыняецца, пачынаюць выходзіць людзі, а Насты маёй няма… Не заўважыць яе складана, бо яна была апранута ў вельмі прыкметнае белае паліто. Падумала тады: “Мо штосьці з чамаданам здарылася? Пайду бліжэй да цягніка, дапамагу ёй”. Падыходжу – цягнік пусты. “Ластаўка” стаіць, а дзіцёнак мой знік. Як і не было яе там! Я за тэлефон – ніхто не адказывае. Пачала бегаць па пероне, пытацца, мо хто што бачыў. Але ніхто і нічога... Не памятаю, колькі разоў я спрабавала ёй датэлефанавацца. Я званіла, званіла… Раптоўна па яе нумары адказаў нейкі мужчынскі голас: “Аксана Пятроўна, ваша дачка затрыманая як падазраваная па крымінальным арт. 342, яе вязуць ў РАУС. Чакайце, з вамі звяжуцца следчыя”. 

Я анямела…”

“Вашую дачку затрымлівалі шэсць губазікаў”

Першае, што зрабіла жанчына пасля таго, як крыху прыйшла ў сябе, пабегла ў аддзел міліцыі на чыгуначным вакзале. 

“Да мяне спускаецца міліцыянт і тлумачыць: “У нас тут няма затрыманых жанчын”. Я яму: “Ёсць!”. Ён мне зноўку: “Няма”. А я яму даказваю, што мая дзяўчынка ў іх, тлумачу, што яе знялі з цягніка. І тут ён: “Ааа, зразумела, вашую дачку затрымлівалі 6 губазікаў, яны сядзелі ў нас і яе чакалі".

За некалькі дзён да гэтай падзеі затрымалі грамадзянку Расіі Веру Цвікевіч. Фота гэтай дзяўчыны, на якім яна стаіць на фоне Стэлы і вайскоўцаў каля калючага дрота, у жніўні 2020 года трапіла на вокладку “Камсамолкі”. Гэта было вельмі рэзананснае затрыманне, - расказвае Аксана Пятроўна. – Гэтую дзяўчыну таксама абвінавацілі ў злачынстве па артыкуле 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). На той момант я ўжо ведала, што пасля гэтай дзяўчыны затрымалі яшчэ некалькі чалавек, якія трапілі падчас акцыі пратэсту з ёй на іншае фота. На тым фотаздымку была і мая Наста. Напэўна, за ёй сачылі…”

Дзяўчына трапіла на гэтае фота, і яе арыштавалі.
Дзяўчына трапіла на гэтае фота, і яе арыштавалі.

Куда адвезлі Насту, жанчына не ведала. Аксана Пятроўна патэлефанава ў 102 і заявіла пра знікненне дачкі. Хутка Насту знайшлі ў СК.

“Потым патэлефанавала свайму адвакату, а праз некалькі хвілін зазваніў і мой тэлефон. Гэта была Наста. Я ніколі не забуду яе голас…Мая дачка была напужаная, разгубленая, у роспачы, і ёй было вельмі жахліва, - цяжка ўздыхае жанчына. Успамінаць тыя моманты ёй вельмі складана. – Яе голас дрыжаў, а яна ўсе намагалася мяне супакоіць: “Мама, не пужайся. Мама, са мной усе добра. Прыязджай на Першамайскую і забяры мае рэчы”. Я развярнулася і паехала ў Следчы камітэт на Першамайскую”.

Білі пасля затрымання, бо адмаўлялася даваць пароль ад тэлефона

Калі жанчына прыехала на месца, ёй сапраўды аддалі чамадан, з якім у Мінск вярталася яе Наста. Амаль адразу Аксане патэлефанавала следчая, якая ўдакладніла, што Насту затрымалі за перакрыцце дарог на адным з нядзельных маршаў, які праходзіў у жніўні 2020 года. Яна ж сказала: “Перадайце дачцэ цёплыя рэчы”. 

“Следчую, дарэчы, таксама звалі Настассяй. І ёй прыкладна столькі ж год, як і маёй дачцэ, - гаворыць Аксана. - Каб не губляць час, я, не з’язджаючы адтуль, перабрала ўсе рэчы дачкі з чамадана, сабарала, што там было цёплага, і зняла з сябе спартыўны касцюм. На шчасце, усе гэтыя рэчы Насце змог перадаць адвакат, які хутка прыехаў”.

Да гэтага часу супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўжо знялі з Настай Кухаравай пакаяльнае відэа. На ім дзяўчына, збіваючыся, дрыготкім голасам, ледзьве стрымліваючы слезы, прызнаецца ў тым, што прымала ўдзел у маршах, знаходзілася на праезнай частцы, годам раней ужывала марыхуану, а зараз прымае антыдэпрэсанты, каб палепшыць стан здароўя. 

Кадры з пакаяльнага відэа
Кадры з пакаяльнага відэа.

“Я ведаю, што гэтае відэа існуе, але дагэтуль яго не глядзела. Не хачу і не магу, - гаворыць Аксана. – Трэба ведаць Насту, каб рузумець, што ніякай марыхуаны яна ніколі не ўжывала. Яна нават алкаголь не п’е. Зразумела, што ўсе гэта яна сказала пад прымусам”.

Далей жанчыну чакалі невыносныя для яе навіны. 

“Калі ад Насты выйшаў адвакат і я спыталася ў яго, як яна трымаецца, ён адказаў: “Мой кліент – Наста, і я павінен гаварыць толькі тое, што яна просіць. Яна прасіла перадаць, што яна трымаецца. Але гэта не так, і вам, як маці, я ўсе ж скажу: яе білі пасля затрымання, бо яна адмаўлялася гаварыць пароль ад тэлефона. Стан - вельмі дрэнны”. Мая дачка важыць усяго 50 кілаграмаў пры росце 170 см. І яе білі мужчыны… Я зразумела, што яе зламалі. 

Панеслася дахаты і знайшла самы вялікі і цёплы пухавік, які ў мяне быў. Хацела перадаць ёй і яго, каб яна не мерзла, бо разумела, што з яе могуць там здзекавацца - пасадзіць у халодную камеру, ціснуць на яе маральна. Вярнулася, была вельмі настойлівая, падняла ўсіх на вушы…Да мяне нават зноў спусцілася следчая – тая самая Настасся Дзмітрыеўна ўзросту маёй дачкі. Але яна дала зразумець, што і так зрабіла для Насты больш, чым магла, таму пухавік ёй ужо не перададуць. Уявіць сабе не магу, як я выглядала ў той момант, але гэтая Настасся паглядзена на мяне і спытала: “З вамі ўсё добра”? У адказ я толькі моўчкі на яе паглядзела. Яна ўсе зразумела…” 

“Не дайшло ніводнага ліста”

Калі адвакат пабачыў Насту другі раз, па яго словах, яна ўжо была ў іншым стане: дзяўчына ўзяла сябе ў рукі, больш не плакала і нармалёва выглядала для ўмоў, у якіх апынулася.

“Разам з ёй у камеры было 6 чалавек. Усе – палітычныя. У дзяўчын не было матрацаў, бялізны, а мая Наста ўвогуле спала на падлозе, бо больш не было месца. Адвакат расказаў, што яна апранула на сябе ўсю вопратку, якую я змагла ёй перадаць, і так спала. Перадачу, якую я перадала праз некалькі дзён пасля затрымання, ёй не аддалі. Не дайшло да яе і ніводнага майго ліста, якія я пісала кожны дзень”, - уздыхае Аксана.

Праз дзесяць дзён Насту Кухараву перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Зараз яна знаходзіцца ў камеры, у якой утрымліваюць адразу 10 чалавек. 

“Я ведаю, што яна знаходзіцца разам з журналісткай tut.by Аленай Талкачовай. Астатнія дзяўчыны таксама палітычныя, і ў Насты нядрэннае атачэнне. Але такое адчуванне, што ў яе пачаўся стакгольмскі сіндром. Да мяне прыйшло тры яе лісты. Яна піша, што супрацоўнікі СІЗА не робяць нічога дрэннага, нармалёва да яе ставяцца, а на волі ад яе, наадварот, усе адвярнуліся. Піша: “Я  нікому больш не патрэбная. Ні сябрам, ні хлопцу, ні родным”. Чытаць гэта вельмі балюча. Яна не ведае, што мы пішам ёй кожны дзень. Ёй не перадаюць лісты. Да зняволення Наста прымала антыдэпрэсанты, піла лекі, якія ёй прапісаў дэрматолаг. Калі я перадавала ёй перадачу ўжо на Валадарку, аддавала іх з рэцэптам, каб прынялі. Лекі ўзялі, але ёй нічога не аддалі. 

Калі адбудзецца суд, мы не ведаем. Тэлефон Насты забралі на экспертызу. У хуткім часе яе і саму адправяць на псіхіятрычную экспертызу, бо ў тым самым пакаяльным відэа дачку вымусілі сказаць, што яна ўжывала марыхуану, на целе ў Насты шмат тату з выявамі анімэ, а да затрымання яна прымала антыдэпрэсанты…”

На пытанне пра тое, што дапамагае трымацца ў гэтай жудаснай гісторыі, маці зняволенай Насты Кухаравай адказвае:

“Зараз я проста не маю права зваліцца ў стан роспачы і адчаю. Калі на волю выйдзе мая дачка, я хачу быць для яе здаровай і прыгожай. Не хачу, каб потым яна яшчэ мяне па дактарах цягала. Я веру: хутка мы сустрэнемся, і ў нас усё будзе добра. За ўвесь гэты час я не заплакала ні разу. Вырашыла: плакаць буду ад шчасця, калі абдыму сваю дачку на волі”.

Вы можаце падтрымаць Насту і напісаць ёй ліст. Адрас такі: СІЗА-1, Мінск ул. Валадарскага 2, 220030, Кухаравай Настассі Андрэеўне. Таксама вы можаце даслаць грашовы перавод, тэлеграму, пасылку ці бандэроль.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства