viasna on patreon

Экс-палітвязень Кірыл Салееў: "Уцякаць — адзіны спосаб дамагчыся нейкай справядлівасці"

2022 2022-02-22T12:03:24+0300 2022-02-22T14:52:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/saleev_kirill_22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Зранку 14 верасня мінулага года ў адной з кватэр Мінска нечакана пагасла святло. Калі яе жыхар пачаў выходзіць на лесвічную пляцоўку паглядзець, што здарылася, то за дзвярыма яго чакаў супрацоўнік ГУБАЗіКа. Потым у кватэру ўварваліся яшчэ два сілавікі і паклалі яго на падлогу. На вачах бацькоў хлопца за валасы адцягнулі да кухні. Затым каля гадзіны яго дапытвалі ў машыне каля дома, пыталіся, "хто прэзідэнт Беларусі", і за "няправільны адказ" білі нагой па шыі. Так затрымлівалі 23-гадовага гукарэжысёра Тэатра юнага гледача Кірыла Салеева. Пасля чатырох месяцаў зняволення ў СІЗА №1 сёлета ў студзені палітвязня асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў да трох гадоў "хіміі". Нядаўна Кірыл пры дапамозе актывістаў з БайСол з'ехаў з Беларусі. Чаму ён прыняў такое рашэнне, як прайшлі яго чатыры месяцы на "Валадарцы", каго ён сустракаў за кратамі — былы палітвязень распавёў "Вясне".

Кирилл Салеев после выезда из Беларуси
Кірыл Салееў пасля выезду з Беларусі

 "Пачуваюся добра, настрой выдатны. Трошкі дзіўна, шчыра кажучы, сябе адчуваю праз змену асяроддзя", — пачынае размову Кірыл.

Паводле былога палітвязня, праблем са здароўем у яго няма. Адзінае, што яго турбуе на гэты момант, гэта тое, што ў новай краіне трэба шукаць працу. Як высветлілася, з Тэатра юнага гледача Кірыла не звольнілі за час арышту і ён пасля вызвалення нават змог вярнуцца туды. ТЮГ, нягледзячы на прыватнае вызначэнне суда Фрунзенскага раёна ў бок кіраўніцтва тэатра аб тым, каб у калектыве праводзілася прафілактычная праца па недапушчэнні парушэння супрацоўнікамі заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, падоўжыў кантракт з Кірылам. Але праз пераезд у іншую краіну гукарэжысёру давялося звольніцца.

"Сілавікі мяне трымалі, а маці надзявала джынсы"

14 верасня мінулага года ў Кірыла быў выхадны, таму ён быў дома.

"Пасля сняданку, прыкладна аб 11-й гадзіне раніцы, я сядзеў за камп'ютарам. Раптам ва ўсім доме пагасла святло. Я падумаў, што помпу выбіла — ці мала што. Я адчыніў дзверы і раптам з-за дзвярэй вылез супрацоўнік ГУБАЗіКа. Ён скруціў мяне, паклаў галавой у падлогу, надзеў на мяне бранзалеты, забраў тэлефон. Потым за валасы адцягнуў на кухню. З'явіліся панятыя, якіх я наогул не ведаў. Яны сказалі: "Так-так, гэта ён". Бацькі былі дома і ўсё бачылі — яны былі ў шоку. Я быў у хатніх шортах. Калі яны пачалі цягнуць мяне, то маці сказалі ім, каб мне далі хоць пацяплей апрануцца. Яны мяне трымалі, а маці надзявала джынсы і боты пацяплей", — узгадвае Кірыл падзеі таго дня.

Дома ў Салеевых прайшоў вобшук: "Перакапалі ўсё, шукалі ўсё, што можа хоць неяк скампраметаваць мяне". Пасля гэтага Кірыла завялі ў службовую машыну, дзе яго дапытвалі са збіваннямі каля гадзіны:

"Запытвалі, дзе сцягі, другі тэлефон. Я ім нічога не выдаў. У мяне былі скручаныя рукі — на ўзроўні галавы. Гэта было дзеля таго, каб памучаць мяне. Яны гэтым упіваюцца, мне здаецца.

У мяне пыталіся, хто прэзідэнт. Самі разумееце, што я адказваў. За гэта мяне білі нагой па шыі".

"Шыя ўся сіняя была"

Пасля Кірыла павезлі ў будынак ГУБАЗіКа, дзе запісалі з ім "пакаяльнае відэа".

"У мяне выпытвалі, што я рабіў, а я наогул не разумеў: у мяне страх, лютасць. Я не ведаў, як сябе паводзіць. У мяне наогул усе пачуцці перамяшаліся. Калі ў мяне запыталі, ці буду я запісваць "пакаяльнае відэа", то я сказаў, што запішу, калі перастануць чапаць мяне. Я наступіў сабе на гонар, таму што па дарозе ў ГУБАЗІК мяне збілі: нагой і кулаком па шыі. Яна ў мяне ўся сіняя была і праходзіла каля тыдня, пакуль я на Акрэсціна сядзеў.

На камеру яны запытвалі ў мяне, навошта я выходзіў [на акцыі пратэсту]. Я адказаў: “На покліч продкаў”. Яны [супрацоўнікі ГУБАЗіКа] засмяяліся, як быццам штосьці смешнае пабачылі".

Кірыл працытаваў радкі з паэмы Якуба Коласа “Адплата”.

"Душыць акупантаў праклятых —
Вось покліч наш сёння якоў.
За кожнага бітага ката
Адпусціцца сорак грахоў".

Але яны гэтага не разумелі! "Вось за продкаў выходзіць, значыць сапраўды дэбіл", — пераказаў пазіцыю сілавікоў Кірыл.

"Яны так думалі, таму дазволілі мне казаць тое, што я хачу. Але перазапісвалі маё відэа яны каля 10 раз. Таму што ў мяне ўвесь час праслізгвала іранічнасць, я ўсміхаўся. А яны, нецэнзурна пагражаючы, сказалі: "Можа збіць цябе, каб ты ўсміхацца перастаў?"

Яны і запалохвалі мяне. Калі запісалі "пакаяльнае відэа", то адсталі".

Паводле Кірыла, супрацоўнікі ГУБАЗіКа зладзілі допыт па кантактах тэлефона хлопца і хацелі, каб ён расказаў ім пра ўсіх:

"А што, калі мы да іх прыйдзем, то што мы ў іх дома знойдзем? А можа мы да тваёй начальніцы прыйдзем? Ты ж ведаеш, дзе яна жыве?" — пераказвае пытанні сілавікоў Кірыла.

"Я ім нічога не распавёў і казаў, што добра, калі вы мяне ўжо схапілі, а вось маіх сяброў не чапайце".

Потым Кірыла павезлі ў Следчы камітэт. Там ён адмовіўся ад адваката, якога яны яму прапанавалі. Следчы не дапытваў хлопца ў той дзень, а толькі зняў адбіткі пальцаў. Затым Кірыла адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе следчы правёў з ім два допыты.

"11 сутак на Акрэсціна — самае цяжкае выпрабаванне ў маім жыцці"

"Ніякіх матрацаў і коўдраў, натуральна, не было. Усярэдзіне камера смярдзіць калам. Усё забаронена, нічога нельга. І ты сядзіш там.

Адразу нас у камеры было двое "палітычных". Але начамі да нас закідвалі бамжоў па 205-м [артыкуле Крымінальнага кодэкса "крадзеж"]. Там і так пахла не вельмі добра, а рабілася яшчэ горай. І з імі даводзілася неяк ужывацца. Некаторыя з іх былі буяныя. І самае цікавае, што ім выдавалі коўдры і матрацы, а нам не. Але потым і ім перасталі выдаваць пасля аднаго інцыдэнту.

У мяне пачаў дах ехаць. У мяне на “Валадарцы” так дах не ехаў, як на Акрэсціна. Таму што ты сядзіш і нават не ведаеш, якая гадзіна. Такая прастрацыя: ты пачынаеш сумнявацца ў рэальнасці таго, што адбываецца. У мяне такое было. Я пачаў грукацца ў дзверы камеры і прасіць “Біблію”, звычайныя кнігі. Яны мне адказвалі, што не належыцца. І на трэція суткі адзін ахоўнік, хлопчык ён маладзейшы за мяне перадаў мне кнігу аповядаў Чэхава. Гэта кніга праіснавала ў нас да вячэрняй праверкі. Я яе паспрабаваў схаваць, але зайшоў начальнік, пабачыў гэту кнігу і сказаў, каб у гэту камеру наогул больш нічога не давалі. Таму, каго да нас пераводзілі ўначы, больш ні коўдраў, ні матрацаў не выдавалі.

11 сутак на Акрэсціна — гэта было, напэўна, самае цяжкае выпрабаванне ў маім жыцці для маёй псіхікі. Таму што ты не ведаеш, што будзе далей, ты спадзяешся на лепшае. А насамрэч гэта толькі пачатак складанага шляху", — кажа Кірыл.

У ІЧУ Салееву выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Як высветлілася, яго ідэнтыфікавалі на Маршы герояў 25 кастрычніка 2020 года па здымку з "СБ. Беларусь сегодня".

  "Затрымалі мяне праз год. Разумееце ўзровень маразму?"

Чатыры месяцы на "Валадарцы"

Кирилл Салеев после выезда из Беларуси
Кірыл Салееў пасля выезду з Беларусі

25 верасня Кірыла ў "стакане" аўтазака перавезлі ў СІЗА-1:

"Нам зашпілілі кайданкі за спінай. У "стакане" метр на метр не было святла. Мне было страшна, бо ў мяне клаўстрафобія. Увесь час, пакуль мы ехалі, я думаў, раптам які заліхвацкі ўрэжацца ў гэты аўтазак, перавернемся і мы ўсе тут памром зажыва. Там поўная цемра і толькі відаць камеры ў інфрачырвоным святле".

"На "Валадарцы" мне выдалі матрац, падушку, коўдру і я ашалеў ад шчасця! Мне здавалася, што ў мяне пярына каралеўскага шаха, бо спаць на дошках 11 сутак гэта не цукар".

Як распавядае былы палітвязень, калі яго перавялі ў СІЗА-1, то ў ягонай камеры на 18 квадратных метраў з 12 чалавек чатыры абвінавачваліся паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і яшчэ некалькі чалавек паводле больш цяжкіх "палітычных" артыкулаў былы супрацоўнік "Белтэлекама" Арцём Пархамовіч (у лютым асуджаны да 11 гадоў калоніі), брэсцкі анархіст Аляксандр Казлянка (чакае суда па "справе Рэвалюцыйнага дзеяння"), а з кастрычніка — былы дырэктар "БелаПАН" Дзмітрый Наважылаў.

 "Да снежня я ўжо змірыўся з думкай, што я адпраўлюся ў калонію. Так лягчэй проста рыхтавацца да горшага. А потым атрымаць такое [вызваленне пасля суда] гэта шчасце. Гэты месяц, што я правёў у Беларусі пасля СІЗА, я выкарыстоўваў напоўніцу: сустрэўся з сябрамі, усіх абняў, павіншаваў іх з чым можна было, усе яны былі рады мяне бачыць".

Як кажа Кірыл, асноўныя прычыны рапартаў аб парушэнні рэжыму СІЗА-1 гэта няголенасць і сон. Пасля трох парушэнняў зняволенага адпраўляюць у карцар, пасля якога ён у сваю камеру ўжо не можа вярнуцца.

 "У мяне за чатыры месяцы было толькі адно парушэнне гэта няголенасць 1 студзеня".

Арцём Пархамовіч, Аляксандр Казлянка, Дзмітрый Наважылаў. Што распавядае экс-палітвязень пра сваіх сукамернікаў

Кірыл расказаў, што ў карцар адправілі ягонага палітзняволенага сукамерніка Арцёма Пархамовіча:

"Ён выдатны чалавек. Гэта той палітвязень, на якога трэба раўняцца. Чалавек з нясхільнай воляй! Мне ажно хацелася быць такім, як ён моцным і нязломным!

Калі я прыехаў у СІЗА-1, у яго ўжо пачалося азнаямленне з матэрыяламі справы. Ён адседзеў на "Валадарцы" год. На заканчэнне азнаямлення з ягонай справай не пусцілі адваката. Замест яго былі два чалавекі ў балаклавах. Арцём сказаў, што ён не ведае, хто гэтыя людзі, а значыць і знаёміцца ў іх прысутнасці са справай ён не будзе. Так было некалькі разоў і на пяты Арцёма адправілі ў карцар. Вось так проста без усялякіх парушэнняў".

Былы палітвязень з захапленнем і павагай распавядае і пра іншых сваіх сукамернікаў, якіх, як і яго, затрымалі з палітычных матываў:

"Саша [Казлянка] моцны і спакойны чалавек. Я бачыў у яго ашаламляльны ўнутраны стрыжань! Ён умее паводзіць сябе так, не выдаючы свае слабасці. Яму прад'яўляюць артыкул 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі). Мы чыталі ягоныя дакументы ён нікога з гэтай "арганізаванай злачыннай групы" не ведае. І мы самі вар'яцелі.

Дзіма [Наважылаў] заехаў да нас у камеру ў канцы кастрычніка дзесьці. Ён інтэлігентны і неверагодна стаічны чалавек. Канечне, ён верыць у лепшае, але рыхтуецца да горшага. Я ў яго пытаўся некалькі разоў: “Дзіма, ты наогул не хвалюешся?” А ён мне адказвае: “А гэта дапаможа?” А пасля першага суда, калі я ўбачыў там маму са слязьмі, я спытаў у Наважылава: “Дзіма, твая жонка будзе плакаць на пасяджэнні?”. На гэта ён мне спакойна адказаў: “Канечне”. Гэта чалавек з вельмі жывым розумам, выдатны журналіст, ведае адказы на ўсе пытанні. Мне з ім было вельмі файна. Я ў ім знайшоў добрага сябра".

Кірыл тлумачыць, што ў СІЗА ўсе размаўлялі на "ты" незалежна ад узросту, статусу: “Можа гэта турэмнае”.

Таксама ў камеры з Кірылам некаторы час быў палітзняволены супрацоўнік “Белтэлекама” Дзмітрый Каханоўскі, які абвінавачваецца ў зліве звестак сілавікоў, дзяржслужбоўцаў, суддзяў у "Чорную кнігу Беларусі". У камеры, акрамя палітвязняў, былі абвінавачаныя паводле "наркатычнага артыкулу", за махлярства і інш.

Кірыл узгадвае, што неяк сустракаўся ў СІЗА з палітвязнем Міколам Дедком:

"З тым самым Дзядком! Ён быў у кайданках, таму што, акрамя прафуліку па экстрэмізме, ён стаяў на ўліку як схільны да ўцёкаў і захопу закладнікаў. Таму ў СІЗА ў яго быў узмоцнены канвой. Ён паводзіў сябе нахабна, вольна, што мне вельмі нават спадабалася. Нібыта наогул не перажывае, што яму пяць гадоў сядзець. Гэта мяне натхніла!"

Экс-палітвязень прыгадвае, як хавалі ад зняволеных Марыю Калеснікаву:

"Калі яе вялі, то заглядалі ва ўсе камеры, каб не было цікавасці лішняй. Яе баяцца там як агню. І расчышчаюць увесь калідор, каб з ёй ніхто не мог скантачыцца».

Па чутках, у СІЗА, распавядае Кірыл, яна адна сядзела ў чатырохмясцовай камеры №77. Максім Знак утрымліваўся ў камеры №60.

Чарга з 30 чалавек на прафулік

Як распавядае Кірыл, усіх абвінавачаных па "палітычных" артыкулах у СІЗА-1 ставяць на прафілактычны ўлік як схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Былы палітвязень падрабязна распавёў, як гэта адбывалася ў яго праз два тыдні пасля этапавання на "Валадарку":

 "Пагрукалі ў камеру, назвалі прозвішча і сказалі ісці да начальніка. Да яго вядуць пад канвоем. Там стаяла чарга на ўвесь калідор на чалавек 30. Там я пазнаў тых, з кім сядзеў у ІЧУ на Акрэсціна. Я зайшоў у кабінет начальніка, назваў свой артыкул, сваё прозвішча, год нараджэння. Як мне распавядалі хлопцы, раней пры пастаноўцы на ўлік задавалі пытанні: навошта выходзіў [на акцыю пратэсту], што там рабіў? Хоць гэта не мае ніякага значэння, таму што на прафулік у кожным разе паставяць. Са мной было вось так: я назваў прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння і артыкул. І мяне проста апавясцілі, што мяне ставяць на ўлік як схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці. У мяне не запыталіся нічога наогул. Таму што 342-і [артыкул Крымінальнага кодэкса] зрабіўся сапраўды народны. У кожнай камеры ў кастрычніку-лістападзе 2021 года прынамсі адзін-два чалавекі былі паводле гэтага артыкулу. Гэта я кажу дакладна".

Лісты салідарнасці

"Спачатку я спалохаўся, што мяне прызналі палітвязнем. Але калі я ўбачыў гэту падтрымку, мне зрабілася вельмі цёпла. Было вельмі прыемна. У СІЗА я атрымаў каля ста лістоў. Калі я выйшаў на волю, то даведаўся, што недаатрымаў каля 70 лістоў: ад бабулі пяць лістоў, дзядзькі Аляксея Стрэльнікава, ад калектыву Тэатра юнага гледача.

Бывала, што лісты я чакаў цэлы дзень. Але часта бывала дарма. Вось Дзіму Наважылаву заўсёды лісты прыходзілі часам па 5-6 таму што ён сапраўды знакаміты палітвязень. Але галоўнае, што мне заўсёды стабільна прыходзілі лісты ад маці. Гэта вельмі мяне грэла".

"Мы жадаем гэта чытаць на беларускай мове"

Кірыл распавядае, што яго таксама падтрымлівала ў СІЗА чытанне:

"Я і да арышту чытаў шмат і цяпер чытаю, але ў СІЗА чытаў увесь час, бо там больш няма чаго рабіць. Мы замаўлялі кнігі ў бібліятэцы і нам іх прыносілі раз на два тыдні па чацвяргах. Там быў ліміт кніг на камеру.

Галоўным чынам, я чытаў класічную літаратуру: Тургенева, Гюго і іншых. Чатыры месяцы я замаўляў "Невыносную лёгкасць быцця" Мілана Кундэры, але яе так і не прынеслі мне. Гэту кнігу я атрымаў на волі мне яе падарыў калектыў ТЮГа.

Дарэчы, што забаўна, у бібліятэцы СІЗА ёсць "Цудоўны новы свет" Хакслі і "1984" Оруэла, але няма беларускай літаратуры: ні Васіля Быкава, ні Максіма Багдановіча, ні Кандрата Крапівы. Яны ёсць, але на рускай мове. А на мой погляд, гэта абраза. На беларускай мове там нічога няма гэта сапраўдны генацыд культуры. Мы замаўлялі беларускія кнігі з пазнакай "Мы жадаем гэта чытаць на беларускай мове". Нам прыносілі кнігі толькі на рускай мове. Мы зрабілі выснову, што ў бібліятэцы няма кніг на беларускай мове".

"У турме святаў няма"

Як адзначае былы палітвязень, які ў зняволенні правёў навагоднія і калядныя святы, у СІЗА іх не адзначалі:

"Там святаў няма гэта ж турма ўсё ж такі! У турме святаў няма. "Праздник кончился", як спяваў Ягор Летаў.

На Новы год мы спрабавалі ўпрыгожыць ялінку з пластыкавых кубачкаў. Але нам сказалі, што пластык нельга, і забралі нашу ялінку. Потым зрабілі ялінку з зялёных пакетаў. Яе забралі на праверцы, але гэта ўжо было 1 студзеня. Так што яна выканала сваё прызначэнне [смяецца].

А так, Новы год быў дзіўна нудным, таму што ніякіх паблажак нам не зрабілі. А 22-й гадзіне 31 снежня адбой, а 6-й гадзіне 1 студзеня пад'ём".

"Беларускае ТБ глядзяць толькі зэкі"

Асаблівае здзіўленне і абуранасць у Кірыла выклікалі тэлевізійныя перадачы ў камеры. Хлопец кажа, што тэлевізар у камеры з'явіўся пазней за ягоны перавод туды:

"Там было восем беларускіх каналаў. У мяне шок выклікаў "Беларусь-3". Я не ведаю, на каго гэта працуе. Здавалася б, павінна на культурную інтэлігенцыю. Але ўся культурная інтэлігенцыя ненавідзіць чортаву прапаганду! Але яны праз культуру ўсё адно спрабуюць прасоўваць прапаганду. Некаторыя перадачы абсалютна абсурдныя! Бывае, задаешся пытаннем: каму гэта знята? І мы прыйшлі да высновы, што беларускае тэлебачанне глядзяць толькі зэкі. Як і "Белпоштай" карыстаюцца толькі зэкі. Калі б не "Валадарка", яна развалілася б ужо даўно".

"Я не хацеў уцякаць, таму што я бачыў такіх цудоўных і светлых людзей"

Кирилл Салеев после выезда из Беларуси
Кірыл Салееў пасля выезду з Беларусі

Суд на Кірылам Салеевым расцягнуўся на тры пасяджэнні, у выніку якіх суддзя Наталля Бугук асудзіла хлопца да трох гадоў "хіміі". Тры дні яго забіралі з камеры пасля спецыяльнага сняданку а 6:30 раніцы, праводзілі праверку на наяўнасць колючых і рэжучых прадметаў і адпраўлялі ў "адстойнік" чакаць свайго рэйса ў суд. А паколькі Кірыл стаяў на прафуліку, то яго яшчэ дадаткова правяралі перад самой пасадкай у аўтазак.

"У "адстойніку" можна сустрэць іншых людзей, якія едуць на суд. Я там сустрэўся з двума зняволенымі, якія абвінавачваюцца ў забойстве, з адным па "эканамічным" артыкуле".

Там я сустрэў Ваню [Андрушойця], якога вінавацілі паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Ён заўсёды быў вясёлы. Ён нам сказаў такую фразу, якую я запомніў: "Дзеці, турма не страшная, страшна там хварэць". Ён трымаўся малайцом!

Таксама ў чаканні рэйса ў суд я сустрэў хлопца з "групы тэрарыстаў" [па здымку Кірыл пазнаў Сяргея Раманава]. Па 20 гадоў хлопцам далі, але яны былі вясёлыя-вясёлыя! Усміхаюцца і вераць у светлую будучыню! Проста нязломныя людзі. Я вось таму пасля суда і не хацеў уцякаць. Таму што я бачыў такіх цудоўных і светлых людзей. Тэрміны ў іх жудасныя, значна горшыя за мае! А я што? Баюся трох гадоў на "хіміі"?

Але потым я падумаў, што ў хлопцаў выбару іншага няма і яны сябе так настройваюць. Я магу не згубіць гэтыя тры гады і супакоіць сваіх бацькоў заадно. Яны б перажывалі, што можа штосьці здарыцца са мной на "хіміі".

"Былі б у нас у краіне сумленныя суды, такой сітуацыі не здарылася б"

Кірыл кажа, што клопат пра бацькоў быў не адзінай прычынай рашэння пакінуць Беларусь і не ехаць на "хімію":

 "У мяне ажывілася яшчэ пачуццё справядлівасці, таму што я адразу думаў: божа, колькі людзей несправядліва сядзяць. І я таксама буду несправядліва сядзець. А чаму я павінен сядзець, калі я магу ўцякаць? Бо калі я пайду сядзець, то я згодзен са сваім прысудам? Вось такія да мяне думкі пачалі прыходзіць. А я з ім не згодзен! Але ніяк я з гэтым змагацца сумленнымі спосабамі не магу. Былі б у нас у краіне сумленныя суды, такой сітуацыі не здарылася б. Таму бегчы  адзіны спосаб дамагчыся нейкай справядлівасці. Уцёк пазбег пакарання. Гуляючы ў карты, як змагацца з казіно?"

11 студзеня Кірылы пасля абвяшчэння прысуду вызвалілі ў зале суда пасля чатырох месяцаў зняволення:

"У той момант я адчуў нейкае дзіўнае вар'яцтва, што гэты кашмар скончыцца і я нарэшце ўбачу сяброў. Калі я выйшаў на вуліцу і ўдыхнуў свежае паветра, то я ледзь не знепрытомнеў. Было так свежа, так добра, так ярка, што мае вочы не маглі ўпіцца, мой нос не мог надыхацца! Я не мог унутры сябе наўсміхацца! Такое пачуццё, што ўнутры сябе я апынуўся на Эверэсце. На некалькі секунд я як быццам бы дасягнуў нейкага прасвятлення".

"Я пачаў адчуваць у Мінску дух 1937 года"

Кірыл пакінуў Беларусь праз месяц пасля абвяшчэння прысуду. Гэты час дома ён прабавіў з сям'ёй, калегамі і сябрамі, але паспеў заўважыць змены ў родным горадзе:

"Я насілу памятаю, што здарылася са мной да таго, як мяне затрымалі. Я не зважаў, як ішло маё жыццё: дом, дзве працы, часам музыка, часам вершы, часам дзяўчына. Але я не адчуваў смаку жыцця яно праходзіла ў чаканні таго, калі мяне тузануць. Да турмы я толькі думаў, як не патрапіць у лукашэнкаўскае войска. На 19 верасня ў мяне была позва, а за пяць дзён да гэтага мяне затрымалі.

Пасля вызвалення я пачаў адчуваць у Мінску дух 1937 года. Раней я не так яго адчуваў. Зараз я дазнаюся, што да аднаго знаёмага прыходзілі з вобшукам, іншага затрымалі, яшчэ хтосьці выйшаў на волю. Пачалося абсалютнае бясчынства сапраўды 1937 год. Я вельмі захапляюся гісторыяй і мне было цікава, як выглядала звычайнае мірскае жыццё, напрыклад, у Маскве ці Санкт-Пецярбургу ў 1937 годзе. І мне здаецца, што я знайшоў цяпер адказ на гэта пытанне".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства