Трымалі ў карцары і вялі на суд, заламаўшы рукі: у Гродне географа асудзілі да 3,5 гадоў узмоцненага рэжыму за паведамленні міліцыянтам
21 лютага Гродзенскі абласны суд скончыў разгляд справы Руслана Садоўнічага. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў адразу паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады", ч. 1 арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы" і ч. 1 арт. 366 "Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак".
Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Мікалай Рачынскі, бок абвінавачвання падтрымлівала пракурорка Людміла Герасіменка. Інтарэсы абвінавачанага прадстаўляў адвакат Ігар Сільвановіч.
Пра абвінавачанага вядома, што яму 34 гады. Мужчына нарадзіўся ў вёсцы Кулікі, што на Гродзеншчыне, але цяпер разам з жонкай жыве ў самім Гродне. Абое маюць інваліднасць па зроку: у абвінавачанага 3-я група інваліднасці, у ягонай жонкі — 2-я. Разам пара выхоўвае дваіх дзяцей. Старэйшаму сыну 14 гадоў, малодшаму — 5. Паводле прафесіі Руслан Садоўнічы настаўнік геаграфіі, але на цяперашні момант ужо беспрацоўны.
Мужчыну затрымалі яшчэ 29 верасня. Праз некалькі дзён — 1 кастрычніка — у дачыненні да яго ўжылі меру стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай. Ад родных і блізкіх абвінавачанага стала вядома, што апошнім часам Руслана ўтрымліваюць у карцары. Ёсць інфармацыя пра тое, што туды яго хацелі змясціць і раней, але мужчына захварэў. У спробах хоць неяк паставіць яго на ногі і палегчыць стан сукамернікі адпойвалі Руслана… кіпенем.
Калі мужчыну вялі да залы суда, усіх прысутных выгналі з вестыбюля. Да гэтага ўсіх жадаючых трапіць на разгляд справы Руслана Садоўнічага абшукалі. У судзе дзяжурылі супрацоўнікі МУС у поўнай экіпіроўцы. Самога ж Руслана вялі ў залу суда, як злоснага злачынцу, — рукі ў кайданках заламаныя ўверх, галава ў падлогу. Маці Руслана, якая пабачыла гэта, зрабілася дрэнна проста ў судзе. Сам абвінавачаны выглядаў вельмі прыгнечаным.
Руслана абвінавачваюць у тым, што, "адчуваючы нянавісць да дзейснай улады", ён напісаў мноства абразлівых паведамленняў у адрас супрацоўнікаў міліцыі і іх блізкіх.
Паводле версіі абвінавачвання, 11 жніўня 2021 года Садоўнічы абразіў Марыю Пятровіч — жонку супрацоўніка МУС, напісаўшы ў яе адрас каментар: "с*ка поганая, чтобы ты сдохла".
15 верасня — у адрас супрацоўніка міліцыі Міхаіла Качалава: "урод, быстрей бы сдохла эта тв*рь, а то добрых новостей маловато".
17 верасня мужчына напісаў каментар пра намесніка начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Валянціна Асіповіча: "м*азь, паскуда, шакал, сдохни".
20 верасня — пра начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Рэзнікава: "в Гродно тебе не рады, надеюсь, скоро ублюдок сдохнет".
Усе гэтыя каментары абвінавачаны напісаў у Telegram-каналах "Каратели Беларуси" і "Гродно 97". За гэта яму прад'яўленыя абвінавачванні паводле арт. 369 КК.
Змякчальнымі акалічнасцямі па гэтай справе прызнаныя чыстасардэчнае прызнанне абвінавачанага ў зробленым злачынстве і наяўнасць у яго двух непаўнагадовых дзяцей. Абцяжарвальнай акалічнасцю — той факт, што супрацоўнікаў міліцыі ён абразіў не адзін, а шмат разоў.
Таксама Руслана Садоўнічага абвінавачваюць у "выказванні варожасці да групы людзей, аб'яднаных агульнай прыкметай "супрацоўнікі міліцыі". Згодна з версіяй абвінавачвання, злачынства палягае ў тым, што летась 20 верасня ў тых жа Telegram-каналах мужчына размясціў "паведамленне экстрэмісцкага кірунку" з наступным тэкстам: "смерть ментам, скоро плясать будем на мусорской и ОМОНовской могиле".
За гэты каментар мужчыну выставілі абвінавачванне паводле ч.1 арт. 130 КК. Змякчальнымі і абцяжарвальнымі акалічнасцямі па гэтай справе прызнаны тыя ж пункты, што і па папярэднім артыкуле абвінавачвання.
Трэцяе злачынства, у здзяйсненні якога абвінавацілі Руслана Садоўнічага, адносіцца да ч. 1 арт. 366 КК. Паводле тэксту абвінавачвання, "у мэтах перашкаджэння законнай дзейнасці і прымусу змены характару гэтай дзейнасці" ў адрас следчага Яўгена Юрэвіча ў тэлеграм-канале "Каратели Беларуси" мужчына напісаў каментар: "ходи оглядывайся, ждем подходящего момента".
Пацярпелыя на судовае пасяджэнне не з'явіліся, аднак даслалі ў суд заявы з просьбай разгледзець справу ў іх адсутнасці. За выключэннем Яўгена Юрэвіча, які паказаў, што з 7 па 11 лютага ён будзе знаходзіцца ў камандзіроўцы, а пасля вяртання гатовы ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні. У выніку суд вырашыў разгледзець справу без пацярпелых, а Юрэвіча выклікаць паўторна пасля завяршэння ягонай камандзіроўкі.
Падчас судовага пасяджэння Руслан Садоўнічы прызнаў сваю віну па ўсіх эпізодах. Высокаму суду абвінавачаны растлумачыў, што нянавісці да палітычнага ладу не адчувае, а ўсіх пацярпелых абвінаваціў не як супрацоўнікаў міліцыі, а як звычайных людзей.
21 лютага суд вынес прысуд паводле ягонай справы. У гэты дзень малодшаму сыну Руслана споўнілася 5 гадоў, сам жа абвінавачаны да гэтага часу знаходзіўся за кратамі ўжо 147 дзён.
Мужчыну прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК РБ і прысудзілі да 1 году і 6 месяцаў пазбаўлення волі, пастанавіўшы выплаціць 50 базавых велічынь штрафу (1600 беларускіх рублёў); вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК РБ, пакараўшы 2 гадамі пазбаўлення волі, а таксама вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч.1 арт. 366 КК РБ, прысудзіўшы да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Шляхам частковага складання пакаранняў агулам Руслана Садоўнічага асудзілі да 3 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму, пастанавіўшы выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічынь (1600 беларускіх рублёў). У якасці маральнай кампенсацыі суд пастанавіў выплаціць Качалаву 2000 рублёў, Юрэвічу — 1000 рублёў.