Рамесніку з Верхнядзвінска прысудзілі 2,5 гады "хіміі" за абразу Лукашэнкі, супрацоўніка пракуратуры, ваенных і журналістаў
Стала вядома пра вынікі судовага пасяджэння па справе Дзяніса Пяцько, якую 23 лютага разглядаў суд Верхнядзвінскага раёна.
Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Людміла Каваленка.
Вядома, што абвінавачанаму 34 гады. У Верхнядзвінску мужчына займаўся рамесніцтвам. Напрыканцы кастрычніка 2021 года мужчыну затрымаў ГУБАЗіК. Дзяніса абвінавачваюць у тым, што ўлетку 2020 года ён, будучы адміністратарам закрытага тэлеграм-чата, напісаў абразлівыя каментары пад фотаздымкамі супрацоўнікаў Узброеных Сіл, старшага памочніка пракурора аднаго з раёнаў Мінска, журналістаў і Лукашэнкі. У выніку мужчыне прад'явілі абвінавачванні адразу па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады».
Падрабязнасцяў з залы суда няма. Вядома толькі, што ў выніку суд Верхнядзвінскага раёна прызнаў Дзяніса Пяцько вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 368 і арт. 369, прысудзіўшы 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.