Затрыманні на фоне антываенных акцый. Хроніка палітычнага пераследу за 1 сакавіка Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, за антываенныя акцыі і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца 1 сакавіка: па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Учора ў Мінску затрымалі экс-дацэнтку МДЛУ Наталлю Дуліну
Раней Наталля Дуліна працавала дацэнтам кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ.
Пасля пачатку пратэстаў была звольненая з ВНУ за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Увосень яна прымала ўдзел у забастоўках ва ўніверсітэце, падтрымлівала студэнтаў і знялася ў відэароліку, дзе асуджае гвалт з боку дзяржавы. Два разы затрымлівалася. Адбывала ў кастрычніку 2020 года 14-сутачны арышт.
Прызначаная дата суда над мастаком Алесем Пушкіным
Мастака Алеся Пушкіна пачнуць судзіць у Менску 10 сакавіка (пачатак суда аб 11-й гадзіне), паведамляюць праваабаронцы. Яго абвінавачваюць у „наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму, учыненых групай асоб” і ў „здзеку з дзяржаўных сімвалаў”.
Спіс затрыманых 28 лютага на антываенных акцыях
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Уладзіміра Кудзіна. Як паведамілі сваякі, затрыманне адбылося прыкладна ў 15 гадзін. У кватэры выламаныя дзверы.
Таксама паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Мікалая Антановіча. Падрабязнасці пакуль невядомыя.
У Баранавічах 1 сакавіка была затрыманая каардынатарка штаба Святланы Ціханоўскай Тамара Патоцкая.
У Магілёве затрымалі 55-гадовую жанчыну за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 1 сакавіка ў Магілёве інваліда трэцяй групы Веранікі Ладошкінай. Дома ў жанчыны адбыўся ператрус, сілавікі забралі кампутар і тэлефон. Папярэдне, жанчыну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Зараз жанчына знаходзіцца ў ІЧУ.
Затрыманні на пікеце супраць нападу Расіі на Украіну
На Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 1 сакавіка затрымалі Жанну Трафімец, якая праводзіла адзіночны пікет супраць нападу Расіі на Украіну.
У руках яна трымала плакат «Остановите войну» і жоўты ды блакітны шарыкі. Сілавікі затрымалі яе разам з унучкай. У Цэнтральным РУУС на жанчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне і выпусцілі да суда з позвай.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.