Жыхару Навагрудка, які перажыў "допыт" у лесе, запіс "пакаяльнага" відэа і экстрадыцыю, прысудзілі 1,5 гады калоніі за абразу Лукашэнкі і апаганьванне герба і сцяга
2 сакавіка суд Навагрудскага раёна вынес прысуд па справе палітзняволенага Дзмітрыя Сушчыка, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў адразу па некалькіх артыкулах: ч. 1 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і арт. 370 “Здзек з дзяржаўных сімвалаў"
Судовае пасяджэнне па справе Сушчыка ўзначаліў суддзя Ігар Ваўчок.
Пра абвінавачанага вядома, што яму 38 гадоў, і што яго затрымлівалі мінімум двойчы.
Упершыню інфармацыя пра затрыманне Дзмітрыя з'явілася напрыканцы мінулага года ў Аднакласніках - у групе пад назвай "Гродзенская Вобласць Пераменаў". 25 лістапада мінулага года пра Дзмітрыя там напісалі наступнае:
"Супрацоўнікамі ГУБАЗіКа быў затрыманы Дзмітрый Сушчык [...] Яго затрымалі і павезлі не ў РАУС, а ў лес. З якіх гэта часоў, цікава, у Беларусі допыт праводзяць у лесе? Дзмітрыя падвергнулі псіхалагічнаму і фізічнаму гвалту, цалкам падавіўшы волю да супраціву і даўшы зразумець, што скарыстацца сваім законным правам на абарону ён не зможа. Літаральна праз гадзіну пасля затрымання было запісана "пакаяльнае" відэа. Вы думаеце, людзі не разумеюць, пад дзеяннем якога ціску запісваюцца гэтыя "пакаяльныя" відэа? Прыйдзе час і пра свае злачынствы будзеце распавядаць вы, толькі вам гэта ўжо не дапаможа..."
Унізе пад гэтым тэкстам быў размешчаны фотаздымак Дзмітрыя Сушчыка, на якім ён стаіць на гарадской вуліцы ў шапцы Дзеда Мароза і ў кофце з выявай "Пагоні".
Крыху пазней ад людзей, блізка знаёмых з гісторыяй Дзмітрыя, праваабаронцы атрымалі пацверджанне інфармацыі аб "допыце" ў лесе.
Праз некалькі дзён, 28 лістапада, на праўладным тэлеграм-канале з'явілася тое самае "пакаяльнае" відэа, запісанае ГУБАЗіКам, на якім Дзмітрый сазнаецца ў тым, што «распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і абражаў прэзідэнта». Напрыканцы відэа на камеру мужчына раскайваецца ў зробленым і абяцае надалей так не рабіць.
Праваабаронцам вядома, што пасля таго затрымання на Дзмітрыя Сушчыка завялі крымінальную справу і далі падпіску аб нявыездзе. Таксама вядома, што абвінавачванні па ч. 1 арт. 368 і арт. 370 Дзмітрыю прад'явілі з-за рэпостаў матэрыялаў, прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, а таксама за каментары, які ён размяшчаў у інтэрнэце.
Праз некалькі месяцаў Дзмітрыя зноў затрымалі.
17 лютага падчас спробы выехаць за межы Беларусі мужчыну спынілі расійскія памежнікі, вывезлі ў Беларусь і перадалі сілавікам. Вядома таксама, што з 28 студзеня па 16 лютага Дзмітрый Сушчык лічыўся пад хатнім арыштам. А з 17 лютага да суда па своёй справе ўтрымліваўся пад вартай у гомельскім СІЗА. Праваабаронцы прызналі Дзмітрыя Сушчыка палітвязнем.
2 сакавіка суд Навагрудскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і прысудзіў яму 1,5 гады пазбаўлення волі. Таксама суд прызнаў Дзмітрыя Сушчыка вінаватым у апаганьванні сцяга і герба Беларусі, прысудзіўшы па гэтым артыкуле 1 год пазбаўлення волі. Па сукупнасці пакаранняў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім у канчатковым выніку Дзмітрыю прысудзілі 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму. У тэрмін прызначанага пакарання суд пастанавіў залічыць знаходжанне Сушчыка пад хатнім арыштам і пад вартай.