Затрыманні ў Беларусі: хроніка пераследу 6 і 7 сакавіка Дапоўнена
Ва Украіне працягваецца вайна, якую распачалі ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі 24 лютага. Беларусь уцягнутая у яе як саюзнік агрэсара. Беларусы масава выступаюць супраць удзелу дзяржавы ў ваенных дзеяннях супраць Украіны, за што сілавікі рэпрэсуюць іх: затрымліваюць, катуюць у ізалятарах нечалавечымі ўмовамі, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 6 і 7 сакавіка.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
6 сакавіка
Затрыманні па падазрэнні ў вывядзенні са строю чыгуначных камунікацый
Сілавікі затрымалі жыхара Віцебска за «падрыхтоўку акта тэрарызму». Па дадзеных МУС, мужчына планаваў вывядзенне са строю сістэм, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. Да ўказанага абсталявання ён меў доступ, бо працаваў у арганізацыі, якая ўваходзіць у структуру Беларускай чыгункі.
Ягоныя дзеянні кваліфікаваныя следчым як падрыхтоўка да акта тэрарызму, распачата крымінальная справа.
Таксама МУС Беларусі заявіла пра затрыманне мужчыны ў Асіповічах за падрыхтоўку акта сабатажу на чыгунцы.
Па дадзеных сілавікоў, у пачатку 2022 года мужчына «ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання ByPol, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боте для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі».
1 сакавіка ён нібыта атрымаў указанні па блакіроўцы чыгуначных шляхоў, а таксама па вырабе і выкарыстанні «кактэйляў Молатава».
У адносінах да фігуранта распачата крымінальная справа за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні з мэтай учынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Санкцыя артыкула прадугледжвае да чатырох гадоў абмежавання волі альбо ад двух да шасці гадоў калоніі.
Пасля нападу на Украіну ў Беларусі адбыліся шматлікія акты сабатажу ў Светлагорску, Стоўбцах, каб запаволіць рух цягнікоў у кірунку Украіны.
У Магілёве затрыманая сямейная пара
У Магілёве раніцай 6 сакавіка, у нядзелю, міліцыя з удзелам АМАП затрымала дома сямейную пару - Сяргея і Анастасію Ісакавых.
Пазней Насту адпусцілі дадому да дзіцяці, а Сяргея адправілі на ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама. У сям'і канфіскавалі смартфон і ноўтбук.
Як паведамілі сябры сям'і, Ісакавых адвезлі спачатку ў Магілёўскі РАУС, пасля чаго абодвух прымусілі прайсці дэтэктар хлусні, а затым павезлі ў Ленінскі РАУС. Вядома, што ўсё рэпрэсіўнае пераслед першапачаткова было звязана з "чыгуначным справай".
Раней MAYDAY TEAM ужо паведамляў, што магілёўцаў масава выклікаюць у райаддзел міліцыі, дзе прымушаюць здаваць генетычны матэрыял.
У выніку на Насту Ісакаву склалі пратакол за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Што ставяць у віну Сяргею - пакуль невядома. Яго пакінулі ў ІЧУ.
Cупрацоўнікамі ГУБАЗіК Магілёва была затрыманая Вольга Шэўчык, 1992 года нараджэння, ураджэнка горада Мазыр, нібыта за абразу супрацоўнікаў міліцыі ў тэлеграм. Дзяўчыне прад'яўленыя абвінавачванні па артыкуле 369, 391 КК РБ.
У Нароўлі супрацоўнікі міліцыі 6 сакавіка затрымалі актывіста “Народнай Грамады” Мікалая Віткоўскага. Падрабязнасцяў пакуль няма, піша "Гомельская Вясна".
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне ў Мінску актывісткі Галіны Лагацкай.
Падрабязнасці і прычыны затрымання высвятляюцца. Як даведалася @nashaniva, здарылася гэта ўвечары, каля 21-й гадзіны. Галіна пайшла развешваць у Заводскім раёне лістоўкі «Не - вайне». Цяпер жанчына на Акрэсціна. Ці быў суд, невядома.
7 сакавіка
Палітвязня Яўгена Афнагеля перавялі ў ПКТ. Яму збіраюцца ўзмацніць рэжым
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель у лісце да сваё жонкі напісаў, што ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) яго перавялі адразу з ШІЗА, дзе ён правёў апошнія 1,5 месяца. У ПКТ яго змясцілі прыкладна на месяц, а адразу пасля гэтага яго збіраюцца перавесці ў «крытую» турму. Таксама ён напісаў, што яму зменшылі атаварку ў краме да 1 базавай велічыні ў месяц.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.