viasna on patreon

Мужчыну асудзілі да 2,5 гадоў калоніі за арганізацыю жывога ланцуга, якога не было

2022 2022-03-09T15:53:54+0300 2022-03-16T18:35:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/koshchanka_anton.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 сакавіка ў Мазыры да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму асудзілі Антона Кошчанку. Яго прызналі вінаватым паводле ч.1 арт. 13 і ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Менавіта такое пакаранне запрасіў прадстаўнік пракуратуры Ярмоленка. Прысуд вынесла суддзя Валянціна Новікава.

Згодна з абвінавачаннем, Кошчанка падрыхтаваў тэкставы дакумент, мэтай якога з'яўляўся збор грамадзян для абмеркавання, знаёмства і размеркавання роляў для правядзення несанкцыянаванай акцыі. 2-10 жніўня 2020 года яны мусілі выйсці на вуліцы г. Мазыра і г.Калінкавічы, а таксама прыбыць да аўтамабільных дарог паміж названымі населенымі пунктамі і знаходзіцца там цягам аднаго або двух дзён. Ён жа 30 чэрвеня 2020 года з дапамогай мэсэнджара "Telegram" пераслаў гэты тэкставы дакумент неўстаноўленай асобе "з мэтай азнаямлення і ўзгаднення правядзення гэтых дзеянняў". Таксама яго абвінавацілі ў тым, што з 4 да 10 жніўня 2020 года на адным з каналаў у мэсэнджары ён неаднаразова размяшчаў паведамленні з заклікамі да актыўнага ўдзелу грамадзян у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак — у тым ліку, блакавання будынка райвыканкама, аддзела міліцыі, Следчага камітэта і пракуратуры.

У судзе Антон Кошчанка адмовіўся ад дачы паказанняў. Але прадстаўнік пракуратуры Ярмоленка прачытаў з матэрыялаў справы нібыта чыстасардэчнае прызнанне Кошчанкі, атрыманае падчас утрымання яго ў СІЗА. У ім Кошчанка заяўляе, што распрацаваў і змясціў на абмеркаванне ў тэлеграм-канал «Мозырь 97%» план Палескага шляху-2020 на ўзор Балтыйскага шляху 1989 года. У ім людзі меліся стаць жывым ланцугом спачатку ад Мазыра да Калінкавічаў, а пазней маглі далучацца і жыхары іншых гарадоў і вёсак. Гэты план ён нібыта абмяркоўваў з нейкім чалавекам, з якім сустракаўся некалькі разоў у Мазыры. Але такой падзеі ў 2020 годзе ў мазырска-калінкавіцкім рэгіёне не адбывалася.

Паводле рашэння Валянціны Новікавай, яго прызналі вінаватым паводле абодвух артыкулаў. Кошчанку асудзілі на 1,5 гады пазбаўлення волі паводле ч.1 арт.13 і ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса, на 2,5 гады пазбаўлення волі — паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Канчатковае пакаранне — 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму — вынесенае шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім. 


Вядома, што жыхара Калінкавічаў Антона Кошчанку затрымлівалі ў Мозыры 10 ліпеня 2021 года: у ягоным пакоі ў інтэрнаце вісеў нацыянальны сцяг. Амаль тры дні ягоны бацька не моз даведацца нічога пра месцазнаходжанне Антона. І толькі калі ён напісаў заяву ў пракуратуру, бацьку паведамілі, што КДБ накіраваў яго ў СІЗА-3 Гомеля.

Тады Антон Кошчанка атрымаў 10 сутак і знаходзіўся ў ІЧУ на Акрэсціна і ў Жодзіна. Пасля  гэтага яго адпусцілі да правядзення судовых экспертыз. 9 лістапада 2021 года яго зноў затрымалі, калі выклікалі для прафілактычнай гутаркі. Сёння ўжо чатыры месяцы, як Антон утрымліваецца ў гомельскім СІЗА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства