Жыхару Баранавічаў прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі за заклік разбірацца з міліцыянтамі
4 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па справе Аляксандра Базарава. Мужчыну абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці».
Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Андрэй Васілюк. Той самы, якога указам Лукашэнкі №41 у лютым 2020 года прызначылі суддзёй Брэсцкага абласнога суда на 5 гадоў.
Для разгляду справы спатрэбілася некалькі судовых пасяджэнняў. Аляксандра Базарава, які знаходзіўся пад вартай з 18 лістапада мінулага года, абвінавачваюць у тым, што 12 лістапада 2020 года, знаходзячыся ў Баранавічах, ён пракаментаваў пост гумарыстычнага тэлеграм-канала "Советская Белоруссия", у якім былі напісаны словы нібыты ад імя міністра МУС Беларусі Івана Кубракова:
"Усіх аматараў вечаровых чаяванняў і прагулак у дварах трэба дастаўляць у РУУС мінімум у коме, максімум у чорных мяшках. І не абурайцеся, вас папярэджвалі. Грамадскія двары не месца для чаяванняў!"
Каментар Аляксандра Базарава, які ён напісаў у тэлеграм-канале "Боровки Свободные", быў такім:
"Мы дурні проста, грамадскія двары гэта месца, дзе невядомыя ў форме міліцыі збіваюць і выкрадаюць людзей. Дарэчы, калі ўбачыце супрацоўніка МУС у двары ў вечаровы час, у прынцыпе можаце яго збіць да комы і адвесці ў РУУС, грамадзянскае затрыманне правесці ў адпаведнасці з заяўленымі нормамі ад міністра МУС".
Судова-лінгвістычная экспертыза ўстанавіла, што ў гэтым каментары ўтрымліваецца "ускоснае падахвочванне да гвалту над супрацоўнімамі МУС".
Вядома, што падчас судовага пасяджэння Аляксандр Базараў прызнаў сваю віну.
4 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес рашэнне па гэтай справе. Згодна Крымінальнаму кодэксу Беларусі, вінаватых па дадзеным артыкуле могуць пакараць штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Зрэшты, было прадказальна, што штрафам у дадзеным выпадку дакладна не абыдзецца, бо калі ў Беларусі гаворка заходзіць пра інтарэсы і бяспеку супрацоўнікаў міліцыі, беларускія суды мяккія прысуды амаль ніколі выносяць. Так было і гэтым разам. Аляксандра Базарава прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў. Мабільны тэлефон, з якога абвінавачаны напісаў каментар, суд пастанавіў канфіскаваць.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.