viasna on patreon

«Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну». Мінчанка распавяла пра трое сутак на Акрэсціна пасля антываеннай акцыі

2022 2022-03-10T13:01:10+0300 2022-03-10T13:43:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/netvojne.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На чыгуначных вакзалах Мінска і іншых гарадоў Беларусі 28 лютага былі анансаваныя антываенныя акцыі пратэсту. У прызначаны час каля мінскага вакзалу сабралася шмат тэхнікі, а сілавікі затрымлівалі людзей, якія скандавалі «Не вайне!». Агулам у той дзень было затрымана больш за 70 чалавек. Сярод іх была і дзяўчына, якая выпадкова стала відавочцай хапуна і вырашыла зняць затрыманні на відэа. Сілавікам гэта не спадабалася, таму яе пацягнулі ў бус. Яе ўтрымлівалі ў ЦІПе на Акрэсціна тры дні, а потым выпусцілі, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін з моманту затрымання. Мінчанка распавяла «Вясне» пра збіццё сукамерніцы супрацоўнікам Акрэсціна, пра тое, што ў пяцімясцовай камеры ўтрымлівалі 35 мужчын, а затрыманых 27 лютага жанчын першы раз пакармілі толькі 1 сакавіка.

Плакат беларусаў на адной з антываенных акцый

Ва ўпраўленні высветлілася, што дзяўчына — адзіная паўнагадовая сярод усіх затрыманых

Затрымалі дзяўчыну 28 лютага за тое, што яна здымала на тэлефон, як сілавікі цягнуць у бус мужчыну. Да яе адразу падыйшлі супрацоўнікі ў цывільным і запатрабавалі разблакаваць тэлефон. Яна адмовілася, таму дзяўчыну адразу схапілі і пацягнулі ў бус. Там ужо знаходзіліся каля 10 затрыманых. Іх адразу прывезлі ў Кастрычніцкі РУУС, але потым вырашылі перавезці ў Маскоўскі.

«У РУУСе нас было 10 чалавек, з якіх я была адзіная паўнагадовая. Нас паставілі тварам да сценкі, а ззаду хадзіў міліцыянт са словамі: «Кто скажет, что кричал лозунги, тот получит плюс в карму. Например, ты! ён тыкнуў на мяне, бо я ў блакітна-жоўтых шкарпэтках была. А если мне придётся уехать и я узнаю, что вы кричали, но не сказали, то получите минус в карму». Пасля таго, як усе прамаўчалі, ён сказаў, што думаў, што тут усе ідэйныя. А насамрэч проста рэальна ніхто нічога нават крыкнуць не паспеў. У сувязі з тым, што я адна паўнагадовая, мяне вывелі ў кабінет, дзе пачалі складаць пратакол». 

Участковыя прасілі не размаўляць па-беларуску, бо яны не разумеюць яе

Ціск на дзяўчыну ў РУУСе не аказвалі, але падчас складання пратаколу міліцыянты ветліва папрасілі яе не размаўляць па-беларуску, бо яны не разумеюць, за што аднаму з участковых нават было сорамна. Пратакол міліцыянт склаў адразу з памылкамі і сказаў, што дзяўчыне потым усё растлумачаць.

«У першым варыянце пратакола былі няправільна пазначаныя месца і час затрымання. Калі я звярнула ўвагу, то мне сказалі, што так і трэба. Я зрабіла заўвагу ў пратаколе, нагадаўшы пра сумленне, на што міліцыянт апусціў вочы і сказаў, што мне ўсё патлумачаць». 

У пяцімясцовай камеры ўтрымлівалі 35 мужчын

Праз тое, што раней дзяўчыну ўжо закідвалі на «суткі», у ЦІПе на Акрэсціна яе пазналі, таму яна атрымлівала больш абразаў, чым астатнія. Там яе ўтрымлівалі тры дні да суда.

«Па колькасці чалавек: у маёй двухмясцовай камеры было 17 чалавек, ведаю, што ў некаторых жаночых камерах было па 11-14 на розную колькасць ложкаў. У хлопцаў было 35 чалавек на пяцімясцовую і на ІЧУ забіралі цёплыя рэчы. Наша камера была без ракавіны, з прусакамі і макрыцамі. З-за перанасялення была духата і не хапала паветра. Час ад часу ўначы прачыналіся ад таго, што не хапае паветра, кармушкі не адкрывалі. Кармілі раз на содні, ад тых, каго забралі 27 лютага, я даведалася, што іх накармілі толькі раніцай 1 сакавіка. Тых, каго перавозілі на Жодзіна, увогуле не кармілі. Незалежна ад таго, калі яны паедуць. То бок, маглі перавезці вечарам, а чалавек, па іх логіцы, не павінен есці цэлы дзень. Канешне, мы ў першую чаргу кармілі менавіта тых, каго перавязуць. Аднак рахункі павыстаўлялі ўсім за трохразовае харчаванне. Ну і па класіцы: без матрацаў і бялізны. Хлорку не лілі. За тры дні разбудзілі толькі адзін раз у тры гадзіны ночы на пералік».

«Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну»

Апроч усяго, дзяўчына распавяла і пра канфлікт з сумнавядомым супрацоўнікам ЦІПа — Яўгенам Урублеўскім.

«З ім канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу і адкрыць кармушку. У адказ пачулі "За что боролись на то и напоролись" і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку, адну жанчыну адцягнуць я яшчэ паспела, бо зразумела хто ён. А другую Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну».

«Мы самі адзін аднаго падтрымлівалі, абдымалі і супакойвалі»

«Час бавілі жартамі, гульнямі, спевамі, лекцыямі. У нас былі людзі розных прафесій, таму лекцыі атрымліваліся цікавыя і карысныя. Ну і час ад часу самі канваіры з намі жартавалі. Цуды здзяйсняліся. Напрыклад сапраўдныя цуды — гэта мой выхад і выхад яшчэ адной жанчыны. І неяк мы паспрачаліся з канваірам, ён хлопнуў двярыма і ў нас адкрылася акно, ад чаго з'явілася паветра. А ўвогуле мы самі адзін аднаго падтрымлівалі, абдымалі і супакойвалі».

Дзяўчыне нават давялося пазнаёміцца ў камеры з экс-дацэнткай МДЛУ Наталляй Дулінай. Суд пакараў яе 15-сутачным арыштам за тое, што Дуліна заступілася за хлопца, якога хацелі затрымаць.

Пасля вызвалення дзяўчыну збіраліся зноў перазатрымаць

Суд адбыўся праз тры дні. Справу дзяўчыны адправілі на "дапрацоўку" і яе выпусцілі пасля заканчэння 72-гадзіннага тэрміну. Але міліцыянты яе хацелі перазатрымаць.

«Судзілі мяне на трэція содні ў ІЧУ Акрэсціна. Я і яшчэ некалькі хлопцаў знаходзіліся ў асобным памяшканні, дзе праходзіў суд праз скайп. Судзіў мяне Сяргей Кацар. У мяне быў адвакат, сведка, відэа з камеры назірання. Суд цягнуўся прыкладна 1,5 гадзіны, плюс пяць хвілін на размову з адвакатам. У выніку, справу адправілі на дапрацоўку, а мяне выпусцілі, бо скончыліся 72 гадзіны. Аднак, яны доўга вырашалі, што жа са мной рабіць. Мяне збіраліся перазатрымаць, але міліцыянт не прыехаў. Здаецца, паленаваўся. Мне далі падпісаць паперу аб правядзенні прафілактычнай гутаркі і выпусцілі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства