viasna on patreon

Палітвязня Мікіту Емяльянава асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі па 411 артыкуле Дапоўнена

2022 2022-03-11T12:12:21+0300 2022-03-11T16:51:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/emelyanau_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org

Мікіта Емяльянаў. Фота: svaboda.org

11 сакавіка на тэрыторыі турмы №4 г. Магілёва на выязным судовым пасяджэнні абвясцілі прысуд палітзняволенаму анархісту Мікіту Емяльянаву, якога вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). 

Вось дзеянні, у якіх вінавацілі Мікіту Емяльянава:

  • не ўставаў у строй падчас колькаснай праверкі ў камеры;
  • не рабіў даклад паводле ўстаноўленага ўзору;
  • не прадстаўляўся - адмаўляўся называць імя, прозвішча, артыкулы, па якіх асуджаны;
  • пры ўваходзе супрацоўнікаў турмы ў камеру адмаўляўся ўставаць з ложку, адмаўляўся затушыць цыгарэту і зашпіліць гузікі на адзенні;
  • адмаўляўся галіцца і стрыгчы валасы;
  • спаў у камеры на падлозе;
  • перагаворваўся праз санвузел з суседнімі камерамі.

Вядома, што такім чынам Мікіта выказваў свой знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы, якая адмаўляецца ўручаць яму лісты па надуманых прычынах.

Суддзя Аксана Ратнікава палічыла віну хлопца даказанай і паводле ч. 2 арт. 411 КК асудзіла яго на два гады пазбаўлення волі. Канчаткова суд прызначыў Мікіту пакаранне ў выглядзе трох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму шляхам поўнага складання вынесеных прысудаў і з улікам неадбытага тэрміну ў адзін год, шэсць месяцаў і 26 дзён. 

На папярэднім пасяджэнні, якое адбылося 9 сакавіка, Мікіта прысутнічаў, хаця да гэтага яго выдалялі з залі за непадпарадкаванне суду.

Тады суддзя Аксана Ратнікава, якая вядзе працэс, далучыла да крымінальнай справы даведку аб неадбытым тэрміне палітзняволенага, які складае адзін год, шэсць месяцаў і 26 дзён зняволення. Пасля гэтага судовае следства было скончанае, адбыліся спрэчкі бакоў.

Пракурор спешна зачытаў тэкст свайго выступу з аркуша, адзначыў, што ў ходзе судовага следства былі выяўленыя супярэчанні ў паказаннях сведкаў, але яны не зніжаюць даказальнага значэння абвінавачвання. Па яго словах, прадузятага стаўлення да Мікіты з боку супрацоўнікаў турмы не было ўстаноўлена.

Пракурор прасіў суд прызнаць Емяльянава вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на два гады, а па сукупнасці прысудаў – на тры гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Абаронца палітзняволенага адзначыў, што ўсе парушэнні рэжыму ўтрымання, якія ставяцца ў віну Емяльянаву, былі надуманымі, а ў самой крымінальнай справе адсутнічае дысцыплійная прэюдыцыя. Так, пастанова суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска аб пераводзе Мікіты Емяльянава на турэмны рэжым была вынесеная 29 траўня 2020 г., а значыць законна прыцягнуць да адказнасці па ч. 2 арт. 411 КК палітвязня можна было толькі да 28 траўня 2021 г. Але матэрыялы праверкі супрацоўнікамі турмы былі накіраваны ў міжраённы аддзел следчага камітэту  толькі 10 лістапада 2021 г., а крымінальная справа ў адносінах да Емяльянава была ўзбуджаная 28 лістапада 2021 г., што перавышае тэрмін у 1 год пасля пераводу на турэмны рэжым. Адсутнасць дысцыплійнай прэюдыцыі ў матэрыялах крымінальнай справы з’яўляецца падставай, каб спыніць крымінальны пераслед у адносінах да Мікіты Емяльянава, бо ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства. Па меркаванні абаронцы, дадзеная крымінальная справа мусіла быць спыненая на стадыі папярэдняга следства. Адвакат прасіў пастанавіць апраўдальны прысуд у дачыненні да Емяльянава.

Пасля прамовы адваката слова зноў узяў пракурор. Ён хутка прачытаў з аркуша загадзя падрыхтаваны адказ адвакату, што можа сведчыць пра тое, што пракурор вельмі добра ведаў, якія нормы Крымінальнага кодэксу парушаюцца; сцвярджаў, што перавод асуджанага на турэмны рэжым зусім не з’яўляецца дысцыплійным спагнаннем, а меркаванне адваката памылковае.

Усяго судовае пасяджэнне доўжылася 20 хвілін.

Нагадаем, палітзняволены Мікіта Емяльянаў бесперапынна знаходзіўся ў ШІЗА з 18 студзеня па 4 сакавіка, а 27 студзеня Мікіту пачалі судзіць на тэрыторыі турмы №4 па абвінавачванні ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнні правілаў унутранага распарадку (ч. 2 арт. 411 КК). 

3 лютага хлопец абвясціў сухую галадоўку і трымаў яе 10 дзён. Праз дрэннае адчуванне ён пачаў піць ваду, а поўнасцю спыніў галадоўку праз 20 дзён - 23 лютага. 

Мікіта Емяльянаў спыніў галадоўку, але яго працягваюць утрымліваць у ШІЗА

24 лютага стала вядома, што палітзняволенаму анархісту Мікіту Емяльянаву дадалі яшчэ 10 сутак штрафнога ізалятара. Цяпер ён прабудзе там да 4 сакавіка.

Са жніўня 2021 года гэта ўжо пяты раз, калі палітвязня караюць суткамі ў ШІЗА: у жніўні-верасні 2021 ён адбыў у ізалятары 42 дні, у кастрычніку-лістападзе 2021 — 30 дзён, у снежні-студзені 2022 — 13 дзён.

Падтрымаць палітвязня лістамі і паштоўкамі можна па адрасе:

Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства