Хроніка палітычнага пераследу 11-12 сакавіка Дапоўнена
Ва Украіне працягваецца вайна, якую распачалі ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі 24 лютага. Пакуль беларускія ўлады выступаюць у якасці саагрэсараў, сілавікі працягваюць рэпрэсіі супраць беларусаў, якія выступаюць супраць удзелу дзяржавы ў ваенных дзеяннях супраць Украіны. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўжыванне іншых форм ціску за грамадзянскую пазіцыю. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 11-12 сакавіка.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Брэсцкага журналіста Максіма Хлябца выклікалі ў міліцыю з-за ананімнага даносу
Пра гэта Максім напісаў у Twitter:
«Сёння быў у міліцыі. Нехта ананімна ў чат-бот міліцыі ў Мінску напісаў, што на маёй старонцы ў ВК ёсць фота з бел-чырвона-белай сімволікай. Разбіраюцца зараз».
Перазатрыманне
Пасля 13-сутачнага арышту не выйшаў на волю з ЦІП на Акрэсціна затрыманы ў асноўны дзень галасавання рэферэндума Аляксандр Клімёнак. На яго склалі новы пратакол у РУУС Ленінскага раёна.
Ператрус у Брэсце
Як паведамляе тэлеграм-канал партыі БСДП, у Брэсце 11 сакавіка у сябры БСДП Наталлі Сярогінай адбыўся ператрус. Канфіскавалі тэхніку — тэлефон і ноутбук. Прычына — каментар у сацсетках. Па справе праводзіцца праверка. На 16 сакавіка сераду яе выклікалі ў РАУС.
Папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
Па заяве пракуратуры Савецкага раёна Мінска інфармацыйная прадукцыя супольнасці ў месенджары Telegram «Сельхозпоселок чат» прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Затрыманне ў Віцебску
У Віцебску 12 сакавіка паведамляецца пра затрыманне Аляксея Казачка. Прычыны і падрабязнасці пакуль невядомыя.
Ціск на супрацоўнікаў беларускай чыгункі
З ростам дыверсій на чыгунцы і кібератак на электронную сістэму продажу квіткоў, якая не працавала з 1 па 12 лютага, узмацніўся ціск сілавікоў на дзеючых і былых супрацоўнікаў Белчыгункі. Як яны паведамляюць самі, сілавікі масава правяраюць іх тэлефоны на прадмет "экстрэмізма" і сувязі з "дэстрыктыўнымі сіламі".
Артыкул пра відэакліп полацкага "Чэрці" рок-гурту «Sumarok» залічылі ў «экстрэмісцкія матэрыялы»
Як піша "Віцебская Вясна", экстрэмісцкім прызнаны артыкул «Гурт «Sumarok» запісаў кліп на песню «Чэрці», надрукаваны ў Маладзечанскай «Рэгіянальнай газеце». Рашэнне пра гэта 24 лютага прыняў суд Маладзечанскага раёну. Аўтар песні, жыхар Полацку Ігар Палынскі, аргументаў суду не ведае і пра падставы прызнання артыкулу экстрэмісцкім матэрыялам можа толькі меркаваць.
Дарэчы, сам кліп «Чэрці» у «экстрэмісцкія матэрыялы» не залічаны.
Затрыманні ў Мінску, Гродне
Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Вольгі Кавалёвай. Яе затрымалі дома: "вынеслі дзверы". У яе шукалі пратэсную сімволіку, а ў тэлефоне — чаты, каментары. Пасля затрымання яе даставілі ў Цэнтральнае РУУС.
У Гродне затрыманы Сяргей Вількевіч. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.
Хутка пачнуць судзіць падпалкоўніка КДБ, які перадаваў тэлеграм-каналам «сакрэтную» інфармацыю
На тэлеканале АНТ у сакавіку мінулага года паказалі фільм «Аперацыя КДБ “Манкурты“», у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча.
Згодна з фільмам, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых аўдыя вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Але ў гэтым жа фільме сцвярджалася, што размовы — інсцэніроўка, пра якую Храловіч не ведаў. Таксама паведамлялася, што Аляксея затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуцыі беларусаў, якіх могуць пераследаваць па палітычных матывах. У выніку, сілавікі затрымалі групу людзей, якая яму мусіла дапамагчы. Яшчэ год таму па дзяржтэлебачанню паведамілі, што Храловіча вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».
Стала вядома, што Храловіча сапраўды абвінавачваюць па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (Здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца). Яму пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Суд над падпалкоўнікам КДБ пачнецца 21 сакавіка ў будынку Мінскага гарадскога суда. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Дзіяна Кучук.
Палітвязня Міколу Дзядка за месяц у калоніі чатыры разы змяшчалі ў ШІЗА
Блогера і анархіста Мікалая Дзядка 12 лютага этапавалі ў папраўчую калонію №9. Ужо праз дзень яго змясцілі ў ШІЗА. Цягам гэтага месяца яго каралі «суткамі» ў штрафным ізалятары ўжо чатыры разы. Бацька палітвязня Аляксандр Дзядок распавёў «Новаму часу», што такога ціску на палітвязня не аказвалі нават падчас мінулага зняволення. Аляксандр кажа, што Міколе абмяжоўваюць час спаткання з адвакатам.
Акрамя таго, Мікалаю блакуюць ліставанне:
«З 12 лютага быў толькі адзін ліст ад яго датаваны 13 лютага. Больш ад яго лістоў ніхто з блізкіх не атрымаў».
За гэты час сам Мікалай атрымаў толькі адзін ліст ад блізкіх.
«Лісты знішчаюцца — цынічна, на яго вачах, па надуманым падставах. Быццам у іх ёсць нейкія ўмоўныя знакі, забароненая інфармацыя. А ў адным з маіх лістоў яны выявілі, што «супраць улады».
Таксама Мікалай не атрымаў бандэроль ад бацькі: прычынай стала адсутнасць на пакунку надпісу «бандэроль». Таму яе вярнулі адпраўніку.
«У іх адна мэта — здушыць яго маральна, псіхалагічна ўскладніць яму жыццё, ізаляваць ад іншых асуджаных. Яны баяцца яго ўплыву на іншых».
Нагадаем, Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна збівалі і катавалі. 10 лістапада палітвязня асудзілі да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3. Мікола не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.
Падтрымаць палітвязня лістамі салідарнасці: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу
З СІЗА выйшлі тры палітзняволеныя фігуранткі «справы TUT.ВY»
Сёння з СІЗА №1 выйшлі былыя намесніца галоўнага бухгалтара «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Марыя Новік, намесніца генеральнага дырэктара па агульных пытаннях Ірына Рыбалка і галоўная бухгалтарка Анжэла Асад. Усе яны знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.
Вядома, што ўсім траім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе. Прад'яўленае раней абвінавачанне не знятае.
ГУБАЗіК затрымаў IT-спецыяліста Марка Бернштэйна
Марк вядомы ў Беларусі актывіст і папулярызатар развіцця інтэрнэт-энцыклапедыі Wikipedia.оrg. Ён уваходзіць у спіс «топ-50 лепшых аўтараў сегмента на рускай мове».
У тэлеграм-канале ГУБАЗіКу апублікавана фота Бернштэйна з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы».
Якія абвінавачанні прад'явілі Марку — пакуль невядома. Па папярэдняй інфармацыі, ён затрыманы па запыце расейскага ФСБ. Затрыманне Марка здарылася на наступны дзень пасля таго, як у расейскім праўладным тг-канале з'явілася інфармацыя, што дзеянні Бэрнштэйна трапляюць пад закон «аб фэйках». Гэта закон, які даслоўна днямі прынялі ў Расейскай Федэрацыі: цяпер за распаўсюд фэйкаў аб дзеяннях вайсковых сіл Расеі могуць прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў.
Вядома, што цяпер Марк знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Яго арыштавалі на 15 сутак па арт. 24.3 КаАП за непадпарадкаванне.
У баранавіцкім ІЧУ і на Акрэсціна ў Мінску таксама не прымаюць перадачы
Учора стала вядома, што для затрыманых па адміністрацыйных справах у ІЧУ Жодзіна не будуць прымаць перадачы з 9 па 17 сакавіка. Сёння таксама не прымалі перадачы на Акрэсціна ў Мінску і ў баранавіцкім ІЧУ. У Баранавічах сваякам арыштаванага па «палітычным» артыкуле адказалі: «Нам забаранілі».
Афіцыйная прычына — каранавірус. Перадаваць можна толькі лекі.
У Беларусі існуе афіцыйны пералік падстаў для адмовы ў прыёме перадач — аднак адмовы ў прыёме перадач у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай у ім няма.