18-гадоваму палітвязню прысудзілі больш за год калоніі за каментары ў чатах
11 сакавіка 2022 года 18-гадовага палітвязня Ягора Леўчыка асудзілі да года і трох месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт.369, ч.1 арт.342, арт.391, ч.1 арт. 368.
Прысуд вынес суддзя Сяргей Васілеўскі. Бок дзяржабвінавачання падтрымала старшы памочнік пракурора Пухавіцкага раёна Надзея Каліта. Пацярпелыя па справе — Вадзім Дзянісенка (верагодна, камандуючы сіламі спецыяльных аперацый узброеных сіл Беларусі, генерал-маёр) і старшыня суда Смаргонскага раёна Людміла Пятрова. Яны не з'яўляліся на паседжанні. Хаця пракурорка прасіла асудзіць Леўчыка да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, суддзя Сяргей Васілеўскі прызначыў меншае амаль у два разы пакаранне.
Суд над палітвязнем пачаўся яшчэ 29 снежня 2021 года і працягнуўся ў сакавіку 2022 года. Яго прызналі вінаватым у тым, што ў ліпені 2020 года і лютым 2021 года ён пакідаў каментары з абразлівым зместам.
Што казаў палітвязень?
Ягор Леўчык поўнасцю прызнаў віну. Ён заўважыў, што пакінуў каментар у бок Лукашэнкі "у парыве гневу". Ён таксама прызнаў, што пакінуў у адрас прадстаўніка ўлады каментар "жалко родственников за дебила", а ў бок суддзі — "по морде этой скотины видна страсть к алкоголю". Таксама палітвязень падкрэсліў, што ніколі не ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах.
Ён патлумачыў, што яму паведамілі, што тэлефон быў "засвечаны" у нейкім месцы, таму яго выклікалі на тлумачэнні. Палітвязень добраахвотна аддаў тэлефон, супрацоўнікі запісалі ягоны IMEI. Потым яго затрымалі паводле ч.1 арт.361 КК, але ён таксама добраахвотна даў тэлефон і пароль ад тэлеграма, і ў сакавіку тэлефон забралі — тая справа была закрытая. Аднак пасля экспертызы тэлефона была ўзбуджаная новая крымінальная справа.
Якія каментары пакідаў палітвязень?
Абвінавачанне будуецца выключна на каментарах, якія Ягор Леўчык у розны час пакідаў у розных тэлеграм-чатах. Сярод іх — наступныя:
"Так, хватит уже этих цветочек и прочего. Я отсидел в автозаке и знаю, как к нам относятся менты... мы не Армения, никогда у нас не получится бархатной революции, мы должны понимать... Выходить против системы, а не за мирную акцию. Долбить, долбить не только своими похождениями по центру, а действиями. Думаю, не стоит напоминать, как делаются настоящие революции в закоренелых системах, как наша... а действиями — иногда немного жестокими, на мой взгляд, но действенными".
"Нужно снова составлять план митингов, а то так и просидим весь год по домам. В конце года удивляюсь, почему у нас так всё плохо".
"У меня такая ситуация: взяли телефон.. через пк-версию все почистил, кстати, телегу смог удалить перед изъятием, судя по системным входам, и то за эти две недели никто не заходил, я прохожу по 366 статье за оскорбление.. за комментарии в "Карателях Беларуси". Точно знаю, что не один такой".
"Вопрос будем ли выходить на улицы каждый день".
"Я считаю нам не нужны конкретные лидеры протеста мы сами себе лидеры но коммуникация через сети тоже важна. Нужно не бояться. И ещё почему больше не выстраиваемся в кольца солидарности".
"Ну всё, площадь" .
"На вилы".
"Нужно сейчас выходить".
" Предлагаю завтра провести сидячую акцию около главпочтамта".
" Завтра будем собираться?".
"Я сейчас направляюсь к главпочтампу, людей нет".
"Тебя не будет бить омоновец, если ты будешь бить его первым. Панковская цитата".
У бок Лукашэнкі ён пакінуў наступны каментар:
"Эти 'слово' блокировать нам интернет собираются, значит надо заблокировать Лукашенко доступ к жизни, а если власть реально захочет нас кинуть, потому что Лукашенко 'слово' от страха, это дикость принимать это. Нужно массово говорить людям, что делать при отключении интернета."
У бок Дзенісенка каментар быў наступны:
"Тяжело будет его детям и внукам им будет очень весело жить из-за родственника".
Лінгвістычная экспертыза паведаміла, што каментар пра Лукашэнку ўтрымлівае ненарматыўныя формы маўлення, аднак высветліць, ці з'яўляецца гэта абразай, не прадстаўляецца магчымым. У астатніх каментарах маюцца выказванні "пабуджальнага характара, якія заклікаюць за гвалтоўныя дзеянні".
"У дадзеным выпадку гэта дэкларатыўны набор фраз"
10 сакавіка прайшлі спрэчкі бакоў. У іх дзяржабвінаваўца Каліта была ўпэўненая, што віна Леўчыка цалкам даказаная паводле ўсіх чатырох артыкулаў. Яна папрасіла выключыць з ч.1 арт.368 КК, арт.369 КК, арт.391 КК указанні аб "здзяйсненні злачынстваў з нізінных меркаванняў, паколькі названая акалічнасць не з'яўляецца прыкметай злачынства і не можа ўлічвацца пры вызначэнні меры адказнасці абвінавачанага". Змякчальнымі абставінамі прызнана чыстасардэчнае раскаянне ў здзяйсненні злачынства.
Пракурорка папрасіла прызначыць Леўчыку арышт тэрмінам на два месяцы паводле ч.1 арт.368, арышт тэрмінам на два месяцы — паводле арт.369, арышт тэрмінам на два месяцы — паводле арт.391, а таксама пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму — паводле ч.1 арт.342 КК. Шляхам частковага складання пакаранняў яна папрасіла асудзіць яго да двух гадоў і аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама Каліта папрасіла канфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон палітвязня, кампенсаваць маральную шкоду на карысць пацярпелых — па тысячы рублёў кожнаму, а таксама спагнаць з яго дзяржпошліну ў памеры 192 рублёў.
Суддзя Сяргей Васілеўскі прызначыў меншае амаль у два разы пакаранне. Ён асудзіў палітвязня да года і трох месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд прызначаны шляхам частковага складання пакаранняў: год — паводле ч.1 арт.342 КК, два месяцы арышту — паводле ч.1 арт.368 КК, месяц арышту — паводле арт.369 КК, месяц арышту — паводле ч.1 арт.391 КК. Таксама ён абавязаў Леўчыка выплаціць кожнаму з пацярпелых па 700 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, а таксама 200 рублёў дзяржпошліны.
Адвакатка адзначыла:
"Высокі Суд, я безумоўна разумею, што з улікам пазіцыі Леўчыка адзінае, пра што я магу казаць у судовых спрэчках, гэта пытанне аб меры пакарання і тых абставінаў, якія неабходна ўлічыць пры яго прызначэнні. Разам з тым я лічу, што па справе маецца шэраг фактычных абставінаў, якія з майго пункту гледжання маюць істотнае значэнне і павінны безумоўна ўлічвацца пры пастанове прысуду.
Леўчыку ставіцца чатыры склады злачынства, пры гэтым звяртаю ўвагу на той факт, што тры з названых складаў злачынства ставяцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі <...> Па сутнасці сваёй усе гэтыя чатыры саставы выцякаюць з аднатыпных дзеянняў абвінавачанага, а менавіта — ліставання ў тэлеграме <...>Калі прагаварыць з пункту гледжання храналогіі, найбольш сур'ёзнае злачынства — паводле ч. 1 арт. 342 КК. Нягледзячы на пазіцыю Леўчыка, мая пазіцыя ў гэтым выпадку будзе юрыдычна адрознівацца ад таго, што ён паказаў у сваім стаўленні да прад'яўленага абвінавачвання.
<...> Арганізацыя групавых дзеянняў — гэта выкананне кіруючых функцый па іх планаванні, каардынацыя, набор удзельнікаў, падбухторванне да непадпарадкавання, збору ўдзельнікаў, размеркаванне роляў, пошук крыніцы фінансавання і т. д. Плюс арганізатар — гэта асоба, якая арганізавала здзяйсненне злачынства і кіравала ім. У дадзеным выпадку мы вядзем гаворку аб неканкрэтызаваным і нявызначаным коле асобаў, у дачыненні да якога Леўчык здзейсніў тыя дзеянні, якія апісаны ў абвінавачванні.
У абвінавачванні напісана, што "ён здзейсніў арганізацыю дзеянняў шляхам падрыхтоўкі асоб для ўдзелу ў названых дзеяннях шляхам размяшчэння канкрэтнай інфармацыі, якая змяшчае заклікі, навучальныя інструкцыі сярод удзельнікаў названых публічных телеграм-каналаў і т.д.": у дадзеным выпадку гэта дэкларатыўны набор фраз і не больш за тое".
Абаронца папрасіла ўлічыць, што на момант здзяйснення інкрымінаваных эпізодаў Леўчык быў непаўнагадовым, і рабіў усё пад уздзеяннем дарослых асоб. Яна звярнула ўвагу: казаць, што палітвязень навучаў кагосьці праз тое, што ён размясціў малюнак кактэйля Молатава, некарэктна. Таксама яна падкрэсліла, што фразы ў абвінавачанні вырваныя з кантэксту, а па іх відаць, што ніхто не вядзе размову з ім — таму тэрмін паводле арт.342 можна лічыць несправядлівым.