viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-03-14T14:16:00+0300 2022-03-15T11:42:27+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster2_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за тыдзень з 7 па 13 сакавіка пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

14 сакавіка - роўна восем месяцаў, як старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі. З пачаткам вайны ва Украіне колькасць лістоў, якія даходзяць да палітзняволеных і ад іх саміх, значна скарацілася. 

Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: "Нічым не прыкрытая агрэсія Расіі, і свет ужо не будзе такім, як быў да гэтага"

Палітзняволены праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч у лісце на волю выказаўся наконт вайны ва Украіне:

"Пра падзеі ва Украіне я, канешне, ведаю, але інфармацыю мы маем тут адпаведную — толькі з прапагандысцкіх расейскіх і нашых СМІ. Таму, канешне, я здагадваюся, што ўсё, што там адбываецца, выглядае зусім не так, як яны хочуць прыпаднесці. Адно можна сказаць — гэта нічым не прыкрытая агрэсія Расіі, і свет ужо не будзе такім, як быў да гэтага. Мы вяртаемся, прычым імгненна, у часы жорсткага супрацьстаяння з Захадам, як у часы СССР. З усімі наступствамі — жалезнай заслонай і гістэрычнай прапагандай, скіраванай на прамыўку мазгоў людзей.

Вельмі шкада, што мы ізноўку не з таго боку плота апынуліся".

Таксама Валянцін піша, што ў яго ўсё нармальна, нічога новага, але вялікую колькасць лістоў да яго не прапускаюць:

"Зла на іх на ўсіх не хапае. Ці яны такім чынам хочуць на мяне паўздзейнічаць? Нічога не атрымаецца, на мяне ўжо поздна ўздзейнічаць".

Праваабаронца шмат чытае, бо "кнігі дапамагаюць хоць крыху абстрагавацца ад рэчаіснасці":

"Вось апошнюю прачытаў кніжку Муракамі "Дэнс, дэнс, дэнс", а цяпер чытаю чэшскага аўтара Мілана Кундэру "Невыносная лёгкасць быцця". Пра складаныя адносіны з жанчынамі на фоне падзеяў жніўня 1968 г. — уварвання савецкіх танкаў у Чэхаславаччыну. Свята скончылася і пачаліся будні прыніжэнняў, як піша аўтар. Вельмі шмат аналогій напрошваецца".

За мінулы тыдзень не было навінаў ад юрыста Уладзіміра Лабковіча і кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

11 сакавіка адбылася сусветная прэм'ера спектакля «Сабакі Эўропы» ў лонданскім Barbican Centre. Гэта пастаноўка рэжысёра Беларускага свабоднага тэатра Мікалая Халезіна па рамане Альгерда Бахарэвіча.

free_theatre_prisoners.jpg
Глядацкая заля Barbican Theatre у Лондане

На кожным месцы глядацкай залі Barbican Theatre былі прымацаваныя партрэты беларускіх, украінскіх і расійскіх палітзняволеных, а перад уваходам быў спецыяльны стол з інфармацыяй пра Марфу Рабкову і былога палітвязня Аляксандра Васілевіча — кожны чалавек мог даведацца пра іх справы, паглядзець фотаздымкі іх лістоў, а таксама даведацца, як напісаць палітвязням.

На жаль, за мінулы тыдзень не было навінаў ад самой каардынатаркі валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай і валанцёра Андрэя Чапюка.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Праваабаронца Леанід Судаленка больш за месяц не атрымлівае лістоў у калоніі

Жонка палітвязня Леаніда Судаленкі распавяла "Народнай Волі" пра яго справы  і тое, што ён не атрымлівае лістоў нават ад дзяцей.

"Днямі прыйшоў чарговы ліст ад Леаніда. Ва ўсіх лістах паведамляе, што яму ніякую карэспандэнцыю не аддаюць. 27 студзеня яго этапіравалі ў калонію, і з таго часу фактычна ніводнае пісьмо з волі не атрымаў — нават ад мяне і ад дзяцей".

Праваабаронца працуе рознарабочым на дрэваапрацоўцы:

"Прыбірае пілавінне, нешта прыносіць, нешта адносіць, таму не вельмі складаная праца, а вось па здароўі рэжым не зменены.

Днямі адвакатка хацела ў калоніі спаткацца з Леанідам, але не ўдалося. Мужа да адваката так і не прывялі. Матывацыя была такая: маўляў, ён вельмі моцна заняты на рабоце, і адарваць яго ад працы не ўяўляецца магчымым".

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Таксама не было навінаў ад рэчыцкай валанцёркі Таццяны Ласіцы.

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства