viasna on patreon

Як дзяржава пераследуе экс-сілавікоў і вайскоўцаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі

2022 2022-03-14T17:19:44+0300 2022-06-16T09:30:22+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/art_terror.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Беларусь можна назваць міліцэйскай дзяржавай. Асноўнай функцыяй сілавога апарату апошнія два гады стала недапушчэнне і спыненне ўсіх пратэсных актыўнасцяў і праяваў у краіне. Пры гэтым, кантроль за сілавікамі таксама ўзмацніўся, каб не дапусціць падтрымкі імі дэмакратычнага руху Беларусі. У траўні мінулага года Лукашэнка пазбавіў воінскіх і спецыяльных званняў больш за 80 экс-сілавікоў, якія ўступілі ў незалежнае аб’яднанне сілавікоў ByPOL ці падтрымлівалі акцыі пратэсту: удзельнічалі ў Маршах, выказваліся ў сацсетках пра прадстаўнікоў улады, "злівалі" службовыя дакументы, праслухоўкі апазіцыйным тэлеграм-каналам і іншае. Падпалкоўнік КДБ, падпалкоўнік ваеннай разведкі, спецсувязіст Генштаба Узброеных сіл, былыя міліцыянты, пракуроры, следчыя – праваабаронцам вядомыя мінімум 17 фактаў іх пераследу. Іх судзяць за ўдзел у акцыях пратэсту, распальванне сацыяльнай варожасці, здраду дзяржаве, абразу прадстаўнікоў улады і па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса. У большасці выпадкаў іх пераслед носіць яўна палітычна матываваны характар, а пра некаторыя вядома толькі з дзяржаўных медыя. "Вясна" распавядае, як дзяржава пераследуе былых сілавікоў і вайскоўцаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Ілюстрацыя rockensuess
Ілюстрацыя rockensuess

Былых следчых абвінавачваюць у тэрарызме, адпраўляюць у калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту

На дадзены момант, за кратамі па палітычных матывах знаходзіцца чатыры экс-следчыя.

Яўген Юшкевіч – былы следчы, які звольніўся ў 2017 годзе, а ў 2020 годзе стаў ініцыятарам праекта bychange.me па дапамозе ў навучанні і перападрыхтоўцы сілавікоў, чыноўнікаў і іншых грамадзян Беларусі, якія страцілі працу з-за сваіх палітычных поглядаў. 

Яўген Юшкевіч. Фота:

У СІЗА Яўген знаходзіцца ўжо дзесяць месяцаў. Гэта другі яго арышт па крымінальнай справе падчас пратэстаў.

Першае затрыманне адбылося 24 лістапада 2020 года яго затрымалі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), але праз 10 дзён яго выпусцілі пад падпіскай аб нявыездзе.

Праз пяць месяцаў Яўгена зноў затрымалі і да гэтага часу ўтрымліваюць за кратамі. Акрамя папярэдняга артыкула, яму інкрымінуюць падрыхтоўку да акта тэрарызму (арт. 289 КК) і удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК).

Што яму канкрэтна ставяць у віну – невядома, бо нават у самога Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні, каб ён сукамернікам не змог распавесці падрабязнасці крымінальнай справы супраць сябе. Хаця па закону ў абвінавачанага не могуць браць такія падпіскі.

Сам Яўген Юшкевіч расцэньвае свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з устаноўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт. Тады Яўген падзяліўся гэтай інфармацыяй у фэйсбуку, бо асцерагаўся правакацый. Праз месяц яго затрымалі.   

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўген Міхайлавіч Юшкевіч

Мікіта Старажэнка — былы следчы, які звольніўся ў 2020 годзе пасля выбараў у знак нязгоды з палітыкай дзеючай улады. 

Мікіта Старажэнка

«Увольняться было тяжело, понимая, что ждет огромный долг за обучение и есть семья, но выполнять то, что противоречит совести еще тяжелее. Я не хочу отправлять в архив материалы проверок, которые должны быть уголовными делами. Честных сотрудников в наших органах много, но они зажаты рамками приказов и долгов перед государством.

Коллеги, если читаете это, ответьте себе на один вопрос: сможете ли вы сказать «Честь имею». Я смог, моя совесть чиста», — пісаў пра сваё рашэнне 17 жніўня 2020 года ў сацсетках Мікіта.

4 траўня 2021 года Старажэнка, як і іншыя сілавікі, якія звольніліся ў знак пратэсту, быў пазбаўлены Лукашэнкам звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу. Пасля звальнення Мікіта працаваў юрыстам. У красавіку мінулага года яго арыштоўвалі на 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне».

1 лютага яго затрымалі ў гандлёвым цэнтры Мінска ўжо ў межах крымінальнай справы. Яму інкрымінуецца «распальванне варожасці групай асобаў» па ч. 3 арт. 130 КК. Пасля ІЧУ на Акрэсціна ён пераведзены ў СІЗА-1, дзе ўтрымліваецца і цяпер.

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Мікіта Ігаравіч Старажэнка

Ягор Вяршынін — былы следчы, звольніўся ў 2019 годзе, займаўся спартыўнай аналітыкай і планаваў ісці ў IT.

Ягор Вяршынін
Ягор Вяршынін

Ягор адпрацаваў больш за шэсць гадоў у Следчым камітэце, займаўся расследаваннем эканамічных злачынстваў. Яго затрымалі 11 чэрвеня 2021 года і змясцілі ў СІЗА. Праз чатыры месяцы яго асудзілі да двух гадоў калоніі.

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 8 кастрычніка асудзілі па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу 31-гадовага Ягора Вяршыніна. Суддзя Дзмітрый Карсюк за дзень разглядзеў справу супраць палітвязня і пакараў яго двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такое пакаранне запрасіў пракурор Арцём Цвяткоў. Вяршыніна абвінавацілі ва актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак — ва ўдзеле ў Маршах 23 і 30 жніўня ў Мінску. Галоўнымі доказамі віны Ягора сталі два фотаздымкі з Марша, якія праваахоўным органам з закрытай асабістай старонкі ў фэйсбуку прадаставіў мужчына, супраць якога калісьці вёў справу як следчы Вяршынін.

Ягор віну на судзе не прызнаў. На судзе ў кайданках дапыталі сябра абвінавачанага Яўгена Юшкевіча, якога абвінавачваюць у тэрарызме. 

Вось, што палітвязень сказаў у апошнім слове:

"2020 год для беларусаў быў досыць складаным і падзяліў людзей на дзве групы, гэта значыць, што адна — гэта тыя, каго ўсё задавальняе, і хто не выказвае ніякіх поглядаў і меркаванняў. І тыя, хто не змог упісацца ў гэтую карціну. Мяркую, што я далучыўся да другой групы, то бок да групы, якая не зусім згодная з тым, што адбывалася. Я канкрэтна маю на ўвазе той гвалт, які адбываўся ў пост-электаральны перыяд, адсутнасць прававой ацэнкі і рэакцыі на гэты гвалт. Гэта тое, што заахвоціла мяне далучыцца да гэтых Маршаў. Заўважу таксама, што інкрымінаванае мне ў якасці злачынства цалкам ўпісваецца ў форму масавых сходаў: шэсця, дэманстрацый і мітынгаў. У той частцы, калі гэтыя формы несанкцыянаваныя адпаведным чынам і органамі выканаўчай улады, як правіла нясуць адміністрацыйную адказнасць. Таксама адзначу, што многія з удзельнікаў падобных масавых сходаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і мітынгаў згодна з заканадаўчай дэфініцыяй могуць ісці як па тратуары, так і па праезнай частцы.

На мой погляд, да прычынаў і ўмоваў можна аднесці электаральную кампанію і пост-электаральныя падзеі, таксама гвалт, які адбываўся ў дачыненні да грамадзянскіх асобаў. Акрамя таго, я хацеў бы заўважыць, што органамі папярэдняга следства дапушчаная памылка, і мне інкрымінаваны актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, пры парушэнні артыкула 10 закона аб масавых сходах. Варта ўлічыць, што гэты артыкул прадугледжвае правілы арганізацыі, правілы ўдзелу ў масавых сходах для арганізатараў. Я не з'яўляўся арганізатарам масавых сходаў, і мая роля следствам вызначана як актыўны ўдзельнік, зноў жа, не арганізатар.

Для ўдзельнікаў масавых сходаў ёсць адміністрацыйны артыкул. Таму лічу, што ў маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса. Дадзенага злачынства я не здзяйсняў і лічу, што мой крымінальны пераслед не аб'ектыўны, не ўсебаковы, прадузяты і, магчыма, ён ажыццяўляўся па матывах грамадска-палітычных меркаванняў, для чаго і праводзяцца масавыя сходы. Лічу, што прысуд павінен быць апраўдальным, і не толькі ў дачыненні да мяне, але і іншых асобаў, якія прызнаныя палітычнымі зняволенымі, якія пераследуюцца з гэтай жа мэтай".

На пачатку 2022 года Ягора адправілі адбываць пакаранне ў «Віцьбу» (папраўчую калонію №3). 

Падтрымаць палітвязня: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Ягор Андрэевіч Вяршынін

Аляксей Сянькоў — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, з 2012 года да 2021 года ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце.

Аляксей Сянькоў. Фота:
Аляксей Сянькоў. Фота: "Магілёўская праўда"

5 ліпеня 2021 года яго затрымалі на працоўным месцы і звольнілі па згодзе бакоў. Аляксей Уладзіміравіч мае ордэны і медалі, а таксама граматы за бездакорную службу.

Аляксея асудзілі паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса(групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у тым, што 16 і 23 жніўня 2020 года ён прыняў удзел у маршах — групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак і пацягнулі за сабой парушэнне работы транспарта. Таксама ён пляскаў у далоні, выкрыкваў лозунгі.

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-2, 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Аляксей Уладзіміравіч Сянькоў

Ягоны малодшы брат — палітзняволены былы чыноўнік Юрый Сянькоў. У яго знайшлі фотаздымкі з Аляксеем падчас маршаў. Юрый — былы начальнік фінансавага аддзела адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Яго затрымалі 30 красавіка 2021 года і пяць разоў асудзілі па адміністрацыйных справах, у выніку чаго ён атрымаў 50 сутак арышту. Затым яго перавялі ў СІЗА ўжо па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: па арт. 342 КК — за ўдзел у акцыях пратэсту 16 і 23 жніўня 2020 года, і па арт. 368 КК — за рэпост у тэлеграме. Юрыя асудзілі да трох гадоў калоніі.

Пераслед былых міліцыянтаў — ад "хатняй хіміі" да калоніі

Дзмітрый Кулакоўскі — раней узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Мінска, пасля выбараў ён заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўлады і звольніўся. 

kulakouski_vyzvalenne_zhonka.jpg
Дзмітрый Кулакоўскі пасля абвяшчэння прысуду

Працаваў у міліцыі з 2006 года, мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва. У верасні 2020 года прынялі яго рапарт на звальненне. А неўзабаве абвясцілі падазраваным па справе ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

У першы раз супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС затрымалі яго недалёка ад дома — за "непадпарадкаванне" ён атрымаў 12 сутак арышту (арт. 23.4 КаАП). У знак пратэсту Дзмітрый праглынуў чатыры металічныя прадметы. Затым на яго склалі новы пратакол, зноў за "непадпарадкаванне", і далі ўжо 15 сутак.

Пасля амаль месяца арышту, 4 снежня, Кулакоўскі спрабаваў пакінуць Беларусь, але быў затрыманы на мяжы і дастаўлены ў ізалятар. Пераведзены ў СІЗА Жодзіна ў якасці падазраванага па крымінальнай справе па арт. 369 КК. Яму было прад'яўлена абвінавачванне.

22 студзеня 2021 года асуджаны да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову ("хімія").  7 чэрвеня 2021 года Дзмітрый пачаў адбываць пакаранне ў ПУАТ №7 Пружанаскага раёна, дзе знаходзіцца і цяпер.

Падтрымаць палітвязня: Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №7, 225136, Пружанскі раён, в. Купліна, Дзмітрый Віктаравіч Кулакоўскі

Максім Клімовіч — былы супрацоўнік АМАП. Ён прыняў рашэнне звольніцца са службы яшчэ ў 2010 годзе — пасля падзей на выбарах. Афіцыйна сысці са службы яму ўдалося толькі ў 2012 годзе.

Максім Клімовіч пасля вызвалення
Максім Клімовіч пасля вызвалення

У пачатку лета гэтага года ён з'ехаў жыць у Польшчу, але вымушаны быў вярнуцца. Праз некалькі дзён пасля вяртання, 17 жніўня, 2021 года яго затрымалі дома ў аграгарадку Хацежына. Ператрус праводзіўся па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа запісалі «пакаяльнае» відэа з былым супрацоўнікам АМАПа, дзе ён прызнаецца, што 9-11 жніўня мінулага года «знаходзіўся ў счэпцы з мэтай супрацьдзеяння супрацоўнікам правапарадку». Пры гэтым, прапагандысцкія тэлеграм-каналы прыпаднеслі інфармацыю пра яго затрыманне, як пра пераслед тых, хто звольніўся з дзяржслужбы ў знак пратэсту ў 2020 годзе: «Спаліў службовае пасведчанне і пайшоў на масавыя беспарадкі».

Да суда Максім тры месяцы ўтрымліваўся ў СІЗА.

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў "хатняй хіміі" асудзілі палітвязня Максіма Клімовіча. Пасля двух з паловай месяцаў пад арыштам ён выйшаў на волю. Былога супрацоўніка АМАПа, які звольніўся яшчэ ў 2012 годзе (але пры затрыманні яму гэта ўзгадалі), абвінавацілі ў перакрыцці дарог счэпкай на акцыі пратэсту ў дзень выбараў. На суд пад канвоем і ў кайданках прывялі сябра Клімовіча, які таксама знаходзіцца пад вартай па гэтым эпізодзе — яго дапытвалі з клеткі побач з абвінавачаным. Справу разглядаў Юрый Машкетаў, дзяржабвінавачанне падтрымліваў Яўген Серакоў.

Андрэй Гарун — былы супрацоўнік праваахоўных органаў, затым да затрымання працаваў у EPAM. 

Андрэй затрыманы ў кастрычніку 2021 года па арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне сацыяльнай варожасці) за перадачу дадзеных сілавікоў у тэлеграм-каналы "Карнікі Беларусі" і "Чорная кніга Беларусі". Ужо пяць месяцаў утрымліваецца ў СІЗА-1.

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Андрэй Аляксандравіч Гарун

Пётр Буцько — былы падпалкоўнік міліцыі запасу з Іўя, адслужыў у міліцыі больш за 20 гадоў.

Пётр Буцько. Фота з сацыяльных сетак
Пётр Буцько. Фота з сацыяльных сетак

У канцы 2020 года ён адбыў 32 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыях пратэсту. Ён распавядаў, што тады супраць яго «спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу», але гэтага не адбылося бо «засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго хлуслівыя паказанні».

У межах крымінальнай справы сілавікі затрымалі Пятра Буцько 20 жніўня 2021 года, правёўшы ператрус у яго дома і на лецішчы. У траўні 2021 года Лукашэнка пазбавіў званняў больш за 80 былых сілавікоў. У гэты спіс трапіў і Пётр Буцько: яго пазбавілі звання падпалкоўніка міліцыі запасу. 

Суд Лідскага раёна асудзіў Буцько з да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч.3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады).

Акрамя гэтага, яму прызначылі штраф у памеры 500 базавых. Пракурор запрошваў для Буцько 5 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі абвінавачвання, 27 траўня Буцько, які пасля звальнення з міліцыі стаў дырэктарам камерцыйнай транспартнай фірмы, нанёс свайму супрацоўніку Андрэю Захару "не менш за 12 удараў у вобласць галавы" кулакамі. Тым самым ён "прычыніў яму менш цяжкія цялесныя пашкоджанні". Пацярпелы ў судзе заявіў, што ў яго "няма прэтэнзій" да абвінавачанага.

Пётр Буцько служыў у міліцыі больш за 20 гадоў, завяршыўшы службу намеснікам начальніка РАУС у Карэлічах у 2017 годзе. У канцы 2020 года ён адбыў 32 дні адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, распавядаў падпалкоўнік у інтэрв'ю газеце "Народная Воля". Ён распавядаў выданню, што тады супраць яго "спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу", але гэтага не адбылося бо "засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго хлуслівыя паказанні".

Ягор Емельянаў былы міліцыянт, 17 год адслужыў у міліцыі, а ў жніўні 2020 году адмовіўся ўдзельнічаць у падаўленні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся з міліцыі.

Ягор Емяльянаў
Ягор Емяльянаў

У траўні-чэрвені 2021 году яго пратрымалі ў ІЧУ на Акрэсціна 40 сутак запар. За тыдзень да затрымання Ягор даў інтэрв'ю TRIBUNA, а 19 траўня на "Белсаце" выйшаў відэаматэрыял пра сілавікоў, у якім Ягор таксама прыняў удзел. 20 траўня супрацоўнікі міліцыі прышлі па Ягора на яго новае працоўнае месца — у сталічны фітнэс-цэнтр. Там яго і затрымалі.

У ІЧУ на Акрэсціна Ягора змяшчалі ў карцар.

Таксама вядома пра экс-начальнік ДАІ Сяргея Маслоўскага, якога затрымалі на адным з пратэсных Маршаў у 2020 годзе і каля месяца пратрымалі на Акрэсціна. 

Былых пракурораў пераследуюць па крымінальным артыкуле за распальванне варожасці

Яўген Бабак — былы памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска. Вядомы тым, што ў жніўні 2020-га ініцыяваў праверку людзей у форме ДАІ, якія збівалі байкераў ноччу 11 жніўня. Праверка ні да чаго не прывяла, а сам Бабак звольніўся.  

Яго затрымалі 11 чэрвеня 2021 года на 15 сутак за "пікетаванне праз размяшчэнне на балконе бчб-сцяга". 25 чэрвеня стала вядома, што Бабак атрымаў яшчэ 15 сутак. Са слоў сукамернікаў экс-пракурора, новы пратакол на яго склалі за інфармацыю, якая была ў яго тэлефоне. Але пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту на волю ён так і не выйшаў.

Вядома, што ён стаў падазраваным па крымінальнай справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і распальванні сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 342 КК).

11 сакавіка над Яўгенам распачаўся суд, але працэс закрылі па прычыне таго, што ў матэрыялах справы маецца інфармацыя з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. 

Перад закрыццём працэсу Яўген паспеў пацікавіцца курсам рубля і паіранізаваць, што незадоўга да затрымання планаваў пераехаць у Кіеў. Таму цяпер лічыць, што пакуль можна і пасядзець, бо іначай давялося б ваяваць. 

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўген Ігаравіч Бабак

Алег Ермакоў — былы старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёну.

12 лютага на праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з ім. У апісанні пад відэа заяўляецца, што ён затрыманы за «зліў персанальных дадзеных» у тэлеграм-канал Nexta і падазраецца ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

На відэа экс-сілавік кажа, што праходзіў службу з 2011 па 2019 гады. На назву сілавога органа, у якім праходзіў службу Ермакоў, накладзены шум, аднак на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска можна знайсці інфармацыю пра старэйшага памочніка пракурора Маскоўскага раёна з тым жа імем і прозвішчам. Таксама Ермакоў казаў, што на момант затрымання працаваў галоўным спецыялістам "Белаграпрамбанка".

Дзе ён цяпер знаходзіцца – невядома.

Вайскоўцаў пераследуюць за здраду дзяржаве

Мікалай Казлоў – былы вайсковец і лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі. 

Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org

Мікалай Казлоў з 1991 года працаваў у крымінальным вышуку. У 2008 годзе, з'яўляючыся старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах, падпалкоўнікам, Мікалай заспеў старшыню выбарчай камісіі за ўкідам бюлетэняў. Мікалай падаў афіцыйны рапарт аб гэтым злачынстве, але справу спусцілі на тармазы. Мікалай у знак пратэсту сышоў з міліцыі і перадаў усю інфармацыю пра гэта злачынства ў СМІ. У 2012 годзе ён далучыўся да Аб'яднанай грамадзянскай партыі і ўся яго дзейнасць.

У 2018 стаў лідарам Аб'яднанай грамадзянскай партыі. 

6 жніўня 2021 Мікалая асудзілі на тры месяцы арышту па ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса за разгалашэнне дадзеных следства па «справе Каардынацыйнай рады». Ён таксама пазбаўлены ўказам Лукашэнкі звання.

28 снежня 2021 года Мікалай пачаў адбываць тэрмін у СІЗА-6. Пасля спаткання ў студзені 2022 сястра Мікалая распавяла, што ў камеры ён сядзіць адзін, а ўмовы ўтрымання дрэнныя. Акрамя гэтага, за час зняволення ён атрымаў вымову ад адміністрацыі ізалятара і яго паставілі на прафулік як "схільнага да экстрэмізму".

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-6, 225413, г. Баранавічы, вул. Брэсцкая, 258В, Мікалай Георгіевіч Казлоў

Сяргей Шпак — падпалкоўнік запасу, які ўдзельнічаў у відэзвароце афіцэраў запасу да беларускіх вайскоўцаў. 

Cяргей Шпак. Фота з сацыяльных сетак
Cяргей Шпак. Фота з сацыяльных сетак

Паводле ўказу Лукашэнкі, ён, як яшчэ восем дзясяткаў афіцэраў, быў пазбаўлены вайсковага звання. У Сяргея Шпака была выслуга 28 гадоў.

Шпак быў затрыманы па арт. 342 КК падчас хвалі ператрусаў 16 ліпеня 2021 года і змяшчаўся ў СІЗА да суда. Суд Маскоўскага раёна Мінска 14 снежня 2021 вынес Сяргею Шпаку прысуд: пакараць абмежаваннем волі тэрмінам на тры гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Ён выйшаў на волю адразу пасля абвяшчэння прысуду.

Дзяніс Урад — да 15 сакавіка 2021 года займаў пасаду спецсувязіста Генштаба Узброеных сіл.

Дзяніс Урад на судзе
Дзяніс Міхайлавіч Урад

Паводле інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны пра ўцягванне вайскоўцаў Узброеных Сіл у дзейнасць па падтрымцы правапарадку і "адправіў польскаму тэлеграм-каналу". Верагодна, гаворка ідзе пра прызнаны ўладамі экстрэмісцкім тэлеграм-канал Nexta. У лісце міністр унутраных спраў прасіў накіраваць 50 вайскоўцаў "для аховы аб'ектаў, якія належаць дзяржаўнай ахове і забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і функцыянаванне транспарту, і аб'ектаў, што ўяўляюць падвышаную небяспеку для жыцця і здароўя людзей" у вёсцы Бараўляны і Копішча Мінскага раёна, дзе насамрэч былі сканцэнтраваны ачагі мірнай пратэснай актыўнасці грамадзян.

14 траўня стала вядома, што Вярхоўны суд асудзіў Дзяніса Урада паводле ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца) да 18 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму за "здраду дзяржаве" (ч. 2 арт. 356 КК). Таксама пастановай Вярхоўнага суда яго пазбавілі звання капітана.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд набыў моц з моманту абвяшчэння. Абскарджанню, апратэставанню ў апеляцыйным парадку не падлягае. Прысудам Вярхоўнага суда яго пазбавілі вайсковага звання.

Праваабаронцы прызналі Дзяніса палітвязнем, бо не выклікае сумневаў, што ён дзейнічаў у грамадскіх інтарэсах, а міністр унутраных спраў маніпуляваў нормамі закона. 

Тэрмін Дзяніс адбывае ў наваполацкай калоніі №1. Былыя зняволеныя, якія былі з Дзянісам у адной калоніі, распавядаюць "Вясне":

"Дзяніс трымаецца, хоць і з такім тэрмінам. Усміхаецца, жартуе".

Падтрымаць палітвязня: ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Дзяніс Міхайлавіч Урад

Дзмітрый Самсонаў — падпалкоўнік ваеннай разведкі Галоўнага упраўлення ваеннай разведкі Мінабароны.

Дзмітрый Самсонаў

У лютым у Мінскім гарадскім судзе да 19 гадоў калоніі асудзілі падпалкоўніка галоўнага разведвальнага ўпраўлення міністэрства абароны Дзмітрыя Самсонава. Суддзя Таццяна Фалькоўская судзіла мужчыну па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 375 (мэтанакіраванае разгалошванне службовай таямніцы), і ч. 2 арт. 235 (адмыванне сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»). Суд цягнуўся тры месяцы ў закрытым рэжыме.

Пра гэтую справу і самога Самсонава вядома няшмат. Да восені 2020-га Дзмітрый працаваў у Галоўным упраўленні ваеннай разведкі Мінабароны ў званні падпалкоўніка. Ён служыў у сакрэтнай частцы 15738. Гэтае ўпраўленне, апроч іншага, мае доступ да матэрыялаў, атрыманых КДБ, у тым ліку праслуховак.

Вядома, што Дзмітрыя затрымалі ў 2020-м годзе і да суда ўтрымлівалі пад вартай. Суд над ім цягнуўся з 4 кастрычніка ў закрытым рэжыме, бо ў матэрыялах справы змяшчалася інфармацыя, якая ўтрымлівае сакрэтную інфармацыю. Цяпер Дзмітрый знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Ці звязана гэтая справа з палітычнымі падзеямі — невядома. Восенню мінулага года журналісты "Нашай Нівы" спрабавалі звязацца з роднымі Самсонава, але тыя ні пацвярдзілі, ні абверглі гэтую тэорыю. Пра Дзмітрыя Самсонава няма ўзгадак ні ў праўладных СМІ, ні ў тэлеграм-каналах, пра гэтую справу не распавядалі прэс-службы сілавых ведамстваў і суда. Таксама пра Дзмітрыя не ўзгадвалася ў фільме "Манкурты" пра сілавікоў на АНТ.

Аляксей Храловіч — падпалкоўнік КДБ.

На тэлеканале АНТ у сакавіку мінулага года паказалі фільм «Аперацыя КДБ “Манкурты“», у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча.

Згодна з інфармацыяй, агучанай у фільме, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуціле ў лістападзе 2020 аўдыя размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых аўдыя вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі. Але ў гэтым жа фільме сцвярджалася, што размовы — інсцэніроўка, пра якую Храловіч не ведаў. Таксама паведамлялася, што Аляксея затрымалі і далучылі да аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі беларусаў, якіх могуць пераследаваць па палітычных матывах. У выніку, сілавікі затрымалі групу людзей, якая яму мусіла дапамагчы. Яшчэ год таму па дзяржтэлебачанню паведамілі, што Храловіча вінавацяць у «здрадзе дзяржаве».

Стала вядома, што Храловіча сапраўды абвінавачваюць па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча, ці асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца). Яму пагражае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Суд над падпалкоўнікам КДБ пачнецца 21 сакавіка ў будынку Мінскага гарадскога суда. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Дзіяна Кучук.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства