Білі дубінкамі, галавой аб аўтазак, ламалі рэбры: як збівалі затрыманых на антываенных акцыях у Мінску
Увечары 27 лютага каля Генштабу ў Мінску сабралася шмат людзей на антываеннай акцыі пратэсту супраць нападу Расеі на Украіну. Людзі скандавалі "Слава Украіне" і "Не вайне". Праз некаторы час сілавікі пачалі іх жорстка затрымліваць. Міліцыянты збівалі дубінкамі ўдзельнікаў акцыі, а потым зацягвалі іх у аўтазакі. Цягам трох дзён судовага канвееру суддзі разглядзлі больш за 628 адміністрацыйных справаў і закінулі за краты мінімум 589 чалавек. Былы арыштант распавёў "Вясне", як і за што сілавікі працягваюць збіваць і катаваць беларусаў, а таксама пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.
Затрыманні пачаліся адразу пасля лозунгу "Пуцін ху*ло"
Пасля галасавання на выбарчым участку мінчук прыехаў да Генштабу, дзе была анансаваная акцыя пратэсту. Удзельнікі скандавалі антываенныя лозунгі. У некаторы момант людзі пачалі крычаць "Пуцін ху*ло". Менавіта гэта, на думку хлопца, і стала прычынай жорсткіх затрыманняў сілавікамі. Да хлопца адразу падбеглі тры ці чатыры вайскоўца, павалілі на зямлю і пачалі збіваць дубінкамі. Яму нанеслі 14 удараў, пяць з каторых былі па галаве. Пасля гэтага падбег амапавец і прытрымаў хлопца, пакуль чакаў сваіх калегаў. У выніку, некалькі сілавікоў за ногі і рукі пацягнулі хлопца ў аўтазак. Ён адзначае, што большасць з тых, хто затрымліваў пратэстоўцаў, былі ў вайсковай форме. Удзельнікаў прывезлі ў Заводскі РУУС, дзе складалі пратаколы за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП) і «непадпарадкаванне міліцыянтам» (арт. 24.3 КаАП).
Замест медыцынскай дапамогі пасадзілі ў "стакан"
«Калі мы былі ў актавай зале, я стаў адчуваць, што адрэналін праходзіць. Стала вельмі моцна кружыцца і балець галава, ванітавала, з'явіліся болі ў нагах, пачалі балець лапаткі. Увогуле, усё тое, што мне нанеслі, пачало выяўляцца. Я неаднаразова казаў, што мне патрэбная медыцынская дапамога, на што яны адказвалі, што нас у канцы агледзіць лекар. Іншыя таксама прасілі лекара. Але, у выніку, яго так і не выклікалі».
Падчас складання пратакола, мінчук заўважыў памылкі і вырашыў зрабіць у ім пісьмовыя заўвагі. Але праз дрэннае самаадчуванне ад удараў па галаве, ён пачаў пісаць ня ў тым месцы. Участковы за гэта стаў крычаць на хлопца і пагражаў скласці дадатковы пратакол за «непадпарадкаванне міліцыянту». Пры гэтым, ён ніяк не рэагаваў на патрабаванне выклікаць лекараў.
Каля 22:00 затрыманых пачалі перавозіць на Акрэсціна. Хлопец трапіў у шасцімясцовую камеру ў ІЧУ, дзе акрамя яго яшчэ сядзелі каля 20 чалавек. Там ім нават выдалі мыла і туалетную паперу. У ІЧУ на медыцынскім аглядзе мінчук адразу заявіў пра тое, што ад збіцця сілавікамі яму баліць галава. На што лекарка адказала:
«Галава табе баліць, бо яна цяжкая, а ты тупы, пі*дуй».
Пасля гэтага на некаторы час яго разам яшчэ з трыма хлопцамі змясцілі ў "стакан". Цёплыя курткі ва ўсіх адразу забіралі. На наступны дзень над хлопцам павінен быў адбыцца суд, але справу не паспелі разглядзець. У выніку, суд прайшоў толькі на трэці дзень.
Справу хлопца разглядаў суддзя Заводскага раёна Генадзь Янкоўскі. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, мінчук «27 лютага каля 18:00 прыняў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні, падчас якога выкрыкваў лозунгі "Жыве Беларусь", "Слава Украіне" і "Нет войне"». Вынік — 10 сутак арышту.
Сядзеў у камеры, якую арыштанты назвалі "Крэматорый 19"
Пасля суда мінчука прывезлі ў ЦІП на Акрэсціна і змясцілі ў камеру №19, якую самі арыштанты называлі "Крэматорый 19". Па яго словах, назвалі яе так праз тое, што ў камеры было невыносна спякотна і душна. На чатыры "шконкі" спачатку было 16 чалавек.
«З нас проста сцякаў пот. Мы нават да майткоў распраналіся. Увогуле, што толькі не рабілі, але дыхаць было ўсё адно няма чым. Праз дзень ці два здарылася неверагоднае: адна з супрацоўніц нам прапанавала адчыніць акно. Адкрылі, трохі стала лягчэй».
У выніку, на дзявяты дзень у чатырохмясцовай камеры было ўжо 19 чалавек. Кармілі на Акрэсціна, па словах хлопца, вельмі дрэнна. Ні матрацаў, ні пасцельнай бялізны ў камеры не было.
Як збіваюць беларусаў пасля затрымання
Апроч усяго, хлопец распавёў пра збіццё некаторых затрыманых, з кім ён камунікаваў падчас арышту:
«Аднаго з затрыманых на антываеннай акцыі ўдарылі тварам аб аўтазак.
Яшчэ двух хлопцаў затрымалі за тое, што яны пачалі здымаць на тэлефон парушэнні на выбарчым участку. Назіральнікі адразу выклікалі міліцыянтаў. Аднаго з хлопцаў моцна збілі: яму зламалі адно рабро. З РУУСа яго адразу павезлі ў БХМД.
Хвораму на эпілепсію мінчуку рассеклі брыво за тое, што ён граў на скрыпцы ў пераходзе «Перемен» Цоя і гімн Украіны. Пазней яго адпусцілі дадому.
Аднаго мужчыну затрымалі ў дзень, калі ён ездзіў у Слуцк забіраць помнік, каб усталяваць яго на гадавіну смерці бацькі. Да гэтага ён запытаў у сілавікоў, "чаму расейскія вайскоўцы едуць паміраць ва Украіну". Адказу ён не атрымаў, але пазней ужо ў Слуцку яго спынілі супрацоўнікі ДАІ, бо нібыта ім паступіла інфармацыя, што ён забіў вайскоўца. Яны выклікалі амапаўцаў з Мінску. У выніку, яго первезлі ў Мінск, збівалі яго, а потым кінулі на "суткі". На жываце былі бачныя сінякі.
Яшчэ аднаго мужчыну затрымалі дома супрацоўнікі ГУБАЗіКу за пару дзён да рэферэндуму. Потым яго збівалі ва ўпраўленні. А затрымалі нібыта за ўдзел у нейкім тэлеграм-чаце. З пашкоджанняў у яго былі сінякі на сцёгнах».
Таксама, па словах хлопца, сярод тых, супраць каго ўжывалі фізічную сілу, быў мінчук, якога выклікалі ў РУУС як сведку па справе аб забойстве. Яшчэ да рэферэндуму яго выклікалі ў Савецкі РУУС на допыт, але мужчына не мог з-за працы прыехаць у прызначаны час. Таму міліцыянт прыехаў сам, прапанаваў узяць тэлефон і праехаць з ім. У выніку, мужчыну прывезлі ў ГУБАЗіК. Там у яго пачалі запытваць наконт «экстрэмісцкіх каналаў», на якія ён быў падпісаны. Праз тое, што хлопец не казаў тое, што яны хацелі пачуць, яны паклікалі калегу, які адразу паваліў мужчыну на падлогу і збіваў. Пасля гэтага мужчыне прызначылі "суткі", якія ён адбываў на Акрэсціна.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі
Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Spring96info.