Берасцейцу прысудзілі два гады калоніі за тое, што ў жніўні 2020-га ён жадаў «вельмі дрэннага здароўя» Лукашэнку і заклікаў разбірацца з міліцыянтамі
12 сакавіка Брэсцкі абласны суд разглядзеў справу Яўгена Трушко, якога абвінавачваюць адразу па двух крымінальных артыкулах: ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы».
Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Валянціна Куніцкая.
Пра абвінавачанага вядома, што пад вартай ён знаходзіцца з 11 кастрычніка 2021 года.
Яўгена абвінавачваюць у тым, што 12-13 жніўня 2020-га года ў тэлеграм-канале «Брест 97%», «маючы намер на ўзбуджэнне ў насельніцтва іншай сацыяльнай варожасці і варожасці ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», ён напісаў каментар, які, па версіі судова-лінгвістычнай экспертызы, утрымліваў «выказванне заахвочвальнага характару, якое заклікае да гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці».
Гаворка ідзе пра наступныя каментары:
«Пусть Пинск вам будет примером. Е…ашьте толпой, ОМОН - не люди, ОМОН - зверьё, которое может е…ашить 1 человека впятером: детей, женщин. Берите арматуру, биты и толпой е…ашьте стадо, безмозглое, су…а, стадо».
«Ребят… у меня дикое желание их вырезать. Мне нужна форма ОМОНа и дубинка. Я буду среди них в толпе. Из-за спины можно наворотить дел. Давайте с животными поступать как животные».
Таксама ў віну Яўгену ставяць тое, што 13 жніўня 2020-га ён «наўмысна, з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання размясціў у тэлеграм-канале «Брест 97%» паведамленне, якое носіць абразлівы і зневажальны характар, у адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Паведамленне было такое:
«Уе…ан, слег бы, как и твои собратья, в реанимацию».
Па факце ў дадзеным выпадку мы можам казаць аб судовым працэсе, зыходзячы з наяўных у нас некалькіх цытат ды «сухіх» судовых фармулёвак, бо іншай інфармацыі з судовага пасяджэння ў праваабаронцаў пакуль няма. Тым не менш, нескладана здагадацца, чаму Яўген жадаў Лукашэнку кепскага здароўя, і чаму ён, мякка кажучы, непахвальна адгукаўся пра беларускую міліцыю ў сярэдзіне жніўня 2020-га года.
Дарэчы, усе вышэйпералічаныя каментары суд адправіў на судова-псіхалагічную экспертызу.
12 сакавіка Брэсцкі абласны суд прызнаў Яўгена Трушко вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч. 1 арт. 368 і ч. 1 арт. 130. За ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі абвінавачанага асудзілі на два гады пазбаўлення волі. За абразу Лукашэнкі – на 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Згодна з ч. 2 арт. 72 КК РБ, па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова суд прысудзіў Яўгену Трушко 2 гады калоніі агульнага рэжыму.
Мабільны тэлефон, з якога абвінавачаны напісаў тыя самыя каментары, суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |