"Пакаяльныя відэа" і затрыманні: хроніка пераследу 15 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі 15 сакавіка працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 15 сакавіка.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску суседзяў затрымалі пасля таго, як яны спрабавалі ачысціць бомбасховішча
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што 15 сакавіка ў адным з мінскіх двароў затрыманыя двое суседзяў. Яны ачышчалі бомбасховішча, пасля чаго ў двор заехалі «бусікі» і сталі правяраць у ва ўсіх тэлефоны. Суседзі паспелі зайсці ў пад'езд, але супрацоўнікі міліцыі прыйшлі па іх і прымусілі паказаць тэлефоны. Дзе яны зараз — невядома.
Вучаніц каледжа прымусілі «пакаяцца» за TikTok-ролікі з ваеннай тэхнікай
«Пакаяльныя відэа» з дзьвюма, верагодна, непаўналетнімі вучаніцамі Гомельскага каледжа кулінарыі апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы. На іх дзяўчаты просяць прабачэння за тое, што выклалі ў TikTok відэа з перасоўваннем вайсковай тэхнікі, і абяцаюць больш так не рабіць.
Праваабаронцу Леаніду Судаленку ў «Віцьбе» не аддаюць лісты
З 26 студзеня палітзняволены гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка адбывае прысуджанае яму пакаранне пад Віцебскам, у папраўчай калоніі №3 «Віцьба». Паводле ягонай жонкі, сям’я атрымлівае лісты з-за кратаў больш-менш рэгулярна, але ў кожным допісе ён паведамляе, што лісты з волі яму не аддаюць. Фактычна, за ўвесь час знаходжання на «Віцьбе», ніводнага ліста ён не атрымаў, у тым ліку ад дзяцей, кажа Аксана Судаленка.
Тэлефанавалі, тэлефанавалі і... затрымалі
15 сакавіка сілавікі затрымалі магіляўчаніна Кірыла Іванова. Здарылася гэта ў раёне "Рабочага пасёлка" каля 19 гадзін.
Да гэтага на працягу некалькіх дзён Іванову тэлефанавалі трое розных супрацоўнікаў Магілёўскага РАУС з патрабаваннем з'явіцца для здачы генетычнага матэрыялу "ў рамках нейкай крымінальнай справы".
Кожны раз Іваноў патрабаваў даслаць яму афіцыйную позву, аднак гэтага не адбывалася.
Затрыманы віцебскі дысідэнт Барыс Хамайда
Апошні раз 15 сакавіка Барыс Хамайда выходзіў на сувязь каля 14-й гадзіны. Ён патэлефанаваў журналістам, каб паведаміць, што знаходзіцца ў райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну Віцебску, паведамляе "Віцебская Вясна".