Мінчука асудзілі да двух гадоў калоніі за ўдзел у Маршы і захоўванне гашышу
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ў закрытым судовым пасяджэнні да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 328 (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў) Крымінальнага кодэкса 43-гадовага Уладзіслава Фёдарава. Паведамляецца, што яго затрымалі з 0,15 граму гашышу, але судзілі яшчэ і за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Прысуд 16 сакавіка вынесла суддзя Таццяна Акавітая.
Паводле версіі абвінавачвання, Фёдараў удзельнічаў у жніўні 2020 года ў Маршы: выходзіў на праезную частку, блакаваў і перагароджваў шлях транспартным сродкам, публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі. На законныя патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў не рэагаваў. У выніку КУП "Мінсктранс" была нанесеная шкода ў суме звыш як 157 тысяч рублёў.
Як раней паведамляла прэс-служба пракуратуры, мінчук з выкарыстаннем мабільнага тэлефона набыў гашыш масай 0,15 грама, пасля чаго незаконна захоўваў яго пры сабе і перамяшчаў па тэрыторыі Мінска да моманту затрымання.
Фёдарава прызналі вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, і на падставе ч.1 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Яго ж прызналі вінаватым у незаконных без мэты збыту набыванні і захоўванні наркатычных сродкаў і на падставе ч. 1 арт. 328 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе зняволення на тэрмін 2 гады.
У выніку суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Да суда Фёдараў утрымліваўся пад вартай.