viasna on patreon

"Паставілі да сцяны і лёгка збілі, наносячы ўдары ў корпус і далонямі па твары". Як адбываюць "суткі" затрыманыя на антываенных акцыях

2022 2022-03-18T16:34:00+0300 2022-03-18T17:39:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/katavanni.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля жорсткіх затрыманняў на антываенных акцыях у Мінску 27 і 28 лютага, сілавікі працягвалі збіваць і катаваць беларусаў у ізалятарах. Людзі, якія выйшлі на вуліцы, каб сказаць «Не» вайне ва Украіне, цяпер утрымліваюцца ў нечалавечых умовах, а супрацоўнікі ўжываюць супраць іх фізічную сілу. Па дадзеных праваабаронцаў, за ўдзел у антываенных акцыях за кратамі апынуліся 616 чалавек. Большасць арыштаваных былі ў Мінску, таму сілавікам нават прыйшлося перавезці іх у ІЧУ Жодзіна і Магілёва. Хлопец, які адбываў арышт на Акрэсціна і ў Жодзіне, распавёў «Вясне» пра катаванні і ўмовы ўтрымання ў ІЧУ, а таксама пра тое, што яго падтрымлівала ўвесь тэрмін.

Ілюстрацыя PRAVSHA.ART

У аднаго з пратэстоўцаў была кроў на твары, а другому пагражалі адказнасцю за маленькі сцізорык

Хлопца затрымалі ўвечары 27 лютага ў Мінску на антываеннай акцыі. Ён, як і астатнія ўдзельнікі, прыйшоў туды, каб выказаць сваю нязгоду з агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Праз некаторы час да пратэстоўцаў пад'ехаў аўтобус, з якога выбеглі сілавікі і пачалі затрымліваць удзельнікаў. Ён мяркуе, што затрыманне праводзілі вайскоўцы унутраных сіл.

«Мяне затрымлівалі мякка, збілі з ног, але хутка падхапілі і спакойна адвялі ў аўтобус. У нейкі момант у службовым аўтобусе сабралі прыкладна 20 чалавек. Паводзілі яны сябе даволі спакойна. Агрэсіўна рэагавалі, толькі калі з імі пачыналі эмацыйна спрачацца, выклікаць на "размову адзін на адзін". У аднаго мужчыны была кроў на твары (здаецца, была разбіта губа), у другога знайшлі невялічкі сцізорык і пагражалі, што за гэты прадмет прыйдзецца адказаць па поўнай. Агулам міліцыянты пужалі, але фізічна не чапалі людзей, пасмейваліся, задавалі пытанні, некаторыя гатовыя былі паразмаўляць адкрыта, але іх спыняў камандзір, які не пабаяўся зняць пры ўсіх балаклаву. Давалі людзям пітную ваду. Да аўтобуса прыязджаў транспарт і нас партыямі перасаджвалі».

У РУУСе сярод затрыманых быў праўладны журналіст

Хлопца прывезлі ў адзін з раённых РУУСаў Мінска. Усіх затрыманых у памяшканні паставілі адразу тварам да сцяны, пакуль супрацоўнікі збіралі ў іх неабходную інфармацыю. Потым на іх склалі пратаколы за "ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні" па арт. 24.23 КаАП і перавезлі на Акрэсціна. Ён адзначыў, што ва ўпраўленні фізічную сілу супраць затрыманых міліцыянты не ўжывалі. Таксама ён успомніў і пра затрыманага журналіста праўладнай газеты.

«Сярод затрыманых, верагодна, быў карэспандэнт праўладнай прэсы. Казаў міліцыянтам, што ён занесены ў “спіс карнікаў“. Імаверна, яго адпусцілі».

«Вырашылі паказаць, што ў іх ёсць і дзе можна апынуцца, калі не будзем паслухмянымі»

«На Акрэсціна нас адразу адвялі ў халоднае памяшканне з кратамі замест столі, на падлозе быў лёд. Недзе праз 30-40 хвілін павялі далей. Мяне завялі, як я разумею, ў "стакан". Праз хвіліну дадалі яшчэ чалавека, яшчэ праз хвіліну выпусцілі. Думаю, яны вырашылі паказаць, што ў іх ёсць і дзе можна апынуцца, калі не будзем паслухмянымі.Выдалі па медычнай масцы тым, у каго не было і адвялі ў камеру, на ўваходзе ў якую трэба было пакінуць абутак. У камеры, разлічанай на шэсць чалавек, калі не памыляюся, нас было 14 чалавек. У камеры смярдзела, не было паперы і мыла. Пераклічка праходзіла ў камеры. Раніцай наступнага дня далі кашу і хлеб (як аказалася, больш у гэты дзень паесці не давялося)».

У "транзітнай" камеры адразу сядзелі 50 чалавек

Да перавода ў Жодзіна хлопца пасадзілі ў «транзітную» камеру, з якой ужо праз некаторы час перанакіроўвалі ў іншыя.

«Наступным днём пасля прысуду содней адправілі ў адмысловую камеру, дзе мянялася ўвесь час колькасць людзей. Пры мне ў нейкі момант было каля 50. Людзі казалі, што бывала і 80. Вечарам людзей больш-менш размясцілі па камерах. На Акрэсціна гвалт не ўжывалі, некаторыя супрацоўнікі былі строгія, некаторыя даволі спакойныя: не прыдзіраліся, не хавалі твары. У камерах драўляная падлога, на ёй заўважалі насякомых».

«Чым бліжэй было да вызвалення, тым сітуацыя пагаршалася»

Большую частку тэрміну хлопец адбываў у Жодзіне. На выходных арыштантам дазволілі схадзіць у душ. Але канваір вырашыў пажартаваць і пачаў адваротны адлік ад 10. У выніку, у чатыры памывачных месца змаглі трапіць каля 20 чалавек. На распрананне, мыццё і апрананне супрацоўнікі адвялі пяць хвілін, таму пад цёплай вадой яны змаглі пабыць толькі некалькі секунд.

«Па прыбыцці ў Жодзіна, нас праз падвал павялі адразу ў будынак. Пасля пераклічкі, распранання і агляда адзення адправілі ў камеру, разлічаную на восем чалавек, дзе сядзелі каля 30 мужчын. У камеры былі металічныя двухпавярховыя нары без матрацаў, кафельная падлога і свяцільнікі дзённага асвятлення, у камеры была толькі халодная вада, было два акна. У першы дзень выдалі рулон паперы, кусок мыла, анучу для падлогі і венік».

Ён адзначыў, што спачатку адміністрацыя ІЧУ ставілася да арыштантаў спакойна, але праз пару дзён адносіны змяніліся і людзей пачалі выводзіць з камер і збіваць.

«У першыя дні да нас ставіліся больш-менш лаяльна. Дазвалялі размяшчацца на другім ярусе нар, сядзець, спаць, гаманіць. Давалі ключ, каб адчыніць вокны. Праз дзень-два загадалі злезці з другога яруса. Яшчэ праз дзень сказалі не сядзець і на ніжніх ярусах. Людзі размяшчаліся на зэдліках і на падлозе. Людзей строілі на калідоры для вобшука і пераклічкі, часам задзейнічалі сабаку. Чым бліжэй было да вызвалення, тым сітуацыя пагаршалася. Аднойчы ноччу чуўся стогн чалавека (прычына невядома).

Арыштантаў выводзілі ў душ і збівалі

Праваабаронцам ужо неаднаразова паведамлялі пра збіццё сілавікамі ўдзельнікаў антываенных акцый, якім не аказвалі медыцынскую дапамогу. Іх збівалі дубінкамі, білі галавой аб сцяну, а двум мужчынам нават зламалі рэбры. Цяпер былыя арыштанты паведамляюць і пра збіццё супрацоўнікамі ІЧУ у Жодзіне.

«Спачатку прымушалі стаяць гадзіну, можа паўтары перад адбоем. Наступным днём прымусілі стаяць у паўпрысядзе трымаючы рукі за галавой. Наступным разам зайшоў супрацоўнік у камеру і да чагосьці прычапіўся, калі хлопец адказаў на яго пытанне, яго павялі ў душ. Вярнуўшыся, адказаў, што паставілі да сцяны і лёгка збілі, наносячы ўдары ў корпус і далонямі па твары. Слядоў і значнага ўрону не было.

Наступным днём зноў вывелі аднаго чалавека і гэтак жа з ім паступілі. Іншым разам вывелі траіх маладых хлопцаў, прымушалі адціскацца ад падлогі, некаторых стрымана лупцавалі. Усе вярталіся ў камеру на сваіх нагах. Склалася ўражанне, што іх мэтай было папросту запужаць людзей. Вечарам яны патрабавалі цішыні, заходзілі ў камеру, выбіралі ахвяру (у нас гэта былі доўгавалосыя і маладыя хлопцы), адводзілі ў душ, дзе дзверы, як я разумею, не закрываліся і лупцавалі людзей. Усе чулі хлапкі і многія дрыжалі.

Чулі як выводзілі з іншых камер, але што там рабілася я не ведаю. Чуў як кашлялі людзі, магчыма пасля выкарыстання газавага балончыка (чытаў гісторыю пра 60 чалавек, якіх атручвалі, то тут, відаць, не тая гісторыя, бо шуму было мала, кашлялі пару чалавек)».

Білі дубінкамі, галавой аб аўтазак, ламалі рэбры: як збівалі затрыманых на антываенных акцыях у Мінску

Былы арыштант распавёў "Вясне", як і за што сілавікі працягваюць збіваць і катаваць беларусаў, а таксама пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.

«Пасля першага рулона туалеткі выдалі два-тры нумары "СБ. Беларусь Сегодня"»

«Адносіны персанала турмы былі абразлівыя і грубыя. Мы разумелі, што не можам нічога там зрабіць, таму маўчалі і слухаліся, цярпелі. Ежа была нясмачная: капуста, кіслы расольнікі, гарох, аўсянка, сумесі розных каш, бульба, зрэдку давалі вараныя яйкі. Мяса толькі ў выглядзе тушонкі ў кашы, або кавалачкі кілбасы ў кашы. Напой давалі тройчы ў дзень толькі паўкубка на чалавека (чай, кампот, кісель). Посуд мылі самі пад халоднай вадой. Спалі на нарах і на падлозе.

Цяжка было падтрымліваць прыстойны ўзровень санітарным і гігіены. Пасля першага рулона туалеткі выдалі два-тры нумары «СБ. Беларусь Сегодня». І ўсё. Мыла таксама не хапала».

«Адзін чалавек услых ужо казаў пра суіцыд»

Па словах былога арыштанта, у камеры некаторыя мужчыны захварэлі на прастуду, а неабходную медыцынскую дапамогу не аказвалі.

«Былі ў камерах людзі, якіх затрымлівалі выпадкова. Яны былі апалітычнымі, проста апынуліся не ў той час і не ў тым месцы. Пры засяленні ў камеру, быў чалавек з падбітым вокам і чалавек, якому ўдарылі па назе (траўмы атрымалі пры затрыманні), нага яго распухла (з такой нагой ён пакідаў камеру, калі яго мусілі вызваліць). Нагу далі апрацаваць адзін раз у першыя дні. Лекі: пару таблетак людзям далі адзін раз. Калі ў чалавека разбалеўся зуб, з яго кпілі і таблеткі не давалі. У апошнія дні стала ў камеры многа хворых на ангіны і прастуды (прыкладна 8 чалавек).

Уласна мяне ніводнага разу не ўдарылі. Кажучы за ўвесь тэрмін зняволення, раблю выснову, што перанесці гэта цягам пятнаццаці содней магчыма (праблемы могуць быць у хворых людзей). Было некамфортна, псіхалагічна цяжка, людзі не высыпаліся. Адзін чалавек услых ужо казаў пра суіцыд, яго супакоілі, абышлося».

Дзяўчаты ў суседняй камеры спявалі "Батарэйку", а па радыё гучала "Магутны Божа"

Таксама хлопец распавёў пра тое, што падтрымлівала арыштантаў на "сутках".

«Вечарам, 7 сакавіка, дзяўчаты, недзе побач прыгожа і гучна спявалі "Батарэйку". Мы пляскалі пасля ў далоні. Праблем тады ў нас не ўзнікла. На Акрэсціна па радыё гучала песня "Магутны Божа", толькі не ў выкананні "Вольнага хора".

Падтрымлівае дух у камеры, грамадства ў якім ты знаходзішся: гэта розныя, але выдатныя людзі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства