viasna on patreon

Новыя затрыманні чыгуначнікаў, праваабаронцаў і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 17 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-18T16:33:00+0300 2022-03-18T18:51:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/celiapun_22.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваюцца ператрусы, затрыманні і ціск на зняволеных. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні і арышты


У Оршы за пашкоджанне чыгуначных шляхоў затрыманы мясцовы супрацоўнік чыгункі. На праўладным телеграм-канале з ім з'явілася “пакаяльнае” відэа. Аднак твар мужчыны не паказалі, а прозвішча не назвалі. Сам мужчына на відэа прызнаўся, што скраў цягу ручнога тормазу на грузавым вагоне.


Па адрасе Гарадскі вал, 1 у Мінску затрымалі жанчыну, якая намагалася абараніць дрэва ў сваім двары. Працоўныя спрабавалі яго спілаваць, а жанчына ім перашкаджала. У выніку на яе выклікалі АМАП. Дзе зараз знаходзіцца затрыманая, пакуль невядома.


Праваабаронцы даведаліся, што ўчора ў Стоўбцах быў затрыманы Віктар Бычкевіч. Пра прычыны і абставіны затрымання не паведамляецца. Але есць дадзенныя, што зараз мужчыну ўтрымліваюць ў Стаўбцоўскім РАУСе.


Ландшафтны дызайнер Андрэй Андрэеў пасля 15-сутачнага арышту не выйшаў на волю.Супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу і перавялі у турму №8 у Жодзіне. Які артыкул інкрымінуць Андрэю, не паведамляецца.


Алесь Белы
Алесь Белы

Стала вядома, што затрыманых ўчора кіраўніка арт-праекта SIGNAL Алега Ларычава, тыктокера Максіма Бялевіча і блогера Алеся Белага асудзілі па арт. 24.3 КаАП за "непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі" і арыштавалі на 15 сутак. 

Допыты і ператрусы

Уладзімір Целяпун
Уладзімір Целяпун

Стала вядома, што ў мазырскага праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна адбыўся ператрус. Падрабязнасці высвятляюцца.


У Наваполацку сілавікі прыязджаюць да людзей на працу і дапытваюць іх. Прычына: на гэтым тыдні на перагоне Фарынава -Загацце (Віцебскае аддзяленне) быў знішчаны рэлейны шкаф СЦБ. Таксама стала вядома, што ў сераду і чацвер у Полацку адбыліся мінімум два ператрусы, пасля якix людзей адвозілі ў ГАУС.


Ціск на палітзняволеных

Ціхан Осіпаў
Ціхан Осіпаў

На палітвязня Ціхана Осіпава, асуджанага да 11 гадоў калоніі, завялі новую справу па ч. 2 арт. 411 КК за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Цяпер яму пагражае да двух гадоў зняволення. Але пра гэта не паведамілі ні Вользе Осіпавай, ні нават адвакатцы. Справу 25 сакавіка будзе разглядаць суддзя Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Крашкіна. Судзіць Ціхана будуць на выязным пасяджэнні ў калоніі, таму трапіць туды сваякі не змогуць. У папраўчую калонію №15 Ціхана перавялі 15 жніўня 2021. За сем месяцаў у калоніі, яго ўжо двойчы каралі суткамі ў ШІЗА і два разы змяшчалі ў ПКТ. Апошні раз у памяшканне камернага тыпу яго адправілі на 4 месяцы, дзе ён павінен быў знаходзіцца да 14 красавіка. Акрамя гэтага, яго пазбавілі перадач і спатканняў, а заказныя лісты салідарнаці адміністрацыя калоніі наўпрост знішчае.
Нагадаем, палітзняволенага Ціхана Осіпава ў траўні асудзілі да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за наезд на пецярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос (пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне).

Вы можаце падтрымаць Ціхана і напісаць яму ліст. Адрас такі: ПК №15, 213105, г. Магілёў, п / а Вейна, Слаўгарадская шаша 183, Ціхан Сяргеевіч Осіпаў.


Іван Зянько
Іван Зянько

На палітвязня Івана Зянько, асуджанага да 5 гадоў калоніі, завялі новую крымінальную справу па арт. 342 КК “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.
У канцы студзеня Івана перавялі са шклоўскай калоніі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Вядома, што 16 сакавіка палітвязня змясцілі на 10 сутак у ШІЗА. Але прычына невядомая.
Нагадаем, у красавіку 2021 Івана разам з яшчэ трыма палітвязнямі асудзілі за падзеі, якія адбыліся падчас разгону «Маршу гонару» каля станцыі метро «Пушкінская». Як вынікае з матэрыялаў следства, абвінавачаныя перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, распачалі з імі бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі. Суд прызначыў яму 5 гадоў калоніі.

Вы можаце падтрымаць Івана і напісаць яму ліст па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Іван Зянько.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства