Хроніка рэпрэсій у Беларусі за 19-21 сакавіка Дапоўнена
Ва Украіне працягваецца вайна, якую распачалі ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі 24 лютага. Пакуль беларускія ўлады выступаюць у якасці саагрэсараў, сілавікі працягваюць рэпрэсіі супраць беларусаў, якія выступаюць супраць удзелу дзяржавы ў ваенных дзеяннях супраць Украіны. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўжыванне іншых форм ціску за грамадзянскую пазіцыю. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 19-21 сакавіка.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманне старшыні Асацыяцыі грузаперавозчыкаў Сяргея Штоды
Міліцыя прыйшла да яго дадому 17 сакавіка з просьбай прайсці ў РАУС Смалявіцкага раёна для гутаркі. Дадому з міліцыі Штода не вярнуўся. Па папярэдніх дадзеных, у дачыненні да яго складзены пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць).
Серей Штода — старшыня прафсаюза грузаперавозчыкаў "Рэгіён 8". У 2015 годзе Штода выступаў у абарону перавозчыкаў, якія заплацілі велізарныя штрафы з-за таго, што не разабраліся з сістэмай аплаты праезду па платных дарогах BelToll. На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ён быў кіраўніком штаба Наталлі Кісель, якая прадстаўляла інтарэсы грузаперавозчыкаў. Пасля пачатку вайны ў Украіне Штода складаў спісы беларускіх дальнабойшчыкаў, якія не маглі выехаць з гэтай краіны, і звяртаўся да беларускім міністэрствам і ведамствам з просьбамі дапамагчы ім.
Затрыманне на Віцебшчыне
Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", 18 сакавіка ў Расонах на Віцебшчыне затрымалі Мікалая Машарскага. Вядома, што на яго складзены пратакол па арт. 24.23 КаАП. Да суда ён знаходзіцца ў ІЧУ.
Рэпрэсіі ў Дзяржынску: маці непаўналетняга дзіцяці другія суткі трымаюць у ІЧУ, збіццё пры затрыманні
У пятніцу, 18 сакавіка, у Дзяржынску прайшлі ператрусы і затрыманні. Так. сілавікі з пастановай на ператрус за распаўсюд улётак прыйшлі да сям'і Зубовіч. Прэтэнзіі ставіліся да старэйшай дачкі, але пасля ператрусу ў мясцовае РАУС забралі яшчэ яе бацькоў. Старэйшую дачку апыталі і адпусцілі, таму што яна цяжарная.А яе бацькоў — Яўгена і Наталлю — затрымалі. Іх дваіх да гэтага часу трымаюць у Дзяржынскім ІЧУ, нягледзячы на тое, што дома ў іх засталося непаўнагадовае дзіця.
Вядома, што на іх склалі пратаколы па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Перадачы для іх не прымаюць. Згодна з заканадаўствам, у рамках адміністрацыйнага працэсу маці непаўналетняга дзіцяці маюць права затрымліваць не больш, чым на тры гадзіны.
Акрамя гэтага, праваабаронцам «Вясны» вядома, што гэта не адзіныя затрыманыя ў Дзяржынску. Затрыманы яшчэ як мінімум адзін чалавек — яго збілі пры затрыманні.
У Баранавічах масавыя ператрусы і затрыманні — канфіскоўваюць тэхніку, вязуць на допыты
Папярэдне, ператрусы праводзяць супрацоўнікі КДБ. Ёсць інфармацыя, што людзей вязуць праходзіць паліграф.
Таксама пацвердзілася інфармацыя пра тое, што тым, хто быў раней затрыманы альбо асуджаны па палітычных артыкулах, «прапануюць» здаць «біяматэрыял» — калі адмовішся, просяць прыйсці ў міліцыю і напісаць заяву на адмову ад узяцця біяматэрыялаў. Па словах тых, хто хадзіў, — там ім пагражалі зрабіць падазраваным па любой крымінальнай справе ці пасадзіць на суткі за супраціў.
Сярод затрыманых — Дзяніс Краснасельскі (11.04.1979). Участковы паведаміў яго родным, што мужчына затрыманы за падпіску на "экстрэмісція тэлеграм-каналы".
Палітвязень Мікалай Чарняўскі цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю
Мікалай — жыхар Гарадка (Віцебская вобласць), быў асуджаны на 1,5 года калоніі за «абразу прадстаўніка ўлады» і «ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў». Па словах маці, судзілі Мікалая за выраз «Ур...д в погонах».
«І гэта было не наўпрост сказана, а ў размове з кімсьці ў чаце. Без аніякіх мацюкоў. На судзе Мікалай шчыра прасіў прабачэння за гэтыя словы. А той пацярпелы супрацоўнік кажа: «Як чалавек я табе прабачаю, але як міліцыянт – не», — распавядала маці асуджанага.
Свой тэрмін Мікалай адбываў у Папраўчай калоніі №2.
За «экстрэмісцкую дзейнасць» ліквідавалі «Ахову птушак Бацькаўшчыны»
Такое рашэнне прыняў Вярхоўны суд.