viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-03-21T14:36:53+0300 2022-03-21T14:42:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Выступаючы на 49-й сесіі Савета па правах чалавека ў Жэневе, прадстаўнікі фонду Right Livelihood узгадалі зняволеных "вясноўцаў" і падкрэслілі: у той час, як некаторыя краіны па ўсім свеце ўводзяць крымінальную адказнасць за праваабарончую дзейнасць і абмяжоўваюць асноўныя свабоды, прастора для грамадзянскай супольнасці звужаецца.

Right Livelihood: На фоне падаўлення іншадумства актывісты грамадзянскай супольнасці ўсё часцей апынаюцца за кратамі

У адрасаванай Савету па правах чалавека ААН заяве фонду Right Livelihood звяртаецца ўвага на тое, што ва ўмовах пастаяннага абмежавання грамадзянскай прасторы актывістам грамадзянскай супольнасці шмат якіх краін пагражае турэмнае зняволенне.

Старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч застаюцца за кратамі ўжо 250 дзён. З пачаткам вайны ва Украіне колькасць лістоў, якія даходзяць да палітзняволеных і ад іх саміх, значна скарацілася. 

Родныя Алеся Бяляцкага не атрымоўваюць лістоў ад праваабаронцы больш за месяц. 

Перад Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці ў Гданьску пад адкрытым небам праходзіць выстава “Вольная Беларусь”.

На ёй размешчаныя фотапартрэты дзеячоў і грамадзянаў Беларусі, што выступалі за перамены ў 2020 годзе. Сярод іншых – палітзняволены старшыня Правааабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

vystava_gdansk.jpg

“У 30-ю гадавіну абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, мы аддаем даніну ўсім героям барацьбы за яе свабоду і незалежнасць. Мы верым, што беларусы здолеюць здабыць сапраўдную свабоду”, - адзначаецца ў апісанні выставы.

Можна пабачыць фота экс-кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня Віктара Бабарыкі, экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, спартоўкі Аляксандры Герасімені, апазіцыйнага палітыка Міколы Статкевіча, забітага Аляксандра Тарайкоўскага ды іншых.

"Кот на Валадарцы": Жонка Валянціна Стэфановіча нарэшце атрымала яго малюнкі 

Праз паўгады жонка намесніка старшыні “Вясны” Валянціна Стэфановіча нарэшце атрымала ад яго малюнкі з серыі “Прыгоды ката на Валадарцы”.

malunak_stefanovich.jpg
Малюнак палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча
malunak_stefanovich3.jpg
Малюнкі палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча

Нагадаем, у адным са сваіх лістоў да жонкі Валянцін Стэфановіч распавёў, што намаляваў ёй прыгоды ката ў турме, але іх на волю не прапусціў цэнзар:

“Я вось неяк намаляваў табе маё жыццё ў карцінках у выглядзе ката. На адной з карцінак Кот быў на шпацыры ў турэмным дворыку, на іншай — у душы мыўся, а на трэцяй — сядзеў у камеры за сталом і вячэраў. Вельмі смешна атрымалася, але вось мясцоваму цэнзару гэтыя малюнкі не спадабаліся і ліст мне вярнулі назад з пазнакай “Не прайшоў цэнзуры”.

Пасля гэтага быў запушчаны конкурс малюнкаў “Кот на Валадарцы” у падтрымку Валянціна, у якім прыняла ўдзел больш за 15 чалавек з розных краінаў.

Уладзімір Лабковіч: "Увесь мой свет цяпер – гэта мая сям’я, па якім я вельмі сумую"

У адным з дасланых раней лістоў праваабаронца Уладзь Лабковіч апісвае свой стан, адсутнасць навінаў і сумаванне па вершах старых песен: 

“Цяжка адказваць на пытанні, як я тут. Мабыць, кепска. Часта баліць галава і не ўдаецца паспаць больш двух гадзінаў.

Я зусім ня маю навінаў са знешняга міра. Зусім. Мае сусудзі супраць глядзець навіны ў любым выглядзе. Таму адзіная мая крыніца – СБ – газеты. А там, ну такое. Бывае, што я тыднямі ня ведаю, што адбываецца ў знешнім свеце. Але, у прынцыпе, так нават лепш. Бо ўвесь мой свет цяпер – гэта мая сям’я, па якім я вельмі сумую і баюся за іх.

Я зараз у камеры самы стары. Некаторыя цмяна ведаюць, хто такі Цой. Але слухаюць такі пякельны жах для маіх вушэй. Тут як нідзе я зразумеў, што ўжо зусім стары. Пара ўжо на сметніцу. “Рок-н-ролл мёртв”. Але я моцна сумую па вершах старых песен”.

Таксама Уладзь адзначае, што цяпер здольны чытаць толькі вершы: 

“Зусім не магу чытаць прозу. Чытаю толькі вершы. Зусім нядаўна чытаў Ахматаву. Вельмі мяне ўразіла яе паэма “Рэквіем”. Яна прысвечаная яе растралянаму мужу Мікалаю Гумілёву і рэпрэсаванаму сыну Льву Гумілёву. Там столькі пранізлівага болю, апісанне чэргаў з перадачамі. Жах моцна адчуваеш, што зараз і мая старэнькая і хворая маці стаіць у чарзе, а праз пару дзён чарга Ніны, якая адвязе дзетак у школу і пойдзе ў чаргу. Вельмі раю гэтую нізку вершаў. Вельмі пранізліва і, на жаль, вельмі сучасна.

Дарэчы, я таксама паспрабаваў пачытаць тут “Восень патрыярха”. Але не здолеў. Мой мозг зусім ужо разваліўся і не здольны ўспрымаць такія тэксты. Я ніколі не кідаў кнігі. Нават калі яны мне не падабаліся, я заўсёды іх дачытваў. Але тут бібліятэка, калі прыходзіць час, кнігу трэба вяртаць”.

Дасылайце лісты падтрымкі Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова ўтрымліваецца за кратамі ўжо 550 дзён, а валанцёр Андрэй Чапюк - 535 дзён

interests-marfa.jpg

 interests-chapuk.jpg

За мінулы тыдзень ад іх не было ніякіх навінаў. 

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Таксама не было навінаў ад гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі і рэчыцкай валанцёркі Таццяны Ласіцы, асуджаных да трох і двух з паловай гадоў пазбаўлення волі адпаведна. 

Падтрымайце Леаніда:

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Падтрымайце Таццяну:

ПК-4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Таццяне Леанідаўне Ласіцы

Як падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства