viasna on patreon

За "праяву нянавісці" да супрацоўніка АМАПу жыхара Гродна асудзілі на 2,5 гады "хіміі"

2022 2022-03-21T17:29:58+0300 2022-05-26T10:13:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/omon_voditel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна суд вынес прысуд па справе Юрыя Давыдава, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле арт. 369 "Абраза прадстаўніка ўлады".

Справу разглядаў суддзя Віталь Лабоцкі, пра якога ў Гродне ходзіць не самая добрая слава: ён часта разглядае "палітычныя" справы і выносіць па іх жорсткія пакаранні.

Да прыкладу, юрыстку Алену Ягорычаву и слесара Ігара Пазнякова Лабоцкі прызнаў вінаватымі ва ўдзеле ў "Маршы адзінства", у той час як непасрэднага доказу іх віны, паводле версіі боку абароны, у суда не было. Пры гэтым Алену асудзілі да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Ігара — да 2,5 гадоў "хіміі". Абаіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі.

Вінаватай Лабоцкі прызнаў вінаватай і палітзняволеную Дар'ю Давыдовіч за ўдзел у "счэпцы" на "Маршы адзінства", асудзіўшы дзяўчыну да 2 гадоў "хатняй хіміі".

Гэтым разам на лаве падсудных апынуўся гродзенец Юрый Давыдаў. Вядома, што мужчыну 40 гадоў. У горадзе яго шмат хто ведае як стваральніка адукацыйных курсаў для будучых маці і бацькоў. Ён дапамагаў шматдзетным сем'ям, арганізоўваў кансультацыі цяжарных жанчын з вядучымі медыкамі краіны. Калегі, суседзі і родныя характарызуюць мужчыну як цудоўнага чалавека, выдатнага прафесіянала, клапатлівага бацьку і мужа, спагадлівага і добрапрыстойнага суседа.

Разам з жонкай Юрый выхоўвае дваіх дзяцей 10 і 13 гадоў. Пры гэтым забяспечвае сям'ю ён адзін.

Мужчыну вінавацяць у тым, што 15 лістапада мінулага года ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" пад допісам з асабістымі звесткамі кіроўцы АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Паўла Вашкевіча ён пакінуў абразлівы каментар.

Праваабаронцам вядома, што па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства з 24 студзеня 2022 года і да суду Юрыя Давыдава ўтрымлівалі пад вартай.

Сам абвінавачаны растлумачыў суду, што 15 лістапада ў "Карніках Беларусі" пад допісам з фотаздымкам 31-гадовага Вашкевіча ён прачытаў, што ва ўласнасці ў пацярпелага ёсць мікрааўтобус Ford Transit 2015 года выпуску. Зыходзячы з гэтага абвінавачаны зрабіў выснову, што, акрамя працы ў АМАПе, пацярпелы займаецца яшчэ і прыватным бізнэсам, што, згодна з законам, дзяржслужачаму забаронена. Пра гэта Давыдаў і напісаў свой каментар.

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, на судзе не гаварылася, але вядома, што судова-лінгвістычная экспертыза вызначыла, што ён утрымлівае "ненарматыўную форму маўленчага выказвання".

Нягледзячы на наяўнасць у абвінавачанага дзвюх змякчальных акалічнасцяў — чыстасардэчнага прызнання і дваіх малалетніх дзяцей — пракурор усё ж запатрабаваў для Давыдава 2,5 гады "хіміі". Пры гэтым той самы абразлівы каментар пракурор назваў "формай праявы нянавісці".

Падчас апошняга слова абвінавачаны прызнаў сваю віну, сказаў, што здзейсніў злачынства праз неасцярожнасць, прынёс прабачэнні пацярпелым, паабяцаў стаць на шлях выпраўлення і папрасіў прызначыць яму ў якасці пакарання абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

17 сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў Юрыя Давыдава вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады" і асудзіў да 2,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі").

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства