Мазыранку асудзілі на 1,5 гады “хатняй хіміі” за абразлівы каментар у адрас суддзі
Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага пасяджэння па справе Любові Арбузавай, якую абвінавачаць у здзяйсненні злачынства па арт. 391 КК РБ “Абраза суддзі або народнага засядальніка”.
Справу разглядаў суддзя Анатоль Стрэльчанка.
Інфармацыі з залы суда ў праваабаронцаў амаль няма, бо суд праходзіў у закрытым фармаце. Вядома толькі, што абвінавачванне па арт. 391 КК Любові Арбузавай прад'явілі праз тое, што ў адной з сацсетак яна пакінула абразлівы каментар у адрас суддзі “у сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя”.
Дарэчы, разам з арт. 369 КК "Абраза прадстаўніка ўлады», арт. 368 КК “Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і арт. 370 КК “Здзек з дзяржаўных сімвалаў” - гэта адзін з самых папулярных дыфамацыйных артыкулаў па прыцягненню да адказнасці беларусаў, якія не пагаджаюцца з палітыкай падаўлення. Да 2020-га года праваабаронцы маглі пералічыць падобныя справы па пальцах, але цяпер яны разглядаюцца ў судах сотнямі па ўсёй краіне. Суддзі і супрацоўнікі міліцыі ў Беларусі знаходзяцца пад асаблівай абаронай, таму калі гаворка ідзе пра іх абразу, улады займаюцца паказальнай карай, каб трымаць грамадства ў страху.
Дыфамацыйныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе Беларусі: адказваем на пытанні
Так было і гэтым разам. 14 сакавіка суд Мазырскага раёна прызнаў Любоў Арбузаву вінаватай у здзяйсненні злачынства па арт. 391 КК "Абраза суддзі або народнага засядальніка" і прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе 1,5 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама суд пастанавіў канфіскаваць у абвінавачанай мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |