"Двое супрацоўнікаў хадзілі па людзях", — мінчук пра ўмовы ўтрымання ў Жодзіне ў сакавіку
За першыя два тыдні сакавіка за кратамі апынуліся больш за 600 беларусаў, якіх прэвентыўна затрымлівалі да асноўнага дня галасавання на рэферэндуме, а таксама на антываенных акцыях. Камеры былі перапоўненыя, затрыманым не выдавалі матрацы і пасцельную бялізну, а супрацоўнікі ІЧУ Жодзіна неаднаразова ўжывалі фізічную сілу супраць пратэстоўцаў. Былы арыштант распавёў "Вясне" пра жорсткае абыходжанне супрацоўнікаў жодзінскага ізалятара з затрыманымі, пра ўмовы ўтрымання і "страчаныя" рэчы пасля арышту.
Курткі на Акрэсціна адразу забралі, а перад уваходам у камеру трэба было зняць абутак
Хлопца затрымалі ў Мінску 27 лютага. Яго адразу даставілі ў адно з раённых РУУС, дзе ўтрымлівалі да ночы. Ён адзначае, што стаўленне да затрыманых ва ўчастковых было рознае: некаторыя былі ветлівымі, але былі і тыя, хто пагражаў крымінальнымі справамі. Ніхто з супрацоўнікаў у РУУС не прадстаўляўся, а большасць былі ў грамадзянскай вопратцы. Уначы затрыманых перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.
"Ва ўнутраным двары мы прачакалі хвілін 10-15, пасля чаго нас павялі "засяляцца ў камеры". Нам якраз пашанцавала, паколькі некаторыя затрыманыя пазней казалі, што іх на вуліцы пратрымалі некалькі гадзін. Астатні час да раніцы я прабавіў у камеры. Гэта была шырокая чатырохмясцовая камера, але нас у ёй было чалавек 16-18, дакладна не памятаю. Курткі, як і іншыя рэчы, у ІЧУ ў нас забралі, абутак загадалі зняць перад уваходам у камеру, але, на шчасце, на падлозе спаць нікому не давялося.
Уначы аднаму з затрыманых зрабілася кепска і да яго выклікалі мясцовага медыцынскага супрацоўніка. Той даў яму дзве невядомыя таблеткі, а на пытанне "Што гэта такое?" адказаў: "Каб я гэтага пытання больш не чуў". Хутчэй за ўсё, яму далі снатворнае, паколькі пасля прыёму таблетак чалавек проста заснуў.
Датычна ежы. Яе даюць мала. Не тое каб яе шмат можна было б з'есці, але тут гаворка ішла пра відавочна ўрэзаныя порцыі. Нам давалі вадкую аўсянку (сечку), і таўшчыню слою кашы ў талерцы можна лічыць у міліметрах. Гарбату ў некаторыя камеры проста забыліся завезці".
Суд праз Skype, а "сведка" адзін на ўсіх
Суды ў першыя дні пасля антываенных акцый асудзілі мінімум 650 чалавек. Некаторыя справы суддзі Мінска разглядалі за сем хвілінаў, а іх працоўны дзень доўжыўся да 21:00. Мінчук распавёў, як праходзіў судовы канвеер у тыя дні.
"Суд праходзіў праз Skype на Акрэсціна. Затрыманых па чарзе адводзілі ў пакой, дзе і праходзіў "суд". На кожны раённы аддзел быў адзін і той жа "сведка" з ліку супрацоўнікаў РУУС (я так зразумеў, што ўсе яны займаюць пасаду ўчастковага). Таксама ад аднаго з затрыманых стала вядома, што тэрміны арышту былі выстаўлены загадзя. З намі на паверсе знаходзіліся працаўнікі/цы судоў, у якіх на руках былі звесткі пра затрыманых з пазначэннем колькасці сутак арышту".
Ад мясцовай ежы ў арыштантаў быў разлад стрававання
У Жодзіне хлопец сядзеў у чатырохмясцовай камеры, дзе, акрамя яго, знаходзіліся яшчэ прыкладна 15 чалавек. Матрацы і пасцельную бялізну ў затрыманых забралі, а ў камерах было вельмі горача.
"Камера актыўна ацяплялася, батарэі былі апякальна гарачымі. Больш цеплыні было ад змешчаных людзей. Пакуль нас у камеры было 16, на верхніх ярусах ложка было літаральна горача. Вада была толькі халодная (труба толькі для яе, гарачай вады няма ў камерах з тэхнічных прычынаў), мыла давалі. Адэкватныя змены нават выносілі смецце з камер. Іншых рэчаў у камеры не было. Праз пару дзён наглядчыкі перадалі скрутак туалетнай паперы і газету (для выкарыстання ў якасці туалетнай паперы)".
Паводле мінчука, галоўнай прычынай разладаў стрававання ў жодзінскім ізалятары была капуста і есці яе было немагчыма. У душ і на прагулкі арыштантаў не выводзілі.
"Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну". Мінчанка распавяла пра трое сутак на Акрэсціна пасля антываеннай акцыі
Уначы супрацоўнікі ізалятара збівалі арыштантаў, а адзін з іх здымаў усё гэта на відэа
Праваабаронцы працягваюць фіксаваць факты збіванняў і катаванняў супраць беларусаў, якіх асудзілі паводле "палітычных" артыкулаў. Зафіксавана мноства сведчанняў, калі затрыманых збівалі не толькі пры затрыманні, але і падчас "сутак" у ізалятарах. Большасць з іх былі ў ІЧУ Жодзіна. Супраць людзей там нават ужывалі пярцовы газ.
"Дзесьці праз тыдзень пасля затрымання трое супрацоўнікаў вырашылі зладзіць акцыю застрашвання. Гэта адбылося ўначы, у першыя гадзіны пасля адбою. Са слоў тых, хто не спаў, супрацоўнікі выпадкова абралі некалькі камер, пасля чаго адчынілі дзверы і загадалі ўсім легчы на падлогу тварам долу. Пасля гэтага двое супрацоўнікаў хадзілі па людзях, тапталі нагамі па спіне. Аднаго хлопца рукамі білі па нырках. Трэці супрацоўнік стаяў ля ўваходу і здымаў тое, што адбываецца, на смартфон. Пасля гэтага яны пайшлі ў суседнюю камеру. Людзей там білі даўжэй, але, здаецца, ніхто сур'ёзна не пацярпеў.
Моцна збівалі некалькіх зняволеных з іншых камер. Наколькі я зразумеў, гэта былі тыя, хто скардзіўся на ўмовы ўтрымання. Мяркуючы па гуках, іх не столькі білі, колькі ўжывалі супраць іх болевыя прыёмы.
Менавіта падчас гэтай падзеі некалькі маіх сукамернікаў змаглі ўбачыць, што тыя, хто прыходзілі, былі ў майках з надпісам "АМАП" на спіне. Я ўпэўнены, што яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі АМАП, паколькі гэтыя ж людзі, мяркуючы па галасах, неслі дзяжурства як наглядчыкі. Мы з сукамернікамі нават расчулі, што аднаго з іх клічуць Павел. Дарэчы, гэта найболей агрэсіўны наглядчык".
Акрамя гэтага, былы арыштант адзначыў, што некаторыя дзяжурныя ізалятара падчас праверкі камер былі ў чорных берэтах, якія звычайна носяць супрацоўнікі АМАПу.
"Ад сябе дадам, што падчас іх збіванняў удары нагамі былі літаральна слабымі. Я не магу назваць сябе моцным чалавекам, але там відавочна былі людзі без сілавой падрыхтоўкі".
"Паставілі да сцяны і лёгка збілі, наносячы ўдары ў корпус і далонямі па твары". Як адбываюць "суткі" затрыманыя на антываенных акцыях
Пасля "сутак" затрыманыя не могуць забраць свае арыштаваныя рэчы
Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, пасля вызвалення беларусы не знаходзяць свае рэчы, якія былі арыштаваныя да заканчэння арышту. Пасля складання пратаколаў вопісу іх збіраюць у пакеты, якія могуць не падпісаць, таму рэчы страчваюцца сярод астатніх. Шмат хто не можа знайсці нават каштоўнасці.
"Я быў адным з тых, чые рэчы не былі знойдзеныя падчас выпуску. Праблема была ў тым, што калі мяшок з рэчамі быў не падпісаны, то яго амаль нерэальна знайсці. Адзначу, што калі арыштаваны быў з торбай ці заплечнікам, то рэчы складалі туды".
"Дактароў у нас няма, яны нас на х*й пасылаюць"
Нягледзячы на тое, што ўлады не выконваюць рэкамендацыі наконт забеспячэння антыкавідных мер, саджаючы па 20 чалавек у чатырохмясцовыя камеры, ад затрыманых патрабуюць надзяваць медыцынскія маскі падчас "шмонаў". На Акрэсціна маскі выдавалі падчас "прыёму".
"Пра медыцынскую дапамогу ў Жодзіне можна сказаць фразай аднаго з наглядчыкаў: "Дактароў у нас няма, яны нас на х*й пасылаюць". Магчыма, у ІЧУ Жодзіна і ёсць фельчар, але паўнавартасных дактароў, здольных аказаць медыцынскую дапамогу, там няма.
Са слоў наглядчыка, з якім удалося пагутарыць, мясцовыя дактары не хочуць працаваць з дадзенай установай праз вялікую колькасць аднатыповых скаргаў з боку зняволеных, якія адбываюць тэрмін паводле крымінальных артыкулаў (болі ў жываце, галаўныя болі). Таму наглядчыкі вымушаныя самастойна аказваць дапамогу, з прычыны чаго ў Жодзіне цалкам спакойна можна перадаваць прэпараты для «сардэчнікаў»".