viasna on patreon

«Навязваў падпісчыкам Instagram сваё скажонае і аднабокае меркаванне». Блогеру Савіну запрасілі 8 гадоў калоніі

2022 2022-03-23T03:20:07+0300 2022-03-23T11:49:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/savin_ulad.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Заводскага раёна Мінска чатыры месяцы разглядаецца крымінальная справа супраць 43-гадовага прадзюсара і блогера Уладзіслава Савіна. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: махлярства ў буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК) і арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (арт. 342 КК). Уладзіславу ставіцца ў віну махлярства у 2015-2016 годзе: паабяцаўшы больш за 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, ён не выканаў гэтага. Таксама Савіна абвінавачваюць ва ўдзеле ў трох Маршах у 2020 годзе і арганізацыю пратэстаў праз сваю старонку Instagram. Пад вартай мужчына ўтрымліваецца амаль год. Пракурорка запрасіла для блогера пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў. Суддзя Анжэла Касцюкевіч агучыць прысуд 30 сакавіка.

Уладзіслаў Савін
Уладзіслаў Савін

Уладзіслаў быў затрыманы 8 красавіка 2021 года супрацоўнікамі віцебскага ГУБАЗіКа. Па інфармацыі МУС, з 2016 года ён знаходзіўся ў міждзяржаўным вышуку.

«Мужчына падмануў больш за 100 чалавек, паабяцаўшы ім удзел у розных рэаліці-шоў. Жадаючыя страцілі ў агульнай складанасці больш за мільярд недэнамінаваных рублёў. Займеўшы грошы, арганізатар адмовіўся ад сваіх абязальніцтваў, а калі ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за махлярства, схаваўся ў Расеі», — заяўлялі ў МУС пасля затрымання мужчыны.

Гутарка ідзе пра першыя ў Беларусі рэаліці-шоў — «Бандиты в Мексике», «Корабль», «Автобус» і іншыя.

У 2020 годзе Уладзіслаў вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да пратэстаў — ён удзельнічаў у акцыях пратэсту і актыўна асвятляў гэта на сваёй старонцы ў Instagram.

Пасля затрымання Уладзіслава этапавалі ў СІЗА-1 Мінска, дзе ён утрымліваецца і па гэты дзень. Супраць яго ўзбудзілі крымінальныя справы па ч. 4 арт. 209 і ч. 1 арт. 342 КК.

Згодна версіі абвінавачвання, Уладзіслаў Савін з 20 сакавіка 2015 па 5 красавіка 2016 году «шляхам падману (махлярства) асобаў завалодаў грашовымі сродкамі ў агульнай суме эквівалентнай 8430 базавым велічыням (175 142 рубля 44 капейкі)», а значыць здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу.

Як раней паведамляла жонка Уладзіслава, крымінальная справа па арт. 209 КК цягнецца з 2016 года, калі Уладзіслаў рабіў тэлепраект з тэлеканалам АНТ. Ён першапачаткова праходзіў пацярпелым, потым сведкам. Справу закрывалі, а ў жніўні 2020-га яе рэзка аднавілі.

Таксама Савіну інкрымінуецца арт. 342 КК. Згодна версіі абвінавачвання, Уладзіслаў 23 жніўня 2020 году з 12:00 да 20:30, дзейнічаючы сумесна і ўзгоднена з іншымі неўстаноўленымі асобамі, у складзе калоны прыняў актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак: публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя плясканні ў далоні, здзяйсняў блакіроўку руху транспарту шляхам выхаду з іншымі неустаноўленымі асобамі на поласы руху праезнай часткі. Па падліках следства,у той дзень пратэстоўцамі, у тым ліку і Савіным, былі парушаныя работы 19 аўтобусаў і пяці тралейбусаў па праспектуах Незалежнасці, Машэрава і іншых вуліцах.

Савіну ставяцца ў віну аналагічныя дзеянні — ўдзел у акцыях пратэсту — 14 жніўня з 14:00 да 19:40 і 16 жніўня з 10:00 па 20:30.

Акрамя гэтага, Савіна абвінавачваюць у арганізацыі акцый пратэсту ў Мінску. Згодна версіі абвінавачвання, ён, знаходзячыся на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі з 13 жніўня 2020 году па 8 красавіка 2021 году, «замахваючыся на грамадскі парадак і сферу яго сацыяльных патрабаванняў» у сацыяльнай сетцы Instagram стварыў страніцу «Улад Савін (vlad.savinn)» «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, а таксама з мэтай арганізацыі збору як актыўных, так і пасіўных удзельнікаў парушэння грамадскага парадку на тэрыторыіБеларусі, схілення іх да канкрэтных, у тым ліку групавым, дзеянням, якія груба парушаюць грамадскі парадак, размясціў на сваёй старонцы аўдыё-відэа-фота-тэкставую інфармацыю і спасылкі на іншыя інтэрнэт-рэсурсы, якія працуюць у адзінай сістэме дублявання, перадачы і каментаванай падтрымкі публічнага распаўсюду адпаведнай інфармацыі, устанавіў з іншымі карыстальнікамі Instagram для далейшага абмена інфармацыяй, сфарміраваўшы такім чынам супольнасць аднадумцаў».

Блогеру па арганізацыі пратэстаў інкрымінуецца 13 відэаролікаў у Instagram, сярод якіх — «Моё обращение к Лидии Ярмошиной (13.08.2020), «Обращение к студентам Беларуси (01.09.2020), «Что вы делали прошлым летом (08.09.2020),«О финансировании протестов в Беларуси» (17.09.2020), «Мы не дадим сделать из Беларуси концлагерь» (23.10.2020), «О солидарности…» (04.11.2020) і іншыя. Акрамя гэтага, пасты, якія змяшчаюць інфармацыю пра «мірныя маршы».

«Савін шляхам публікацыі пазначанай інфармацыі выносіў адпаведны парадак у свядомасць шырокага кола асобаў з ліку яго падпісчыкаў Instagram у колькасці больш 10 000 чалавек з мэтай накіравання, карэктыроўкі і каардынацыі іх дзеяннямі, фарміраваў, распаўсюджваў і навязваў ім сваё скажонае і аднабокае меркаванне і ход думак, што адбывалася шляхам ілжывай дэманстрацыі актыўнага ўключэння ў абмеркаванне пэўных рашэнняў, рэформаў, падзей, фальшывага паказу пэўных поглядаў, неадабраных і падтрымоўваных грамадствам; дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай улады, органаў кіравання, іх дзеянняў і якая праводзіцца імі палітыкі; распостранений сумненняў у дакладнасці пэўных фактаў, у абгрунтаванасці довадаў і лагічнасці высноў; стварэння ўражанні ўключанасці ў пратэст большасці людзей і адабрэння пратэснай актыўнасці, у выніку чаго ў грамадстве паўстаў панічны, агрэсіўны, пратэсны настрой, хуткае яго нагнятанне, што суправаджалася масавым распаўсюджваннем у сетцы інтэрнэт інфармацыі, якая змяшчала звесткі аб месцы і часе збору ўдзельнікаў пратэсных акцый у Мінску, плане іх дзеянняў, а таксама іншыя звесткі па кіраўніцтву і каардынацыі супрацьпраўнай дзейнасці гэтых асобаў», — гаворыцца ў абвінавачванні.

Як сцвярджае абвінавачванне, у выніку дзеяння Савіна і іншых асоб прывялі да масавых публічных пратэсных акцый сацыяльна-псіхалагічнага процідзеяння загадзя ў парушэнне дзеючага заканадаўства Беларусі, у выніку чаго адбылася дэфармацыя самога разумення парадку, а ўяўная спантаннасць дзеянняў яе ўдзельнікаў адбывалася па загадзя распрацаваным сцэнары і прыўносіла хаос у тое, што адбываецца.

Увесь суд расцягнуўся на амаль 40 пасяджэнняў. Уладзіслаў не прызнаў віну па ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу, а па ч. 1 арт. 342 КК прызнаў цалкам.

Уладзіслаў на судзе пацвердзіў, што ўдзельнічаў у трох Маршах і выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь». На допыце ў судзе ён распавёў пра відэаролікі, якія здымаў для Instagram

«Усе відэаролікі я публікаваў з мэтай выказвання свайго палітычнага меркавання і грамадзянскай пазіцыі. Я хацеў, каб людзі чулі маю пазіцыю наконт таго, што адбываецца ў краіне. Мне гэта было важна», — цвёрда на судзе заявіў блогер.

Суддзя запытала, чаму Савіну было важна, каб яго чулі. На гэта блогер адказаў, што лічыў, што беларусаў падманьваюць, а «гвалт, які ён бачыў, не мусіць мець месца ў дэмакратычнай краіне пасярод Еўропы».

— Дык а людзям навошта пра гэта казаць? — перапытала суддзя Касцюкеівч.

— У сэнсе? — не зразумеў пытання Савін.

— Вы на сябе якую функцыю ўзялі? — дапытвалася суддзя.

— Я гэта казаў, таму што я маю права згодна з артыкулам 19 Дэкларацыі правоў чалавека гаварыць і выказваць сваё меркаванне, — адказаў Уладзіслаў.

— Калі ласка. Але навошта гэта рабіць на публіку? — не разумела Касцюкевіч.

— Я лічыў, што людзям гэта цікава.

— «Людзям гэта цікава...», — паўтарыла, нібы перадражніваючы, яго словы суддзя.

На працэсе ён распавёў, што прыдумаў акцыю да 1 лістапада 2020 году, пра якую распавёў у відэароліку «Почему мы хотим остановить движение 1 ноября?»: ён заклікаў усіх кіроўцаў спыніць транспарт на 30 хвілін у знак салідарнасці з пратэстоўцамі і выразіць такім чынам пратэст дзеючай уладзе.

Пра астатнія відэаролікі Савін заявіў, што лічыць, што «нічога злачыннага ў іх ён не гаварыў і не заклікаў да гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі».

22 сакавіка падчас судовых спрэчак пракурорка запрасіла ў суда пакаранне для Уладзіслава Савіна ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў. Суддзя Анжэла Касцюкевіч агучыць прысуд 30 сакавіка ў 11:30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства