Затрыманні, пералік экстрэмістаў, ціск на палітвязня: хроніка пераследу 23 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі 23 сакавіка працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні ў Мазыры
У Мазыры сёння затрымалі актывістаў Фёдара і Крысціну Чаранковых, а таксама іх сяброў: Аляксандра Дзеравеньку, Альберта Зубарава і ягоную дзяўчыну Карыну.
У іх адбыліся ператрусы. Цяпер яны ўсе знаходзяцца ў ІЧУ.
Жыхароў Баранавічаў выклікаюць на «прафілактычныя гутаркі» да Дня Волі
Як паведаміў праваабаронцам «Вясны» жыхар Баранавічаў, які раней адбываў «палітычныя суткі», ён атрымаў позву з’явіцца ў мясцовы РАУС 25 сакавіка ў якасці сведкі па невядомай крымінальнай справе. Ён знайшоў позву ў паштовай скрыні.
Мужчына распавядае, што такія позвы атрымалі многія ў горадзе, хто раней пераследаваўся па «палітычных артыкулах». Жыхароў Баранавічаў выклікаюць на 23-25 сакавіка.
Нагадаем, кожны год міліцыянты перад Днём Волі ладзяць «прафілактычныя гутаркі», якія часта сканчваюцца прэвентыўнамі затрыманнямі і «суткамі». Такім чынам улады хочуць не дапусціць патэнцыяныя пратэсты ў гэты значны для беларусаў дзень.
Затрыманне для профмерапрыемства
У Мінску з дома а 22-й таксама забралі Г.Крачкоўскага: першапачаткова — для "профмерапрыемства".
Затрымалі сяброўку Каардынацыйнай рады Таццяну Вадалажскую
Гэта адбылося 23 сакавіка падчас яе візіту ў Следчы камітэт, дзе павінен быў прайсці допыт.
МУС апублікаваў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
У пералік увайшлі 140 чалавек — большасць з іх палітвязні.
Туды ўключылі грамадзян, якія асуджаны па «злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці». Гэта артыкулы 293 (удзел у масавых беспарадках), 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадк), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), 341 (апаганьванне маёмасці) і іншыя «пратэсныя артыкулы».
У спісе, сярод іншых, Павел Севярынец, Арцём Баярскі, Марыя Калеснікава, Максім Знак, хворая на анкалогію пенсіянерка Людміла Хлусевіч.
МУС адзначыў, што ў новы пералік ўключаюцца грамадзяне, у дачыненні да якіх маецца які ўступіў у законную сілу прысуд суда ў сувязі з учыненнем крымінальных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Ім да пагашэння судзімасці і цягам пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, педагагічнай дзейнасцю, выдавецкай дзейнасцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць ваенную службу. Іх фінансавыя аперацыі падлягаюць асабліваму кантролю з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці. Замежнікам, уключаным у названы пералік, можа быць адмоўлена ў выдачы візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь
КДБ прызнаў Telegram-чат «Сообщество железнодорожников Беларуси» экстрэмісцкім фармаваннем
Такое рашэнне КДБ прыняў 21 сакавіка.
Таксама прызнаны «экстрэмісцкім» лагатып «в виде графического изображения передней части локомотива и словесным обозначением «Сообщество железнодорожников Беларуси»
У Зміцера і Насты Дашкевічаў адбыўся ператрус. Актывіста затрымалі
З сацыяльных сетак стала вядома, што дома ў іх забралі ўсю тэхніку. Наста на свабодзе, але сувязі з ёй няма. Зміцера забралі «людзі ў чорным».
Палітвязня Міколу Дзядка змясцілі ў ПКТ на чатыры месяцы за адмову выходзіць на працу
Пра гэта распавёў «Новаму Часу» бацька палітвязня Аляксандр Дзядок. Нагадаем, 10 сакавіка Мікола адмовіўся ад працы на знак пратэсту супраць пазбаўлення яго перапіскі і пераследу тых асуджаных, якія з ім камунікуюць. Адміністрацыя за гэта пакарала Дзядка чатырма месяцамі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ). А двух асуджаных, якія працягвалі з ім камунікаваць, змясцілі ў ШІЗА. Бацька палітвязня адзначае, што ў ПКТ холадна і брудна, і нягледзячы на тое, што ноччу бывае мінусавая тэмпература паветра, там выключаюць ацяпленне.
Ліставанне Міколе фактычна заблакавалі. Тыя лісты, якія яму дасылаюць у калонію, адміністрацыя наўпрост знішчае.
Аляксандр 22 сакавіка спрабаваў перадаць сыну належную яму па законе рэчавую перадачу, але яе не прынялі:
«Там неабходныя рэчы — зубныя пасты, шчоткі, прылады для галення. Але каб пазбавіць яго магчымасці прыводзіць сябе ў чалавечы выгляд, яны адмовіліся прымаць гэтую рэчавую перадачу. Таксама я прывёз медыцынскую перадачу, але яе таксама адмовіліся прымаць. Яму патрэбныя медыцынскія прэпараты, а дэ-факта атрымліваецца, што яго пазбавілі медыцынскай дапамогі».
Таксама Аляксандра Дзядка не пусцілі да адміністрацыі калоніі і спрабавалі справакаваць на канфлікт.
Учора Міколу змагла наведаць адвакат. Па яе словах, выглядае ён нядрэнна, хоць у цэлым абстаноўка цяжкая.
«Але ён трымаецца, ён моцны чалавек, і ён будзе змагацца, наколькі гэта магчыма».
У Мінску за ўдзел у пратэстах затрымалі керамістку і яе мужа
Стала вядома, што днямі ў Мінску затрымалі керамістку і заснавальніцу брэнда piuceramics Анастасію Малашук і яе мужа Аляксея Кедыша. Яны абвінавачваюцца па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Анастасію і Аляксея змясцілі ў СІЗА-1 да суда.
У Віцебску за каментар пра Лукашэнку затрымалі Святлану Фірсаву — раней жанчыну ўжо асудзілі за БЧБ-палоскі на асфальце
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Віцебску 28-гадовай Святланы Фірсавай. Жанчына ў 2021 годзе нібыта пакінула каментар «Дебил бл***ть» пад відэа з прамовай Лукашэнкі.
У лютым Святлану асудзілі на 200 базавых штрафу за «апаганьванне збудаванняў і псавання маёмасці» (арт. 341 КК). Згодна з абвінавачваннем, Фірсава з іншай жанчынай наносілі надпісы і БЧБ выявы на слупах электраперадачы, дрэвах, лаўках на прыпынках транспарту, асфальце. Таксама яны расклейвалі лісты паперы з чырвонай палоскай на белым фоне.