Гамельчуку прысудзілі год калоніі за сарваны са сцяны дзяржаўны сцяг
Праваабаронцам стаў вядомы яшчэ адзін сакавіцкі прысуд за знявагу дзяржаўнага сцяга. У Цэнтральным судзе Гомеля 4 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе Віктара Рысінскага, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўных сімвалаў па артыкуле 370 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок, дзяржабвінаваўца – пракурор Ш.
Па матэрыялах следства, абвінавачаны Рысінскі, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення напрыканцы 2021 года, у вячэрні час, “маючы імкненне публічна прадэманстраваць сваё непаважлівае стаўленне да дзяржаўнага сімвалу, дэманстратыўна, выяўляючы паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны, накіраваныя на здзек над дзяржаўнай сімволікай Рэспублікі Беларусь” - здзейсніў злачынства – наўмысна сарваў сцяг разам з мацаваннем з фасаду будынка ў Гомель па вуліцы Сялянская, 14. Сваімі дзеяннямі нанёс шкоду Галоўнаму кантрольна-аналітычнаму ўпраўленню Гомельскага аблвыканкама на суму 82 рублі і 4 капейкі.
Рысінскага вылічылі дзякуючы камерам відэаназірання і затрымалі на трое сутак. Затым да суда ён быў адпушчаны на волю пад асабістае паручальніцтва.
Сваю віну ў здзейсненым абвінавачаны прызнаў цалкам.
У судзе Рысінскі патлумачыў, што па дарозе з аднаго рэстарана ў другі, разам з кампаніяй знаёмых, прыкладна ў 23 гадзіны, хацеў проста зняць сцяг са сцяны, каб усім разам сфатаграфавацца з ім. Прыладзіць яно на месца не ўдалося і ён пакінуў яго каля сцяны будынка.
Абвінавачаны катэгарычна адмовіўся, што знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення.
Частка сведак заявіла ў судзе, што абвінавачаны быў цвярозым, частка прызнала, што бачылі ў ягоных руках келіх.
Нязледзячы на станоўчыя характарыстыкі, суддзя Казачок пастанавіў прызнаць Рысінскага вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму.
Меру стрымання ў дачыненні да Рысінскага ў выглядзе асабістага паручальніцтва, змяніць на заключэнне пад варту ў залі суда.