viasna on patreon

Дзень волі ў няволі. 25 сакавіка для праваабаронцаў - дзень асаблівы

2022 2022-03-25T08:57:00+0300 2022-03-25T11:10:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzen-voli-2021--003.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

Дзень Волі, 25 сакавіка, для праваабаронцаў заўжды быў і застаецца асаблівым днём. І найперш, як важная гістарычная дата.

Напачатку студзеня 1918 года бальшавікі разагналі Устаноўчы Усебеларускі з’езд. Яны нанеслі цяжкі ўдар па народнаму волевыяўленню, па дэмакратыі, прывялі да камуністычнай дыктатуры. Многія відныя нацыянальныя і грамадскія дзеячы былі кінутыя за краты, многія з’ехалі ў іншыя краіны, некаторыя сыйшлі ў глыбокае падполле. І толькі  25 сакавіка на з’ездзе  была прынятая Трэцяя Устаўная Грамата, якая абвясціла:

«Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнаю і вольнаю дзяржавай».

Але што мы бачым сёння?

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася сёння да беларусаў з нагоды 104-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР. Яна прыгадала аднаўленне незалежнасці на пачатку 1990-х: "Пасля таго як бальшавікі зноў адабралі ў нас нашую дзяржаву, мы 70 гадоў змагаліся, каб яе аднавіць. І мы аднавілі яе. 25 жніўня 1991 года была абвешчаная незалежнасць Рэспублікі Беларусь".

На жаль, ненадоўга. Дыктатура вярнулася на Беларусь ізноў. І таму ў красавіку 1996 году падчас масавых акцыяў пратэсту дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі быў створаны Праваабарончы цэнтр «Вясна» (на той час -  “Вясна-96”).

Праваабаронцы “Вясны” не толькі адзначалі і адзначаюць зараз гэты дзень. За рэдкім выключэннем, 25 сакавіка, гэта яшчэ і дзень затрыманняў, арыштаў, брутальных разгонаў мірных грамадзян. У “Вясну” сцякаецца з розных гарадоў інфармацыя пра парушэнні правоў чалавека, напружана працуюць юрысты, валанцёры, журналісты. Часта сярод затрыманых у гэты дзень былі і вясноўцы, якія займаліся маніторынгам мірных шэсцяў і мітынгаў.

У архівах “Вясны” захавалася шмат унікальных фотаздымкаў, звязаных з гэтай датай. На адным з іх, зробленым 20 год таму, праваабаронцы “Вясны” Аліна і Валянцін Cтэфановічы, Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Юрый Новікаў і Юрый Чавусаў. Яны прымалі  ўдзел у мітынгу ў Купалаўскім парку, прысвечаным Дню Волі. У той дзень, калі грамадзяне вырашылі прайсці да помніка Якубу Коласу, каб ускласці кветкі, яны былі жорстка разагнаныя сілавікамі. За плошчаю Перамогі супрацоўнікамі міліцыі было затрымана каля ста ўдзельнікаў мітынгу і журналістаў. Многім з арыштаваных дапамогу аказвалі праваабаронцы.

Сёння праваабаронцы, нашыя калегі, кінутыя за краты, некаторыя асуджаныя за сваю легальную праваабарончую дзейнасць, некаторыя з-за крымінальнага пераследу вымушаныя былі пакінуць радзіму.

Старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч застаюцца за кратамі больш за 250 дзён. Каардынатарка валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова ўтрымліваецца за кратамі ўжо 550 дзён, а валанцёр Андрэй Чапюк - 535 дзён. 

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка і валанцёрка Таццяна Ласіца асуджаныя да трох і двух з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Роўна год таму, 25 сакавіка, Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю Беларускаму Радыё Рацыя так ахарактарызаваў важнасць гэтага памятнага для беларусаў дня:

“Я проста перакананы, што Свята Волі 25 Сакавіка заўсёды было той „чырвонай анучай”, на якую вельмі нервова рэагаваў нелегітымны кіраўнік дзяржавы. Калі глядзець, пачынаючы з 1994 года, то большасць святаў на 25 Сакавіка заўсёды праходзілі з затрыманнямі, з разгонамі. І мяне затрымлівалі таксама. Гэта ўсё ёсць у нашай гісторыі. Давайце ўзгадаем, што было на 25 Сакавіка ў 2017 годзе, калі цэнтр Менска быў фактычна акупаваны сіламі АМАПа, спецназа, унутраных войск. Тады былі затрыманыя некалькі соцень чалавек. Сённяшнія ўлады ўспрымаюць Дзень Волі як непасрэдную пагрозу для іх “сталінска-савецкай спадчыны”. Яны бачаць свой пачатак з Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і ад камуністаў, якія задушылі фактычна Беларускую Народную Рэспубліку. І вельмі моцна абмежавалі нашу незалежнасць, практычна знішчылі яе, што пасля прывяло да масавых рэпрэсій. Сотні тысяч забітых беларусаў на сумленні тагачаснай камуністычнай улады. А сённяшняя ўлада ў Беларусі – гэта іхны прамы нашчадак. Тым не менш, свята застаецца і яно святкуецца па-рознаму і ў розных умовах”.

У гэтым годзе Дзень Волі мае асаблівы сэнс. Імперскімі коламі Расіі здзейснены напад на незалежную Украіну, якая мужна супрацьстаіць гэтай навале. І выключная большасць беларусаў - на яе баку. Паколькі незалежная Україна – шанец і для беларусаў стаць вольным і свабодным народам, рэалізаваць ідэалы і памкненні, дэклараваныя Беларускай Народнай Рэспублікай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства