viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі на Дзень Волі і 26 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-26T23:00:00+0300 2022-03-27T12:57:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/novikau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 25 сакавіка Дзень Волі, які традыцыйна суправаджаецца пратэстамі і патэнцыйнымі затрыманнямі. У гэты дзень працягнуліся таксама ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў. Таксама працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі 25 і 26 сакавіка.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы ксёндз касцёла ў Лынтупах

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што 24 сакавіка ў гарадскім пасёлку Лынтупы быў затрыманы ксёндз Андрэеўскага касцёла. Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ горада Паставы.

Прозвішча і прычыны затрымання пакуль невядомыя.

Як стала вядома @Nashaniva, затрыманага ў Лынтупах святара зваць Аляксандр Баран.


На праўладных тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя аб затрыманні пяці «жанчын з парасонамі»

Паведамляецца, што іх затрымалі 20 сакавіка. На апублікаваных відэа бачна, што сілавікі ў поўным абмундзіраванні ўрываюцца да дзвюх жанчын у кватэры. Адна з іх яшчэ знаходзілася ў ложку.

Паведамляецца, што затрыманыя сёстры Наталля і Галіна Сінілевіч, Вольга Калашнікава, Таццяна Ціханава.


Ад 7 да 15 сутак. Затрыманых на Дзень Волі судзілі ў суботу

Па інфармацыі праваабаронцаў, 25 сакавіка на Дзень Волі ў цэнтры Мінску затрымалі 12 чалавек, якія сядзелі на лаўцы ў парку. Да іх пад’ехалі сілавікі на двух бусах, затрымалі і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. У суботу ў судзе Цэнтральнага раёна над імі прайшлі суды. Вядома, што двум мужчынам прызначылі па 15 сутак арышту. Але Вярхоўны суд не паведамляў, што на выходных будуць працаваць дзяжурныя суддзі, таму ўсе суды прайшлі ў закрытым рэжыме. Пра судовыя вынікі сваякі даведаліся ад супрацоўнікаў ІЧУ Акрэсціна.

Таксама вядома, што суд Заводскага раёна 26 сакавіка асудзіў мінчука да 7 сутак адміністрацыйнага арышту.


Супраць байцоў батальёна імя Каліноўскага, якія ваююць на баку Украіны, распачалі крымінальную справу аб саўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы

МУС нібыта вядома пра 50 удзельнікаў батальёна, паведаміў намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч. Узбуджаная справа па арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса.


Затрыманні 26 сакавіка

26 сакавіка каля 17 гадзін у мінскіх «Соснах» затрымалі мужчыну. Паведамляюць, што недалёка ад месца затрымання заўважылі на дрэвах шмат бел-чырвона-белых стужак. Затрымлівалі два амапаўцы, адзін з іх быў з аўтаматам. Прозвішча і месцазнаходжанне мужчыны пакуль невядомыя.

Паведамляецца, што 26 сакавіка затрыманая Хрысціна Самойлава. Затрымалі дома, быў вобшук забралі тэлефон і ноўтбук. Даставілі, верагодна, у Савецкі РУУС.


Палітвязня Андрэя Новікава 39 дзён утрымліваюць у ШІЗА 

Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя
Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя

Па інфармацыі праваабаронцаў, Андрэя Новікава змясцілі ў штрафны ізалятар яшчэ 12 лютага і будуць там утрымліваць да 27 сакавіка. Прычыны пакуль невядомыя.

Палітвязня, які падчас прадвыбарчай кампаніі 2020 года быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, утрымлівалі 7 месяцаў у межах «справы Ціханоўскага». 26 лістапада 2020 году Новікава дэпартавалі ў Расею, забараніўшы наведваць Беларусь цягам 10 гадоў. Але мужчына ўсё ж такі прыехаў у Беларусь, каб наведаць жонку з дзецьмі. 

5 жніўня палітвязня асудзілі за  да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і незаконнае перасячэнне мяжы.

Падтрымаць Андрэя: ПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Новікаву Андрэю Анатольевічу


Пераслед у Карэлічах

Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", на пачатку лютага супрацоўнікі Карэліцкага РАУС затрымалі не менш за дзясятак чалавек. У спісе "нядобранадзейных" былі і прыватнікі, і супрацоўнікі дзяржпрадпрыемстваў. Ва ўсіх аглядалі тэлефоны, спрабавалі знайсці прычыны, каб завесці адміністрацыйныя справы. Вядома, што аднаго прадпрымальніка аштрафавалі на 800 рублёў за леташнюю актыўнасць у "экстрэмісцкім чаце", а таксама забралі тэлефон.

23 сакавіка ў першай палове дня ГУБАЗіК на двух чорных бусах затрымаў супрацоўніка прыватнага прадпрыемства "Белтавіс" Віктара Пільжыса. Па словах відавочцаў, байцы АМАПу некаторы час стаялі каля крамы, чакаючы моманту, каб яго затрымаць, як толькі ён з'явіцца ў іх поле зроку.
Ператрусы прайшлі ў маці затрыманага і ў былой жонкі. Паводле інфармацыі крыніц, 25 сакавіка ў Карэлічах Віктару прысудзілі 10 сутак арышту па адміністрацыйным артыкуле. Які менавіта — невядома, але ёсць здагадкі, што з-за яго адкрытай грамадзянскай пазіцыі ў сацыяльных сетках.

"Шчыра кажучы, мясцовыя жыхары вельмі запалоханыя. У гэтым раёне і так як выжыць: ні працы нармальнай, ні заробкаў годных. А тут яшчэ да ўсяго іншага страшна цяпер на вуліцу выйсці ці сказаць нешта лішняе. Не думаў, што калі-небудзь мы будзем так баяцца міліцыі", — распавядаюць мясцовыя жыхары "Вясне".


Затрыманні ў Мінску

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што сёння каля Чырвонага касцёла ў Мінску затрымалі мужчыну ў акулярах, чорнай куртцы і клетчатай кашулі. Прозвішча і прычыны затрымання пакуль невядомыя. Раней паведамлялася, што днём да Чырвонага касцёла з БЧБ-сцягам выйшла вядомая актывістка Ніна Багінская.

Паведамляецца, што ў Мінску затрыманы Данііл Асавелюк і Арцём Сабалеўскі. Таксама каля станцыі метро "Усход" затрыманы Станіслаў Базарнаў.

"Списки задержанных" таксама паведамляюць пра затрыманне ў Мінску Аляўціны і Віктара Бяляўскіх (іх даставілі ў Першамайскага РУУС, потым яе вызвалілі, а яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна), Вячаслава Загорскага (з Фрунзенскага РУУС яго перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна), Віктара Янушкевіча, Сяргея і Галіны Філіпавых.

Таксама ў Мінску 25 сакавіка затрымалі і даставілі ў Цэнтральны РУУС Таццяну Лукаянаву.


На аўтара «Вікіпедыі» Марка завялі крымінальную справу

Марк Бернштэйн

Ён адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак стала вядома, што ў дачыненні яго заведзена крымінальная справа па ч.1 арт. 342 КК (удзел у дзеннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Марк Бернштэйн — прадпрымальнік і легендарны аўтар Вікіпедыі. Ён вядомы ва ўсім свеце як Pessimist2006 — топавы рэдактар «Вікіпедыі». З 14 чэрвеня 2008 года ён унес у розныя артыкулы больш за 200 тысяч правак. Марк уваходзіць у спіс «топ-50 найлепшых аўтараў сегмента на рускай мове».

Пра яго затрыманне стала вядома 11 сакавіка. Яго затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, а ў іх тэлеграм-канале было апублікаванае фота з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасійскія матэрыялы».


Затрыманне ў Магілёве, Камянцы

У Магілёве затрымалі грэка-каталіцкага святара Васіля Ягорава. На яго машыне быў плакат са словамі «Украина, прости».

У Камянцы затрыманы Віктар Пархімчык


У Гродне затрымалі польскага шпіёна — КДБ

Ведамства таксама абвінавачвае генконсула Польшчы ў Гродне Анджэя Рачкоўскага і консула польскага генконсульства Марціна Хрустэля ў спробе перашкодзіць правядзенню "неадкладных следчых дзеянняў" па месцы жыхарства фігуранта.


Палітзняволенай старшыне саюзу палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс, затрыманай год таму, змянілі меру стрымання

Анжаліна Борыс

"Па маёй інфармацыі, вызваленне Анжалікі Борыс з'явілася вынікам эфектыўнага ўзаемадзеяння дыпламатаў дзвюх краін і рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасля такой міласэрнай пастановы хочацца спадзявацца на пачатак нармалізацыі стасункаў паміж польскім і беларускім бокам", — сказаў Васкрасенскі Sputnik.by.

Па інфармацыі «Белсат», Борыс вывезена ў Гродна. Ёй зменена мера стрымання на “хатні арышт”.Кантактаваць з польскімі дыпламатамі ей пакуль не дазваляецца.

Яна застаецца ў статусе палітзняволенай.


У Мінску затрыманая медсястра-анэстэзістка ДХЦ Марыя Каржанеўская 

24 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў Заслаўе затрымалі яе 21-гадовага сына Данііла. Перад гэтым у іх доме выбілі дзверы, бо там нікога не было, і пачалі ладзіць ператрус да таго, як прыйшлі панятыя. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).

Сёння супрацоўнікі міліцыі запрасілі Марыю забраць ровар сына. З Цэнтральнага РУУС яе так і не выпусцілі.

Вядома, што суд Цэнтральнага раёна Мінска 25 сакавіка асудзіў Данііла Каржаўнескага па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне) на 12 сутак арышту.


Палітзняволенага Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» збіраюцца пераводзіць у «крытую» турму

Праваабаронцам стала вядома, што 12 красавіка ў судзе г. Наваполацка разгледзяць справу «аб пераводзе Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Дзмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Ірыны Шчаснай ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму». Рашэнне будзе прыймаць суддзя Ірына Жарова. Верагодна, іх збіраюцца пераводзіць на «турэмны» рэжым. Пра гэта раней паведамляў сваёй жонцы Яўген Афнагель.

Нагадаем, у траўні 2021 сямі палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Вядома толькі, што іх абвінавачвалі па некалькіх частках "пратэснага" артыкула 293 Крымінальнага кодэкса, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.


Следства пра справе супраць палітзняволенага бізнэс-аналітыка EPAM Дзяніса Насуры завершана

Дзяніс Насура быў затрыманы 9 снежня. 31 снежня яму было прад’яўленае абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У той жа дзень Дзяніс быў змешчаны пад варту ў СІЗА №1.

Цяпер стала вядома, што следства пра справе супраць палітзянволенага бізнэс-аналітыка EPAM Дзяніса Насуры завершана. Матэрыялы следства перададзеныя ў пракуратуру. Хутка мусіць пачацца суд.

Падтрымаць палітвязня: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Дзяніс Рычардавіч Насур


Ператрусы напярэдадні Дня Волі ў Наваполацку

21 сакавіка ў Наваполацку прайшлі ператрусы ў актывістаў і ў офісе Беларускага Незалежнага прафсаюзу. Фармальна ператрус праводзілі ў межах крымінальнай справы, па "факце выдавання персанальных дадзеных суддзі Балаболавай".

Дадому прыйшлі да намесніка пяршоўкі БНП «НАФТАН» Генадзю Вароне. А позна ўвечары з ператрусам прыйшлі да актывісткі Ніны Барысавай. 23 сакавіка прайшоў ператрус у юрысткі БНП Марыны Сацукевіч.

У выніку ператрусаў вынялі аргтэхніку, мабільныя тэлефоны, дакументы, прафсаюзную сімволіку (сцягі), ключы ад офісных памяшканняў, сейфа, шаф і нават(!) ад туалета.

На самім заводзе супрацоўнік службы бяспекі «Нафтан» Жагланаў праводзіць "гутаркі" з работнікамі прадпрыемства: пагражае звальненнем за сяброўства ў незалежным прафсаюзе.


У былой настаўніцы з Іванава, якая адбывае «хатнюю хіміі» за рэпосты, прайшоў ператрус 

Алена Пуцыковіч, Іванава.

24 сакавіка супрацоўнікі Іванаўскага РАУС Брэсцкай вобласці прыйшлі з ператрусам да Алены Пуцыковіч, якую асудзілі па арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) за два рэпосты ў сацсетках пра міліцыянтаў.

Ператрус санкцыянаваў пракурор Сяргей Жуковіч, які выступаў дзяржабвінаваўцам па справе супраць Алены і патрабаваў у суда ёй менавіта пакаранне ў 2,5 гады «хатняй хіміі». Гэта чацвёрты ператрус у жанчыны, які ён санкцыянуе.

Як стала вядома, ператрус ініцыяваў оперупаўнаважаны Пінскага ГАУС Яроміч па факту падпіскі на тэлеграм-чат «Пинск для жизни», які прызнаны экстрэмісцкім. У выніку ператрусу ў Алены вынялі тэлефон.

За час адбыцця «хатняй хіміі» Алене ўжо вынеслі дзве вымовы па надуманных прычынах. Ёй пагражаюць змяніць меру пакарання на больш жорсткую.


Затрыманне ў Чэрыкаве 

25 сакавіка ў 8:00 у Чэрыкаве быў затрыманы сябра БСДП, пастар пратэстанцкай царквы Раман Раждзественскі.

Міліцыянты канфіскавалі ў Рамана кампутар і тэлефон. Вядома, што прычынай затрымання стаў лайк у фэйсбуку ў жніўні 2020 годзе. У РАУСе на яго склалі пратакол, але артыкул невядомы.

Увечары яго вызвалілі да суда.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства