viasna on patreon

Груздзіловіча перавялі ў Магілёўскую турму, новыя затрыманні: хроніка пераследу 28 сакавіка Дапоўнена

2022 2022-03-28T11:28:00+0300 2022-03-29T11:40:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/navicki-mma.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 28 сакавіка працягваюць адбывацца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы баец  MMA Уладзіслаў Навіцкі

У Мінску затрымалі байца MMA Уладзіслава Навіцкага, які выступаў за сумленныя выбары і супраць вайны ва Украіне

«Пакаяльнае відэа» са спартоўцам з'явілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў.

«Цяпер, калі інфармацыйнае поле кішыць усялякай дрэнню, ён падтрымлівае і заахвочвае дзеянні сяброў, якія сталі наймітамі на баку нацыстаў, ГУБАЗ дапаможа падкарэктаваць жыццёвую пазіцыю, а дзяржава, верагодна, дасць другі шанец», — пішуць сілавікі.

Пры гэтым не ўдакладняецца, у якім статусе знаходзіцца спартовец.


Алега Груздзіловіча перавялі ў Магілёўскую турму 

Як паведаміла Свабодзе Мар'яна Грузьдзіловіч, пра перавод Алега ў Магілёўскую турму ёй стала вядома 25 сакавіка, калі пыталася ў СІЗА-1 на Валадарскага пра тое, як арганізаваць сустрэчу мужа з натарыусам.

Ёй сказалі, што 23 сакавіка Алега этапавалі ў турму №4 Магілёва. Пазней прыйшоў ліст ад Алега ад 23 сакавіка, у якім ён напісаў, што яму тады загадалі сабраць усе рэчы і зрабіць іх вопіс.

28 сакавіка дзяжурная ў магілёўскай турме пацвердзіла жонцы, што муж ужо там.

Пры гэтым дата разгляду касацыйнай скаргі ў Мінскім гарадскім судзе не прызначаная.


30-гадовага  жыхара Брэста абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь

Пракуратура Брэсцкай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 30-гадовага непрацуючага жыхара Брэста ў здзяйсненні дзеянняў, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь, паведамляе Генпракуратура.

Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з 29 снежня 2020 года па 30 красавіка 2021 года прадставіў грамадскасці загадзя ілжывыя звесткі аб дзейнасці праваахоўных і дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь: размясціў недакладную інфармацыю на інтэрнэт-сайтах замежнай арганізацыі «Вікімедыя Фаўндэйшн, Інк." (Злучаныя Штаты Амерыкі) і міжнароднай арганізацыі «Міжнароднае таварыства правоў чалавека» (Федэратыўная Рэспубліка Германія).

Акрамя таго, абвінавачаны перадаў загадзя ілжывыя звесткі аб датычнасці органаў улады Беларусі да забойства ў кастрычніку 2004 года журналісткі Веранікі Чаркасавай, а таксама да катаванняў і забойстваў людзей.


У Віцебску затрымалі трох вядучых лекараў-траўматолагаў

Паводле інфармацыі, 26 сакавіка ў кабінетах медыкаў прайшлі ператрусы. Факт затрымання нам пацвердзілі два не звязаных паміж сабой крыніцы з сферы аховы здароўя віцебшчыны.

Затрыманыя супрацоўнік ВДМУ і галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед Віцебскай вобласці Канстанцін Балабошка, загадчык траўматалагічнага аддзялення Віцебскай абласной клінічнай бальніцы Андрэй Крылоў і загадчык траўматалагічнага аддзялення БХМД у Віцебску Аляксандр Царкоўскі.

На працы двух апошніх паведамілі, што сёння іх няма на месцы.

Дакладная прычына затрымання лекараў на дадзены момант невядомая.


Супраць затрыманых у Мазыры дзяўчын распачалі крымінальныя справы

22 сакавіка ў Мазыры прайшлі ператрусы і затрыманні дзясятка антыфашыстаў, удзельнікаў розных контркультурных музычных гуртоў. У выніку былі арыштаваныя па крымінальнай справе Крысціна Чаранкова (арт. 130 КК РБ — распальванне сацыяльнай варожасці за некалькі пастоў у Інстаграме) і Ганна Пышнік (арт. 361-4 КК — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, верагодна, за анархісцкія стыкеры).

Астатніх затрыманых асудзілі па адміністрацыйных справах: Аляксандр Дзеравенька, Антон Беляк, Альберт Зубараў, Андрэй Отчык — 10 сутак арышту, Арцём Шкірман — 15 сутак.

Мужа Крысціны Фёдара Чаранкова адпусцілі да суда. Яго абвінавачваюць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (рэпосты з Белсату). Суд пройдзе 29 сакавіка.


Затрыманні актывістаў у Берасці

У Дзень Волі ў Брэсце сілавікі праз акно ўламіліся ў дом актывісткі Незалежнага прафсаюзу работнікаў РЭП Зінаіды Міхнюк.

У доме адбыўся ператрус, сама Зінаіда была затрымана. Дакладныя прычыны вобшуку і затрымання невядомыя.

Ад знаёмых затрыманай вядома, што па яе справе на допыт у Брэст ў той жа дзень прывозілі юрыста-праваабаронцу Уладзіміра Малея, які жыве ў Маларыце. Яго дапыталі ў якасьці сведкі па справе.


Затрыманні чыгуначнікаў у Гомелі

17 сакавіка ў Гомелі былі затрыманыя тры памочнікі машыніста, сёння яшчэ адзін машыніст лакаматыўнага дэпо Гомель

Машыніста забралі нейкія людзі проста з яўкі ў дэпо на рэйс.

Таксама ёсць інфармацыя аб затрыманні і правядзенні ператрусаў у работнікаў іншых падраздзяленняў Беларускай чыгункі, піша @belzhd_live.


Былога палітвязня Ігара Банцара выклікаюць у Следчы камітэт

Паведамляецца, што сёння яму патэлефанавалі з Гарадзенскага міжраённага аддзелу Следчага камітэту і запрасілі на размову. Паводле папярэдняй інфармацыі, запыт прыйшоў з Менску.

Ігар Банцар

Ігара апытаюць у рамках крымінальнай справы ў якасці сведкі. Пра якую менавіта справу вядзецца, не ўдакладняецца. Ігар мусіць з'явіцца ў Следчым камітэце заўтра, 29 сакавіка. Выдаць афіцыйную позву яму адмовіліся.

Сам Ігар лічыць, што гэта звязана з пераследам левых актывістаў з Мазыра.


28 сакавіка позна ўвечары супрацоўнікі Следчага камітэту шукалі грамадска-палітычнага актывіста Ежы Грыгенчу. Яны заявіліся ў гарадзенскую кватэру грамадскага актывіста, хоць ведалі, што Грыгенча даўно знаходзіцца за мяжой у Польшчы, піша "Гарадзенская праваабарона".

Ежы Грыгенча цікавіў супрацоўнікаў СК нібыта як сведка. Па якой канкрэтна справе – яны не паведамілі.


У Жыткавічах адбыўся чарговы ператрус у Ірыны Цішкоўскай

«Што толькі не шукалі ў маей кватэры за 1,5 гады! Сцяжкі, парасон, магніцікі, стужкі пайшлі ў рэчдокі майго махровага "экстрэмізму" раней. На гэты раз шукалася белая фарба, якой я магла напісаць на прыпынку ў вёсцы Верасніца "оскорбительные высказывания" пра Пуціна. Прычым, "зрабіла" я гэта ў дзень свайго юбілею - 24.02.2022, і мае "пасідзелкі" ў той вечар "ахоўваліся" супрацоўнікамі мясцовага РАУСу...

Шукалі фарбу людзі з крымінальнага вышуку. Не пашкадавалі ні бензіну, ні часу, каб яшчэ павезці мяне ў Тураў, дзе маю бацькоўскую хату. Фарбу не знайшлі», — напісала ў фэйсбуку Ірына.


28 сакавіка ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі 23-гадовага чальца Свабоднага прафсаюза металістаў Уладзіслава Веташкіна.

Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.


У Дзяржынску працягваюцца затрыманні і рэпрэсіі

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што 28 сакавіка супрацоўнікі АМАПу затрымалі мясцовага жыхара каля школы №4. Прозвішча затрыманага і прычыны пакуль невядомыя.

Як распавядаюць мясцовыя, ІЧУ Дзяржынска перапоўнена. Затрыманых утрымліваюць у жорсткіх умовах: у камерах халодна, не выдаюць матрацаў, перадачы не прымаюць.

«На допытах ГУБАЗіК збівае людзей і прымушае падпісаць выдуманыя пратаколы».

Тыдзень таму праваабаронцы паведамлялі пра рэпрэсіі ў Дзяржынску: у парушэнне заканадаўства на суткі затрымлівалі маці непаўнагадовых дзяцей, аднаго затрыманага збілі пры затрыманні.


Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства