viasna on patreon

Суд над палітзняволенымі анархістамі зрабілі закрытым. Што вядома па справе?

2022 2022-03-29T13:11:53+0300 2022-03-29T13:52:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/anarch_collage.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 сакавіка ў Мінскім абласным судзе ў 11 гадзін пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітзняволеных анархістаў Аляксандра Бялова, Яўгена Рубашкі, Арцёма Салаўя і Арцёма Салаўя.

Справу разглядае суддзя Алена Міснік.

Праз 20 хвілін пасля пачатку працэса пасяджэнне зрабілі закрытым па хадайніцтву пракурора Аляксандра Рамановіча, вядомага па іншых палітычных працэсах: ён падтрымліваў бок дзяржабвінавачання ў паседжаннях над палітзняволеным студэнтам Уладзіславам Марціновічам, палітзняволеным інжынерам-праграмістам Раманам Канановічам, палітзняволеным антыфашыстам Уладзіславам Зяневічам і іншых.

Ён адзначыў, што дадзеная крымінальная справа выдзеленая з іншай крымінальнай справы, папярэдняе расследаванне па якой вядзецца і дагэтуль — у тым ліку, датычна да іншых меркаваных саўдзельнікаў абвінавачаных. Акрамя таго, матэрыялы справы змяшчаюць інфармацыю, прызнаную экстрэмісцкай. Праз гэта пракурор хадайнічаў аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме. Таксама ён адзначыў, што гэта патрэбна дзеля забеспячэння аховы таямніцы следства, якая ахоўваецца законам, а таксама з мэтай выключэння распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. Усе абвінавачаныя і іх абаронцы выступілі супраць.

Нягледзячы на гэта, Алена Міснік задаволіла хадайніцтва Рамановіча. Далей справа будзе разглядацца ў закрытым рэжыме. Яна дадала, што акрамя заяўленых дзяржабвінаваўцам прычын, у матэрыялах справы ўтрымліваюцца дадзеныя пра асобаў, якія не падлягаюць разгалошванню ў судовым пасяджэнні.

misnik-ramanovich.jpg
Пракурор Аляксандр Рамановіч і суддзя Алена Міснік, якія зрабілі паседжанне закрытым

Вядома, што на паседжанні таксама прысутнічае прадстаўніца грамадзянскага пазоўніка — КУП "Мінсктранс" — Вольга Емельяненка. Верагодна, яна была ў складзе ўчастковай камісіі па выбарам прэзідэнта ўчастка для галасавання №88 падчас выбараў у 2020 годзе. Яна прадстаўляла Мінскую гарадскую арганізацыю Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі. Згодна з дадзенымі платформы "Голас", вынікі на гэтым участку былі сфальсіфікаваныя.


Нагадаем, анархістаў абвінавачваюць па арт. 342 Крымінальнага кодэкса і ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. 

Арцём Дзмітрыевіч Салавей быў затрыманы 4 жніўня 2021 года і збіты супрацоўнікамі міліцыі: яго ставілі ў "ластаўку" і пагражалі згвалтаваннем, каб ён сказаў пароль ад свайго тэлефона. 5 жніўня быў асуджаны судом Заводскага раёну на 15 сутак за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП (нібыта пры дастаўлення ў РУУС стаў паводзіць сябе агрэсіўна). Пасля адбыцця арышту быў перезатрыманы ў якасці падазраванага па крымінальнай справе. Арцёма Сяргеевіча Салаўя затрымалі таксама 4 жніўня 2021 года, аднак адразу ў межах крымінальнай справы. 

Яўген Рубашка і Аляксандр Бялоў — актывісты анархічнага руху, былі затрыманыя 29 ліпеня 2021 года ў Мінску. У іх кватэрах прайшлі ператрусы, вядома, што пры затрыманні яны былі збітыя. Патрабуючы доступу да тэлефону і камп'ютару, Яўгену Рубашку нацягвалі на галаву пакет. Падчас пераводу ў СІЗА ў Яўгена забралі ўсе кнігі і паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму, што азначае ўнясенне адзнакі ў асабістую справу, асаблівае стаўленне і дадатковую працу з псіхолагам.

«Сэрца смелае, якое большым стала». Гісторыя палітвязня Яўгена Рубашкі

Ён ночыў у намётах у літоўскім полі і ў рыжскіх парках, бачыў горную рэчку ў Славакіі і 100-кіламетровае возера – у Венгрыі, рабіў прывалы ўздоўж мора ў Харватыі, шпацыраваў па Іерусаліму, Барселоне, Парыжу, Ціране, Дрэздэну, Лісабону і яшчэ дзясяткам гарадоў.

Напярэдадні суда Жэня Рубашка напісаў адкрыты ліст таварышам:

«Мае дарагія ўсе, вітаю, з турмы ды ў вайну...

Навакольны свет стаў больш шалёным. Яму мала было тых, што сядзяць у турмах, якія жывуць пад акупацыяй дыктатур, уцекачоў ад рэпрэсій — апетыт вырас да паміраючых і тых, што бягуць ад вайны. А межы паміж дзяржавамі і нацыямі наровяць здавацца важней межаў паміж свабодай і рабствам, жыццём і смерцю.

З'яўленне ў маёй камеры зомбі-тэлека супала з першым днём вайны ва Украіне. У маім распараджэнні прапаганда з РТР, НТВ і АНТ. Адчуванне, быццам паўсталы савок не заўважыў глабальнага інфармацыйнага грамадства і шызафрэнічна працягвае верыць уласнай хлусні і міфам. А краіна-гопнік не разлічвала на адпор. І як заўсёды аўтарытарным рэжымам мала справы да пакут маленькага чалавека. Нам жа застаецца адказваць ростам салідарнасці, гарызантальных сувязяў і супрацівам.

Чым радыкальней погляды ў дачыненні да розных уладных структур, тым больш узнікае этычных дылем, калі пытанні ставяцца рубам самім жыццём. Спрэчкі антыаўтарытарыяў 8-гадовай даўніны зноў актуальныя. У гэтай сітуацыі маё маральнае права дазваляе мне толькі заклікаць таварышаў быць вельмі сумленнымі перад сабой ва ўласных унутраных матывах. І ў барацьбе са злом не станавіцца тым самым злом. Пазней мы ўсе абмяркуем да дробязяў, калі вызвалімся і застанемся жывыя... Да майго выбару паставіліся з разуменнем — мне плаціць той жа манетай. Толькі заставайцеся жывыя ва ўсіх сэнсах, чуеце, паспрабуйце не разбіць да чарцей маё сэрца, якое любіць вас!

Кожны раз пасля жніўня 2020, калі мяне пранізвае агідай ад прыхільнікаў прыгнёту, я паўтараю сабе гэтыя радкі (гурта "Король червей"):

"А мы будем теплом сердец своих греться
Жаться друг к другу крепче
На ваших могилах будем танцевать
Танец ненависти и любви".

Ваш сябар і таварыш Жэня Рубашка заўсёды побач з вамі, памятайце пра гэта, дзе б вы ні былі. У імя свабоды і жыцця, калі ласка, беражыце сябе, дарагія!

18.03.2022 г.»

Лісты салідарнасці, грашовыя пераводы і пасылкі можна адправіць па адрасе: 

 СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Яўген Аляксандравіч Рубашка
Аляксандр Андрэевіч Бялоў
Арцём Сяргеевіч Салавей
Арцём Дзмітрыевіч Салавей

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства