Маці палітзняволенай Рыты Зотавай: «Лепш бы гэта здарылася са мной»
20-гадовая студэнтка Рыта Зотава асуджаная на два гады зняволення за пару стыкераў, якія наляпіла на выпадковыя слупы ў родным Чачэрску, вяртаючыся дадому з вечарынкі. Налепкі заўважыла дырэктарка школы: яна выклікала міліцыю, якая знайшла дзяўчыну на камерах відэаназірання, і затрымала яе на трое сутак. Пасля Рыту адпусцілі, каб затрымаць ізноў амаль праз пяць месяцаў — перад Новым годам.
Мама дзяўчыны Юлія Мікалаеўна распавяла «Вясне» пра характар дачкі, ейны час у зняволенні і думкі, якія дапамагаюць ёй трымацца ў такі няпросты перыяд.
«Нічога не хоча ўжо — хоча толькі свабоды»
Рыта нарадзілася ў сям'і Юліі і Алега Зотавых 20 гадоў таму. Маці хацела назваць дачку Вікай ці Кацяй, але бацька зарэгістраваў яе пад поўным імем Рыта. Дзяўчынка засталася адзіным дзіцем у сям'і: старэйшы сын Зотавых памёр, калі яму было два месяцы, пасля дзвюх аперацыі, і Рыта заўсёды шкадавала, што ў яе не было старэйшага брата. Калі дзяўчынцы было 8 гадоў, ейныя бацькі развяліся, і Юлія Мікалаеўна працягнула гадаваць дачку адна.
— У дзіцячым садку і школе Рыта ні з кім не сварылася, расла спакойным і добрым дзіцем, — распавядае ейная маці. — Трошкі эгаістычнай, таму што яна адзіная дачка, але мне ніколі не казалі нічога дрэннага пра яе на бацькоўскіх сходах: хіба што, не хацела есці школьную ежу.
Дзяўчынка любіла рускую мову і літаратуру, біялогію. Два гады грала на фартэпіяна, але праз моцную загружанасць у школе кінула музыку, хоць потым увесь час хацела вярнуцца да заняткаў. Калі надышоў час выбіраць прафесію, Рыце спадабалася спецыяльнасць псіхолага: па балах яна праходзіла і ў мінскія ВНУ, але вырашыла застацца бліжэй да дома, каб было не так дорага ездзіць да мамы, і паступіла ў Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Францыска Скарыны.
— Ёй вельмі падабалася вучыцца, — узгадвае мама. — Адразу пасля затрымання яе вызвалілі пасля трох сутак і, пакуль ішло следства, амаль пяць месяцаў яна была ва ўніверсітэце і нават не паспявала прыязджаць дадому, бо заняткі былі і суботамі. Рыта вельмі чулы чалавек, таму паспявала не толькі добра вучыцца сама, але і дапамагаць іншым. Казала, што сядзіць начамі, бо просяць пра дапамогу, а яна не можа адмовіць. Яна таксама ўдзельнічала ў канферэнцыях і нават заняла другое месца ў міжнародным студэнцкім конкурсе па псіхалогіі, выступала з тэмай пра ўплыў няпоўных сямей на перажыванне людзьмі пачуцця адзіноты.
Цяпер Рыту адлічылі: афіцыйна — таму што яна не здала сесію, якая пачалася праз тыдзень пасля затрымання дзяўчыны. Юлія Мікалаеўна некалькі разоў ездзіла ў дэканат, але там разводзяць рукамі: каб Рыту аднавілі, яна павінна прыехаць і напісаць заяву сама.
— Я так спадзявалася, што ёй дадуць хаця б давучыцца, дый яна ў апошнім слове прасіла пра гэта, — кажа мама Рыты. — Але не ведаю, ці захоча яна аднаўляцца праз два гады. Яна раней любіла падфарбавацца, зрабіць прычоску. А ў судзе я гляджу — у яе распушчаныя валасы. Пытаюся: «Чаму не заплялася?» — я ж перадавала ёй гумкі! А яна кажа: «Не хачу». Нічога не хоча ўжо — хоча толькі свабоды. Дачка — Вадаліў паводле знаку задыяку, вельмі свабодалюбівы чалавек.
«А што, ваша дачка ў капронках у СІЗА паедзе?»
5 чэрвеня 2021 года, калі для Рыты пачалася гісторыя ейнага пераследу, дзяўчына якраз і выйшла падыхаць паветрам пасля душнага дня дома.
— У мяне ці то прадчуванне было нейкае, ці то што, — успамінае Юлія Мікалаеўна. — Я казала, ужо позна, не ідзі нікуды. А яна адказала: «Чаго ты баішся? Прагуляюся і вярнуся». Але потым ёй патэлефанаваў Яраслаў — сябар Мікіты — хлопчыка, з якім яна сустракалася і якога судзілі разам з ёй, — і яна пайшла з імі на лецішча на шашлыкі. Мне ніколі ён не падабаўся, таму што быў старэйшы за Рыту і знаёміў яе з усімі сваімі сябрамі, а дачка вельмі даверлівы чалавек.
Тады Рыта вярнулася дадому а палове на другую ночы — увесь час стэлефаноўвалася з мамай па дарозе дадому і казала, што ўжо ідзе. Праз два месяцы, 9 жніўня 2021 года, у іх арэндную кватэру пазванілі двое супрацоўнікаў Следчага камітэта з Гомеля.
— Яны былі ў пінжаках і напрасаваных штанах, — прыгадвае Юлія Мікалаеўна. — Забралі яе з дома, нічога мне не растлумачыўшы, а ўжо ў двары пасадзілі ў машыну і паказалі відэа: на ім Рыта пазнала сябе. Да шостай гадзіны вечара я нічога не ведала, а потым у нас дома адбыўся вобшук. Яны ўзялі штаны і куртку, у якіх дачка была ў тую ноч, і ноўтбук. Пыталіся, можа быць, я ведаю пра налепкі, але я ўпэўненая, што яна нічым такім не займалася.
Праз трое сутак Рыту Зотаву адпусцілі пад падпіску аб невыяздзе. Юлія Мікалаеўна ўспамінае, які пабачыла дачку пасля гэтых дзён: з апушчаным тварам, заўсёдным поглядам у падлогу, маральна спустошанай. Рыта распавядала, што яе пасадзілі ў камеру з прастытуткай і жанчынай, якая п'янай парэзала сваю маму. Але праз некалькі дзён яна з'ехала на вучобу, забрала з сабой калонкі для ўлюбёнай рок-музыкі і ўвесь час баялася тэлефанаванняў з СК.
— Да яе некалькі разоў прыязджалі супрацоўнікі, выдзіралі яе з пар, — кажа мама Рыты. — Яна падпісвала незразумелыя дакументы ў машыне, не чытаючы іх уважліва. Потым Рыта расказала адвакату, што і пракурор казаў падпісаць нейкія дакументы — яна так і зрабіла. Падчас дачы паказанняў на іх увесь час аказвалі ціск супрацоўнікі ГУБАЗ, гаварылі, што сказаць на камеру.
28 снежня 2021 года Рыту выклікалі на допыт, Юлія Мікалаеўна паехала з ёй для падтрымкі. Тры гадзіны яна праседзела пад кабінетам следчага, пакуль ён не выйшаў і не сказаў: «Магчыма, пасадзяць, мы ў пракуратуру».
— А Рыта як была ў капронках і на абцасах — так яе і павялі, — плача Юлія Мікалаеўна. — Потым яна толькі паспела мне напісаць паведамленне: папрасіла падбегчы да пракуратуры і забраць ейныя рэчы, калі паспею, таму што потым яе забяруць у аўтазак. Я прыбегла — і бачу, як яе ўзялі пад рукі з двух бакоў. Яна што, забіла кагосьці? Пытаюся: «Можна я сумку дачкі забяру?». А яны адказваюць: «А што, ваша дачка ў капронках у СІЗА паедзе?». А мяне ж ніхто за гэтыя тры гадзіны не папярэдзіў! Супрацоўнікі сказалі, што я яшчэ паспею сабраць нейкія рэчы, але ўсё Рыціна адзенне было ў Гомелі ў інтэрнаце. Я прыбегла дадому, вынула шнуркі са сваіх красовак, сабрала свае вялікія кофты і штаны — што знайшла — і паспела перадаць дачцы два пакеты. Узгадваю гэты дзень — гэта быў жах! У капронках забраць у турму! Гэта было перад навагоднімі святамі, таму перадачу з усім неабходным у мяне прынялі толькі праз пяць дзён. Пяць дзён дачка сядзела без ручніка, мыла і пасты, таму што ў мітусні я забылася пакласці іх з адзежай.
«Ніколі не думала, што мая дачка будзе сядзець у турме з-за налепкі»
Адразу пасля затрымання Рыта не плакала: думала, што яе хутка адпусцяць. Але на пасяджэннях суда зразумела, што не, і калі бацькі сыходзілі з залы — пачынала плакаць.
— Я паспела пагаварыць з ёй каля кратаў хвілінаў дзесяць, — усміхаецца Юлія Мікалаеўна. — Яна казала, што вельмі сумуе і хоча абняць. Але ж там нават не падысці — яна вельмі ціхенька казала, бо чацвёра супрацоўнікаў стаялі каля кратаў. Яшчэ калі зайшла ў залу, заўважыла, што ў яе ўвесь лоб у высыпаннях: раней такога не было. А яна паказала мне такую ж руку і растлумачыла, што ад бруднай вады ў камеры ў траіх людзей на твары, руках і жываце з'явіліся такія высыпанні. Лекар сказаў, гэта алергія. Яшчэ ў яе зноў скончыліся таблеткі, бо ў трэці раз за гэты час яна прастывае.
У Чачэрску траіх маладых людзей асудзілі да зняволення за налепленыя стыкеры
Сведкамі на судзе выступілі вартаўнік і дырэктарка школы, дзе Рыта калісьці так добра вучылася. Тое самае відэа, на якім Рыта пазнала сябе па светлай сумачцы, узялі якраз з камер відэаназірання побач з гэтай школай.
— Нідзе больш не зафіксавана, каб яны штосьці ляпілі, — распавядае Юлія Мікалаеўна. — Але налепкі знайшлі яшчэ і на ўсіх вуліцах у горадзе. Але чаму сведкі кажуць, што яны па ўсім Чачэрску хадзілі і ляпілі іх, калі дачка тэлефанавала мне ўжо па дарозе дадому і прыйшла а палове на другую ночы? Рыта казала, што яе прымушалі казаць на камеру, яе проста запалохалі. І суддзя проста крычаў на яе — маўляў, як гэта яна не глядзела, што лепіць?.. Хоць бы хатні арышт далі, навошта на два гады саджаць маладых людзей і забіваць іх жыцці? Бо нічога не знайшлі ні ў ноўтбуках, ні ў тэлефонах! Рыта не ўваходзіла ні ў якія экстрэмісцкія чаты. Ніколі не думала, што мая дачка будзе сядзець у турме з-за налепкі.
«Крый Божа, што са мной здарыцца, Рыта нікому не патрэбная будзе»
На наступны дзень пасля прысуду Юліі Мікалаеўне далі кароткатэрміновае спатканне з дачкой. Каб патрапіць на яго, яна выехала з Чачэрска першым аўтобусам а 7-й раніцы.
— Уяўляю, як ёй там цяжка, — кажа мама Рыты. — Дзяўчынка ніколі не была ў турме, напэўна, нічога ў душы не засталося. У лістах яна падтрымлівае мяне, піша, каб я не перажывала, дасылае вершы. Кажуць, што добрыя людзі трапляюцца ў камерах, але яе ўжо тройчы перасялялі ў розныя. У першай трапілася добрая жанчына, якая давала ёй таблеткі, калі ў дачкі ад стрэсу паднялася тэмпература, а лекары не прыходзілі.
Юлія Мікалаеўна распавядае, што сябры Рыты падтрымліваюць яе, хвалююцца і ўвесь час пытаюцца ў маці пра навіны. Аднагрупнікі — чакаюць вяртання, нягледзячы на прысуд. Але лісты ні ад каго, акрамя як ад маці, не прапускаюць. Яна тлумачыць сябрам сітуацыю, каб тыя не крыўдзіліся, а Рыце піша спісы імёнаў хлопцаў і дзяўчат, якія просяць перадаваць ёй прывітанні.
— Цяпер крый Божа, што са мной здарыцца, Рыта нікому не патрэбна будзе, — уздыхае Юлія Мікалаеўна. — Бацьку яна таксама не патрэбная, я хвалююся, сэрца баліць, а потым думаю: мне нельга, трэба дачакацца Рытку. Трэба старацца і спадзявацца на тое, што дабро заўсёды пераможа зло. Але ж самае страшнае — калі з дзецьмі так выходзіць. Я ўжо аднаго разу сказала: «Лепш бы гэта са мной здарылася, чым з табой. Я дарослы чалавек, я б ператрывала». Я шмат чаго ў жыцці бачыла — а яна нічога, акрамя школы і вучобы, а ўжо сядзіць у турме. Але трэба яе падтрымліваць цяпер, каб яна пратрымалася і вытрывала гэты цяжкі час. З Божай дапамогай будзем выбірацца з гэтага.
Падняць Рыце настрой змогуць дасланыя філворды, аповеды пра карэйскія мульцікі і вандроўкі.
— Яна так любіць анімэ, гатовая сама ў іх жыць, — усміхаецца маці. — Вельмі хоча паехаць у Японію, а была толькі ў Італіі: іх адпраўлялі ад школы некалькі разоў у прымаючыя сем'і. Ёй там вельмі спадабалася, але ўвесь час казала, што хацела б паехаць са мной.
Падтрымаць Рыту лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе:СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А Рыта Алегаўна Зотава |