viasna on patreon

Суд Маскоўскага раёна Мінска адхіліў скаргу Яўгена Пыльчанкі на рашэнне аб выключэнні яго з калегіі адвакатаў

2022 2022-04-01T17:29:12+0300 2022-04-01T17:36:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/evgenij_pylchenko.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Адвакат Яўген Пыльчанка

Адвакат Яўген Пыльчанка

У Беларусі працягваецца ціск на адвакатаў. У дачыненні да нязгодных «змірыцца» судовая машына працягвае ўжываць свой адзін з самых «балючых» прыёмаў — пазбаўленне адвакацкага статусу. Галоўным чынам гаворка ідзе пра адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў. 12 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска адхіліў скаргу Яўгена Пыльчанкі — адваката кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыкі, Максіма Знака і Святланы Купрэевай — сяброўкі сям'і Віктара Бабарыкі, дачкі беларускага паэта Міколы Купрэева. 

Нагадаем, 20 кастрычніка мінулага года загадам міністра юстыцыі ў дачыненні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасць, адваката адхілілі ад працы, а 28 кастрычніка выключылі з калегіі.

У сутнасці, усе прэтэнзіі Мінюста да адваката былі звязаныя з ягонай прафесійнай дзейнасцю па «справе Белгазпрамбанка». Пры гэтым усе яны, як адзначае сам Пыльчанка, надуманыя і беспадстаўныя.

«Першая прэтэнзія палягала ў тым, што я падчас суда над Віктарам Бабарыкам у судовых спрэчках (на стадыі рэплік) даў ацэнку выступам іншых адвакатаў. Другая — у тым, што я абараняў адначасова Віктара Бабарыку і Святлану Купрэеву. Нібы ў іх быў канфлікт інтарэсаў. Насамрэч ніякіх супярэчнасцяў, нават фармальных, не было. І абодва кліенты ўхвалілі гэту адначасовую абарону. Тым не менш, з КДБ прыйшоў ліст пра тое, што канфлікт інтарэсаў усё ж ёсць. Ліст без падставаў і доказаў, без прадстаўлення дакументаў… У выніку дысцыплінарная камісія паверыла не мне, а КДБ, вырашыўшы, што я парушыў прафесійную этыку», — каментаваў усю гэту гісторыю адвакат журналістам.

28 кастрычніка 2021 года паводле справы Яўгена Пыльчанкі адбылося пасяджэнне дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (далей — МГКА). Праз паўтары гадзіны 7 чалавек, якія разглядалі дысцыплінарную вытворчасць, прынялі рашэнне: «выключыць з калегіі адвакатаў за сістэматычныя парушэнні Закона аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці».

«Сумна, што адвакаты выносяць такія ж неабгрунтаваныя рашэнні, як і суды»

Пыльчанка абскардзіў яго ў Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (далей — БРКА).

«Сумна, што адвакаты выносяць такія ж неабгрунтаваныя рашэнні, як і суды», — пракаментаваў ён тады навіну пра сваё выключэнне з калегіі адвакатаў.

21 снежня БРКА пакінула рашэнне дысцыплінарнай камісіі МГКА ў сіле, адхіліўшы скаргу. Адвакат звярнуўся ў суд са скаргай на пастанову БРКА.

Акрамя довадаў пра неабгрунтаванасць пастановаў дысцыплінарных органаў і няправільнае ўжыванне імі заканадаўства, у сваёй скарзе Пыльчанка паказаў і на парушэнне ягоных фундаментальных правоў.

На ягоную думку, ужыванне дысцыплінарнага спагнання за выступ з рэплікамі ў судовых спрэчках — гэта абмежаванне права на свабоднае выказванне меркавання, таму ні дысцыплінарная камісія МГКА, ні савет БРКА не абгрунтавалі правамернасці такога абмежавання ў адпаведнасці з крытэрамі, вызначанымі арт. 23 Канстытуцыі і п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта кажа пра тое, што права Пыльчанкі на свабоднае выказванне меркавання парушана.

«Выключэнне мяне з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў фактычна азначае пазбаўленне мяне права займацца адвакацкай дзейнасцю. Гэта, у сваю чаргу, уплывае на маю прафесійную і сацыяльную рэпутацыю, пацягнула страту заробку, бо адвакацкая дзейнасць з'яўлялася адзінай маёй крыніцай прыбытку, — адзначыў у сваёй скарзе адвакат. — Такім чынам, прыцягненне мяне да дысцыплінарнай адказнасці закранае маё права на асабістае жыццё. Зыходзячы з неправамернасці і адвольнасці прыцягнення мяне да дысцыплінарнай адказнасці, рашэнне аб ужыванні да мяне дысцыплінарнага спагнання варта расцэньваць як адвольнае і незаконнае ўмяшанне ў маё асабістае жыццё. У адпаведнасці з прынятымі на сябе міжнароднымі абавязаннямі, Рэспубліка Беларусь, у дадзеным выпадку — у асобе суда, павінна забяспечыць мне прававую абарону ад адвольнага парушэння права, гарантаванага арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Яўген Пыльчанка прасіў суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаць пастанову савета БРКА ад 21 снежня неправамернай, скасаваць яе, а таксама абавязаць савет БРКА скасаваць пастанову дысцыплінарнай камісіі МГКА аб прыцягненні яго да адказнасці.

Ілюстратыўнае фота

«Пастанову камісіі МГКА пакінуць без змен, а скаргу — без задавальнення»

12 сакавіка 2022 года суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Паліна Анціпчук разгледзела грамадзянскую справу паводле скаргі Яўгена Пыльчанкі.

Бок БРКА на судовым пасяджэнні прадстаўляў Эдуард Панасюк, МГКА — Ірына Калугіна.

Яўген Пыльчанка настойваў, што пастанова савета БРКА ад 21 снежня з'яўляецца неправамернай і парушае ягоныя правы, таму што, прымаючы гэтае рашэнне, савет не выявіў фактычных акалічнасцяў справы, неабгрунтавана адпрэчыў ягоныя довады аб непрымяненні нормаў заканадаўства і неаб'ектыўным правядзенні дысцыплінарнай працэдуры, а таксама не прыняў да ўвагі наяўныя доказы.

Прадстаўнікі БРКА і МГКА Эдуард Панасюк і Ірына Калугіна падтрымлівалі довады сваіх калегаў.

У судовым пасяджэнні Яўген адзначаў, што першапачаткова ў пастанове дысцыплінарнай камісіі МГКА не былі названыя канкрэтныя фразы, якімі ён нібы даў тую самую «ацэнку выступам і прававым пазіцыям абаронцаў іншых абвінавачаных у крымінальным працэсе». Гэтыя фразы з'явіліся толькі ў пастанове савета БРКА, але без аніякага абгрунтавання таго, чаму яны, на думку савета БРКА, не адпавядалі Правілам прафесійнай этыкі адваката. У судзе прадстаўнікі МГКА і БРКА аналізу якіх-небудзь фраз не прывялі, а на пытанні Пыльчанкі пра тое, якім чынам правілы прафесійнай этыкі парушаюць, напрыклад, словы «вельмі дзіўная логіка абароны», тлумачылі, што выступ у рэпліках ацэньвалася «ўвогуле», і ў ім угледзелі парушэнні.

Довад Пыльчанкі пра тое, што рэплікі паводле КПК — гэта заўвагі адносна сказанага іншымі ўдзельнікамі працэсу, адпаведна яны, у сваёй сутнасці, і з'яўляюцца «ацэнкай выступаў і прававых пазіцый» і таму не могуць прызнавацца парушэннем прафесійнай этыкі, суд у рашэнні пракаментаваў так: «Пыльчанка прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці не за выступы з рэплікамі, а за іх змест».

Иллюстративное фото

Аспрэчваючы прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці за адначасовую абарону Святланы Купрэевай і Віктара Бабарыкі, Яўген Пыльчанка ў судовым пасяджэнні заяўляў, што паміж гэтымі кліентамі не было ніякіх супярэчнасцяў, і прасіў прадстаўнікоў БРКА і МГКА растлумачыць, у чым яны ўгледжваюцца. Прадстаўнікі адвакатуры на гэта тлумачылі, што супярэчнасці паміж Бабарыкам і Купрэевай паказаныя ў пастанове следчага КДБ, якой Пыльчанка быў адхілены ад абароны Купрэевай 11 кастрычніка 2021 года. Аднак у судовым пасяджэнні высветлілася, што пастановы следчага ў справе няма, у матэрыялах дысцыплінарнай вытворчасці яе таксама не было, а прадстаўніца МГКА пацвердзіла, што гэтая пастанова ў дысцыплінарную камісію не падавалася. Прадстаўнік БРКА пры гэтым адзначаў, што падставаў не давяраць следчаму ўсё адно няма, тым больш што ягоная пастанова не абскарджвалася, на што Пыльчанка падаў суду два адказы Генеральнай пракуратуры, якімі нагляднае ведамства адмовіла ў разглядзе ягонай скаргі, бо да гэтага часу яго ўжо пазбавілі адвакацкага статусу.

Справа Аляксандра Пыльчанкі: рэплікі ўдзельнікаў працэсу

23-24 снежня 2020 года ў судзе Маскоўскага раёна Мінска прайшло асноўнае пасяджэнне па разглядзе скаргі абаронцы палітвязняў Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі Аляксандра Пыльчанкі, ліцэнзію на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці якога Мінюст спыніў 16 кастрычніка. Суд адмовіўся задаволіць скаргу, пакінуўшы рашэнне Мінюста ў сіле. Праваабарончы цэнтр "Вясна" сачыў за пасяджэннем і прапануе яго падрабязны агляд.

Суд палічыў, што супярэчнасці паміж Купрэевай і Бабарыкам усё ж ёсць, а ў якасці доказу назваў усё тую ж пастанову следчага КДБ.

Довады Пыльчанкі пра тое, што яго «несправядліва, з парушэннем прынцыпу незалежнасці адвакатуры прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці», суд таксама не падтрымаў, таму што: «дысцыплінарная вытворчасць у дачыненні да Пыльчанкі была распачатая з выкананнем патрабаванняў дзейснага заканадаўства».

Аргумент адваката наконт таго, што прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці закранае ягонае права на асабістае жыццё, суд адхіліў з наступным тлумачэннем: «гэта не ўплывае на законнасць прынятага рашэння». А довады пра парушэнне права на свабоднае выказванне меркавання суд у сваім рашэнні зусім не адлюстраваў, паказаўшы, што ўсе іншыя абгрунтаванні «не ўплываюць на выяўленыя судом акалічнасці справы, ацэнку прадстаўленых доказаў і прававую кваліфікацыю праваадносін».

У выніку суд прыйшоў да высновы, што «падчас судовага пасяджэння дакладна вызначана, што ў працэдуры разгляду Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў пастановы дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў ад 28 кастрычніка 2021 года парушэнняў не ўгледжана».

Гэта значыць, што пастанову дысцыплінарнай камісіі МГКА суд пакінуў без змен, а скаргу Пыльчанкі — без задавальнення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства