"Хімія" — Літва: экс-палітзняволеная фігурантка "справы карагодаў" распавядае сваю гісторыю
Апошнія восем месяцаў 24-гадовая берасцейка Вікторыя Лысковіч, якая працавала раней бухгалтаркай, правяла за станком у цэху вырабу шнуркоў і гумак. Такое "пакаранне працай" ёй прызначылі за тое, што яна танчыла і спявала ў карагодзе на акцыі пратэсту ў Брэсце 13 верасня 2020 года. Вікторыю разам з мамай асудзілі да 1,5 гадоў "хіміі" і накіравалі ў папраўчыя ўстановы ў Віцебску і Гродне. У лютым Вікторыяй зацікавіліся супрацоўнікі КДБ у сувязі з тэлеграм-чатам палітзняволеных "хімікаў". Пасля гэтага берасцейка ў меркаваннях бяспекі ўцякла з "хіміі" і пакінула Беларусь. Ужо тыдзень дзяўчына знаходзіцца ў бяспецы ў Літве і спрабуе адаптавацца да звычайнага жыцця: "без супрацоўнікаў міліцыі і нагляду". Вікторыя распавяла "Вясне" пра падтрымку беларусаў, пра тое, як наладжана жыццё і праца на жаночай "хіміі" і чаму яна вымушана была бегчы з папраўчай установы.
Жаночыя "хіміі"
У Беларусі асуджаныя жанчыны адбываюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ў некалькіх папраўчых установах адкрытага тыпу. Жанчынам паводле "палітычных" артыкулаў рэдка прызначаюць "хімію", як правіла — "хатнюю хімію" (абмежаванне волі без накіравання). На дадзены момант шэсць палітзняволеных жанчын адбываюць пакаранні на "хіміях" у Віцебску, Гродне, Брэсце, Мінску.
"Адзіная фатаграфія з мітынгаў на тэлефоне — фота сабачкі са сцягам"
Палітычны пераслед Вікторыі Лыскавіч і яе мамы Алены працягваецца ўжо 1,5 года:
"Усё пачалося 2 кастрычніка 2020 года. Мы тады сядзелі з мамай на працы і абедалі. Мы да гэтага ўдзельнічалі ў рознага кшталту "гарадскіх працэсах". І тут у кабінет заходзяць двое мужчын. Аднаго з іх я пазнала — бачыла раней яго фатаграфію. Тады я зразумела, што нас нешта чакае. У гэты момант нам паказваюць пасведчанне міліцыі і кажуць, што мы затрыманыя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах".
Вікторыю і яе маму даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе склалі пратаколы па 23.34 (цяпер — 24.23 КаАП) за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня. Іх затрымалі да суду і пасадзілі ў розныя камеры.
"Мы двое сутак сядзелі паасобку: я нічога не ведала пра яе, яна нічога не ведала пра мяне. У дзяжурных я спрабавала даведацца, ці ўсё нармальна з мамай. А мама ў сваю чаргу за мяне перажывала.
На трэція суткі мяне вырашылі перавесці ў іншую камеру. І вось адчыняюцца дзверы ў новай камеры — і я бачу маму! Усё, мы разам, значыць усё нармальна".
На наступны дзень Вікторыю арыштавалі на 10 сутак, а яе маму — на 15 сутак. Праз пяць дзён іх асудзілі яшчэ на 15 сутак кожную.
"Другія "суткі" мы атрымалі за ўдзел у пратэсце 21 жніўня. Пасля вызвалення, калі я выкупіла свой тэлефон, я прагартала свае фатаграфіі і ўбачыла, што адзіная фатаграфія з мітынгаў — фота сабачкі са сцягам. І яна як раз была зробленая 21 жніўня. Як раз яна і зарыентавала супрацоўнікаў, за якую дату нас яшчэ можна асудзіць".
На 10-я суткі, 15 кастрычніка, у ізалятар часовага ўтрымання да Вікторыі і Алены прыйшлі следчыя з пастановай пра тое, што яны з'яўляюцца падазраванымі па крымінальнай "справе карагодаў", якая было распачатая 15 верасня. Да іх яго фігурантамі сталі яшчэ чалавек пяць.
"Мы сядзелі і спрабавалі асэнсаваць, што і як наогул рабіць. На неафіцыйных гутарках казалі маме, што яна нібыта мяне пацягнула на мітынгі. Яны вырашылі, што мама мяне прымушала туды хадзіць".
Пасля арышту жыхаркі Брэста выйшлі на волю, але яны сталі абвінавачанымі па "справе карагодаў", якая цяпер налічвае ўжо 116 асуджаных. Алену дапыталі яшчэ ў ІЧУ, а Вікторыю вырашылі не дапытваць.
Доказ па матэрыялах справы — "жакет тыпу Шанэль"
15 красавіка 2021 года пачаўся суд, дзе акрамя Лысковіч, судзілі яшчэ 12 чалавек, у тым ліку вядомую актывістку Алену Гнаук, тады яшчэ палітзняволенага расіяніна Данілу Чамаданава. Суд расцягнуўся на 10 пасяджэнняў. На судзе Вікторыя і Алена не прызналі віну:
"Мы паглядзелі на папярэднія дзве "дзясяткі", якіх ужо асудзілі па гэтай справе, і ўжо разумелі, што нам "свеціць". Нам адвакат адразу сказаў: "Вы павінны для сябе вырашыць: прызнаваць віну ці не". Ён, вядома, не мог даць нейкіх гарантый, але сказаў, калі мы прызнаем віну і будзем паводзіць сябе спакойна, то, хутчэй за ўсё, абыдземся "хатняй хіміяй". Не прызнаем віну — едзем на "хімію". Але мы з мамай прынялі рашэнне не прызнаваць віну, таму што мы да гэтага часу не разумеем, у чым мы павінны былі прызнаваць віну. Безумоўна, мы маглі б прызнаць віну толькі з-за наступстваў, але мы не здзейснілі нічога, у чым нас абвінавацілі".
Доказамі супраць Вікторыі па справе, акрамя фатаграфій з мясцовых СМІ і відэа з чужога тэлефона, стала адзенне, а менавіта куртка:
"Як яны гэта называлі "жакет тыпу Шанэль". Напэўна, следчы хацеў назваць яе шынялём. Мы з гэтага смяяліся.
Але гэта ўсё было доказамі таго, што мы там знаходзіліся. А доказаў віны — мы так і не ўбачылі. Увесь суд Алена Гнаўк паўтарала: "Пакажыце доказы нашай віны".
У выніку, Вікторыю і Алену Лысковіч асудзілі да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі").
"Усю прыгожую вопратку мы пакінулі дома"
У канцы ліпеня ў пятніцу ім патэлефанаваў участковы Ленінскага РАУС і сказаў, што трэба прыйсці і атрымаць накіраванне на "хімію".
"Мы думалі, што ў нас яшчэ ёсць час — які-небудзь тыдзень да ад'езду. Але, калі прыйшлі, нам кажуць, што на працягу 72 гадзін нам трэба прыбыць у папраўчую ўстанову. Накіраванне мы забралі ў суботу, а ў панядзелак ужо адправіліся адбываць пакаранні".
Вікторыю накіравалі ў віцебскую ПУАТ №10, а Алену — у гродзенскую ПУАТ №25. Як паказвае практыка, палітвязняў спецыяльна адпраўляюць далей ад дома.
"Мы рыхтаваліся загадзя — нешта прыкуплялі, што можна было б узяць з сабой. Мы бралі туды з адзення тое, што не насілі ў звычайным жыцці. Мы разумелі, куды мы едзем, таму ўсю прыгожую вопратку мы пакінулі дома.
Мы напакавалі сумкі-каляскі на колцах і паехалі. Звычайна людзі так збіраюцца ў падарожжа, а мы вось — на "хімію".
"Маленькі шэры будынак з чырвона-зялёным сцягам"
На цягніку з Брэста да Віцебска ехаць каля 14 гадзін, таму да папраўчай установы №10 Вікторыю адвёз яе сябар на машыне:
"Яна знаходзіцца ў прамзоне. Гэта такі шэры маленькі двухпавярховы будынак з чырвона-зялёным сцягам, які выступаў арыенцірам.
Я пазваніла ў дзверы і сказала, што я прыехала да іх адбываць пакаранне. На мяне так паглядзелі і спыталі здзіўлена: "Вы?!" Потым пацікавіліся, што я такога зрабіла. Я распавяла, што "транспарт блакавала". Калі яны праверылі накіраванне, то запрасілі ўнутр. Я развіталася з сябрамі і дзверы за мной зачыніліся".
Усяго ў папраўчай ўстанова №10 адбывае пакаранне каля 40 жанчын. З іх, акрамя Вікторыі, там утрымліваюцца яшчэ дзве палітвязняволеныя Астатнія — асуджаныя жанчыны за нявыплату аліментаў, "наркатычным артыкуле", крадзяжы, пераведзеныя з калоніі за забойства і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў і іншыя. Вікторыю засялілі ў пакой на шэсць чалавек.
"Унутры яно выглядала досыць нядрэнна — быў нават нейкі рамонт. Я думала, што будзе горш. Жыць можна, скажам так. Адразу ў мяне забралі тэлефон на некалькі дзён (на карыстанне тэлефонам трэба атрымаць дазвол адміністрацыі). Паглядзелі рэчы і адправілі спаць са словамі: "Заўтра разбярэмся". Так прайшоў мой першы вечар на "хіміі".
"Восем месяцаў я сачыла, каб на станках ніткі не заканчваліся"
Вікторыю прызначылі працаваць на мясцовую вытворчасць, дзе вырабляюць шнуркі і гумкі. Яна знаходзілася ў трох хвілінах хады ад установы.
"Гэта цэх са станкамі, якія вырабляюць гумкі і шнуркі. Там адначасова працуе па 40-50 станкоў. Яны ўсе старыя, таму вельмі грымяць і там моцны шум. Без навушнікаў і беруш там складана знаходзіцца. Калі там год папрацаваць, то, мне здаецца, аглухнуць можна ад гэтага грукату.
Я б не сказала, што гэта мяне спалохала. Я разумела, што мяне не адправяць на нейкую супер-працу. І гэта лепш за тое, калі людзі ў дождж і снег на вуліцы ў гэтых градках капаліся. У цэху таксама было не цёпла, але, як мінімум, на галаву нічога не капала.
Так восем месяцаў я адпрацавала ў цэху: сачыла, каб на станках ніткі не заканчваліся і за якасцю".
На працы Вікторыя зарабляла 400-450 рублёў. Пры гэтым, у Беларусі ўстаноўлены мінімальны памер заработнай платы — 457 рублёў. З іх летам на камуналку ў ПУАТ Вікторыя аддавала 10 рублёў, зімой — каля 60 рублёў.
"Але што такое 400 рублёў? Таму можна ўявіць, як жыць на гэтыя грошы".
Іншыя асуджаныя жанчыны з гэтай "хіміі" працуюць прыбіральніцамі ў лакаматыўным дэпо, СІЗА, падсобнымі рабочымі на лесапільні, у калгасе, у швейным цэху, на складах Wildberries і іншых службах дастаўкі.
Кожны дзень у 6:20 — уборка тэрыторыі
Дзень Вікторыі пачынаўся ў 6 раніцы — кожны дзень усіх будзіла дзяжурная асуджаная. У 6:15 было пастраенне на 40 чалавек:
"Усіх правяраюць: называюць прозвішча, а ты павінна назваць імя і імя па бацьку. Напэўна, мала, хто за ноч уцёк".
Такая праверка праводзілася два разы ў дзень. Кожны дзень у 6:20 адпраўлялі людзей на ўборку тэрыторыі:
"І зімой, і летам, і вясной, і восенню. Усю зіму ў 6:20, калі цёмна і ліхтары нармальна не гараць, адпраўлялі з лапатай чысціць гэты снег. Мне было незразумела, чаму гэта адбываецца менавіта ў такі час, бо можна гэта рабіць хаця б, калі светла. Але яны [супрацоўнікі ПУАТ] гэта называлі часткай папраўчага працэсу".
Пасля працы — вячэра і душ: "Як табе хочацца, так і робіш".
Як распавядае Вікторыя, у ПУАТ №10 вельмі маленькая кухня, дзе месціцца максімум восем чалавек.
"Там дзве пліты, два халадзільніка, два століка на 40 чалавек. Пры жаданні, вядома, змясціцца можна. Кожны гатаваў, як хацеў".
У мясцовасці "хіміі" знаходзіцца адзін невялікі магазін з невялікім асартыментам прадуктаў, таму асуджаныя заказваюць або дастаўку прадуктаў, або закупляюцца ў горадзе.
"Каб нас адпусцілі ў краму, то трэба пісаць заяву [гэта для тых, хто стаіць на прафуліках]. Пасля яе адабрэння адміністрацыяй, нас вадзілі туды з суправаджаючым".
Таксама Вікторыя ўзгадвае, што былі праблемы з прыняццем душа:
"Душавая была нармальная, але былі праблемы з бойлерам. Там вельмі эканомяць электрычнасць, таму яго ўключалі толькі на тры гадзіны ўвечары. Гэтага хапала каб памыцца толькі некалькім людзям з сарака. Гэта была сур'ёзная праблема — некаторым даводзілася мыцца ў халоднай вадзе".
"Улікаў шмат, людзей таксама, таму ўсім хапае"
Вікторыя Лысковіч, як і іншыя палітвязні з гэтай "хіміі", стаяла на ўліку як схільная да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці.
"Мяне гэты ўлік у цэлым не ўшчамляў, але ў горад без суправаджэння ты не выйдзеш. Нават у маленькую крамка праз дарогу я не магла самастойна схадзіць — са мной хтосьці павінен быў быць з супрацоўнікаў.
Памятаю, што "схільных да экстрэмізму" не выпусцілі на працу 8 жніўня (напярэдадні гадавіны выбарчых пратэстаў) і 26 лютага (перад рэферэндумам). Пры гэтым яны нічога не тлумачылі, а проста сказалі: "Вы ж разумееце"
Часам у нас праводзілі прафілактычныя лекцыі, на якіх пыталіся ў нас, палітвязняў: "Ну, раскажыце, чаму вы выходзілі на пратэсты? Для чаго гэта рабілі?" Намеснік начальніка казаў: "Цікава паслухаць меркаванне нашых экстрэмістаў".
Іншыя асуджаныя таксама стаялі на ўліках як "схільныя да ўцёкаў", "схільныя да распівання спіртных напояў" і іншых уліках:
"Былі проста "схільныя да здзяйснення злачынства". Трэба ж кагосьці паставіць на ўлік. Гэтых улікаў шмат, людзей таксама, таму ўсім хапае".
"Хуткая ехала 2-3 гадзіны"
Вікторыя распавядае, што супрацоўнікі турбаваліся наконт аказання медыцынскай дапамогі:
"Казалі, каб мы звярталіся ў дзяжурную частку. Яны выклікалі хуткую. Праўда, яна ехала 2-3 гадзіны. Не ведаю, з чым гэта звязана: ці таму што гэта ПУАТ, ці таму што яны [супрацоўнікі] доўга выклікалі. Для выкліку хуткай супрацоўнікам трэба запоўніць кучу паперак.
Але, у цэлым, калі трэба ў паліклініку, то пішаш заяву і на наступны дзень цябе адводзяць".
На ПУАТ №10 каля 15 супрацоўнікаў. Многія з іх занятыя тым, што суправаджаюць асуджаных у паліклінікі, крамы і па іншых справах:
"За восем месяцаў я выязджала ў горад толькі некалькі разоў. Калі за табой хтосьці ходзіць, падганяе — гэта не прыкольна. Памятаю, адзін раз мне трэба было нешта з адзення купіць. Мы з супрацоўніцай ПУАТ на таксі ездзілі".
"Вырашыла пасля сустрэчы з КДБ не чакаць — маглі прыйсці ў любы момант"
15 лютага гэтага года ў ПУАТ №10 прыязджалі супрацоўнікі КДБ. Іх візіт быў звязаны з узбуджанай крымінальнай справай па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні) па телеграм-чату палітзняволеных "хімікаў "Валейбол па выхадных".
Даведка:"справа хімікаў" 14 лютага ў спісе экстрэмісцкіх фарміраванняў з'явіўся тэлеграм-чат "Валейбол па выхадных". Такое рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Гэты чат аб'ядноўваў палітвязняў, асуджаных на "хімію". Распачатая крымінальная справа па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). 15 лютага КДБ пачаў "зачыстку" палітвязняў на "хіміі": іх дапытвалі, забіралі тэлефоны, затрымлівалі, адпраўлялі на "суткі" за рэпосты і ў СІЗА па новых крымінальных справах. |
Супрацоўнікаў КДБ цікавілі актыўныя ўдзельнікі ўжо "экстрэмісцкага фармавання", яго стваральнікі і фінансаванне. Вікторыю дапыталі ў якасці сведкі і забралі яе тэлефон. Пасля гэтага яна вырашыла пакінуць "хімію" і краіну:
"Я разумела, што мне можа "свяціць" калонія або могуць дадаць тэрмін на "хіміі". Мне не хацелася праз гэта ўсё праходзіць. Я разумела, што гэта таксама адаб'ецца на маёй сям'і — як мінімум, на псіхалагічным стане. Нам усім і так дасталася. Таму я вырашыла не чакаць, пакуль мне нешта "прыляціць".
Я вырашыла пасля сустрэчы з КДБ не чакаць — прыйсці маглі ў любы момант. Ніхто не будзе разбірацца: адно ты напісаў паведамленне або тры — сардэчна запрашаем у калонію!".
"Эмоцыі і пачуцці скамечаныя, бо ўвесь гэты шлях прайсці было складана"
Вікторыя ўжо тыдзень знаходзіцца ў Літве. Пакуль яна спрабуе адаптавацца да звычайнага жыцця пасля "хіміі": "без супрацоўнікаў міліцыі і нагляду".
"Калі я апынулася па той бок мяжы ўжо, то складана было паверыць. Адлегласць, падаецца, невялікая, але мне ўжо нічога не пагражала. Складана было паверыць, што такое магчыма. Эмоцыі і пачуцці былі скамечаныя, бо ўвесь гэты шлях ("хімія" — Літва) прайсці было складана.
Зараз спрабую ўспомніць тыя пачуцці: падаецца, галавой разумела, што ўсё ўжо, але ўсё роўна не можаш да канца гэта ўсвядоміць. Да канца я не магу расслабіцца... магчыма, гэта звязана з тым, што мама і ўсе родныя там засталася. Не магу адчуць, што я на волі. Таму што ёсць сувязь з Беларуссю".
На пытанне "хочацца дадому?" Вікторыя адказала, што "ў Беларусь не хоча, а дадому — так":
"Я столькі з мамай не бачылася. І з коткай таксама! Пакуль па Беларусі я не сумую. Я там столькі негатыву перажыла, што пакуль не сумую".
"Не апранала б на "карагод" чырвоныя штаны"
Вікторыя кажа, што не шкадуе аб сваім учынку — удзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе:
"Я сябе вінаватай не лічу. Калі б можна было павярнуць час таму, то я б на "карагод" не апранала чырвоныя штаны [смяецца]. Хоць бы маску яшчэ надзела — хоць неяк бы зашыфравалася".
Нягледзячы на гэта, пасля змены ўлады Вікторыя плануе вярнуцца ў Беларусь:
"У любым выпадку хацелася б вярнуцца дадому".
Падтрымка і салідарнасць
Па словах Вікторыі, за восем месяцаў абмежавання волі яна атрымала шмат лістоў салідарнасці — «цэлы стос»:
"Прыходзіла вельмі шмат лістоў. Магчыма, іх было яшчэ больш, але мне не ўсё аддавалі. Мне людзі з іншых краін казалі, што адпраўлялі лісты, але я іх не ўбачыла.
Усе лісты вельмі розныя. Людзі пісалі, што ўсё будзе добра і, што сустрэнемся ў Новай Беларусі, што мы пераможам і ўсё ў такім родзе. Мне, калі іх чытала, было вельмі прыемна, што людзі падтрымліваюць і не забываюць мяне. Акрамя лістоў, перадавалі перадачы. Яны не баяліся і прывозілі іх — за гэта вялікі дзякуй!
У мяне ёсць надзея, што ўсё будзе добра, але незразумела, калі гэта будзе. Я, калі чытала гэтыя словы ў лістах, то разумела, што калісьці гэта здарыцца, але дакладна не ў бліжэйшы час. Разлічваць на гэта я не магла. Я разумела, што людзі гэта пішуць для падтрымкі, таму што чалавеку ў такім месцы трэба чуць менавіта такія словы, каб не ўпасці духам".
"Галоўнае, каб людзі ведалі, што іх не забываюць і падтрымліваюць"
Вікторыя кажа, што важна працягваць пісаць і падтрымліваць палітвязняў:
"У першую чаргу, важна пісаць тым, хто знаходзіцца ў калоніях. Таму што ў іх няма доступу ні да чаго. Людзі наогул адрэзаныя ад знешняга свету і лісты — гэта адзінае, што можа дапамагчы. Я гэта па сабе ведаю. Калі мы ў ІЧУ сядзелі на "сутках", то людзі пісалі нам. Гэта ледзь не адзінае, што падтрымлівала і маральна дапамагала.
Галоўнае, каб людзі ведалі, што іх не забываюць і падтрымліваюць".
Падтрымайце маму Вікі, якая працягвае адбываць "хімію" па адрасе:Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу №25, 231707, г. Гродна, вул. Леніна, 12А |