Затрыманні, ціск на палітвязня і новыя экстрэмісцкія матэрыялы: хроніка пераследу 8 красавіка
8 красавіка ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Баранавічах масава выклікаюць людзей на допыты — усё з-за дыверсіі на чыгунцы
Праваабаронцам стала вядома, што ў Баранавічах выклікаюць на допыты людзей, якія раней прыцягваліся па «палітычных» артыкулах. У іх спрабуюць даведацца пра вечар 14 сакавіка — у той дзень адбылася дыверсія на чыгунцы ў Баранавіцкім раёне. У людзей глядзяць тэлефоны, бяруць біяматэрыял.
Вядома, што праводзяць допыты супрацоўнікі з Брэста.
Вярхоўны суд прызнаў «NEXTA», «NEXTA Live» і «LUXTA» тэрарыстычнай арганізацыяй
У паведамленні Генеральнай пракуратуры пазначана, што з сярэдзіны 2020 года названая арганізацыя праводзіла працу, звязаную з:
- прапагандай экстрэмісцкай, у тым ліку тэрарыстычнай дзейнасці;
- суісканнем і аб'яднаннем радыкальна настроеных грамадзян для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў;
- навучаннем тэхналогіям вырабу выбуховых рэчываў, самаробных выбуховых запальных прылад, зброі, сродкаў індывідуальнай і групавой абароны, а таксама тактыцы аказання супраціву праваахоўнікам.
Згодна са звесткамі пракуратуры, у выніку на тэрыторыі краіны былі ўчыненыя "акты тэрарызму" і іншыя "злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці", мелі месца масавыя беспарадкі.
Пракуратура накіравала ў Мінскі гарадскі суд крымінальную справу ў дачыненні да шасці актывістаў ініцыятывы «Буслы ляцяць»
У залежнасці ад ролі кожнага ім у розным спалучэнні інкрымінаваныя: ч.1 арт. 342, ч.2 арт. 290-4, ч.1 арт. 359, ч.1 арт. 218, ч.3 арт. 130, ч.1 арт. 361 Крымінальнага кодэксу.
Некаторыя эпізоды супрацьпраўных дзеянняў звязаныя з пашкоджаннем у сакавіку 2021 года асабістага аўтамабіля суддзі Барысаўскага раёна, а ў красавіку гэтага ж года — акна ў кватэры, дзе пражывае работнік пракуратуры горада Мінска.
У Мінску затрыманы Максім Стасюк
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ён нібыта ўдзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе, а таксама хацеў паехаць ваяваць ва Украіну.
З Максімам з'явілася «пакаяльнае» відэа, на якім хлопец, у відавочна прыгнечаным стане і, верагодна, пасля збіцця, плача і «просіць прабачэння ў беларусаў і расіян».
Суд прызнаў інфармацыйную прадукцыю суполак «Медыя-Палесся» ва «УКантакце» і «Аднакласніках» «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Суполкі медыя ў Facebook, Instagram, Telegram «экстрэмісцкімі» не прызнаныя.
У Мінску затрыманы супрацоўнік «Белтэлекама» Аляксандр Кліндзюк
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 30-гадовы мужчына быў затрыманы за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў, а таксама за заклікі ў закрытым тэлеграм-чаце прадпрыемства.
Гэта ўжо другое затрыманне супрацоўніка «Белтэлекама» за паведамленні ў закрытым чаце на гэтым тыдні — у аўторак паведамлялался пра затрыманне Алега Каспяровіча за «насаджэнне пратэстных ідэй і рэпосты з рэсурсаў прызнаных экстрэмісцкімі ў карпаратыўным тэлеграм-чаце прадпрыемства».
Супраць гомельскага актывіста Мікіты Слепянка ўзбудзілі крымінальную справу за «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»
Адміністратара культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans Мікіту выклікалі на допыт у міліцыяю 6 красавіка, пасля якога на свабоду ён не выйшаў. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што цяпер Мікіта ўтрымліваецца ў мясцовым ІЧУ па падазрэнні па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. У чым яго канкрэтна падазраюць — пакуль невядома.
У лютым Мікіта адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за адміністраванне @rezystans па ч.2 арт. 19.11 КаАП. На волю ён выйшаў 23-га лютага, але яго тэлефон пакінулі для правядзення далейшых следчых дзеянняў.
35 сутак запар: палітвязня Мікіту Емяльянава зноў пакаралі «суткамі» ў карцары
Палітзняволены анархіст Мікіта Емяльянаў з 12 сакавіка знаходзіцца ў карцары. Спачатку Мікіту прызначылі пяць сутак карцару. Потым пакаралі яшчэ 10 суткамі, бо Емяльянаў адмовіўся прыбіраць прагулачны дворык. Вядома, што чацвёра сутак Мікіта галадаў на знак пратэсту са змяшчэннем у карцар, але спыніў галадоўку па стане здароўя.
Сёння стала вядома, што Мікіце працягнулі тэрмін у карцары да 16 красавіка. За што на гэта раз — невядома. Агулам Мікіта правядзе ў карцары 35 дзён.
СК: па справе БелаПАН устаноўлена фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці» на агульную суму не менш як 4 мільёны долараў ЗША
Нагадаем, па гэтай справе праходзяць Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына. Палітвязняў абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, іх справу накіравалі ў суд.
Дапаўняецца