viasna on patreon

Гамельчука асудзілі да года калоніі за заклікі да пратэстаў

2022 2022-04-08T18:13:59+0300 2022-04-08T18:16:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gapanenka.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

5 красавіка 2022 года ў судзе Савецкага раёна Гомеля вынесены прысуд 28-гадоваму палітвязню Дзянісу Гапоненку— электрыку Гомельскай ЦЭЦ.

Суддзя Аліна Кошкіна прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзіла да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, хаця бок абвінавачвання запрасіў для мужчыны большае пакаранне: паўтара года пазбаўлення волі.

"Заклікаў людзей выходзіць на вуліцу"

Паводле абвінавачвання, 12 жніўня 2020 года ў адкрытым чаце "Гомель: нас 97%" (цяпер прызнаны экстрэмісцкім) Гапоненка заклікаў людзей выходзіць на вуліцу, каб выказаць свой пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў мірным спосабам, а таксама да блакавання дарог і страйку. У прыватнасці, ён прапаноўваў з раніцы 13 жніўня 2020 выйсці на блакаванне дарог, каб у далейшым ажыццявіць страйк.

На судзе таксама выступіў старшы інспектар М. Чуешаў, супрацоўнік Савецкага РАУС Гомеля. Менавіта ён знайшоў паведамленні Гапоненкі падчас маніторынгу сацыяльных сетак: мужчыну затрымалі пасля яго рапарту. У матэрыялах справы былі скрыншоты паведамленняў з чата, дыскі з запісамі, а таксама станоўчыя характарыстыкі з месца працы абвінавачанага.

"Я быў вельмі незадаволены ужываннем гвалту з абодвух бакоў"

Дзяніс Гапоненка прызнаў віну часткова. Ён прызнаў, што пакідаў паведамленні, але падкрэсліў, што не меў агрэсіўнага і злога намеру, не заклікаў ажыццяўляць гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў, а наадварот— заклікаў да мірных пратэстаў. У сваіх ён паказаннях патлумачыў, што каментары пісаў на эмоцыях, паддаўшыся агульнаму настрою ў чаце, не ўсведамляў наступстваў і цалкам раскайваецца пасля затрымання.

Падчас папярэдняга следства Гапоненка распавядаў, што пакінуў у телеграм-канале прыкладна 56 паведамленняў.

"На той момант у жніўні 2020 года пасля мінулых выбараў прэзідэнта я быў вельмі незадаволены прымяненнем гвалту з абодвух бакоў: як праваахоўных органаў, так і з боку супрацьдзейных асоб", — тлумачыў ён.

Таксама ён падкрэсліваў, што асабіста не ўдзельнічаў у акцыях, на якія заклікаў выходзіць. Падчас суда Гапоненка падтрымаў паказаньні, якія даў падчас следства.

"Злачынства па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці"

Бок дзяржабвінавачання выказаў упэўненасць у тым, што Гапоненка "з дапамогай тэлефона, які належыць яму, у адкрытым для прагляду неабмежаванага кола асоб чаце размясціў выказванні з заклікамі да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, да аб'яднання і выхаду іх на вуліцы, якія цягнуць парушэнні нармальнай працы арганізацый, прадпрыемстваў". Пракурор папрасіў прызнаць яго вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе 1 года 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Абцяжарваючай акалічнасцю бок дзяржабвінавачання папрасіў ўлічыць здзяйсненне злачынства "па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці".

Абаронца абвінавачанага быў упэўнены, што яго падабаронны не задумваўся над тым, што яго ўсплёск эмоцый можа пацягнуць за сабой негатыўныя наступствы.

"Ён не думаў аб гэтых наступствах, ён задумаўся пра іх толькі тады, калі да яго ў дзверы пагрукалі. Вось тады і прыйшло ўсведамленне, да гэтага моманту ён лічыў, што нічога страшнага ён не зрабіў, — адзначыў адвакат. — Высокі суд, зараз вам вырашаць, што з ім будзе далей. Калі ён паедзе ў месцы пазбаўлення волі, як просіць абвінаваўца,— раптам ён азлобіцца і палічыць, што сапраўды павінен быць тым пратэстантам, які выходзіць на плошчы? Усяго толькі за адзін каментар — і паўтара года пазбаўлення волі".

Абаронца папрасіў прызначыць Гапоненка пакаранне, не звязанае з ізаляцыяй ад грамадства, каб ён мог выправіцца і даказаць, што "гэта была яго маленькая памылка".

У апошнім слове Дзяніс Гапоненка сказаў:

"Высокі Суд, я шкадую, што апынуўся тут і ўжо не адзін раз падумаў і раскаяўся за тое, што я зрабіў. Я хачу падкрэсліць, што я стараўся ніколі нават нікога не абражаць у сацыяльных сетках. Я заўсёды стараўся сачыць за сваімі словамі, але ў гэты раз спатыкнуўся і з-за эмоцый. Мне хапіла больш за 3 месяцы ў СІЗА, каб усвядоміць сваю памылку, думаць, што ты робіш, што ты пішаш, дзе ты знаходзішся. Я хачу даказаць усім, сваёй сям'і, што я нармальны член гэтага грамадства. Я хачу даказаць сваёй будучай жонцы (у нас павінна была быць вяселле гэтым летам), што я не нейкі парушальнік закона. Проста чалавек, які не падумаў і спатыкнуўся. Высокі суд, я папрашу вас даць мне шанец, і не пазбаўляць свабоды".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства