viasna on patreon

Палітвязня, якому летась прысудзілі 5 гадоў калоніі, цяпер судзілі за «счэпку» 9 жніўня 2020 года

2022 2022-04-08T18:56:47+0300 2022-04-08T19:22:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zenko_pltz.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 7 красавіка другі раз асудзілі па «пратэсным артыкуле» палітзняволенага Івана Зянько, асуджанага летась да пяці гадоў зняволення за тое, што на мітынгу адбіў з іншымі чалавека ад затрымання амапаўцамі. Тады на судзе ён заяўляў пра катаванні. Ужо ў калоніі супраць мінчука ўзбудзілі новую крымінальную справу за ўдзел у акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году. Асноўным доказам віны з’яўлялася відэа, на якім «неўстаноўленая асоба» з заблюраным тварам на мітынгу ў Мінску інструктавала пратэстоўцаў, як стаць у «счэпку». Адвакат выказаў здагадку, што гэта супрацоўнік міліцыі. Дзяржабвінавачванне падтрымлівала пракурорка Аксана Саковіч.

Першая крымінальная справа за супраціў амапаўцам на Маршы

У сакавіку мінулага году Івана Зянько судзілі з Яўгенам Бароўскім, Аляксеем Драбай і Уладзімірам Кацкелем. Іх абвінавачвалі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), наўмысным пашкоджанні маёмасці (арт. 218 КК).

Падзеі, за якіх іх судзілі, адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года. Пад час разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” абвінавачаныя перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, распачалі з імі бойку, нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі. Па справе пацярпелымі выступалі сем супрацоўнікаў АМАПу.

Зянько сваёй віны на судзе не прызнаў, а сказаў:

"На сто адсоткаў не вінаваты, адмаўляюся даваць паказанні".

Фігуранты гэтай справы на судзе заяўлялі пра катаванні. Іван распавёў, што яго збівалі, пагражалі згвалтаваннем, здымалі штаны.

Але, негледзячы на заявы аб катаваннях, суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Юля Блізнюк па запыце пракуроркі Валерыі Таратынкі асудзіла Івана Зянько да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Адбываць тэрмін Івана Зянько накіравалі ў шклоўскую калонію.

Мінскай чацверцы, якая адбіла ад амапаўцаў чалавека - ад чатырох да пяці год калоніі і вялікая кампенсацыя пацярпелым

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 2 красавіка абвясціў прысуд па крымінальнай справе чатырох жыхароў сталіцы – Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля.

Новая крымінальная справа

5 студзеня гэтага году Іван Зянько стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У сувязі з гэтым Івана перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Вядома, што 16 сакавіка палітвязня змясцілі на 10 сутак у ШІЗА. Але прычына невядомая.

6 і 7 красавіка крымінальная справа супраць Івана Зянько разглядалася ў судзе Фрунзенскага рана Мінска. Справу разглядала суддзя Наталля Бугук.

У гэты раз палітвязня абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 9 жніўня 2020 году, а менавіта блакіроўку руху транспарту шляхам «счэпкі» з іншымі неўстаноўленымі асобамі. Асноўным доказам па справе выступала відэа, на якім «неўстаноленая асоба» спартыўнага целаскладу інструктуе пратэстоўцаў, як стаць у «счэпку». На судзе адвакат выказаў здагадку, што гэта аператыўны супрацоўнік міліцыі:

«Відавочна, што гэта неўстаноўленая асоба правацыравала астатніх для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў. Пры гэтым, твар яго зарэтушаваны. Нельга выключаць, што гэта супрацоўнік праваахоўных органаў. Бо інакш, як растлумачыць наўмыснае ўтойванне яго твару на відэа? А орган папярэдняга следства так і не ўстанавіў яго асобу. На мой погляд, устанавіць гэтую асобу не ўяўляла асобай цяжкасці».

Таксама ў матэрыялах справы ёсць некалькі фотаздымкаў. Іных доказаў віны Зянько няма.

Напачатку суда Зянько адмовіўся ўставаць, за што суддзя папярэдзіла яго аб адказнасці. У апошнім слове палітвязень сказаў:

«Рад бачыць родных, блізкіх, сяброў. У мяне ўсё ў парадку, я набіраюся сілаў, я здароў. Магчыма, там быў я ў першых шэрагах. Але калі я выйду, я дакладна буду ў першых шэрагах».

Пракурорка запрасіла для Івана Зянько па новай крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса два гады калоніі — менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Бугук. Але на выніковы тэрмін гэта не паўплывала: у выніку палітвязень асуджаны да пяці гадоў калоніі.

Падтрымайце Івана па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Іван Аляксандравіч Зянько

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства