viasna on patreon

Пратэсты ў 25 гарадах і мястэчках: як пераследуюць беларусаў, якія выказваюцца супраць вайны

2022 2022-04-09T14:33:23+0300 2022-04-10T10:14:05+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/razam.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ужо 45 дзень як Расія атакуе Украіну. І роўна столькі беларусы штодзённа выказваюць сваю нязгоду з расійскай агрэсіяй, якая ў тым ліку адбываецца з тэрыторыі Беларусі. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну за антываенныя акцыі пратэсту па ўсёй краіне было затрымана мінімум 1 500 чалавек. Большасць з іх улады пераследуюць па адміністрацыйных справах, а супраць некаторых узбуджаюць крымінальныя справы. Беларусаў кідаюць за краты за запуск балонікаў, адзенне і сімволіку ў блакітна-жоўтых колерах, за кветкі каля ўкраінскай амбасады і за гукавы сігнал падчас мітынгу. Акцыі пратэсту праходзяць нават у Дрыбіне, Докшыцах, Шуміліна і Ушачах. Акрамя гэтага, «партызаны» ў Беларусі вядуць «рэйкавую вайну». У гарадах, дзе адбываюцца дыверсіі, сілавікі ладзяць ператрусы, затрымліваюць мясцовых, а потым адпраўляюць іх на «суткі». Самі міліцыянты ў пратаколах называюць вайну «вайсковай аперацыяй Расіі ва Украіне». «Вясна» распавядае, якімі метадамі беларусы выказваюць свой пратэст супраць вайны і як за гэта іх пераследуюць улады.

Ілюстрацыя @natagarl
Ілюстрацыя @natagarl

Як пратэстуюць у маленькіх мястэчках?

Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага. За два дні ў Беларусі было затрымана больш за 1100 чалавек, пры гэтым, за кратамі з іх апынуліся мінімум 630 чалавек. Хваля затрыманняў пачалася яшчэ днём 27 лютага — у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме. Людзі рабілі надпісы з антываеннымі лозунгамі на бюлетэнях, а потым збіраліся каля выбарчых участкаў і масава выказвалі сваю нязгоду ў сувязі з падзеямі ва Украіне.Неглядзячы на тое, што большасць людзей на анансаваных антываенных акцыях былі затрыманыя ў Мінску, людзі пратэставалі нават у маленькіх мястэчках. Іх затрымлівалі на галоўных плошчах, на выбарчых участках і каля адміністрацыйных бундынкаў, куды яны выходзілі сказаць «Не» вайне. 

Так, напрыклад, у Шуміліна 27 лютага на выбарчым участку затрымалі Вольгу Цярэнцьеву за тое, што яна на сталах камісіі расклала восем лістоў з надпісам «Супраць вайны». На яе выклікалі міліцыянтаў, якія расцанілі гэта як «несанкцыянаваны пікет» і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Суддзя Іна Грабоўская прызнала яе вінаватай і аштрафавала на 20 базавых велічыняў (640 рублёў).

На галоўную плошчу горада Ушачы 27 лютага з адзіночным пікетам выйшаў Аляксандр Чарткоў. У руках ён трымаў плакат «Не вайне». Суд пастанавіў арыштаваць Аляксандра па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак, а плакат — знішчыць.

За пікет 27 лютага каля Талочынскага райвыканкама затрымалі Аляксандру Каралькову. За адну гадзіну на плошчы суд пакараў жанчыну штрафам у памеры 70 базавых велічыняў (2 240 рублёў).

Таксама з пікетам да выбарчага ўчастку выйшлі і ў Дубровенскім раёне. У мястэчку Баброва з плакатам «Нет войны», напісаным чырвонымі літарамі на белым фоне, пікетаваў Аляксандр Бібчыкаў. Суддзя Марыя Цыклінская прызнала яго вінаватым і арыштавала на 10 сутак. Віну на судзе мужчына не прызнаў.

На другі дзень вайны ў мястэчку Дрыбін Магілёўскай вобласці да будынку мясцовага райвыканкама выйшаў мясцовы жыхар. З плакатам «Нет войне» ён паспеў прастаяць толькі 11 хвілін, а потым яго затрымалі міліцыянты. На судзе мужчына патлумачыў, што такім чынам ён выказаў сваю нязгоду з вайсковымі дзеяннямі на тэрыторыі Украіны, бо там у яго жывуць сваякі. Таксама ён дадаў, што чакаў, калі да яго далучацца астатнія жыхары і падтрымаюць яго пазіцыю. На пытанне суддзі, ці браў ён дазвол на правядзенне пікетавання, мужчына адказаў, што «на гэта няма часу, бо там гінуць людзі». Суд прызначыў яму 7 сутак арышту і пастанавіў знішчыць плакат.

У вёсцы Дрыбінскага раёна актывіста руху «За свабоду» Андрэя Юркова арыштавалі за заклік да малітвы за ўкраінцаў. Ён зрабіў відэазапіс з заклікам і выклаў яго на сваёй старонцы ў «Аднакласніках». Падчас суда мужчына віну не прызнаў. Вынік — 7 сутак арышту.

За тры хвіліны з плакатам «Слава Украіне» каля будынку гарадскога цэнтру культуры ў Докшыцах Таццяну Дорц пакаралі 13-сутачным арыштам. Праз пару хвілін пад'ехалі супрацоўнікі ДАІ, яе затрымалі і павезлі ў РАУС. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, падчас пікетавання жанчына «гучна крычала “Слава Украіне“».

У Бярозе 27 лютага на цэнтральную плошчу з антываенным пікетам выйшлі Святлана і Віктар Цагельнікі. Па словах Віктара, яны з жонкай у той дзень паглядзелі відэа пра тое, што адбываецца ва Украіне, абурыліся гэтым і вырашылі выказаць сваю пазіцыю. Жонка зрабіла на адным аркушы паперы надпіс, а другі размалявала рознымі колерамі. Згодна з пісьмовымі матэрыяламі справы, затрымалі іх толькі праз час. 4 сакавіка суд прызначыў Віктару і Святлане штрафы ў памеры 50 базавых велічыняў. Агулам сям’я павінна будзе выплаціць 3 200 рублёў.

Міліцыянты ў Кобрыне склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП на мясцовага жыхара, палічыўшы надпісы на бюлетэні «эктрэмісцкімі». Вядома, што мужчына выклаў «пашкоджаны бюлетэнь з надпісамі, што прапагандуюць экстрэмісцкую дзейнасць» у тэлеграм-канал. Акрамя гэтага, за адмову паказаць пашпарт на яго дадаткова склалі пратакол за «непадпарадкаванне міліцыянту» (арт. 24.3 КаАП). Яго пакаралі штрафам у памеры 15 базавых (480 рублёў). Таксама вядома, што жанчыну з Кобрына аштрафавалі на 30 базавых (960 рублёў) за пікет 27 лютага каля Кобрынскага райвыканкама.

Слесара аднаго з кобрынскіх прадпрыемстваў арыштавалі на 8 сутак за тое, што, знаходзячыся на працоўным месцы, адправіў паведамленне ў «экстрэмісцкі» чат «Брест 97%» з заклікам выходзіць на акцыю ў Кобрыне.

У лесе каля базы адпачынку «Чайка» непадалёк Жодзіна 26 лютага дзевяць чалавек сфатаграфавалісь з плакатамі «Русский солдат, бросай автомат» і «Я/Мы супраць вайны», а таксама трымалі БЧБ-сцягі з «Пагоняй» і гербам горада Жодзіна. Яны выклалі фотаздымкі ў адзін з тэлеграм-каналаў, па якім пазней міліцыянты знайшлі мінімум двух удзельнікаў акцыі пратэсту. Суд горада Жодзіна прызнаў іх вінаватымі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» і пакараў мужчыну 15-сутачным арыштам, а жанчыну аштрафаваў на 200 базавых (6 400 рублёў).

Суд Лідскага раёна асудзіў жанчыну, якая выйшла на адзіночны пікет з плакатам супраць вайны, і аштрафаваў на 20 базавых (640 рублёў).

У Ляхавічах міліцыянты «два крыжыкі і фігуру сэрца» на бюлетэні палічылі «экстрэмізмам». Каардынатарку штаба Ціханоўскай на выбарах-2020 Тамару Патоцкую асудзілі за тое, што яна 27 лютага 2022 года ў сябе дома са свайго тэлефона «у мэтах перашкоды законнай дзейнасці камісіі па рэферэндуме, адправіла сапсаваны бюлетэнь для галасавання, у якім чырвоным чарнілам у графах «за» і «супраць» прастаўлены два крыжыкі, а таксама на тэксце бюлетэня намаляваная фігура ў выглядзе сэрца, які змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». Ляхавіцкі суд пастанавіў аштрафаваць Патоцкую па арт. 19.11 КаАП на 20 базавых (480 рублёў) і канфіскаваць тэлефон.

«Урублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сцяну». Мінчанка распавяла пра трое сутак на Акрэсціна пасля антываеннай акцыі

Мінчанка распавяла «Вясне» пра збіццё сукамерніцы супрацоўнікам Акрэсціна, пра тое, што ў пяцімясцовай камеры ўтрымлівалі 35 мужчын, а затрыманых 27 лютага жанчын першы раз пакармілі толькі 1 сакавіка.

Пераслед беларусаў у рэгіёнах

Рэпрэсіі ў рэгіёнах Беларусі з нагоды вайны цягнуцца дагэтуль. Першая хваля масавых затрыманняў прайшла ў рэгіёнах пасля анансаваных антываенных акцый. Тады сілавікі забіралі людзей з вуліц, на іх складалі пратаколы за ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» і адпраўлялі за краты. Пасля пачатку «рэйкавай вайны», якую ладзяць беларусы на чыгунцы, у некаторых гарадах сілавікі шукаюць «партызанаў» сярод мясцовых жыхароў паблізу тых месц, дзе адбывалася дыверсія. Затрыманых пасля ператрусаў або змяшчаюць пад варту ў межах крымінальных справаў, або кідаюць у ізалятары па адміністрацыйных артыкулах. Распавядаем, як пераследуюць у рэгіёнах за антываенныя погляды.

Наваполацк: мінімум 80 затрыманых, з якіх 20 кінулі за краты

У Наваполацку 27 лютага на выбарчых участках прайшлі масавыя затрыманні. Усіх, хто даставаў тэлефон — затрымілівалі. Агулам у мясцовы ГАУС было дастаўлена каля 80 чалавек. Па дадзеных праваабаронцаў, за «пікетаванне» на выбарчых участках асудзілі больш за 20 чалавек, з якіх аднаго чалавека пакаралі 12 суткамі арышту, яшчэ аднаго — 30 суткамі, а астатніх арыштавалі на 15 сутак.

Жыхароў абвінавачвалі ў пашкоджанні бюлетэня рознымі надпісамі і складалі за гэта пратакол па арт. 24.23 КаАП:

«Дэманстратыўна, пры назіральніках выбарчай камісіі і іншых грамадзянах у квадратах «за» і «супраць» бюлетэня для галасавання паставілі адзнакі, зрабілі надпіс, пасля чаго сфатаграфавалі бюлетэнь для галасавання».

У якасці доказаў міліцыянты выкарыстоўвалі скрыншоты з тэлеграм-канала «Новополоцк и Полоцк 97%», у якім быў заклік рабіць надпіс на бюлетэні і фатаграфаваць яго. Пры гэтым, суд вызначыў, што кабіны для галасавання былі размешчаны такім чынам, што дзеянні ўдзельнікаў рэферэндуму былі бачны назіральнікам з камісіі і іншым грамадзянам, а сакрэтнасць волевыяўлення была забяспечана належным чынам.

На адным з судоў у якасці сведкі выступіў назіральнік з камісіі, які нібыта бачыў, як затрыманы «праводзіў маніпуляцыі з бюлетэнем». Апроч усяго, ён дадаў, што «па руху рукі зразумеў, што той робіць надпіс на бюлетэні». Ён запісаў дадзеныя ўдзельніка на лісток, які пасля забраў старшыня камісіі і перадаў міліцыянтам. На думку суда, «фатаграфаванне пашкоджанага бюлетэня — гэта выказванне сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў».

Аднаго з затрыманых арыштавалі за паведамленне ў чаце «Новополоцк и Полоцк 97%», у якім ён напісаў: «Выходим на площадь в 17.00». Яму прызначылі 15 сутак арышту.

Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую затрымалі яшчэ 27 лютага, з таго моманту ўжо тройчы асудзілі. Спачатку яе абвінавацілі ў фатаграфаванні бюлетэня. У выніку, суд пакараў яе 15-сутачным арыштам. Праз некалькі дзён над Вольгай адбыўся ўжо другі суд. Ёй прызначылі яшчэ 15 сутак за тое, што яна да сваёй курткі прычапіла запісы : «Не вайне», «Нет войне», «no war». На трэці раз Вольгу судзілі за паперы з тымі ж надпісамі толькі ўжо на вокнах кватэры. На судзе яна патлумачыла, што на другім боку аркушаў яна напісала для сябе словы малітвы. Акрамя гэтага, яна заявіла, што надпісамі на лістах яна выказала сваю думку з нагоды сітуацыі, што склалася ва Украіне, а свабода выказвання ёй гарантавана Канстытуцыяй. Вынік — чарговыя 15 сутак.

Таксама праваабаронцам паведамлялі, што аднаго з затрыманых абвінавацілі у «пашкоджанні дзяржаўнай маёмасці» за слова «х*й» на бюлетэні.

У суседнім горадзе — Полацку — 27 лютага на выбарчым участку затрымалі 54-гадовага Сяргея Хлебадара. Прычына — блакітна-жоўты шалік. На думку міліцыянтаў, мужчына такім чынам паўдзельнічаў у «несанкцыянаваным пікетаванні». Сяргея арыштавалі на 15 сутак.

Баранавічы: пераслед за антываенныя акцыі і пошук «рэйкавых партызанаў»

У асноўны дзень галасавання ў Баранавічах было затрымана мінімум восем чалавек. Падчас суда стала вядома, што каля сярэдней школы №10, дзе знаходзіўся адзін з выбарчых участкаў, міліцыянты затрымалі групу з сямі чалавек. Усе яны стаялі перад уваходам у школу і абмяркоўвалі вайну ва Украіне.

Як вынікае з матэрыялаў справы аднаго з затрыманых, каля 14:20 да людзей, якія стаялі каля школы, падыйшла пенсіянерка з плакатам «Украіна, мы з вамі». Да людзей адразу падыйшлі міліцыянты з патрабаваннем разыйсціся і частка людзей сыйшла. Тыя, хто застаўся стаяць каля жанчыны з плакатам, працягнулі весці размову. Да іх цягам некалькі хвілінаў далучаліся мясцовыя жыхары, пакуль міліцыянты не пачалі іх затрымліваць. У выніку, пратаколы за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» склалі на семярых чалавек. Вядома, што траіх жанчын за абмеркаванне вайны пакаралі вялізарнымі штрафамі ў памеры ад 65 да 90 базавых (ад 2 080 да 2 880 рублёў), а мужчыну арыштавалі на 10 сутак. Таксама ў гэты дзень насупраць Вечнага агню затрымалі хлопца з плакатам «НЕТ ВОЙНЕ».

Акрамя гэтага, з сярэдзіны сакавіка сілавікі праводзяць масавую «зачыстку» сярод тых, хто раней быў затрыманы альбо асуджаны па палітычных артыкулах. Вядома, што сярод іх шукаюць «рэйкавых партызанаў», якія ладзяць дыверсіі на чыгунцы. У мясцовых жыхароў ГУБАЗіК праводзіць ператрусы ў межах «рэйкавай» справы па артыкулу 309 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін). У затрыманых сілавікі правяраюць тэлефоны, а калі знаходзяць падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы ці рэпосты з іх — адпраўляюць на суткі ці караюць штрафамі па арт. 19.11 КаАП. 

Па дадзеных праваабаронцаў, з 24 лютага ў баранавічах асудзілі мінімум 22 чалавекі, пяць з іх пакаралі суткамі. Таксама вядома, что некалькіх чалавек арыштавалі за фота, якія яны дасылалі пасля рэферэндуму на платформу «Голас», якую ўлады прызналі экстрэмісцкай. Рашэнні па адміністрацыйных справах звычайна выносяць суддзі Іна Паўлоўская, Мікалай Кміта і Сяргей Данільчык.

Дзяржынск: збіццё пры затрыманні, суткі за «экстрэмізм» і жорсткія ўмовы ўтрымання ў ІЧУ

У Дзяржынску з сярэдзіны сакавіка сілавікі прыходзяць з ператрусамі да мясцовых жыхароў, а потым іх затрымліваюць. Паведамляецца, што некаторых пры затрыманні збіваюць. Мясцовыя распавядалі, што ІЧУ Дзяржынска перапоўнена, а затрыманых утрымліваюць у жорсткіх умовах: у камерах халодна, не выдаюць матрацаў, перадачы не прымаюць. Таксама паведамлялі, што на допытах ГУБАЗіК збівае людзей і прымушае падпісаць выдуманыя пратаколы.

Так, сілавікі з пастановай на ператрус за распаўсюд улётак прыйшлі да сям'і Зубовіч. Прэтэнзіі ставіліся да старэйшай дачкі, але пасля ператрусу ў мясцовае РАУС забралі яшчэ яе бацькоў. Старэйшую дачку апыталі і адпусцілі, таму што яна цяжарная. А яе бацькоў — Яўгена і Наталлю — затрымалі і адвезлі ў Дзяржынскі ІЧУ, нягледзячы на тое, што дома ў іх засталося непаўнагадовае дзіця. Пры гэтым, згодна з заканадаўствам, у рамках адміністрацыйнага працэсу маці непаўналетняга дзіцяці маюць права затрымліваць не больш, чым на тры гадзіны. Вядома, што на іх склалі пратаколы па артыкуле 19.11 КаАП.

Верагодна, сярод мясцовых жыхароў шукаюць «рэйкавых партызанаў», якія праз дыверсіі на чыгунцы блакуюць перавоз расійскай вайсковай тэхнікі. Гэта вынікае з крымінальнага артыкула, які быў пазначаны ў пастанове на ператрус у адной з затрыманых. Так, раніцай 21 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі жанчыну, у якой ёсць непаўнагадовае дзіця. У пастанове на ператрус значылася, што крымінальная справа тычыцца чыгуначнай дыверсіі 18 сакавіка на станцыі «Коласава» (арт. 309 Крымінальнага кодэкса). У жанчыны забралі тэлефон, а ў РАУСе на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за перасыл паведамлення з «Хартыі-97» сваёй дачцы. Яе аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (640 рублёў).

Вядро хлёркі на падлогу і пярцовы газ па вентыляцыйнай трубе: у якіх умовах адбываюць арышты "палітычныя"

Хлопец і дзяўчына, якіх затрымалі пасля галасавання на рэферэндуме, распавялі "Вясне" пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна і ў Жодзіне і пра метады здзекаванняў супрацоўнікаў ізалятараў з "палітычных".

Стоўбцы: шукаюць «партызанаў», але караюць за «экстрэмісцкія матэрыялы»

У ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах была здзейснена дыверсія на чыгунцы: падпалілі бярвенне з мэтай перашкоды руху цягнікоў, якія перавозяць па Беларусі расійскую тэхніку для ўдзелу ў нападзе на Украіну. Потым яшчэ паведамлялася пра пашкоджанне аўтаматыкі каля станцыі Сінява за Стоўбцамі. Пасля гэтага у горадзе два тыдні праходзілі масавыя ператрусы, допыты, затрыманні і адміністрацыйныя суды над мясцовымі. 

«Зачысткай» у горадзе займаліся мінскія супрацоўнікі ГУБАЗіКа пры падтрымцы супрацоўнікаў АМАПу і САХРа. Паведамляецца пра мінімум 35 выпадкаў ператрусаў і затрыманняў. Але людзі запалоханыя і баяцца агучваць факты пераследу. Па словах мясцовых жыхароў, супрацоўнікі ГУБАЗіКа некаторых з затрыманых збівалі. Пры гэтым, міліцыянты і пракуратура ніяк не рэагуюць на катаванні ў РАУСе. Пра збіццё жыхароў Стоўбцаў піша і мясцовы тэлеграм-канал "Столбцы РАЗАМ".

Калі ў тэлефонах знаходзяць падпіскі на «экстрэмісцкія каналы» ці перасылы з такіх каналаў, то складаюць пратаколы па арт. 19.11 КаАП і затрымліваюць да суда. Вядома, што некаторых адпраўляюць на «суткі». 

Пінск: дваіх — на суткі, яшчэ пяцярым — вялізарныя штрафы

У Пінску 27 лютага на антываенным мітынгу міліцыянты затрымалі мінімум сем чалавек. У мясцовым ГАУСе на іх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». У выніку, двух пінчукоў Дзмітрыя Гарагляда і Яўгена Калесніка суд Пінска і Пінскага раёна пакараў 15-сутачнымі арыштамі, а астатнім пяці прызначылі штрафы ў памеры ад 20 да 100 базавых велічыняў (ад 640 да 3 200 рублёў).

Па словах Гарагляда, на месцы правядзення акцыі ён апынуўся выпадкова, але пацвердзіў, што размова паміж удзельнікамі сапраўды была пра вайну ва Украіне. Міліцыянты прасілі пратэстоўцаў разыйсціся, а потым пачаліся затрыманні. Дзмітрый папрасіў міліцыянтаў не затрымліваць пенсіянерку, за што яго самога затрымалі.

Алесь Рамановіч на судзе растлумачыў, што прыйшоў на акцыю пратэсту мэтанакіравана, каб выказаць сваю пазіцыю. Акрамя гэтага, ён распавёў, што затрыманых не кармілі ў ІЧУ амаль суткі. На выхадзе з залі суда асуджаных спыняў пракурор і казаў, што ў першы і другі раз адказнасць за несанкцынаваныя мерапрыемствы — адміністрацыйная, а на трэці раз будзе крымінальная. Пасля чаго прапаноўваў падпісаць бумагу, што чалавек з гэтай інфармацыяй азнаёмлены.

Па інфармацыі «Белсата», адзін з затрыманых і арыштаваных, якога завуць Зміцер Н., скончыў жыццё самагубствам. Пасля адбыцця 15-ці сутак у пінскім ІЧУ яго звольнілі з працы ў мясцовых электрасетках. Зміцер застаўся без працы і грошай. Малодшы сын загінулага мае інваліднасць.

Мазыр і Калінкавічы: судзілі за «публічнае знаходжанне без руху на адным месцы»

Украінская амбасада ў Мінску 27 лютага

У Мазыры 27 лютага затрымалі кампанію з шасці чалавек, якія прыехалі з Калінкавічаў. У 17:00 па ўсёй краіне была анансаваная антываенная акцыя. Як паведамляе «Палеская Вясна», затрымалі іх па ініцыятыве мазырскага ўчастковага. Згодна з яго рапартам, «тры жанчыны і тры мужчыны, якія пры іншых мімаходных грамадзянах, працяглы час знаходзіліся на адным месцы без руху, чым публічна дэманстравалі сваю масавую скупнасць».

У выніку, за «публічнае знаходжанне без руху на адным месцы» на ўсіх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП. Судзілі іх у розных судах: у Мазыры і Калінкавічах.

Вядома, што траім жанчынам прызначылі 70 і 15 базавых штрафу (2240 і 480 рублёў адпаведна), мужчыне — 800 рублёў штрафу.

Бабруйск: суды за жоўта-сінюю стужачку ў прычосцы і надпісы на бюлетэні

У Бабруйску ўлады таксама вядуць барацьбу з тымі, хто выказвае сваю нязгоду з уварваннем расійскіх войскаў на тэрыторыю Украіны.

Так, 4 сакавіка, у бабруйскай сярэдняй школе №27 затрымалі настаўніцу Ларысу Секержыцкую. Падставай стала жоўта-сіняя стужачка ў яе прычосцы. Першай гэта заўважыла настаўніца матэматыкі. Яна данесла на Секержыцкую дырэктарцы, а тая выклікала АМАП. Суд пастанавіў, што стужкі ў валасы настаўніца павязала не для прыгажосці, а для «выказвання свайго грамадска-палітычнага настрою ў сувязі з тым, што адбываецца ва Украіне». Суд прызнаў Ларысу вінаватай і аштрафаваў на 70 базавых (2240 рублёў).

Таксама 27 лютага на галоўнай плошчы, дзе была анансаваная антываенная акцыя, затрымалі траіх мясцовых жыхароў. Міліцыянты ў пратаколе пазначылі, што яны, «скарыстаўшыся публічнымі заклікамі ў сацыяльных сетках да правядзення збору грамадзянаў на плошчах, прынялі актыўны ўдзел у пікетаванні». Ніхто з іх сваю віну не прызнаў. У выніку, трох мясцовых жыхароў адправілі за краты на 15 сутак.

У гэты ж дзень, на выбарчым участку затрымалі мужчыну за надпіс «Нет войне» на бюлетэні. Па яго словах, адразу пасля галасавання, ён зрабіў фатаграфію бюлетэня на памяць пра тое, што ён «выканаў свой грамадзянскі абавязак». Пасля гэтага ён са складзеным бюлетэнем выйшаў з кабіны для галасавання, прайшоў да урны і апусціў яго. Але міліцыянты сцвярджалі, што мужчына прадэманстраваў бюлетэнь з надпісам усёй камісіі. Вынік — 15 сутак.

Брэст: арышты за пікеты на выбарчых участках і каля помніка Тарасу Шаўчэнку

У Брэсце пратэстоўцаў пасля антываенных акцый 27 і 28 лютага судзілі за заклікі і ўдзел у несанкцыянаваных пікетаваннях супраць вайны.

Калі на адным з выбарчых участкаў 27 лютага сабралася каля 60 чалавек, да іх падыйшоў амапавец і патрабаваў ад людзей разыйсціся. У адказ мужчына сказаў яму: «Я протестую против войны». Пасля гэтага яго затрымалі. Яшчэ аднаго мужчыну ў пачатку сакавіка затрымалі пасля таго, як ён прайшоў па мосце з плакатам «Нет войне» і выкрыкваў лозунгі. На судзе ён заявіў, што такім чынам выказваў сваю пазіцыю наконт падзеяў ва Украіне. Вядома, што траіх берасцейцаў адправілі ў ізалятар на 7, 10 і 14 сутак, а яшчэ дваіх пакаралі штрафамі у памеры 50 і 70 базавых велічыняў (1 600 і 2 240 рублёў).

Акрамя гэтага, напярэдадні дня нараджэння ўкраінскага класіка каля помніка Тарасу Шаўчэнку, які стаіць на аднайменным бульвары, павінен быў адбыцца мітынг. Ён быў папярэдне дазволены. Але міліцыя не пускала людзей да помніка. У выніку, сілавікі затрымалі вядомага актывіста Алега Вялава. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту за «парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» (24.23 КаАП).

Падчас дачы паказанняў на судзе Вялаў растлумачыў, што ён нават не паспеў дайсці да помніка Шаўчэнку. Міліцыянты папрасілі яго паказаць дакументы, а пасля адмовы прапанавалі прайсці ў службовы аўтамабіль. У матэрыялах справы пазначана, што дазволены ўладамі мітынг адбыўся ў 10:00 без парушэнняў, а Вялаў прыйшоў туды каля 12:00, таму пікетаванне было несанкцыянаваным. Увесь арышт Алег трымаў галадоўку.

Віцебск: судзілі за кветкі, стужкі і надпіс «Нет войне» на медыцынскай масцы

У Віцебску падчас антываеннай акцыі на тэрыторыі мемарыяльнага комплекса «Тры штыкі» 27 лютага затрымалі мінімум трох жыхароў. Кацярыну Бекан арыштавалі за ўскладанне кветак у блакітна-жоўтых колерах. Яшчэ аднаго мужчыну затрымалі за блакітна-жоўтыя стужачкі, якія былі прычэпляныя разам з бел-чырвона-белымі на яго адзенні. А доказам віны трэцяга мужчыны сталі асабістыя паведамленні ў тэлефоне, у якіх ён пісаў знаёмым, што ідзе на мітынг. Іх арыштавалі на 10, 12 і 15 сутак.

Яшчэ адну віцяблянку кінулі за краты на 15 сутак за надпіс «Нет войне» на медыцынскай масцы.

Таксама вядома, што група людзей у першыя дні вайны зладзілі шэсце па вуліцам Віцебска з БЧБ-сцягамі і плакатамі, на якіх быў напісаны антываенны лозунг. Адну з жанчын пакаралі за гэта 15-сутачным арыштам.

15 сакавіка ў Віцебску затрымалі актывіста Барыса Хамайду за блакітна-жоўтыя і бел-чырвона-белыя стужачкі. Ён адмовіўся здымаць стужку ў колерах украінскага сцяга са словамі: «У гэты момант ва Украіне пад абстрэламі гінуць дзеці, жанчыны, ідзе захопніцкая вайна, і таму нічога здымаць не буду». Яго асудзілі за «несанкцыянаванае пікетаванне» па арт. 24.23 КаАП. Пасля арышту ён распавёў, што сядзеў з беларусамі, якія выказаліся супраць вайны ва Украіне:

«Па маіх падліках, у ізалятары ў адзін час са мной за «палітыку» сядзелі яшчэ 9 чалавек. Прозвішчы я называць не буду, згадаю хіба некалькі прыкладаў. Сядзелі там двое жыхароў Менску, якія прыехалі ў Полацк, каб паглядзець горад. А тут пачалася вайна, і яны выйшлі да гатэля «Дзвіна» з плакатам «Не вайне», ім далі па 30 сутак. Сядзеў разам з расонскім хлопцам, яму, як і мне, прысудзілі 20 сутак – за тое, што напісаў зварот у райвыканкам супраць вайны. Яшчэ быў хлопец з Віцебску, які напісаў антываенны верш і размясціў у сацыяльных сетках. Яму прысудзілі 12, здаецца, сутак. З Наваполацку мужчыну асудзілі на 30 сутак за тое, што падчас рэферэндуму нібыта правёў пікет… Карацей, вельмі шмат цяпер неабыякавых людзей».

Гомель: «суткі» за «фатаграфаванне на лаўцы, выконваючы жоўта-сінюю гаму»

Гомельскія міліцыянты складалі на мясцовых жыхароў пратаколы па арт. 24.23 КаАП за лозунгі супраць вайны ва Украіне, за запуск балонікаў блакітна-жоўтых колераў і нават за «навукова-практычнае мерапрыемства» з выкарыстаннем плакатаў супраць вайны.

Так, Ірына Кучвальская 27 лютага праводзіла каля школы «асветніцкую акцыю, навукова-практычнае мерапрыемства, выкарыстоўваючы два плакаты з патрабаваннямі грамадзянам, якія прыходзілі для галасавання на рэферэндуме, каб паўплываць на іх думку з нагоды падзеяў, якія адбываюцца ў Беларусі і ва Украіне». Суд арыштаваў яе на 15 сутак.

Яшчэ траіх жанчын асудзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыях пратэсту. Адну жанчыну адправілі ў ізалятар на 15 сутак, яшчэ двух аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (480 рублёў).

За запуск блакітна-жоўтых балонікаў каля выбарчага ўчастку гамельчука арыштавалі на 14 сутак.

Адна з мясцовых жыхарак апынулася за кратамі за тое, што «фатаграфавалася на лаўцы, выконваючы жоўта-сінюю гаму».

Вядома, што яшчэ мінімум траіх гамельчукоў асудзілі на 15 сутак арышту за лозунгі супраць вайны.

Гродна: дзевяць чалавек агулам аштрафаваныя на 16 960 рублёў

Дзевяцярых гарадзенцаў аштрафавалі за ўдзел у антываеннай акцыі 27 лютага. Іх абвінавацілі ў тым, што яны збіраліся групамі пасля заклікаў у тэлеграм-каналах і выказвалі сваю пазіцыю з нагоды падзеяў ва Украіне. Ім прызначалі штрафы ад 50 да 70 базавых велічыняў на агульную суму 16 960 рублёў.

Магілёў: судзяць за плакаты і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

У Магілёве беларусы таксама выйшлі з антываеннымі плакатамі да выбарчых участкаў, каб выказацца супраць вайны. Па дадзеных правабаронцаў, траіх жыхароў адправілі ў ізалятары на 5, 12 і 15 сутак, яшчэ дваіх аштрафавалі на 80 базавых велічыняў (2 560 рублёў). Вядома, што адну жанчыну затрымалі, калі яна сядзела на лаўцы і трымала ў руках плакат «Не вайне». Сярод затрыманых і арыштаваных быў журналіст Алесь Сабалеўскі.

У пачатку сакавіка ў Магілёве супрацоўнікі АМАПу затрымалі Сяргея і Анастасію Ісакавых. Па інфармацыі «MAYDAY TEAM», спачатку затрыманне было звязана з «рэйкавай справай», але потым на мужа і жонку склалі пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). У выніку, Сяргея арыштавалі на 5 сутак.

Мінск: мінімум 600 арыштаваных, збіццё пры затрыманні і катаванні ў ізалятарах 

Жанна Трафімец на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску
Жанна Трафімец на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску

Падчас хапуна на антываенных акцыях пратэсту 27 і 28 лютага ў Мінску было затрымана каля тысячы чалавек. Беларусаў, якія выйшлі на вуліцы, каб заявіць пра сваю нязгоду ў сувязі з вайной ва Украіне, збівалі падчас затрыманняў, катавалі і ўтрымлівалі ў ізалятарах у нечалавечых умовах. Некаторых не кармілі некалькі дзён. Праз тое, што больш за 600 чалавек апынуліся за кратамі, каб «разгрузіць» Акрэсціна, іх пераводзілі ў ізалятары Жодзіна і Магілёва. Для іх не прымалі перадачы і не перадавалі лекі. Акрамя гэтага, праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі суддзі прызначалі арышт, негледзячы на сур’ёзныя хваробы ў затрыманых. Праваабаронцам неаднаразова паступалі звесткі пра катаванні і збіццё ў Жодзіна і на Акрэсціна. Людзей выводзілі ў душ, запіралі іх і пускалі ў памяшканне пярцовы газ. Але пратэст рознымі магчымымі спосабамі мінчукі ладзяць дагэтуль. 

Прычыны, па якіх судзяць людзей, розныя: кветкі каля украінскай амбасады, малітва ў царкве, сцяг на плячах, гукавы сігнал на акцыі і антываенныя плакаты на вокнах. На тых мінчукоў, якіх затрымалі 27 і 28 лютага складалі амаль аднолькавыя пратаколы. Усім ставіліся ў віну ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах» і выкрыкванне лозунгаў «Нет войне», «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь». Некаторыя справы праз вялікую колькасць затрыманых суддзі разглядалі за сем хвілін і працавалі ажно да 21:00. Вядома, што ў пратаколах міліцыянты называлі вайну ва Украіне «вайсковай аперацыяй Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны». Распавядаем, за што мінскія суддзі прызначаюць суткі і вялізарныя штрафы беларусам.

Білі дубінкамі, галавой аб аўтазак, ламалі рэбры: як збівалі затрыманых на антываенных акцыях у Мінску

Былы арыштант распавёў "Вясне", як і за што сілавікі працягваюць збіваць і катаваць беларусаў, а таксама пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.

У асноўны дзень галасавання на рэферэндуме людзі масава пачалі прыносіць кветкі да ўкраінскай амбасады. Міліцыянты спачатку прасілі людзей разыйсціся, а потым пачалі некаторых затрымліваць. Іх арыштоўвалі за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, шляхам ускладання кветак у блакітна-жоўтых колерах».

Мінчанка Жанна Трафімец 1 сакавіка выйшла на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску з адзіночным пікетам супраць нападу Расіі на Украіну. У руках яна трымала плакат «Остановите войну» і жоўта-блакітныя балонікі. Сілавікі затрымалі яе наўпрост разам з унучкай. У Цэнтральным РУУСе на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне і выпусцілі да суда з позвай. Праз дзень суддзя Цэнтральнага раёна Таццяна Акавітая аштрафавала жанчыну на 95 базавых велічыняў (3 040 рублёў).

Акрамя гэтага, разам з Жаннай затрымалі і студэнта пятага курса БНТУ Мікалая Антаневіча, які проста фатаграфаваў жанчыну. Яго арыштавалі на 15 сутак.

Хлопцу, які прайшоў па праезнай частцы праспекта Незалежнасці з антываенным плакатам, прызначылі 30 сутак арышту.

У Кафедральным саборы на Нямізе 3 сакавіка сабраліся маці беларускіх салдат — яны ладзілі супольную малітву Божай Маці аб спыненні нападу Расіі на Украіну.Вядома, што ў самой царкве было шмат «ціхароў» (яны рабілі выгляд, што прыйшлі сямейнай парай у царкву, але людзі бачылі ў іх рацыі), а каля будынка дзяжурыў АМАП. На выхадзе з сабору амапаўцы затрымалі журналістку Дзіяну Серадзюк і яе мужа Яўгена Батуру. Пазней іх асудзілі на 15 сутак арышту за «непадпарадкаванне міліцыянтам» (арт. 24.3 КаАП).

За гукавы сігнал 27 лютага на праспекце Незалежнасці на мінчука склалі пратакол па ч. 4 арт. 18.13 КаАП (парушэнне асобай, якая кіравала транспартным сродкам, правілаў карыстання гукавымі сігналамі ў месцы правядзення масавага мерапрыемства). Суд прызначыў яму 160 рублёў штрафу, а таксама яго пазбавілі пасведчання кіроўцы тэрмінам на 8 месяцаў.

У пачатку сакавіка ў Заводскім раёне Мінска затрымалі актывістку Галіну Лагацкую разам з сяброўкай за тое, што яны развешвалі лістоўкі «Не вайне». У выніку, суд арыштаваў яе на 15 сутак, а сяброўку — на 25 сутак. 

10 сакавіка сілавікі затрымалі 32-гадовага Дзмітрыя Мацюшонка за надпіс на акне балкона “No war“. Паведамлялася, што яго здаў сусед: сфатаграфаваў і аднёс участковаму. У Кастрычніцкім РУУСе на хлопца склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, згодна з якім, Дзмітрый «2 сакавіка каля 18:20 правёў пікетаванне шляхам размяшчэння надпісу на шкле акна сваёй кватэры “No war“». Вынік — 13 сутак.

Мастака Алеся Цыркунова затрымалі перад судовым працэсам па справе палітзняволенага Алеся Пушкіна. Прычына затрымання — бел-чырвона-белая і жоўта-блакітная стужкі на кашулі. За гэта яго пакаралі 15-сутачным арыштам.

Мінчука, які размясціў на акне свайго аўтамабіля плакат «Нет войне», суд Ленінскага раёна Мінска арыштаваў на 13 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства