Праўкі ў Вікіпедыі, званкі ў 102, відэаролікі, "лайкі" і каментары ў пару словаў... Падборка дыфамацыйных прысудаў за апошнія тры тыдні
Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК РБ). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за апошнія паўмесяца.
«Вясна» збірае інфармацыю з «палітычных» судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і Email: viasna@spring96.org |
Зрабіў выснову, што АМАП займаецца прыватным бізнэсам...
17 сакавіка ў Гродне асудзілі Юрыя Давыдава. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса), а менавіта кіроўцу АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Паўла Вашкевіча.
Сам Юрый Давыдаў растлумачыў суду, што 15 лістапада ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" пад допісам з фотаздымкам 31-гадовага Вашкевіча ён прачытаў, што ва ўласнасці ў пацярпелага ёсць мікрааўтобус Ford Transit 2015 года выпуску. Зыходзячы з гэтага абвінавачаны зрабіў выснову, што, акрамя працы ў АМАПе, пацярпелы займаецца яшчэ і прыватным бізнэсам, што, згодна з законам, дзяржслужачаму забаронена. Пра гэта Давыдаў і напісаў свой каментар. На судовым працэсе гэты каментар не цытаваўся.
Прысуд — два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). Падрабязней:
За "праяву нянавісці" да супрацоўніка АМАПу жыхара Гродна асудзілі на 2,5 гады "хіміі"
"Ищите тихарей"
1 сакавіка ў Брэсце асудзілі Сяргея Санюту за “Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы” ( ч. 1 арт. 130 КК). Яго абвінавацілі ў тым, што 12 жніўня 2020 года ў тэлеграм-чаце "Барановичи 97%" ён пакінуў паведамленне, у якім, па версіі абвінавачвання, утрымліваюцца заклікі да гвалту. Іх угледзелі ў фразах:"ищите тихарей, бейте их толпой” і ”выманивайте ОМОН в засады”.
Прысуд — тры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Падрабязней:
Жыхару Баранавічаў прысудзілі тры гады калоніі за допіс з прапановай шукаць і біць "ціхароў" і выманьваць АМАП у засады
Падчас суда Сяргей Санюта цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся.
Чатыры паведамленні
22 сакавіка ў Брэсце разгледзелі справу палітвязня Вадзіма Нікалаева, якога абвінавацілі ў ч. 1. арт. 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы”). Згодна з абвінавачваннем, Нікалаеў заклікаў да гвалту над міліцыянтамі, супрацоўнікамі пракуратуры і суддзямі. Якім чынам? У тэлеграм-чаце "Пинск 97%" размясціў чатыры паведамленні, якія і сталі прадметам судовага разбіральніцтва.
"У размове ён таксама дзяліўся з удзельнікамі тэлеграм-чата парадамі аб тым, як заставацца ананімнымі ў інтэрнэце", – паведамілі ў МУС.
Прысуд — два гады пазбаўлення волі. Падрабязнасці:
Палітвязню, якога утрымліваюць пад вартай ужо 7 месяцаў, прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі за некалькі каментароў у інтэрнэце
Вядома, што абвінавачанаму 50 год, пад вартай ён знаходзіцца ажно з 7 жніўня 2021 года.
“Пазыўны – дрышч”
23 сакавіка ў Бярозе разгледзелі справу жыхара Мінска Юрыя Юдчыца. Яго абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) — міліцыянта ўзвода АМАПа УУС Брэсцкага гарвыканкама Уладзіслава Шукаева.
Суду Юрый Юдчыц патлумачыў, што раніцай 22 красавіка 2021 года, гартаючы навіны ўбачыў публікацыю пра кіроўцу ўзвода АМАП Шукаева, не стрымаўся і на эмоцыях пакінуў абразлівы каментар:
“Пазыўны – дрышч”.
Прысуд — арышт тэрмінам на тры месяцы. Падрабязней:
За слова “дрышч” мінчука асудзілі да трох месяцаў арышту
Сам пацярпелы Уладзіслаў Шукаеў на судовае пасяджэнне не з’явіўся.
"Ну і рожа"
29 сакавіка ў Ганцавічах разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да жыхаркі Мінска Ірыны Сташкевіч. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Пацярпелым па справе аказаўся былы міліцыянер Віталь Куляшоў. На момант здзяйснення “абразы” ён ужо не працаваў у міліцыі.
У віну Ірыне Сташкевіч ставілася тое, што 21 кастрычніка 2020 года пад здымкам Куляшова ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" яна напісала каментар у тры словы:"Ну і рожа".
Прысуд — тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Падрабязней:
Тры словы — тры гады. Жыхарку Мінска асудзілі за абразу былога міліцыянта, якому было "вельмі некамфортна"
Працэс закрылі
30 сакавіка ў судзе горада Барысава быў агучаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да Ігара Петрусевіча. Мужчыну абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзілі на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму ніякія іншыя падрабязнасці працэсу невядомыя. Справу разглядала суддзя ТаццянаДзеравянка.
Не за каментары, а за ацэнкі публікацыі
1 красавіка ў Быхаве разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара Аляксандра Аўдзеюка. Яго абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 1 арт. 367) і абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч.1 арт. 368).
Варта адзначыць, што сам Аўдзяюк ніякіх каментароў і паведамленняў не пісаў, а толькі паставіў ацэнку публікацыі. Аднак судова-лінгвістычная экспертыза звярнула ўвагу на "негатыўную ацэнку Лукашэнкі", а дзяржабвінаваўца нават заявіў аб праяве "сацыяльнай нецярпімасці да прадстаўнікоў улады". Больш за тое, ён падкрэсліў, што Аўдзяюк пакінуў "клас" з "помсты".
Прысуд — пазбаўленне волі тэрмінам на два гады калоніі агульнага рэжыму. Падрабязней:
За абразу і паклёп на прэзідэнта жыхара Быхава асудзілі на два гады калоніі
"Гэта не было асабістай помстай прэзідэнту. Пры ім я адслужыў у міліцыі, атрымаў кватэру..."
Cпаліў дома ў катле чырвона-зялёны сцяг
4 красавіка суд Краснапольскага раёна асудзіў 38-гадовага мясцовага жыхара Уладзіміра Матырка па арт. 370 Крымінальнага кодэкса за здзек над дзяржаўным сімвалам. Пра гэта паведаміла MAYDAY.TEAM.
Згодна версіі абвіначвання, Матырко ў стане алкагольнага ап’янення ў студзені 2022 года сарваў дрэўка са сцягам з будынку Краснапольскага раённага вузла электрычных сетак і кінуў яго на снег. Пасля ён падабраў сцяг і адвёз яго да сабе дадому, дзе спаліў ў ацяпляльным катле.
Сваю віну Уладзімір Матырко прызнаў цалкам. Суддзя Краўцова асудзіла яго да трох месяцаў арышту.
"Давно пора валить их"
4 красавіка ў Брэсце вынеслі прысуд палітвязню Дзянісу Карабану, затрыманаму за каментар у інтэрнэце пасля гібелі Андрэя Зельцэра. Карабана прызналі вінаватым паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу.
Палітвязню паставілі ў віну тое, што 28 верасня 2021 года ў суполцы ВКонтакте "ПЛОХИЕ НОВОСТИ БЕЛАРУСЬ" ён пакінуў каментар: "А*уенчик, давно пора валить их".
Прысуд — два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Падрабязнасці:
Палітвязня асудзілі да 2,5 гадоў калоніі па "справе Зельцэра"
"Усе фашысты"
4 красавіка ў Полацку асудзілі жыхарку вёскі Дуброўны Любоў Цвярдову за абразу прэзідэнта Беларусі (ч. 1 арт. 368 КК).
Паводле абвінавачвання, 19 жніўня 2021 года ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” на сваёй персанальнай старонцы Цвярдова пакінула паведамленне ў дачыненні да прэзідэнта Беларусі — “фашыст”. Ана ж пазней на сваёй старонцы напісала каментар са словамі “Усе фашысты”. Таксама размясціла ў тэлеграм-канале “Краіна для жыцця. Полацк-Наваполацк” пад пастом з фатаграфіяй прэзідэнта каментар “фашыст” і неаднаразова пакідала каментары “Жыве Беларусь!” ў тэлеграм-чатах.
Прысуд — чатыры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняя хімія”) і штраф у памеры 3 200 рублёў. Падрабязней:
Чатыры гады "хатняй хіміі" прысудзілі жыхарцы Полацкага раёна за абразу прэзідэнта
Адвакат спрабаваў аспрэчыць вынікі, паколькі прызначэнне экспертызы прайшло з парушэннямі ГПК.
Відэаролікі да 10 секунд
5 красавіка ў Ашмянах вынеслі прысуд у дачыненні да Ягора Багдзевіча, якога вінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК).
Паводле абвінавачвання, Ягор Багдзевіч з дапамогай спецыяльнага прыкладання зрабіў 10 ролікаў з урыўкамі з фільмаў і музычных кліпаў працягласцю да 10 секунд, у якіх твар кінагероя ці спявачкі мяняў на твар Лукашэнкі. На прыканцы жніўня і напачатку верасня 2020 года абвінавачаны размясціў ролікі ў гарадской групе ў тэлеграме.
Прысуд — два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”). Падрабязней:
Мужчыну судзілі за абразу прэзідэнта ў 2020 годзе, а прызначылі 2,5 гады "хіміі" па новай рэдакцыі кодэкса
Два званкі на 102
6 красавіка 2022 года ў Магілёве асудзілі Ігара Гелахава. Яго прызналі вінаватым у заведама ілжывым паведамленні аб небяспецы (арт. 340 Крымінальнага кодэкса) і абразе прэзідэнта Беларусі (арт. 368 КК).
Згодна з матэрыяламі справы, у ноч з 9 на 10 снежня 2021 года, Гелахаў у стане алкагольнага ап'янення патэлефанаваў па нумары 101 і заявіў наступнае:
"Майго брата ўзарвалі. Проста так Лукашэнка падарваў яго і абвінаваціў яго, што ён вінаваты, а я табе кажу, што я не вінаваты. І цяпер ён, Аляксандр Рыгоравіч, вінаваты ў тым, што не выплаціў грошы".
Прысуд — тры гады калоніі. Падрабязней:
У Магілёве мужчыну асудзілі на тры гады калоніі за два званкі
Копіпаст пра падпалкоўніка міліцыі
6 і 7 красавіка 2022 года ў Ленінскім судзе Брэста разглядалася справа ў дачыненні да Марыі Рой. Дзяўчыну абвінавачвалі па артыкуле 188 КК РБ (Паклёп). Суддзя — Аляксандр Семянчук, а дзяржабвінаваўцам выступіў Аляксандр Бацюшка. Пра гэта паведамляе брэсцкая "Вясна".
14 верасня 2020 года ў тэлеграм-чаце "Брэст 97%" розныя карыстальнікі рабілі рэпосты, а таксама публікавалі ад свайго імя адзін і той жа тэкст. Гэтыя паведамленні былі пра камандзіра АМАП УУС Брэстаблвыканкама Максіма Міховіча (у жніўні 2020 года быў у званні падпалкоўніка міліцыі, а зараз, паводле інфармацыі брэсцкай "Вясны", ужо стаў палкоўнікам). У тэксце сцвярджалася, што Міховіч з'яўляецца "паталагічным садыстам і забойцам", а таксама былі выкладзены адрас і асабісты нумар тэлефона амапаўца. Марыю Рой, якой у верасні 2020 года было ўсяго толькі 16 гадоў, абвінавацілі ў тым, што яна выклала такі ж тэкст. А значыць, абгаварыла Міховіча. Падчас судовага працэсу дзяўчына поўнасцю прызнала сваю віну. Максім Міховіч у статусе пацярпелага не стаў запытваць якой-небудзь грашовай кампенсацыі за маральную шкоду. Прарурор запытаў для юнай дзяўчыны паўтара гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія"). Суддзя Семянчук з двума народнымі засядацелямі пастанавілі прызначыць Марыі Рой менавіта такое пакаранне.
Адзін званок на 102
7 красавіка 2022 года ў судзе Барановіч і Баранавіцкага раёна вынеслі прысуд мясцоваму жыхару — 44-гадоваму Сяргею Вікулаву. Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Мікалай Кміта. Бок дзяржабвінавачання падтрымала памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Юлія Мірановіч.
Вядома, што Сяргей Вікулаў знаходзіцца на ўліку ў наркалагічным дыспансеры з дыягназам “сіндром залежнасці ад алкаголю сярэдняй ступені”.
Згодна з абвінавачваннем, 13 студзеня 2022 года ён публічна абразіў Аляксандра Лукашэнку, патэлефанаваўшы на спецлінію 102 у АДС Баранавіцкага ГУУС у стане алкагольнага абвінавачвання. Негатыўную ацэнку Лукашэнка ў непрыстойнай форме выказванні, якое не зачыталі ў судзе, пацвердзіла лінгвістычная экспертыза.
Вікулаў прызнаў віну і растлумачыў, што не памятае падзеі таго дня: каля 7 месяцаў ён працаваў у Расіі, дзе працаваў па 12-14 гадзін, потым у яго памерла шмат сваякоў, і ён сышоў у запой. Тады ён патэлефанавала ў хуткую, казаў, што яму дрэнна, і прасіў, каб яго забралі. У той дзень ён выказаўся “зусім неспадзявана”.
На пасяджэнні выступілі сведкі. 26-гадовая псіхіятр-нарколаг Алеся Жукоўская пацвердзіла, што ў той дзень прыязджала ў складзе брыгады хуткай дапамогі да абвінавачанага: у пацыента былі скаргі на немагчымасць перапыніць запой шэсць дзён, ён выказваў трывогу, а напярэдадні яго шпіталізавала іншая брыгада з аналагічнымі сімптомамі.
24-гадовая Лізавета Сяўрук, якая працуе ў дзяжурнай частцы Баранавіцкага ГУУС, распавяла, што менавіта яна размаўляла з абвінавачаным у той дзень. Ён скардзіўся, што яму баліць сэрца, прасіў, каб яго забралі, на што Лізавета патлумачыла, што “міліцыя так не працуе і не можа па званку забіраць людзей з дому”. Дзяўчына распавяла, што пасля гэтага ён абразіў Аляксандра Лукашэнку: яна далажыла аб тым, што здарылася, аператыўнаму дзяжурнаму.
Былая жонка абвінавачанага Наталля Вікулава ўказала, што ў той дзень мужчына тэлефанаваў ёй і казаў, што адчувае сябе дрэнна і хоча выклікаць хуткую дапамогу. Пара ў разводзе з 2015 года, у іх двое сумесных дзяцей, якім мужчына дапамагае.
Прысуд — тры месяцы арышту з прымусовым лячэннем ад алкагольнай залежнасці, а таксама канфіскацыя тэлефона мужчыны як сродка учынення злачынства. Менавіта столькі патрабавала дзяржабвінавачванне.
Праўкі ў Вікіпедыі
7 красавіка ў Брэсце асудзілі Паўла Пернікава. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса) праз праўкі ў артыкулы на Вікіпедыі пра забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай і Генадзя Шутава, а таксама за артыкул на сайце нямецкай праваабарончай арганізацыі «Міжнароднае таварыства правоў чалавека» пра катаванні і забойствы беларусаў падчас пратэстаў.
Пад акаўнтам Pr12402 Пернікаў зрабіў наступныя праўкі:
"20 октября 2004 года в Минске была убита журналистка оппозиционной газеты "Салідарнасць" Вероника Черкасова".
"В центре Европы людей пытают, убивают".
Прысуд — два гады калоніі агульнага рэжыму. Падрабязнасці:
Рэдактара Вікіпедыі асудзілі да двух гадоў калоніі за "дыскрэдытацыю Беларусі"