viasna on patreon

Што вядома пра затрыманых на Гомельшчыне за фота і відэа расейскай вайсковай тэхнікі Дапоўнена

2022 2022-04-13T17:36:21+0300 2022-04-14T12:01:02+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/art_belarus_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Крыніца: boredpanda.com

Крыніца: boredpanda.com

Сёння ў Следчым камітэце заявілі, што ў Гомельскай вобласці ўзбуджана сем крымінальных справаў за перадачу "экстрэмісцкім" тэлеграм-каналам звестак аб перамяшчэнні ў Беларусі вайсковай тэхнікі Расейскай Федэрацыі. Супраць тых, хто скідаў фота і відэа ў тэлеграм-каналы "Беларускі Гаюн", Nexta, "Беларусь головного мозга" распачатыя крымінальныя справы па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, па якім затрыманым пагражае да шасці гадоў зняволення. "Вясна" распавядае, што вядома пра затрыманых і крымінальныя справы супраць іх.

Артыкул 361-4. Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці

1. Вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а роўна іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці –

караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.

2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй змове, альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, –

караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Дзіджытал-мастак скінуў фота расейскай вайсковай тэхнікі "Беларускаму Гаюну"

Віктар Кулінка

Следчы камітэт паведамляе пра затрыманне 31-гадовага творчага работніка, які "накіроўваў антываенным каналам фатаздымкі і відэафайлы аб руху транспартных сродкаў вайсковага прызначэння". Па інфармацыі "Вясны", дзіджытал-мастак Віктар Кулінка быў затрыманы 30 сакавіка. На праўладных тэлеграм-каналах з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе ён распавядае, што сфатаграфаваў калону вайсковай тэхнікі расійскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомеля. Па яго словах, фота ён перадаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».

Сцвярджаецца, што ён даслаў фота калоны вайсковай тэхнікі ў бот тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», які 16 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем. Па папярэдняй інфармацыі, Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 і арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) за рэгістрацыю ў «Плане Перамога», якую знайшлі сілавікі ў тэлефоне.

Маці непаўнагадовага дзіця адправіла Nexta відэа з верталётамі

У Следчым камітэце паведамілі, што абвінавачванне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці прад'яўленае 28-гадовай маці непаўнагадовага дзіця з Мазыра. Паводле версіі абвінавачвання, яна "зняла відэа з перамяшчэннем верталётаў для ангажаванага дэструктыўнага рэсурсу". Цяпер жанчына знаходзіцца ў следчым ізалятары Гомеля.

Па інфармацыі праваабаронцаў, пад апісанне падыходзіць Ганна Пышнік (Чымпаеш). Яе затрымалі за адпраўку відэа ў Nexta. 

Былая настаўніца з Хойнікаў скінула відэа "Беларускаму Гаюну"

49-гадовую былую настаўніцу з Хойнікаў Ірыну Абдукерыну затрымалі раніцай 5 красавіка на лецішчы. Падставай для затрымання стала нібыта тое, што Абдукерына запісала на відэа перамяшчэнне калону расейскай вайсковай тэхнікі і пераслала відэа ў тэлеграм-канал "Беларускі Гаюн". Пра гэта гаворыцца ў "пакаяльным відэа" з ёй.

Прычым у гэтым жа відэа было пазначана, што Ірыну звольнілі з навучальнай установы ў 2020 годзе, хоць яна сышла адтуль па сваім жаданні яшчэ ў 2016 годзе.

10 красавіка жанчыне прад'явілі абвінавачванне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Цяпер Ірына ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА.

Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, падчас знаходжання ў Хойніцкім ізалятары часовага ўтрымання паўсталі вялікія праблемы з перадачай для Ірыны. Ні ў чацвер, ні ў пятніцу неабходныя прадметы Ірыне не перадалі. У нядзелю начальнік ІЧУ таксама адмовіўся прымаць перадачу для затрыманай.

Жыхар Гомеля даслаў у "Беларусь головного мозга" відэа тэхнікі на вакзале



Супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 43-гадовага жыхара Гомеля Алега Барадзіна 1 красавіка, пра якога цяпер, меркавана, паведамляе СК. Прычына — мужчына зняў на вакзале абласнога цэнтра відэа з вайсковай тэхнікай і адправіў «экстрэмісцкаму тэлеграм-каналу». "Пакаяльнае відэа" з'явілася з ім на праўладных тэлеграм-каналах.

«Зрабіў відэа на вакзале Гомеля з выявай вайскоўцаў Расійскай Федэрацыі і скінуў гэта відэа ў чат-бот канала «Беларусь головного мозга», — кажа на відэа мужчына.

Цяпер Барадзін утрымліваецца ў гомельскім СІЗА.

Айцішнік скінуў фота расейскай вайсковай тэхнікі "Беларускаму Гаюну" 

30-гадовы жыхар Гомеля, пра якога паведаміў СК — гэта IT-спецыяліст Андрэй Уткін. На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася "пакаяльнае" відэа з ім, дзе ён кажа, сфатаграфаў калону расійскай вайсковай тэхнікі і даслаў тэлеграм-каналу "Беларускі Гаюн".

Па папярэдняй інфармацыі, Андрэю інкрымінуецца арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) і арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Таксама фігурантам крымінальнай справы па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса стаў непаўнагадовы вучань прафесійнага ліцэя. Паведамляецца, што ўраджэнец Мазыра скінуў у «экстрэмісцкі» канал відэа з перамяшчэннем вайсковай тэхнікі. Ён узяты пад варту. Прозвішча і месцазнаходжанне хлопца пакуль невядомыя.

У паведамленні Следчага камітэта адзначаецца, што ў межах ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса затрыманыя 37-гадовы гомельскі таксіст. Яго прозвішча і месцазнаходжанне высвятляецца.


Калі вашыя блізкія сталі фігурантамі "палітычных" крымінальных спраў, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам "Вясны" праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS@SOSViasnа.

Што вядома пра крымінальныя справы за стварэнне і ўдзел у «Плане Перамога»

Праваабаронцам «Вясны» сталі вядомыя падрабязнасці крымінальнай справы супраць некаторых стваральнікаў «мабілізацыйнага плана «Перамога», а таксама яго ўдзельнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства